А вы ведаеце, з чаго пачалася спартыўная гісторыя таго месца, дзе вы жывяце? У ашмянскай школе № 3 на гэтае пытанне вам адкажа амаль кожны школьнік. У далёкім 1840 годзе ў вёсцы Зялёны Бор Ашмянскага раёна нарадзіўся Зігмунд Мінейка, чалавек, якому належаць рэпартажы са знакамітых афінскіх алімпійскіх арэн. Нашы навучэнцы раскажуць пра яшчэ адну мясцовую “легенду” — “вершніка на бронзавым кані”. Так называюць жыхары Ашмян свайго земляка Караля Румеля, які ў 40-гадовым узросце прыняў удзел у спаборніцтвах па конным спорце ў IV Алімпійскіх гульнях, што прайшлі ў 1928 годзе ў Амстэрдаме. Вядома Ашмяншчына і сваімі стралкамі. Адзін з іх — Міхаіл Вярсоцкі.
Алімпійская адукацыя для нас не проста словы, мы разглядаем яе як працэс выхавання, які дае надзвычай шырокія магчымасці. Сёння з прычыны вялікай вучэбнай нагрузкі ў школе і дома ў большасці школьнікаў адзначаецца недастатковая рухальная актыўнасць, што можа стаць прычынай гіпакінезіі, якая ў сваю чаргу можа выклікаць шэраг сур’ёзных змяненняў у арганізме школьнікаў.
Асноўнымі задачамі алімпійскага выхавання з’яўляецца фарміраванне цікавасці да спорту, патрэбнасці ў сістэматычных занятках спортам, імкненне паказваць як мага больш высокія спартыўныя дасягненні і якасці, тыя веды (у тым ліку з гісторыі Ашмянскага раёна, Гродзенскай вобласці і сучаснай практыкі алімпійскага руху), якія спрыяюць дасягненню добрых вынікаў.
Адной з самых папулярных сярод навучэнцаў нашай школы форм работы з’яўляецца конкурс “Самы спартыўны клас”. Яго правядзенне спрыяе павышэнню матывацыі да заняткаў фізічнай культурай, дапамагае так уздзейнічаць на вучня, каб ён усведамляў важнасць рухальнай актыўнасці для свайго здароўя. Нават не валодаючы добрымі фізічнымі данымі, вучань разумее сваю значнасць для дасягнення пастаўленых задач.
Спаборніцтвы дапамагаюць класнаму кіраўніку згуртаваць клас. Як правіла, гэты конкурс выйграе найбольш дружны клас, а не той, дзе шмат фізічна моцных дзяцей. Удзел класнага кіраўніка ў спаборніцтвах мабілізуе вучняў, яны імкнуцца паказаць высокі вынік. А калі ёсць вынік, то павышаецца і цікавасць да заняткаў. Так, за гэтыя гады колькасць навучэнцаў, якія прымаюць удзел у спаборніцтвах, вырасла з 60,5% да 87%.
Конкурс “Самы спартыўны клас” садзейнічае ўключэнню ўсіх вучняў у спартыўнае жыццё школы, а пачуццё здаровага спартыўнага азарту павышае цікавасць дзяцей да фізічнай культуры ў цэлым. На лінейцы, прысвечанай заканчэнню навучальнага года, класу ўручаецца дыплом і “дырэктарскі торт”.
Актыўна ўдзельнічаюць школьнікі і ў аглядзе-конкурсе на званне “Лепшы спартсмен школы”. Так, званне сярод дзяўчат атрымала Яўгенія Маркевіч, вучаніца 11 класа (чэмпіён раёна ў бегу на 400 метраў, удзельніца абласных спаборніцтваў па ручным мячы і лёгкаатлетычным кросе); сярод юнакоў — Яўген Юрша, вучань 10 класа (чэмпіён раёна ў бегу на 200, 400 і 3000 метраў, удзельнік абласных і рэспубліканскіх спаборніцтваў па лёгкай атлетыцы і лёгкаатлетычным кросе).
І, канечне, усім спадабалася Рэспубліканская акцыя дзяцей і вучнёўскай моладзі “Здаровы я — здаровая краіна”. Акцыя стала па-сапраўднаму масавай, бо яе мерапрыемствы прыцягнулі да ўдзелу не толькі дзяцей, але і бацькоў і педагагічных работнікаў.
Для нас важны штогадовы агляд узроўню фізічнай падрыхтаванасці “Алімпійскія надзеі Беларусі”: гэта стымулюе і натхняе навучэнцаў. А таксама рэспубліканскі конкурс “Алімпізм і моладзь”. Паліна Камінская, вучаніца 9 класа, заняла ў конкурсе дзіцячага малюнка на гэтую тэматыку 1 месца на раённым, абласным і рэспубліканскім этапе.
Штогод у нашай школе праходзіць дэкада алімпійскага руху, правядзенне якой дазваляе настаўнікам фізічнай культуры выкарыстоўваць новыя падыходы ў арганізацыі фізкультурнага выхавання, прапагандаваць алімпійскія і параалімпійскія ідэалы, павысіць узровень матывацыі вучняў, іх бацькоў і педагагічных работнікаў да актыўнага і здаровага ладу жыцця. Важную ролю ў далучэнні моладзі да каштоўнасцей алімпізму адыгрываюць вядомыя спартсмены, у тым ліку выпускнікі школы — спартсмены-алімпійцы.
Усё часцей для прапаганды ідэй алімпізму сярод дзяцей пры правядзенні спартыўных спаборніцтваў выкарыстоўваюцца алімпійскія традыцыі: падыманне алімпійскага сцяга, алімпійская клятва, цырымонія запальвання алімпійскага агню і іншае. Класныя кіраўнікі на класных гадзінах праводзяць “урокі алімпійскіх ведаў”, “алімпійскія гадзіны”.
Штогод навучэнцы школы прымаюць удзел у раённым конкурсе сачыненняў “Напішы ліст спартсмену”. Мікалай Квяткевіч, вучань 6 класа, заняў 1 месца сярод навучэнцаў першай ступені адукацыі. Ён напісаў ліст алімпійскаму чэмпіёну знакамітаму савецкаму і беларускаму гандбалісту Андрэю Станіслававічу Барбашынскаму. Пры падвядзенні вынікаў гэтага конкурсу падарункі Мікалаю ўручаў сам спартсмен.
30% навучэнцаў, звесткі аб якіх уваходзяць у банк даных школы “Адораныя і здольныя”, — гэта вучні, якія паказваюць высокія вынікі ў спартыўных спаборніцтвах. Акрамя таго, такія школьнікі атрымліваюць падтрымку Ашмянскага раённага выканаўчага камітэта — прэмію “Надзеі Ашмяншчыны”. Такой прэміяй узнагароджаны вучань 11 класа Міхаіл Кішкель.
Вучні школы — пастаянныя пераможцы і прызёры ўсіх раённых спартыўных спаборніцтваў, удзельнікі і пераможцы абласных, рэспубліканскіх спаборніцтваў. У 2012 годзе навучэнцы 5-6 класаў сталі пераможцамі рэспубліканскага тэлевізійнага конкурсу “Бухта капітанаў” у частцы А, Б, удзельнікамі часткі С.
Трэці год нашу школу наведвае “Зорны паход” па месцах баявой і працоўнай славы, у склад каманды якога ўваходзяць студэнты БДПУ імя Максіма Танка. Гэтыя сустрэчы праходзяць у форме спартыўных спаборніцтваў паміж студэнтамі і навучэнцамі 10-11 класаў школы.
З мэтай захавання гісторыка-спартыўнай і культурнай спадчыны раёна, прапаганды фізічнай культуры і спорту сярод насельніцтва, патрыятычнага выхавання моладзі ў школе створаны музей спорту. Спачатку створаны віртуальны (змешчаны на сайце школы: http://www.oshsc3.by), а затым — стацыянарны. Стварэнне музея спорту ў нашай школе не выпадковае. На працягу многіх гадоў тут працуюць самыя моцныя ў раёне выкладчыкі па фізічнай культуры: Часлаў Аляксандравіч Унукевіч і Віктар Іванавіч Багдановіч, а таксама выпускнікі школы — Аляксей Сяргеевіч Рыжко. Назапасіўся значны інфармацыйны матэрыял. Таму ўзнікла ідэя весці спартыўны летапіс школы.
У 2013 годзе школа завяршыла работу над рэалізацыяй рэспубліканскай эксперыментальнай пляцоўкі “Выкарыстанне электронных сродкаў навучання “Баскетбол”, “Валейбол”, “Футбол” на ўроках фізічнай культуры і здароўя”. З 1 верасня 2013 года па 2016 год школа рэалізуе Рэспубліканскі інавацыйны праект “Укараненне методыкі навучання віду спорту (баскетбол, валейбол, лёгкая атлетыка) з выкарыстаннем электроннага дыдактычнага сродку на ўроках фізічнай культуры і здароўя і ў пазакласнай рабоце”. Для рэалізацыі інавацыйнай дзейнасці выбраны віды спорту, якія карыстаюцца папулярнасцю сярод падлеткаў, а таксама забяспечваюць комплекснае развіццё рухальных здольнасцей вучняў. За два гады рэалізацыі інавацыйнага праекта ў навучэнцаў школы павысілася майстэрства гульні па відах спорту, пра што сведчаць прызавыя месцы каманд школы ў раённых спаборніцтвах.
Мы ўпэўнены, што сістэма работы, якая склалася ў школе, дапаможа навучэнцам адчуць ролю спорту ў жыцці кожнага чалавека.
Алена КУМПІЦКАЯ,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце сярэдняй школы № 3 Ашмян.
Фота аўтара.