Дырэктар Быхаўскага раённага гісторыка-краязнаўчага музея Сяргей ЖЫЖЫЯН: “Гарадок наш невялікі, а гісторыя такая насычаная!”

- 11:33Культура
Гэтае інтэрв’ю з дырэктарам Быхаўскага раённага гісторыка-краязнаўчага музея Сяргеем Жыжыянам запісвалася яшчэ да святочных падзей у Быхаве з нагоды Дня беларускага пісьменства, у тым ліку да рэспубліканскай навукова-практычнай канферэнцыі “Быхаўскія чытанні”, якая адбылася 31 жніўня. Зважаючы на тое, што значную частку нашай гутаркі з Сяргеем Піліпавічам складаў менавіта змест яго даклада на чытаннях, не хацелася друкаваць гэтыя нататкі загадзя — каб усё-такі захавалася інтрыга. І вось сёння, калі, як кажуць, ужо ўсе карты выкладзены, мы іх друкуем.

— Сяргей Піліпавіч, раскажыце, калі ласка, пра гісторыю вашага музея.
— Музей першапачаткова ствараўся пры раённай газеце “Маяк Прыдняпроўя” недзе ў 70-х гадах мінулага стагоддзя — там былі ініцыятыўныя журналісты, якія пачалі займацца краязнаўствам і ствараць музей. У 1979 годзе было прынята рашэнне пра адкрыццё музея, і ў 1984 годзе, да 40-гадовага юбілею вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, музей быў адкрыты афіцыйна. А потым атрымалася так, што пад музей быў знойдзены дастаткова цікавы гістарычны будынак побач з замкам, але праектары таго часу не ўлічылі, што той будынак узвялі на рэштках бастыёнаў старой крэпасці і ён стаў проста спаўзаць у роў. Такім чынам, ён урэшце разбурыўся, музей пераехаў у іншы будынак, але, па сутнасці, доўгі час працаваў на грані фантастыкі, у тым плане, што часцей мы наведвалі школы і арганізацыі з мабільнымі выставамі, а не да нас прыходзілі наведвальнікі. Зрэшты, навуковай рабоце гэта асабліва не перашкаджала, выпускаліся разнастайныя буклеты, друкаваліся артыкулы…
Я працую дырэктарам чацвёрты год. Год папрацаваў, паглядзеў і зразумеў, што ўсё-такі трэба праводзіць нейкія стацыянарныя выставы, песціць музейныя традыцыі. Так, мы заснавалі традыцыю прыняцця дзяцей у піянеры ў музеі, ладзіць сустрэчы з ветэранамі і інш. Тым не менш для сур’ёзных выстаў нам катастрафічна не хапала месца і спецыяльнага прыстасавання, а фонды музея як-ніяк налічваюць каля 8000 прадметаў. І вось з гэтага года былі вылучаны сродкі на асваенне новага будынка і стварэнне сучаснай экспазіцыі — на дадзены момант мы якраз над гэтым працуем.

— Навуковая канцэпцыя новай экспазіцыі ўжо распрацавана?
— Так, безумоўна. У нас у Быхаве наогул ёсць пэўная праблема ў тым сэнсе, што кніга “Памяць”, прысвечаная Быхаўскаму раёну, — а кнігі гэтай серыі для краязнаўцаў, як вядома, з’яўляюцца свайго кшталту Бібліяй, — была выдадзена другой у рэспубліцы ў 1990 годзе, яшчэ ў Савецкім Саюзе. І вось уявіце: у кнізе аб’ёмам каля 600 старонак перыяду да 1917 года прысвечана старонак 50, а ўсё астатняе — лінія партыі і Вялікая Айчынная вайна. Таму мы імкнёмся дапаўняць быхаўскую “Памяць” іншымі матэрыяламі, якія выкладаем у інтэрнэце і друкуем у СМІ. Фактычна ў электронным варыянце мы ўжо маем іншую “Памяць” — значна дапоўненую ў параўнанні з кнігай 1990 года.

— Дык у які будынак вы будзеце засяляцца?
— Гэта стары будынак канца ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя. Будаваўся першапачаткова пад мужчынскую гімназію. Ёсць фотаздымак 1918 года, дзе напісана: “Мужчынская гімназія” — і гімназісты стаяць у фуражках.

— Хутка заселіцеся?
— Думаю, што адкрыемся ўжо ў гэтым годзе.

— Якія найбольш значныя гістарычныя адкрыцці апошняга часу маглі б адзначыць?
— Увесь час адкрываецца нешта цікавае, “знаходзяцца” ўсё новыя і новыя неардынарныя землякі. Ну вось, напрыклад, літаральна некалькі гадоў назад высветлілася, што адзін наш зямляк родам з вёскі Тошчыца сёння жыве ў Маскве — генерал Аляксей Макаравіч Драгун. Яму ўжо 84 гады, але ён актыўна дапамагае музею, перадае многа экспанатаў і нам, і ў музей Тошчыцкай школы, дзе некалі сам вучыўся. Да таго ж, ён добры публіцыст. Піша ўспаміны пра ўласнае дзяцінства, артыкулы па пытаннях Першай сусветнай вайны, калектывізацыі і інш. Я быў у яго нядаўна ў гасцях, гавару яму: “Што ж вы так позна сталі гэтым займацца? Так цікава пішаце…” Дык ён мне адказвае: “Дык не на генеральскай жа рабоце гэтым было займацца…” А ён быў удзельнікам Вялікай Айчыннай вайны (падправіў сабе пару гадкоў) і Афган прайшоў, мае цэлы мех узнагарод, словам, легендарная асоба, а мы пра яго да нядаўняга часу нічога і не ведалі.

— Сяргей Піліпавіч, ці маглі б вы мне зараз, з ходу, назваць дзве-тры іскрынкі наогул з гісторыі Быхаўшчыны, гэткія самыя-самыя цікавосткі, якімі Быхаўшчына можа зацікавіць любога турыста — і з Беларусі, і з-за мяжы?
— Назаву чатыры кірункі быхаўскай гісторыі, якія будуць цікавыя ўсім гасцям Быхаўшчыны, хаця для саміх быхаўчан гэта штодзённасць. Я літаральна днямі забраў з друкарні кніжку, якую напісаў, — “101 займальны факт з гісторыі Быхаўшчыны”. І, трэба прызнацца, было няпроста адбіраць гэтыя факты, бо гарадок наш невялікі, а гісторыя такая насычаная! Дык вось гэтыя чатыры кірункі: замак са сваёй гісторыяй, сінагога са сваёй гісторыяй, наша Баркалабаўская цудатворная ікона і быхаўскі аэрадром. Чаму замак? Таму што гэта не нейкая гістарычная ўспышка — узнік і патух… Гэта цэлы шэраг стагоддзяў, гісторыя горада ў цэлым, пачынаючы ад яго заснавання і да сённяшняга часу. У сямнаццатым жа стагоддзі Быхаў не сыходзіць са старонак летапісаў — у руска-польскіх войнах Быхаў пастаянна фігуруе. Гэта моцны арэшак, гэта бясконцыя асады, бітвы, кровапраліцце, выпальванне казакамі цэлых вёсак і беспрэцэдэнтная мужнасць абаронцаў замка… А ўжо потым гэта Хадкевічы, Сапегі… Чаму сінагога? Таму што гэта надзвычай цікавы пласт менавіта яўрэйскай гісторыі Беларусі. Больш за тое, такіх сінагог няма больш нідзе не толькі ў Беларусі, але і ва ўсім свеце. Можа, толькі ў Польшчы захавалася некалькі падобных сінагог, якія будаваліся не толькі як культавыя будынкі, але і як абарончыя, упісаныя ва ўсю сістэму гарадскіх умацаванняў. Баркалабаўская ікона — гэта наша святыня, апякунка быхаўчан на працягу апошніх трох з паловай стагоддзяў, цудам ацалелая. І гэта, зноў жа, агромністы пласт быхаўскай гісторыі, зароджаны на Баркалабаўскім летапісе, на самім мястэчку Баркалабава. Яе можна і сёння пабачыць у Баркалабаўскім манастыры — падарункі ад вернікаў у знак свайго вылечвання там ужо выбудаваліся ў некалькі паверхаў… Ну, і наш быхаўскі аэрадром — вельмі знакавы для нас аб’ект, так бы мовіць, слава і няслава Быхава. З аднаго боку, многія быхаўчане ведаюць показку пра тое, як у 60-х гадах па “Голасе Амерыкі” перадавалі: “У горадзе Магілёве, які знаходзіцца недалёка ад Быхава, адкрылася лінія “Хімвалакно”. Сэнс у тым, што Быхаў быў важнейшы за Магілёў… Тут, сапраўды, быў другі па значнасці аэрадром у краіне, захоўвалася ядзерная зброя, Гарбачоў прызямляўся тут на “Руслане” ў 1991 годзе. А з другога боку, гэта і бяда Быхава ў тым плане, што з-за самалётаў не будавалі вышынных дамоў, горад быў закрыты, тут не стваралі маштабных заводаў і фабрык, не засноўвалі сярэднія спецыяльныя і вышэйшыя навучальныя ўстановы (у нас нават ніводнага вучылішча не было і няма). Карацей, уся гэтая сакрэтнасць наклала свой адбітак на тутэйшае жыццё, і гэта цягнецца да сённяшняга дня — ну, так, тады аэрадром пабудавалі, ну, і бог з ім, жылі ж з гэтым неяк і будзем жыць…

— А, дарэчы, што там, на аэрадроме сёння?
— Як аэрадром ён ужо не дзейнічае. Але там праводзяцца розныя мерапрыемствы, напрыклад, кальцавыя гонкі. А наогул, цяпер гэта вялікая эканамічная зона, якую займаюць пераважна прадпрыемствы, што працуюць з драўнінай.

— Сяргей Піліпавіч, з якім дакладам вы збіраецеся выступіць на “Быхаўскіх чытаннях”?
— Я збіраюся расказаць пра краязнаўцаў Быхаўшчыны, пілотная назва даклада — “Краязнаўцы Быхаўшчыны: неапублікаваная спадчына”. Чаму мяне зацікавіла гэтая тэма? Мне падказаў яе мой вопыт кантактавання з калегамі з іншых раёнаў: прыязджаеш і бачыш, што ці не ў кожным раёне ёсць чалавек, які займаецца краязнаўствам як быццам на работу ходзіць. Для іх гэта хобі і жыццё. І, як правіла, плёнам работы краязнаўцы з’яўляецца нейкая кніга ці, прынамсі, брашура. А ў нас, у Быхаве… Аднойчы да мяне прыехаў адзін знаёмы, я яму расказваю пра Быхаў, быхаўскую гісторыю, ён ківае, маўляў, цікава-цікава, а потым, ужо развітваючыся, просіць мяне: “Слухай, а дай што-небудзь пачытаць”. І я разгубіўся. Раптам зразумеў, што ў нас па Быхаве, акрамя кнігі “Памяць” і кніжачкі “Быхаў” аб’ёмам дваццаць ці трыццаць старонак, больш нічога і няма. І гэта пры тым, што ў Быхаве краязнаўствам займалася агромністая колькасць людзей. Канечне, нехта — глыбей, нехта — больш павярхоўна. Але ў нас былі людзі, якія гэтаму сваё жыццё прысвяцілі. І іх спадчыну, так атрымалася, ніхто так і не сабраў. Нешта засталося ў фондах музея, нешта раскідана па школьных музеях, нешта — дома, а нешта ўжо, безумоўна, страчана. І вось я вырашыў заняцца гэтым пытаннем — прасачыць спадчыну нашых краязнаўцаў. А ў перспектыве я паставіў сабе мэту — пастарацца максімальна сабраць гэтую спадчыну, апрацаваць, адрэдагаваць з пункта погляду найноўшых гістарычных ведаў і па магчымасці выдаць.

— Фактура насамрэч цікавая?
— Надзвычай! Справа ў тым, што гэта сёння адкрыты многія архівы і свае неабмежаваныя магчымасці дае інтэрнэт — не трэба ехаць у Вільню, каб пачытаць акт Віленскай камісіі, а дастаткова ўвайсці ў інтэрнэт-прастору, дзе ўсе гэтыя акты выкладзены ў свабодным доступе… А краязнаўцы мінулых дзесяцігоддзяў працавалі больш на чутках. І гэта вельмі цікавая фактура, няхай яна нават не пацвярджаецца гістарычнымі данымі. Напрыклад, у нас ёсць вёска Сапяжынка і існуе легенда пра тое, што нібыта Сапега некалі падарыў яе сваёй жонцы або палюбоўніцы — таму, маўляў, і Сапяжынка. На самай справе, калі разгарнуць карту 1773 года, то там канкрэтна напісана: не Сапяжынка, а Сапежына. Гэта значыць, вёска чыя? Сапегава. А з часам назва трансфармавалася ў Сапяжынка і прыдумалася такая прыгожая легенда. Або вёска Вараніно. Зноў жа, легенда гаворыць пра тое, што гэтая назва — ад варон. А старая карта сведчыць, што гэты фальварак належаў нейкаму памешчыку Вароніну. Усё проста, ніякіх варон! Тым не менш усе гэтыя здагадкі і легенды, якія стваралі краязнаўцы мінулага, па-свойму вельмі цікавыя — ужо хоць бы тым, што такім чынам яны папулярызоўвалі нашую мясцовасць, абуджалі цікавасць да гісторыі! Дзякуй богу, што тады наогул хтосьці гэтым займаўся!

— Каго з гэтых краязнаўцаў вы б асабліва адзначылі?
— Па-першае, гэта Даніла Мартынавіч Абрамовіч. У прынцыпе, першыя 50 ці 60 старонак, прысвечаныя гісторыі Быхаўшчыны, з кнігі “Памяць” — гэта плён яго працы. Прычым чалавек пражыў больш за 90 гадоў і фактычна да скону актыўна працаваў, фіксаваў літаральна ўсё, што адбывалася на Быхаўшчыне, фіксаваў нават паказчыкі надвор’я, аналізаваў звесткі з Баркулабаўскага летапісу і спрабаваў прасачыць, як змянілася надвор’е на Быхаўшчыне за апошнія чатыры стагоддзі. І вось яго спадчына сёння раскідана пераважна па школах: недзе адна папачка, недзе дзве, а недзе — дзесяць. У нас у музеі ёсць шэсць яго папак. Гэта агромністы пласт інфармацыі. Д.М.Абрамовіч памёр у 1994 годзе. Калі б ён пазней нарадзіўся ці пажыў яшчэ з дзясятак гадоў, магчыма, ён і апублікаваў бы свае работы, але, на жаль, не паспеў. А яго нашчадкі зусім не ацанілі тое, чаму ён прысвяціў сваё жыццё. Можа, у печцы спалілі яго запісы…
Па-другое, Калман Шмеркавіч Кугель, які вельмі плённа займаўся яўрэйскай гісторыяй Быхаўшчыны. Ён жыў у вёсцы Грудзінаўка, дзе знаходзіцца палац роду Талстых. Таму вывучаў і гэты аспект. Ён сам быў урачом, у 1966 годзе яму было прысвоена нават званне “Заслужаны ўрач БССР”. Працаваў у бальніцы, якую на свае сродкі пабудавала яшчэ графіня Талстая. І самае цікавае — ён жа з Мінска прыехаў на Быхаўшчыну! І вось так улюбіўся ў наш край, што стаў яго даследаваць. Дык вось яго архіў (памёр ён у 2010 годзе), дзякуй богу, удалося выратаваць — яго сваякі паступілі годна, перадалі яго нам у музей — безліч газетных выразак, часопісных публікацый, унікальных фотаздымкаў…
І трэці кірунак — гэта творчая спадчына журналістаў газеты “Маяк Прыдняпроўя”. Наогул, гісторыя горада неад’емна звязана са старой рэдакцыяй газеты. І сёння, у многім дзякучы цяперашняму рэдактару газеты Мікалаю Уладзіміравічу Леўчанку, гэтыя традыцыі захоўваюцца. Ён ніколі не адмаўляе краязнаўцам у публікацыі іх нататак. Толькі прынясеш — адразу ставіць у друк.
Такім чынам, уся гэтая багатая спадчына — і Д.М.Абрамовіча, і К.Ш.Кугеля, і многіх іншых — вымагае сваёй апрацоўкі, сістэматызацыі і папулярызацыі. Пра ўсё гэта я і буду гаварыць на “Быхаўскіх чытаннях”. Бясспрэчна, умоўна кажучы, настаўнік гісторыі, які займаецца нейкай тэмай, прыйдзе ў наш музей, пакапаецца ў фондах і знойдзе сабе іскрынку. Але вось звычайным людзям, якія, магчыма, і самі хацелі б заняцца вывучэннем гісторыі свайго краю, але не ведаюць, з чаго пачаць, патрэбны нейкія кнігі, брашуры, дапаможнікі. Вельмі шкада, што краязнаўцы мінулага не пакінулі пасля сябе кніг. Адна справа — архіў, і зусім іншая — бібліятэка. Кніга “Памяць” павінна пісацца далей…

— Сяргей Піліпавіч, наколькі мне вядома, раней вы працавалі настаўнікам гісторыі. Як наогул вам здаецца, у мясцовых школьнікаў ёсць цікавасць да свайго роднага краю?
— Думаю, што хутчэй — так, чым не. І тут, зноў жа, вялікую ролю іграюць розныя легенды і здагадкі, пра якія я гаварыў вышэй. Я, сапраўды, дзесяць гадоў адпрацаваў у Макранскай школе, і да нас у школу хадзілі дзеці з Сапяжынкі. І вось я памятаю, як яны штодня мне “ездзілі” па вушах: “Сяргей Піліпавіч, прыходзьце да нас у Сапяжынку — убачыце замак Сапегі!” Ну, я, вядома ж, ведаў, што ніякага там замка няма, але, каб не крыўдзіць малых, аднойчы сабраўся, пайшоў ды паглядзеў той “замак” — нейкі стары склепік, відаць, даваенных яшчэ часоў… Проста дом згарэў, а склепік застаўся. Але ж для жыхароў Сапяжынкі гэта ўжо замак Сапегі! Як жа адабраць у іх гэтую прыгожую легенду?!

— Вялікі дзякуй за гутарку. Творчага плёну вам!

Гутарыў Мікола ЧЭМЕР.
Фота аўтара.