Дырэктар назаўсёды

- 9:00Людзі адукацыі

Ці шмат вы ведаеце кіраўнікоў устаноў адукацыі, якія і пасля выхаду на заслужаны адпачынак не расстаюцца са сваімі школамі? Удзельнічаюць у іх жыцці не ў якасці ганаровых гасцей, а як ідэйныя натхняльнікі, кансультанты, захавальнікі традыцый. Мне давялося сустрэць такога кіраўніка. Знаёмцеся — Таццяна Уладзіміраўна Сычова, першы дырэктар сярэдняй школы № 159 Мінска. У цяперашні час — намеснік старшыні савета ветэранаў Фрунзенскага раёна Мінска.

Прафесійная біяграфія Таццяны Уладзіміраўны налічвае амаль шэсць дзясяткаў гадоў. Скончыўшы школу, яна пачала свой працоўны шлях на пасадзе старшай піянерскай важатай у сярэдняй школе № 8 Брэста. Працавала старшай піянерважатай і ў мінскіх школах № 105 і № 127, арганізатарам па пазакласнай і пазашкольнай выхаваўчай рабоце ў сярэдняй школе № 127 Мінска. Больш за 20 гадоў Таццяна Уладзіміраўна прысвяціла піянерскім зборам, саветам дружыны, зорным паходам, калектыўным творчым справам. 

Галоўнай вяршыняй у прафесійнай дзейнасці Таццяны Уладзіміраўны стала кіраўніцтва школай. Гэта з пункту гледжання займаемай пасады. А з пункту гледжання дзейнасці на пасадзе дырэктара вяршынь было мноства, не толькі асабістых, адзначаных граматамі, медалямі і ганаровымі знакамi, але і заваяваных школьнымі настаўнікамі, вучнямі, выпускнікамі. Усе 16 гадоў, калі Таццяна Уладзіміраўна ўзначальвала школу, былі напоўнены творчай энергіяй, імкненнем заўсёды ісці наперад, будаваць школу сваёй мары, дзе дзецям жывецца цікава і радасна, дзе педагогі — майстры сваёй справы, а ўсе разам — вялікая дружная сям’я. “Школа Сычовай” — менавіта так доўгі час называлі 159-ю школу сталіцы.

“Школа Сычовай”, таму што Таццяна Уладзіміраўна, стаўшы дырэктарам новабудоўлі ў мінскім мікрараёне Захад-3 у далёкім 1983 годзе, разам з калегамі адмывала, адчышчала ад будаўнічага смецця школьныя класы і калідоры, фармiравала калектыў аднадумцаў, з якімі разам крочыла да пастаўленых мэт. Крытэрыяў адбору работнікаў школы было не так і шмат, найважнейшымі з іх былі прыстойнасць, прафесіяналізм, уменне працаваць у камандзе і гатоўнасць да інавацый. Тады, у 1980-я, пра каманду і інавацыі ў практычнай педагогіцы гаварылася крыху іншымі тэрмінамі. У Таццяны Уладзіміраўны гэтыя паняцці выказвалiся адным выразам: “Мне “ўрокадавальнікі” не патрэбныя”. Гэта чулі з вуснаў дырэктара ўсе педагогі, якія прыходзілі працаўладкоўвацца ў школу. І разумелі, што акрамя ўрокаў давядзецца ўключацца ў розныя праекты — ад класнага кіраўніцтва да “калектыўных творчых спраў”, ці то гэта прэзентацыя сістэмы эстэтычнага выхавання на ВДНГ СССР у Маскве, ці то абмен вопытам сацыяльна-педагагічнай і псіхалагічнай падтрымкі навучэнцаў у Даніі.

“Школа Сычовай”, таму што менавіта яна, дырэктар школы Т.У.Сычова, была ініцыятарам укаранення ў адукацыйны працэс педагагічных інавацыйных практык. Таццяне Уладзіміраўне заўсёды было ўласціва прафесійнае прадбачанне. Яшчэ не ўключылі ў вучэбныя планы краіны прадмет “Сусветная мастацкая культура”, а ў 159-й ён ужо быў за кошт гадзін школьнага кампанента ў форме факультатыўных заняткаў. Першыя пілотныя класы па інфарматыцы і праграмаванні, першыя профільныя фізіка-матэматычныя класы — таксама ў 159-й. Школа стала адной з чатырох эксперыментальных пляцовак рэспублікі па ўкараненні сацыяльна-педагагічнай і псіхалагічнай службы. Адна з першых атрымала статус школы з агульнаэстэтычным ухілам. 

На эстэтычным кірунку школы варта спыніцца асобна. Гэта было любімае дзецішча Таццяны Уладзіміраўны і ў чымсьці нерэалізаваная мара. Доўгі час аснову эстэтычнага выхавання навучэнцаў школы складала студыя бальнага танца “Піруэт”, якой кіравалі Таццяна і Міхаіл Паўлінавы, узорны дзіцячы вакальна-інструментальны ансамбль “Рознакаляровая гульня”, створаны Раманам Бубенам, клас фартэпiяна Ларысы Малышавай. Ні адно школьнае свята, ні адно метадычнае мерапрыемства для гасцей не абыходзіліся без удзелу апантаных артыстаў, танцораў, спевакоў, музыкантаў. Гэта заўсёды было не толькі таленавіта і натхнёна, але і вельмі стыльна і элегантна.

Аддаючы сваіх дзяцей на заняткі ў студыю бальнага танца, бацькі заўважалі: “Магчыма, маё дзіця не стане чэмпіёнам па спартыўных бальных танцах, але высокі стыль зносін, уменне “трымаць твар”, асаблівая пастава і манеры, якія развiваюцца ў выхаванцаў студыi, застануцца назаўсёды”. Таццяна Уладзіміраўна марыла стварыць у школе нейкае аб’яднанне, дзе выхоўваліся б юныя лэдзі і дэндзі: з урокамі танцаў, музыкi, культуры маўлення, дамаводства, моды, з літаратурнымі і музычнымі салонамі. Нешта з гэтага атрымалася ўвасобіць, а штосьці так і засталося марай. У далейшым эстэтычны цыкл папоўніўся навучаннем ігры на розных музычных інструментах, выяўленчаму мастацтву, харэаграфіі, вакальнаму майстэрству. І сёння эстэтычны кiрунак — візітная картка сярэдняй школы № 159 Мінска.

Шмат з таго, што пасля стала штодзённай педагагічнай практыкай, у “Школе Сычовай” было апрабавана ў якасці эксперыменту. Вось чаму і дырэктар, і педагогі былі пастаяннымі ўдзельнікамі міжнародных і рэспубліканскіх канферэнцый, семінараў, круглых сталоў, дзе праходзілі прэзентацыі вопыту педагагічнай дзейнасці школьнага калектыву. Многія настаўнікі сталі пераможцамі конкурсаў прафесійнага майстэрства, аўтарамі і рэцэнзентамі вучэбных дапаможнікаў, абаранілі кандыдацкія дысертацыі.

“Школа Сычовай” — гэта не толькі інавацыі, але і прытрымліванне традыцый, іх захаванне і развіццё. Калі ў ліхія 90-я ў школах адмаўлялiся ад усяго непатрэбнага, як тады здавалася, устарэлага — піянерыi, камсамолу, цімураўскага руху, Таццяна Уладзіміраўна, насуперак усяму, адстаяла школьны музей баявой славы партызанскай брыгады імя Героя Савецкага Саюза А.Ф.Данукалава. Гэта было яе тварэнне, яе асабістая памяць і даніна павагі героям Вялікай Айчыннай. Абараніла музей, магчыма, таму, што сама аднагодка той вайны, перажыла эвакуацыю, родам з сям’і вайскоўца У.А.Волкава, які пайшоў на фронт і загінуў у першыя дні вайны. Сёння музей не толькі беражлiва захаваны, але і актыўна развіваецца, перамагае ў конкурсах. У гэтым заслуга, безумоўна, цяперашняга кіраўніцтва і педагогаў, якія працягваюць традыцыі, закладзеныя першым дырэктарам школы.

“Школа Сычовай” яшчэ і таму, што “родам са 159-й” цэлая плеяда выдатных педагогаў, кіраўнікоў устаноў адукацыі сталіцы, прадстаўнікоў органаў улады рознага ўзроўню. Рухацца па прыступках кар’ернай лесвіцы ім дапамаглі не толькі рэкамендацыі Таццяны Уладзіміраўны, але і яе прыклад сапраўднага лідара, здольнага натхніць каманду на дасягненне пастаўленых мэт і несці адказнасць за атрыманыя вынікі. 

Залог поспеху кіраўніка — гэта па-майстэрску сфарміраваны калектыў аднадумцаў, гэта ўдалае спалучэнне традыцый і інавацый, гэта сама атмасфера ўстановы і асабiсты прыклад дырэктара. Неабыякавага, які хварэе душой за сваё дзецішча нават тады, калі ўжо атрымана права на заслужаны адпачынак. Менавіта таму Таццяна Уладзіміраўна Сычова — дырэктар назаўсёды.

Алена РАБАВА,
дырэктар сярэдняй школы № 170 Мiнска, кандыдат педагагiчных навук.