Дырэктар крычаўскай школы № 8 Галіна Панцялеева ўдастоена ганаровай раённай прэміі «Чалавек года»

- 9:00Главная, Знак качества, Новости

Сярэдняя школа № 8 Крычава — перадавая навучальная ўстанова. Па многіх паказчыках яна знаходзіцца на лідзіруючых пазіцыях у рэгіёне. У гэтым вялікая заслуга дырэктара Галіны Панцялеевай. Нядаўна Галіна Алегаўна была ўдастоена ганаровай раённай прэміі “Чалавек года”, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.

— З сённяшняй 8-й гарадской школай трывала звязана ўжо амаль паўстагоддзя. Спачатку бы­ла тут вучаніцай, пасля прыйшла маладым нас­таўнікам, потым займала пасаду завуча, а 16 гадоў назад стала кіраўніком. Школа даўно для мяне — другі дом, таму дырэктарства не праца, а стан душы. Стараюся ўнікаць у кожны напрамак адукацыйнага працэсу, асабіс­тым прыкладам матываваць настаўнікаў і вучняў на дасягненні, — раска­зала Галіна Панцялеева.

Па яе меркаванні, галоўная мэта школы — падрыхтоўка вучняў да дарослага жыцця, прада­стаўленне трывалых ведаў і выхаванне дзяцей актыўнымі грамадзянамі, патрыётамі сваёй Айчыны.

— Асноўная траекто­рыя дзейнасці нашай школы — інтэлектуальнае і маральнае станаў­ленне асобы навучэнцаў, фарміраванне ў іх гатоўнасці да прафесійнага выбару, працяг адукацыі, а потым і праца на карысць роднай краіны, — паведаміла Галіна Алегаўна.

З першых крокаў на пасадзе дырэктара Галіна Панцялеева імкнулася стварыць у школе адукацыйнае асяроддзе з атмасферай творчасці, узаемападтрымкі. За паў­тара дзесяцігоддзя ў яе гэта атрымалася. А ўсё таму, што стаўку яна заўсёды рабіла не на камандна-адміністрацыйнае кіраванне, а на супрацоўніцтва. Калі дакладней, Галіна Алегаўна змагла аб’яднаць педагогаў у згуртаванае кола аднадумцаў.

— Педагагічны калектыў — адзін з ключавых фактараў паспяховага функцыянавання навучальнай установы. Сёння ў школе працу­юць 90 настаўнікаў-прафе­сіяналаў. Падтрымліваю ўсе іх пачынанні, матывую, натх­няю, даю магчы­масць праявіцца, ад­чуць сябе патрэбнымі і важнымі. Як кіраўнік вяду за сабой, вызначаю шляхі развіцця, — патлумачыла Галіна Панцялеева.

Дзякуючы падыходам дырэктара, 8-я крычаў­ская школа функцыянуе з высокай эфектыўнасцю. Установа — своеасаблівы навукова-адукацыйны і сацыякультурны цэнтр горада.

— У 2017 годзе школа пераехала ў новы будынак. Тут створаны ўсе ўмовы для якаснага навучання і выхавання. Вучэбныя кабінеты аснашчаны сучасным абсталяваннем: у нас ёсць 2 камп’ютарныя класы і 4 лінгафонныя, клас інфармацыйных тэхналогій з робалабараторыяй, усюды ўстаноўлены інтэр­актыўныя панэлі і воблачныя тэрміналы. Створана шырокая сетка аб’яднанняў па інтарэсах. На нашай базе працуе дзіцячая школа мастац­тваў, цэнтр дадатковай адукацыі, дзіцяча-юнацкая спартыўная школа. Свой патэнцыял навучэнцы раскрываюць, наведваючы навуковае таварыства “Пошук”, інтэлектуальны клуб “Версія”, ваенна-патрыятычны клуб “Спадчына”, — адзначыла Галіна Алегаўна.

Настаўнікі школы працуюць у інавацыйным рэжыме, з акцэнтам на ўсебаковым раскрыцці здольнасцей дзяцей. Як вынік — вучні пераможна ўдзельнічаюць у алімпіядным руху, паспяхова займаюцца даследаваннямі, творчасцю і спортам. Мясцовыя навучэнцы перамагалі ў заключных этапах такіх прэстыжных конкурсаў, як “Энергамарафон”, “Я ведаю”, “100 ідэй для Беларусі”.

— Разам з навучаннем удзяляем павышаную ўвагу выхаванню. Акцэнт робім на вучнёўскім самакіраванні і ўзаема­дзеянні з бацькамі. У нас створана агенцтва бацькоўскіх ініцыятыў. Мамы і таты часта самі вы­ступаюць арганізатарамі розных мерапрыемстваў: праводзяць дыялогі, майстар-класы, экскурсіі, паходы, дабрачынныя акцыі. Прывіццю дзецям правільных маральных арыенціраў вельмі спрыяе партнёрства ў выхаваўчых пытаннях са спецыялістамі іншых ведамстваў, — расказала Галіна Панцялеева.

На працягу 16 гадоў сярэдняя школа № 8 Крычава — лепшая ўстанова агульнай сярэдняй адукацыі ў раёне. Шмат асабістых узнагарод і непасрэдна ў дырэктара. Самай адметнай падзеяй для Галіны Алегаўны стала атрыманне звання “Чалавек года”.

— Было вельмі прыемна прымаць такую ўзна­гароду. Але ўпэўнена, што нават самая высокая ацэнка працы не прычына для таго, каб спыняцца ў развіцці. У нас шмат доб­рых традыцый, мноства планаў на перспектыву. З не­абыякавасцю, адказнасцю і клопатам будзем працягваць выхоўваць свядомае будучае пакаленне беларусаў, — падкрэсліла Галіна Панцялеева.

Ганна СІНЬКЕВІЧ
Фота аўтара