Дыпломы здольным

- 17:30Адукацыйная прастора, Прафесійна-тэхнічная адукацыя

Больш за 900 навучэнцаў 8—11 класаў устаноў агульнай сярэдняй, прафесійна­-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі Міншчыны прынялі ўдзел у трэцім этапе рэспубліканскай алімпіяды па 18 вучэбных прадметах.

Дзесяцікласніца Лошніцкай гімназіі
Ульяна Гурская атрымала дыплом
I ступені па рускай мове і літаратуры.

Інтэлектуальныя спаборніцтвы прайшлі ва ўстановах агульнай сярэдняй і прафесійнай адукацыі Узды, Чэрвеня, Дзяржынска, Мала­дзечна, Вілейкі, Слуцка, Барысава, Смалявіч, Валожына і Салігорска, а таксама ў Мінскім абласным інстытуце развіцця адукацыі, абласным аграрна-тэхнічным прафесійным ліцэі, Мінскім абласным кадэцкім вучылішчы.

Напрыклад, у Мінскім абласным інстытуце развіцця адукацыі тэарэтычныя веды дэманстравалі 65 юных біёлагаў, а вось практычны тур алімпіяды адбыўся на базе БДПУ імя Максіма Танка.

У Маладзечанскім раёне змагаліся хімікі і географы, у Барысаўскім — знаўцы беларускай мовы і літаратуры, у Дзяржынск з’ехаліся юнакі і дзяўчаты спаборнічаць у фізічнай культуры, а ў Вілейку з розных куткоў вобласці прыехалі аматары фізікі і астраноміі. Ва Уздзенскім сельскагаспадарчым прафесійным ліцэі 88 хлопчыкаў і дзяўчынак 8—11-х класаў дэманстравалі веданне англійскай, нямецкай, французскай, іспанскай і кітайскай моў. У Чэрвеньскім прафесійным будаўнічым ліцэі 49 старшакласнікаў здзіўлялі журы ведамі па сусветнай гісторыі і гісторыі Беларусі, а ў Слуцкім дзяржаўным каледжы сярод 59 навучэнцаў з 14 раёнаў вобласці выбіралі лепшых у інфарматыцы.

Выкананне навучэнцамі алімпіядных заданняў ацэньвала кампетэнтнае журы, у склад якога ўвайшлі 180 выкладчыкаў. Сярод іх дактары і кандыдаты навук, супрацоўнікі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, выкладчыкі БДУ, БДПУ імя Максіма Танка, БДУІР, БНТУ, МДЛУ і іншых устаноў вышэйшай адукацыі краіны, настаўнікі і выкладчыкі ўстаноў адукацыі Мінска і Мінскай вобласці.

У Маладзечанскім раёне з 75 навучэнцаў, якія спаборнічалі па 17 вучэбных прадметах, 42 узнагароджаны дыпломамі рознай ступені (13 навучэнцаў адзначаны дыпломамі I ступені, 16 чалавек узнагароджаны дыпломамі ІІ ступені і яшчэ 13 старшакласнікаў — уладальнікі дыпломаў ІІІ ступені). Паспяхова выступілі каманды навучэнцаў раёна па хіміі (9 дыпломаў), па фізічнай культуры і здароўі (5 дыпломаў), па працоўным навучанні (5 дыпломаў), па інфарматыцы (5 дыпломаў). Найлепшыя вынікі паказалі каманды гімназіі № 10, гімназіі № 7, сярэдняй школы № 4 і гімназіі № 6, гімназіі-каледжа мастацтваў Мала­дзечна.

У Барысаўскім раёне з 88 удзель­нікаў трэцяга этапу алімпіяды ўладальнікамі дыпломаў сталі 42 вучні з 12 устаноў адукацыі. Лепшыя вынікі — 19 дыпломаў — паказалі вучні гімназіі № 1 Барысава. Навучэнцы Вілейшчыны сёлета прывезлі дадому 20 дыпломаў. З іх 8 дыпломаў I ступені, 4 дыпломы ІІ ступені, 8 дыпломаў ІІІ ступені.

Каманда Слуцкага раёна была прадстаўлена 85 удзельнікамі, якія змагаліся за перамогу па 16 вучэбных прадметах. У выніку ў скарбонцы раёна 43 дыпломы: 6 дыпломаў I ступені, 15 дыпломаў II ступені, 22 дыпломы III ступені. Лідарамі сярод устаноў адукацыі раёна па колькасці ўзнагарод (17 дыпломаў) сталі гімназія № 1, гімназія № 2 (6 дыпломаў), сярэдняя школа № 10 імя С.Ф.Рубанава (5 дыпломаў) і сярэдняя школа № 11 Слуцка.

Сярод раёнаў-лідараў, якія набралі найбольшую колькасць перамог, Мінскі, Маладзечанскі, Слуцкі, Салігорскі, Барысаўскі і Дзяржынскі раёны. Канчатковыя вынікі трэцяга этапу рэспубліканскай алімпіяды будуць падведзены ў канцы тыдня. Тады ж стане вядома, хто прадставіць Міншчыну на заключным этапе інтэлектуальных спаборніцтваў.

Марына КУНЯЎСКАЯ.