Дырэктарскі хлеб

На Збураж паволі апускаецца змрок. На школьным двары змаўкаюць дзіцячыя галасы і становіцца ціха. Цішыня пануе ў калідорах, настаўніцкай і кабінетах. І толькі асенні вецер ледзь чутна стукае ў акно апалым лісцем і час ад часу адцягвае ўвагу ад справы. Дырэктар Збуражскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Іван Васільевіч Наўрось любіць такую вечаровую пару, калі пусцее школа. Вось і зараз ён схіліўся над сталом. У такі час можна падумаць, грунтоўна ўзважыць, скарэкціраваць планы.

Але чарговы посвіст ветру адарваў дырэктара ад папер. І.В.Наўрось адклаў убок работу і падышоў да акна. Заўважыў, як жоўты ліст прыклеіўся да мокрай шыбы, усміхнуўся і чамусьці ўспомніў дзяцінства. Шмат гадоў назад ён, дзесяцікласнік, сядзеў такім жа вечарам ля акна і вучыў урокі. Тады, як і зараз, за акном быў вецер, што адцягваў увагу ад дамашняга задання. Юнак любіў марыць, як будзе стаяць ля дошкі з крэйдай у руках і тлумачыць вучням фізічныя законы. Скончыўшы збуражскую дзесяцігодку, ён паступіў на фізіка-матэматычны факультэт тагачаснага Брэсцкага педагагічнага інстытута імя А.С.Пушкіна.

Ад арганізатара — да дырэктара

З першага дня вучобы ў інстытуце І.В.Наўрось узяў за правіла не прапускаць заняткі і грунтоўна рыхтавацца да кожных. Упартасць, уседлівасць і мэтанакіраванасць студэнта былі адразу заўважаны выкладчыкамі. На 3 курсе Іван Васільевіч стаў Ленінскім стыпендыятам за выдатную вучобу. А на апошнім курсе яму прапанавалі паступаць у аспірантуру. Але душа юнака да гэтага зусім не ляжала. Яму хацелася штодзень бачыць цікаўныя вочы дзяцей і адказваць на іх шматлікія пытанні. На размеркаванні І.В.Наўрось быў першым, таму выбіраў месца будучай працы сам. Перавагу аддаў роднай Маларытчыне, плануючы трапіць у сваю школу. З дыпломам настаўніка фізікі Іван Васільевіч 40 гадоў назад, акрылены рамантыкай самастойнай працы, пераступіў парог кабінета загадчыка аддзела народнай адукацыі.

— У роднай школе настаўнік фізікі не патрабаваўся, але я ўсё ж такі ўладкаваўся туды, — гаворыць І.В.Наўрось. — Мяне нагрузілі гадзінамі нямецкай мовы і матэматыкі. І гэта было сапраўдным шчасцем. На працу заўсёды ішоў з радасцю і задавальненнем. Старанна рыхтаваўся да кожнага ўрока.

Гэта цяпер у яго ўсё атрымліваецца. А спачатку было зусім па-іншаму. Але няўдачы падштурхоўвалі да нястомнага самаўдасканальвання.

Праз год Іван Васільевіч стаў арганізатарам пазакласнай работы, затым — намеснікам дырэктара па выхаваўчай рабоце. На гэтых пасадах адпрацаваў 19 гадоў, а потым перайшоў на гадзіны. Выкладаў фізіку, матэматыку і інфарматыку. Некалькі разоў аддзел адукацыі прапаноўваў І.В.Наўросю пасаду дырэктара, але ён адмаўляўся, знаходзіў розныя прычыны для гэтага. І толькі ў 2012 годзе нарэшце даў згоду.

Жыццё, адданае ЮІР

І.В.Наўрось вядомы не толькі на Маларытчыне, але і на ўсёй Брэстчыне. Акрамя шматлікіх грамат рознага ўзроўню, у скарбонцы яго дасягненняў ёсць нагрудныя знакі “Выдатнік народнай адукацыі БССР” і “Выдатнік адукацыі Рэспублікі Беларусь”, а таксама “Выдатнік ДАІ”. Апошняя ўзнагарода невыпадковая: юіраўскаму руху ён аддаў 35 гадоў жыцця.

— За гэты час школьны атрад юіраўцаў 35 разоў перамагаў у раённых злётах, 30 — на абласных і 15 — на рэспубліканскіх, — расказвае Іван Васільевіч. — Акрамя таго, атрад з’яўляецца лаўрэатам прэміі дзяржаўнага камітэта па справах моладзі Беларусі, неаднаразова ўдзельнічаў ва Усесаюзным злёце “Бяспечнае кола” і Усерасійскіх спаборніцтвах “Бяспечнае кола”, а таксама ва Усеўкраінскім злёце юных інспектараў дарожнага руху. І гэта пры тым, што наша школа — звычайная сельская ўстанова адукацыі з невялікай колькасцю вучняў. Асаблівага адбору ў атрад ніколі не было. Працавалі з усімі, хто жадаў. Усе ўзнагароды захоўваюцца ў школьным музеі.

35-гадовы юіраўскі вопыт работы І.В.Наўрося ўвасобіўся ў яго кнігах “Атрады ЮІР: вопыт, рэкамендацыі, карысныя парады” і “Запрашае “Святлафор”, а вопыт выхаваўчай работы адлюстраваны ў кнізе “Няхай будзе свята”.

“Імпульс”

У творчай біяграфіі І.В.Наўрося быў яшчэ і дзіцячы ўзорны агіттэатр “Імпульс”, арганізаваны ў 1982 годзе. Ён адразу стаў дыпламантам абласнога конкурсу агітбрыгад. Званне ўзорнага калектыў атрымаў у 1992 годзе. Канцэрты юных агітатараў праходзяць з вялікім поспехам на сцэнах розных устаноў культуры і падчас розных значных мерапрыемстваў у вобласці.

Былое і думы

Тэрыторыя Збуражскага дзіцячага сада — сярэдняй школы складае амаль 4 гектары, але на кожным кроку адчуваецца рука дбайнага і руплівага гаспадара. З ранняй вясны да позняй восені радуюць вока кветкі. І.В.Наўрось заўсёды жыве клопатамі пра родную ўстанову адукацыі.

— Асноўная мая задача — ствараць камфортныя ўмовы для вучобы дзяцей і працы настаўнікаў, — гаворыць Іван Васільевіч. — А гэта даволі складана. А яшчэ жыву надзеяй, што ў Збуражы ўсё ж такі застанецца сярэдняя школа. Сёння ў ёй атрымліваюць веды 47 вучняў. Дзіцячы сад наведваюць 11 дзяцей. Педагагічны калектыў невялікі, дружны і згуртаваны. Мы вучымся самі зарабляць грошы. Так, добры прыбытак дае продаж насельніцтву клубніц і бульбы ранніх гатункаў. Атрыманыя грошы ідуць на ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы.

На канікулах І.В.Наўрось па ўласным жаданні мяняе настаўніцкую прафесію і кіраўніцкую пасаду на будаўнічую. Многія малярскія і мулярскія работы ва ўстанове адукацыі зроблены яго рукамі і рукамі калег. Скажаце, што дырэктар не павінен гэтым займацца? Ён катэгарычна не згодны. Кіраўнік заўсёды і ва ўсім павінен паказваць уласны прыклад!

…І.В.Наўрось адышоў ад акна і нахіліўся над паперамі. Яго зноў апанавалі думкі. Да ацяпляльнага сезона ўстанова адукацыі падрыхтавана, усе неабходныя работы праведзены. Для кацельні на цвёрдым паліве ўжо нарыхтаваны дровы.

Вокны вяскоўцаў пачыналі свяціцца жоўтымі агеньчыкамі, але Іван Васільевіч пакуль не збіраўся дадому.

Мікалай НАВУМЧЫК,
намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце Маларыцкай раённай гімназіі.
Фота аўтара.