Дырэктар гімназіі № 13 Мінска Вольга ЧАРНАВУСАВА: “Мы навучыліся пераўтвараць выклікі часу ў стымулы развіцця…”

Сёлета па выніках мінскага гарадскога конкурсу лепшай установай адукацыі сталіцы прызнана гімназія № 13. З 2000 года яна штогод займае 1-е месца ў сацыяльна-эканамічных спаборніцтвах у Фрунзенскім раёне і занесена на яго Дошку гонару. Як удалося дасягнуць такога поспеху і трымаць марку якасці сталічнай адукацыі? Пра гэта наш карэспандэнт гутарыць з дырэктарам гімназіі Вольгай Робертаўнай ЧАРНАВУСАВАЙ.

Фота да матэрыяла: Дырэктар гімназіі № 13 Мінска Вольга ЧАРНАВУСАВА: “Мы навучыліся пераўтвараць выклікі часу ў стымулы развіцця…”— Вольга Робертаўна, з чаго пачынаўся ваш прафесійны шлях? Ці думалі вы калі-небудзь, што ўзначаліце сталічную ўстанову адукацыі?

— З 1983 года я была прызначана дырэктарам школы-новабудоўлі № 158, у 2003 годзе яна стала гімназіяй. І сёння я з’яўляюся яе нязменным кіраўніком. Як жартую, мне здаецца, што я і нарадзілася дырэктарам. А пачыналася ўсё з дзіцячай гульні “ў школу”. Мне вельмі падабалася вучыць лялек. Потым, калі я пайшла ў школу (сярэднюю школу № 2 Крычава Магілёўскай вобласці), у мяне была цудоўная настаўніца пачатковых класаў, з якой мы бралі прыклад. Памятаю, калі яна праводзіла ўрокі, я часта задумвалася і ўяўляла сябе на яе месцы. Калі вучылася ў старшых класах, настаўнікі прасілі штосьці падрыхтаваць, дапамагчы зрабіць. І я прывыкла да гэтай ролі, таму пасля заканчэння школы іншага шляху, акрамя педагагічнага, і не ўяўляла. Мне вельмі падабаліся замежныя мовы, а таму я выбрала факультэт французскай мовы лінгвістычнага ўніверсітэта. УВА скончыла з адзнакай, і мне прапанавалі адразу ісці ў навуку, аднак я вельмі спяшалася ў школу, хацела прымяніць на практыцы тыя веды, якія атрымала. Так распарадзіўся лёс, што ўсё роўна ў навуку я прыйшла, прычым усвядомлена, маючы багаты педагагічны вопыт, і з цягам часу абараніла дэсертацыю на тэму “Індывідуальны падыход да ўдасканалення педагагічнага майстэрства”. Гэта было зроблена з карысцю для справы — я разглядала шляхі павышэння прафесійнага майстэрства педагога.

Спачатку была размеркавана ў 125-ю школу Фрунзенскага раёна Мінска, затым пераведзена ў 7-ю школу намеснікам дырэктара па выхаваўчай рабоце. Фрунзенскі раён — мой раён па жыцці. Іншага ў мяне не было ў працоўнай кніжцы.

— А памятаеце свае першыя ўрокі?

— Першыя ўрокі ніякай складанасці не выклікалі. Я настолькі падганяла падзеі, што вучобы ў інстытуце прасілася на работу ў школу. З першага курса вяла ўрокі. Зараз я разумею, што мае эксперыменты былі вельмі смешнымі. На лістах фармату А4 я пісала вучням, якія не ведалі літар, назвы прадметаў на замежнай мове і паказвала карцінкі. Думала, што яны запомняць літары хутчэй, калі ўбачаць прадметы на ілюстрацыі. І калі я сказала пра гэта настаўніцы, яна не стала мяне адгаворваць і вымавіла: “Ну, можа быць, і так”. Я была вельмі ўдзячна, што яна падтрымала маю ініцыятыву і не сказала, што так нельга рабіць. А потым з вопытам я зразумела, што гэта, мабыць, было бессэнсоўна. Станоўчым мой эксперымент можна назваць толькі з аднаго боку: дзецям было цікава. Так эксперыментаваць я потым працягвала ўсё жыццё. Калі, напрыклад, яшчэ пачынала самастойна працаваць, да мяне на ўрок прыйшла дырэктар. На занятках у мяне заўсёды хуткі тэмп. Пры навучанні фанетыцы трэба падысці да кожнага вучня і пачуць, як ён вымаўляе гукі і словы. Калі называць кожнага па імені, губляецца час. Я падыходзіла да дзіцяці і пастукваннем алоўка па стале давала сігнал, што менавіта той вучань павінен адказаць. Потым, аналізуючы ўрок, дырэктар сказала: “Які ў вас цікавы прыём. Дзе вы яго ўзялі?” А ў мяне гэта атрымалася інтуітыўна. У кожнага чалавека, калі ён сапраўды хоча штосьці добра рабіць, пэўныя прыёмы могуць з’яўляцца ад сэрца, ад душы. Галоўнае — жаданне атрымаць добры вынік. Калі я бачу маладых, то гавару ім: “Не бойцеся эксперыментаваць, не бойцеся думаць, быццам нешта не атрымліваецца, трэба шукаць тое, што дасць вынік”. Не варта заціскаць сябе ў пэўныя рамкі.

— Што змянілася з прызначэннем вас на пасаду кіраўніка? Якая сёння роля дырэктара ва ўстанове адукацыі?

— Безумоўна, з прызначэннем мяне на пасаду кіраўніка многае змянілася. Яшчэ доўгі час мне хацелася закрыцца ў вучэбным кабінеце і не выходзіць адтуль, бо было страшна. Разам з вучнямі было прывычна, спакойна, я атрымлівала задавальненне ад узаемадзеяння з дзецьмі, адчувала іх падтрымку, а калі сыходзіла з класа, адразу навальваўся груз іншых праблем. Я разумела, што адказваю за вельмі сур’ёзныя рэчы. Работа з людзьмі — гэта заўсёды няпроста, а маладому дырэктару (мне было ўсяго 32 гады) няпроста ў разы.

Каб умець укараняць новае, думаць пра будучыню, сучаснаму кіраўніку трэба быць стратэгам. Сёння важна выхаваць чалавека, які валодае новымі тэхналогіямі, здольны да інавацый і ўвасаблення іх на практыцы, які паспяховы, канкурэнтаздольны. Адным словам, трэба ў школе падрыхтаваць выпускніка да жыцця. А як яго падрыхтаваць, калі сам не будзеш бачыць будучыні? Новае ўкараняць трэба менавіта сёння. Калі кіраўнік не будзе стратэгам, не будзе заглядваць на крок наперад, то і калектыў не будзе на гэта здольны. А гаспадарчыя пытанні і ўсе астатнія — вельмі важны складнік, але гэта ідзе паралельна.

— Як кіраваць сучасным педагагічным калектывам? Раскрыйце асноўныя прынцыпы вашай работы. Ці даводзілася прымаць складаныя рашэнні?

— Асноўныя прынцыпы нашай работы — выніковасць, развіццё, задаволенасць. Думаючы пра канкурэнтаздольнасць гімназіі, імкнёмся працаваць на стабільна высокі вынік. Каб дасягнуць гэтага, неабходна развівацца, укараняць новае.

Клапоцімся пра тое, каб усё, што мы робім, прыносіла задавальненне ўсім удзельнікам адукацыйнага працэсу: дзецям, педагогам, бацькам. Калі не будзе задаволенасці працай у педагогаў, тады ісці ўвесь час наперад немагчыма. Калі бацькі задаволены, то яны з ахвотай іду ць на кантакт і з’яўляюцца актыўнымі ўдзельнікамі адукацыйнага працэсу.

На мой погляд, фарміраванне ў калектыве паспяховасці, саўдзел, сутворчасць садзейнічаюць стварэнню атмасферы пошуку і зацікаўленасці ў павышэнні метадычнага майстэрства, якасці адукацыі, стварэнню такіх умоў, пры якіх педагагічны калектыў у поўнай меры зможа рэалізаваць свой патэнцыял. Мы ўсялякімі шляхамі папулярызуем прафесію настаўніка. Забяспечваем галоснасць працы педагога. Сёння настаўнікі з ахвотай адгукаюцца на прапановы паўдзельнічаць у конкурсе ці праекце, бо ведаюць, што не застануцца сам-насам са сваімі праблемамі, а адміністрацыя гімназіі, вопытныя калегі дапамогуць ім у гэтым.

Што тычыцца складаных рашэнняў, то іх я лічу цікавымі. Для мяне чым цяжэй, тым цікавей. Адным з няпростых рашэнняў было адкрыццё гімназіі з 5 класа, змяненне структуры ўстановы адукацыі. Пачатковая школа была вылучана ў самастойную ўстанову адукацыі з 1 па 4 клас і пераведзена з усім калектывам настаўнікаў, навучэнцаў і бацькоў у асобны будынак. Гэта далося няпроста, бо да таго часу зросся з сэрцам калектыў пачатковай школы. У мяне не было сумненняў, што ім будзе лепш у асобным будынку. Для іх стварылі добрыя ўмовы.

— Ваша навучальная ўстанова лепшая ў сталіцы. Што прывяло вас да поспеху?

— У нас ёсць свой дэвіз: “Да поспеху — праз традыцыі і інавацыі”. Мы беражліва захоўваем усё станоўчае ў рабоце калектыву і ўкараняем новае. З часам навучыліся пераўтвараць выклікі часу ў стымулы развіцця. Што прывяло да поспеху? Па-першае, якасць адукацыі забяспечвае падрыхтаваны педагагічны калектыў. Поспех робяць людзі. У нашым калектыве многа цікавых, неардынарных асоб. Калі ўзяць статыстыку, то ў нас працуюць 6 выдатнікаў адукацыі, заслужаны настаўнік, “Мінчанін года”, уладальнікі медалёў Францыска Скарыны і “За працоўныя заслугі”, пераможцы гарадскога конкурсу “Сталічны настаўнік — сталічнай адукацыі”. Нашы педагогі кожны год атрымліваюць прэміі і гранты Мінгарвыканкама. Так, летась прэміі Мінгарвыканкама атрымалі В.В.Карповіч і Н.М.Мыслівец. Гранта за распрацоўку адукацыйнага праекта “Гімназічная тэлесетка як сродак павышэння інфармацыйнай культуры і новая магчымасць самарэалізацыі навучэнцаў” удастоены Н.А.Угарэнка, А.В.Фаенка.

Па-другое, значны складнік — паспяховасць і канкурэнтаздольнасць нашых выхаванцаў. 72 навучэнцы ўдастоены 134 прэмій спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў, 60 пераможцаў заключнага этапу рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах. 37 удзельнікаў удастоены 60 узнагарод прэстыжных міжнародных навукова-даследчых конкурсаў. Так, навучэнцы настаўніцы біялогіі Л.Р.Грыгор’евай Кацярына Барысава, Кацярына Касалобава, Ганна Муліца сталі пераможцамі ХХV Усерасійскіх юнацкіх чытанняў імя В.І.Вярнадскага. Дзмітрый Харытонаў атрымаў дыплом І ступені і прэмію “Дасканаласць як надзея” XIV Балтыйскага навукова-інжынернага конкурсу, стаў уладальнікам залатога медаля Міжнароднай алімпіяды экалагічных праектаў GoldenClimate (GCIEPO) у Кеніі.

Бронзавага медаля Міжнароднай алімпіяды мегаполісаў удастоены адзінаццацікласнік Даніэль Малец, а Раман Свістуноў увайшоў у лік пераможцаў ХХ Міжнароднай канферэнцыі навукова-тэхнічных работ школьнікаў “Старт у навуку” (настаўніца А.В.Фаенка). Выхаванцы настаўніцы хіміі І.І.Окавай Глеб Андрэеў, Сцяпан Бобрык на Міжнароднай алімпіядзе школьнікаў “Ламаносаў” па хіміі адзначаны дыпломамі ІІІ ступені.

Па-трэцяе, у нас добрая матэрыяльна-тэхнічная база. Як мы заўсёды гаворым, гімназія — стартавая пляцоўка ў галіне інфармацыйных тэхналогій. Нездарма мы з’яўляемся рэсурсным цэнтрам па ІТ. Дарэчы, наша ўстанова стала адным з першых рэсурсных цэнтраў у горадзе адразу па пяці прадметах — матэматыцы, фізіцы, хіміі, біялогіі і інфарматыцы. Па кожным з іх выдзялялася тэхніка, і гэта была добрая падтрымка для настаўніка.

Па-чацвёртае, з 2000 года гімназія працуе ў рэжыме інавацый. Кожны год у нас з’яўляліся эксперыментальныя і інавацыйныя пляцоўкі Міністэрства адукацыі. Такая стабільная работа ў рэжыме інавацый дала свой плён, бо людзі прывыклі працаваць у нагу з часам, выкарыстоўваць новыя тэхналогіі, шукаць новае і працаваць на вынік. Мы забыліся, як гэта — стаяць каля дошкі з крэйдай і тлумачыць матэрыял. Практычна кожны вучань, у якога ёсць патэнцыял, мае сваю траекторыю развіцця. З кожным была распрацавана праграма індывідуальнага развіцця, і яна сёння дакладна адсочваецца разам з бацькамі. І яшчэ. За што б мы ні браліся, усяму гэтаму загадзя прагназуецца станоўчы вынік, а іншага і быць не можа.
Што дала нам перамога? З аптымізмам глядзець у будучыню, заставацца адукацыйнай установай, адданай сваім традыцыям, канкурэнтаздольнай і прыцягальнай.

— Вольга Робертаўна, што адрознівае вашу ўстанову ад іншых у горадзе?

— На наш погляд, адрознівае цесная сувязь з навукай і, як я ўжо гаварыла, работа на вынік. У аснове інавацыйнай структуры гімназіі закладзены прынцып трох складнікаў: навука, тэхналогіі, інавацыі. Гэта робіць унікальнай адукацыйнае асяроддзе гімназіі. Мы інтэгруем высокі ўзровень акадэмічнай адукацыі з прагрэсіўнымі методыкамі і новымі тэхналогіямі. Апрабоўваем новыя сродкі і спосабы работы, накіраваныя на актыўны ўдзел у трансфармацыйных працэсах: білінгвальнае навучанне (настаўнікі хіміі А.А.Атвалка, І.І.Окава, І.В.Шуляк, настаўнікі англійскай мовы С.М.Мацкевіч, В.А.Сарокіна, Н.В.Канатоўская), трансфер тэхналогій, педагагічны фрыланс, лічбавая трансфармацыя праз лекцыйны падкастынг (настаўнікі матэматыкі В.В.Карповіч, Е.В.Сідорчык), тэхналогія скразнога навучання (настаўнікі біялогіі Л.Р.Грыгор’ева, І.Ч.Калеснік) і інш. Мы перапланоўваем вучэбную прастору, забяспечваючы дадатковую гнуткасць і вялікую інтэрактыўнасць адукацыйнага працэсу. Акрамя таго, арыентуем адукацыю на заўтрашні дзень, на задавальненне жыццёвых памкненняў выпускнікоў.

— Як лічбавыя тэхналогіі мяняюць навучанне?

— Падчас навучання ў нашай гімназіі з цікавасцю выкарыстоўваюцца тэхналогіі дапоўненай і віртуальнай рэальнасці. Гэта дазваляе нам удасканальваць урокі, поўнасцю пагружаючы гімназістаў у адукацыйны працэс, візуалізуючы ключавыя моманты пройдзенага матэрыялу. Навучэнцы не толькі назіраюць за тым, што адбываецца, але і могуць уздзейнічаць на параметры аб’ектаў, даследуючы эфекты, якія ўплываюць на вынік. Дапоўненая і віртуальная рэальнасць адкрывае гімназістам новыя магчымасці ў вывучэнні малекулярнай будовы хімічных рэчываў, трохмерных біялагічных мадэлей будовы чалавека.
Сёння важна, каб тое, чым валодаюць дзеці, атрымлівала падтрымку ў дарослых. Галоўнае — не саромецца і асвойваць разам з навучэнцамі тэхнічныя навінкі, якія ёсць. Калі дзеці прыносяць пэўную ідэю, мы глядзім, як яе рэалізаваць. Лягчэй за ўсё сказаць “не, нельга”, а лепш падумаць, як гэта рэалізаваць, як зматываваць дзяцей на больш цікавую вучобу, каб яна прыносіла ім задавальненне.

— Вольга Робертаўна, у снежні ўстанова адзначыць 35-гадовы юбілей. З якім настроем набліжаецеся да яго? Як звычайна адзначаеце дні нараджэння?

— Мы святкуем юбілей 13 снежня. Лічба 13 для нас шчаслівая. Традыцыйна мы ўпрыгожваем гімназію тэматычна. Тэматыка сёлетняга юбілею — “Дзень нараджэння пад Новы год”. Гімназію ўпрыгожаць вялікія двухметровыя торты, свечкі, шары, клоўны — адным словам, тое, што суправаджае дзень нараджэння. Традыцыйна мы рыхтуем якое-небудзь выданне (сёлета гэта будзе фотаальбом “Гісторыя ў асобах”, які атрымае кожны педагог), відэафільм пра нашу ўстанову — пра тых людзей, якія зрабілі ўклад у развіццё гімназіі ў апошнія гады. Будуць арганізаваны цікавыя акцыі: эстафета пакаленняў “Нашы бацькі — выпускнікі гімназіі”, акцыя “Через годы, через расстояния…” (зварот да навучэнцаў 2051 года), урачыстае мерапрыемства “З любоўю пра гімназію. Працяг будзе…”. Кожны навучэнец атрымае ў гэты дзень юбілейны значок, шакаладку і каляндарык. Падарункамі будуць адзначаны кожны трынаццаты навучэнец класа, тыя, хто нарадзіўся 13 снежня, усе, каму сёлета спаўняецца 35 гадоў. У музеі будзе новая экспазіцыя. Плануецца і шмат іншых мерапрыемстваў, конкурсаў, слайд-шоу, выстаў, экскурсій, правядзенне якіх пачалося пасля канікул, каб яшчэ больш узняць у вачах бацькоў і вучняў аўтарытэт гімназіі.

— Што хацелася б пажадаць роднай гімназіі?

— Поспехаў, аптымізму і толькі наперад! Наша мара — правесці рэканструкцыю гімназіі, накрыць наш утульны школьны двор і зрабіць абсерваторыю, каб дзеці маглі назіраць за зоркамі. Увогуле, зрабіць астраномію адным з прыцягальных прадметаў для навучэнцаў, каб матываваць іх на навуковую работу. Ужо нават распрацаваны праект. Адным словам, планы і задумкі чакаюць свайго ўвасаблення. Мара дзяцей і педагогаў павінна быць рэалізавана.

— Дзякуй за размову і поспехаў вам у ажыццяўленні планаў. Віншуем з юбілеем!

Гутарыла Наталля КАЛЯДЗІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.