Дысертацыі ёсць — ці ёсць вынік?

- 15:23Навука і інавацыі, Рознае

Шлях любога даследчыка, які хоча, каб яго работа была прызнана, прывядзе ў Вышэйшую атэстацыйную камісію. Гэта як экзамен, вытрымаўшы які, аспіранты, саіскальнікі становяцца не проста людзьмі, што займаюцца навукай, а прызнанымі навукоўцамі са ступенямі кандыдата або доктара навук і званнямі дацэнта ці нават прафесара.
Аднак на гэты раз Вышэйшая атэстацыйная камісія ў асобе старшыні ВАК, доктара фізіка-матэматычных навук, члена-карэспандэнта НАН Беларусі Анатоля Аляксандравіча Афанасьева і намесніка старшыні ВАК, доктара сацыялагічных навук, прафесара, члена-карэспандэнта НАН Беларусі Аляксандра Мікалаевіча Данілава сама выязджала да аспірантаў, магістрантаў і студэнтаў. Сустрэча адбылася ў Міжнародным універсітэце “МІТСО”. Гаворка падчас сустрэчы ішла аб работах сучасных навукоўцаў і аб тым, чаму вынікі абароненых даследаванняў вельмі рэдка ўкараняюцца ў жыццё.

Мала абарон ці многа?

Спачатку трошкі статыстыкі. За няпоўныя 22 гады існавання ВАК у суверэннай краіне было абаронена каля 1,5 тысячы доктарскіх дысертацый і больш за 10 тысяч кандыдацкіх. У сярэднім за год абараняецца каля 50 дактароў навук і каля 500 кандыдатаў навук. І гэта па 23 галінах навукі і па 300 спецыяльнасцях.
“Абарон прыкладна столькі, колькі і ў савецкі час”, — канстатуе Анатоль Аляксандравіч Афанасьеў. Для таго, каб прааналізаваць колькасны паказчык абарон, ВАК параўнаў яго з нямецкім. “Мы ўзялі каэфіцыент — колькасць абарон за год на мільён жыхароў. У Германіі 72 мільёны, у нас каля 10. Атрымалася, што абарон у нас у 1,5 разу болей, чым у Германіі”, — расказвае старшыня ВАК.
Не праходзяць абарону 8—9% работ, у тым ліку і работы, якія знімае з разгляду сам саіскальнік, калі пасля пытанняў да дысертацыі ў ВАК разумее сур’ёзнасць заўваг і што шансаў прайсці праз прэзідыум — вышэйшы орган ВАК — няшмат. Калі саіскальнік сам знімае работу на дапрацоўку, няма абмежаванняў на новую абарону. Калі ж работу адхіляе прэзідыум, то на перапрацоўку кандыдацкай даецца год, раней абараняцца нельга. На доктарскую — два.
Адну з галоўных прычын няўдалай дысертацыйнай работы старшыня ВАК бачыць у тым, што “чалавек проста бярэ і перапрацоўвае літаратуру, аднак новых ведаў там няма. Гэтыя работы носяць рэфератыўны характар”.
Часам бываюць і не вельмі этычныя рэчы — запазычанні чужых вынікаў без спасылкі. “Спасылка павінна стаяць у патрэбным месцы. І павінна быць бачна, што тут аўтарскае, а што — узята з іншай работы. Гэта нормы навуковай этыкі”, — тлумачыць Анатоль Аляксандравіч. Калі запазычанні выкрываюць, чалавек на працягу 5 гадоў не мае права абараняць работу.

Патлумачым, калі скончыцца крызіс

Прывядзём прыклад з жыцця. “Узнік сусветны крызіс. Прасіў аднаго чалавека, які толькі зараз абараніўся, напісаць артыкул для навуковага часопіса. Ён падумаў і сказаў: “Ведаеце, вось крызіс скончыцца, мы потым усё апішам: яго вытокі, як ён развіваўся і што трэба рабіць, каб яго не ўзнікла”, — уключаецца ў размову намеснік старшыні ВАК Аляксандр Мікалаевіч Данілаў. Красамоўны прыклад!
“Кожную работу, якая да нас прыходзіць, мы стараемся адсылаць на разгляд у тую арганізацыю, дзе гэта можа быць цікава, — гаворыць Анатоль Аляксандравіч. — Тычыцца мытні — туды дасылаем, прафсаюзаў — дасылаем ім. Вядома, не заўсёды атрымліваем адказ. Наш рэальны сектар дрэнна ўспрымае інавацыі.
Зрэшты, нейкія сувязі з прадпрыемствамі ўсё ж такі ёсць. Напрыклад, аспірантура пад заказ. “Інтэграл” хоча падрыхтаваць дысертацыю па пэўнай тэме, але ў яго няма спецыялістаў, — тады ён можа звярнуцца, напрыклад, у БДУІР, абазначыць тэму, каб яна была прывязана да канвеера “Інтэграла”, — тлумачыць Анатоль Аляксандравіч.
У хуткім часе некаторыя тэхнічныя дысертацыі будуць абмяркоўвацца ў Акадэміі навук з удзелам спецыялістаў з арганізацый, дзе вынікі гэтых работ могуць быць выкарыстаны.

Даследаванні па сацыяльных навукахі сацыяльна сталыя людзі

“Ёсць катэгорыі, напрыклад, медыкі, ветэрынары, педагагічныя работнікі, якія павінны мець стаж работы, каб абараняцца. Я лічу, што гэты спіс трэба пашыраць на эканоміку і юрыспрудэнцыю. Сацыяльнымі навукамі павінен займацца сацыяльна сталы чалавек, які мае практычны вопыт, — тады ён па-іншаму ўсё ацэньвае і больш асэнсавана займаецца навукай. А ў нас наадварот. Спачатку вучыць, а пасля асвойвае тое, чаму хоча вучыць людзей”, — тлумачыць сваю пазіцыю Аляксандр Мікалаевіч Данілаў.
Ёсць яшчэ адна загваздка — непапулярнасць аспірантуры. “У БДУІР старшакурснікі падпрацоўваюць у фірмах і зарабляюць у некалькі разоў больш, чым аспірант ці інжынер на дзяржаўным прадпрыемстве”, — гаворыць Анатоль Аляксандравіч.

 

Святлана ШЫЯН.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.