Дырэктар СШ №18 Гродна: галоўныя каштоўнасці нашай школы — гэта сутворчасць, супрацоўніцтва, стварэнне

- 11:00Образование

Школьная сцэна ўмясціць адразу ўсе творчыя калектывы гэтай навучальнай установы не можа. Таму на фотаздымку прадстаўлена толькі малая частка творчых навучэнцаў сярэдняй школы № 18 імя Л.М.Даватара Гродна, паведамляе карэспандэнт «Настаўніцкай газеты».

Амаль з тысячы навучэнцаў палова займаецца музыкай, спевамі, танцамі і дасягае высокіх вынікаў. Толькі за мінулы год творчыя школьнікі атрымалі 54 узнагароды рознага ўзроўню, у тым ліку ў 16 міжнародных конкурсах.

Гісторыя сярэдняй школы № 18 наліч­вае больш за 50 гадоў. Установа  была адкрыта ў 1970 годзе, а ў 1973 годзе набыла музычна-харавы статус. Тут працавалі 2 заслужаныя настаўнікі Рэспублікі Беларусь, 7 выдатнікаў асветы, 9 педагогаў былі ўзнагароджаны знакам “Выдатнік адукацыі”, 2 — медалём “За доблесную працу”, 25 чалавек адзначаны Ганаровай граматай Міністэрства адукацыі. Адметна, што не толькі эстэтычны кірунак, але і ў цэлым адукацыйны працэс наладжаны тут вынікова.

 У школе працуюць 4 узорныя калектывы. Напрыклад, ансамбль танца “Лiлея” быў створаны ў 1995 годзе,
а ў 2007 годзе яму было прысвоена званне “Узорны калектыў”.

Галоўныя каштоўнасці нашай школы — гэта сутворчасць, супрацоўніцтва, стварэнне, — гаворыць дырэктар школы Наталля Астапчэня. — Мы жывём адзінай сям’ёй, якая аб’ядноўвае дзяцей, бацькоў і настаўнікаў. Без гэтай садружнасці немагчыма падтрымліваць высокі вучэбны, грамадскі, патрыятычны, творчы статус школы. Нам важна, каб дзеці займалі сябе творчасцю, каб раслі гарманічнымі асобамі, каб, акрамя атрымання ведаў па вучэбных прадметах, захапляліся музыкай, спевамі, танцамі.

На базе школы працуюць факультатывы музычна-харэаграфічнага кірунку, дзеці займаюцца вакалам, харэаграфіяй, вучацца іграць на музычных інструментах. У школе працуюць 4 узорныя калектывы. Напрыклад, ансамбль танца “Лiлея” быў створаны ў 1995 годзе, а ў 2007 годзе яму было прысвоена званне “Узорны калектыў”.

— Зараз у ансамблі займаецца 150 дзяцей у некалькіх узроставых групах, — расказ­вае кіраўнік ансамбля Дзінара Джумаліева. — Асноўныя кірункі: народна-сцэнічны танец, народны стылізаваны танец, дзіцячы эстрадны танец.

Навучэнка 9 класа Ірма Венскунайтэ зай­маецца танцамі з вялікім задавальненнем, шмат часу прысвячае любімаму занятку і лічыць, што танцы дапамагаюць ёй правільна арганізаваць свой час і быць паспяховай і ў вучобе, аб чым сведчаць шматлікія перамогі дзяўчыны ў конкусах. Сярод апошніх — дыплом за перамогу ў рэспубліканскім дыстанцыйным гістарычным конкурсе “Напалеон Орда”. А вось навучэнцы 8 класа Юрый Праўко і Міхаіл Мінчук любяць джаз і з задавальненнем выступаюць у складзе ўзорнага калектыву скрыпачоў “Багатэль”. Юра ўспамінае, што ўпершыню ўзяў у рукі скрыпку ў 1 класе, інструмент аказаў на яго вялікае ўражанне, іграць у ансамблі хлопцу цікава, асабліва ён любіць выступленні на сцэне.

У складзе ансамбля некалькі груп: трыа салістаў “Багатэль”, ансамбль дзяўчынак “Багатэль” і ансамбль “Скрыпунэлы” з ліку самых малодшых удзельнікаў калектыву — навучэнцаў 2 класа. Скрыпачы выконваюць сучасную беларускую музыку, класічныя творы, джазавыя кампазіцыі.

— Дзецям вельмі падабаюцца публічныя выступленні, хаця гэта патрабуе вялікай пад­рыхтоўкі, — уступае ў размову кіраўнік ансамбля “Багатэль” Вольга Антончык. — Так, нядаўна “Багатэль” удзельнічаў у джазавым фестывалі ў Гродне, зараз рыхтуемся да фестывалю ў Лідзе.

На пытанне, як арганізаваць такі калектыў, стварыць творчую абстаноўку і дасяг­нуць вынікаў, Вольга Міхайлаўна адказвае:

— Прыходзіць да дзяцей з усмешкай і добрым настроем, перадаваць яго дзецям, супрацоўнічаць і натхняць на вынік.

Яшчэ адзін узорны калектыў — хор “Пралеска” — быў створаны ў 1975 годзе. Праз 10 гадоў ён атрымаў званне ўзорнага. Апошнія 13 гадоў хорам кіруе Эльвіра Навіцкая. Спяваюць у “Пралесцы” дзеці ва ўзросце 11—15 гадоў.

Ігар Макавецкі кіруе аркестрам бая­ністаў з 1996 года. Калектыў быў створаны ў 1983 годзе. У 2004 годзе адбылося знакавае выступленне аркестра на прысваенне звання “Узорны калектыў”. У праграму ўваходзілі 10 твораў розных жанраў, 7 з якіх інструментаваў і пераклаў для аркестра І.П.Макавецкі.

— Усе нашы творчыя калектывы актыўна выступаюць на розных пляцоўках, удзельнічаюць у конкурсах і фестывалях, а педагогі дзеляцца вопытам, — расказвае намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Вольга ­Емяльянчык. — У школе ў мінулым годзе быў створаны рэсурсны цэнтр аддзела адукацыі, спорту і турызму адміністрацыі Ленінскага раёна Гродна “Музычна-эстэтычная адукацыя і выхаванне навучэнцаў ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі на факультатыўных занятках музычнай і харэаграфічнай накіраванасці”. У сакавіку на базе рэсурснага цэнтра адбыўся абласны семінар-практыкум.

Выступаюць на сцэне 18-й школы і таленавітыя дзеці з розных рэгіёнаў Беларусі. У гэтым годзе ўжо традыцыйны фестываль “Вянок дружбы” сабраў у фінале прадстаўнікоў 25 устаноў адукацыі з Гродна, Гродзенскай, Брэсцкай, Гомельскай, Мінскай абласцей і Мінска.

А зараз усе ўзорныя калектывы школы рыхтуюцца да чарговага творчага этапу — пацвярджэння звання “Узорны калектыў”.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ
Фота аўтара