Дыстанцыйнае навучанне — шлях павышэння канкурэнтаздольнасці УВА

- 11:35Якасць адукацыі

Х Міжнародная канферэнцыя “Дыстанцыйнае навучанне — адукацыйнае асяроддзе ХХІ стагоддзя” сабрала ў Беларускім дзяржаўным універсітэце інфарматыкі і радыёэлектронікі вучоных і практыкаў для абмену меркаваннямі, абагульнення вопыту ў галіне інфарматызацыі адукацыі, а таксама абмеркавання праблем, звязаных з укараненнем дыстанцыйнай адукацыі, аб’яднаннем намаганняў па фарміраванні стратэгіі і тактыкі ўкаранення інфармацыйных тэхналогій у адукацыйны працэс. Арганізатарам мерапрыемства выступіў БДУІР пры падтрымцы Міністэрства адукацыі краіны.

Па словах рэктара БДУІР Міхаіла Паўлавіча Батуры, глабальнае пашырэнне высакаякасных вучэбных анлайн-рэсурсаў і сетак прапаноўвае студэнтам рэальныя магчымасці для навучання ў сектары адкрытай і дыстанцыйнай адукацыі.

— Узровень адукацыі сёння ў значнай ступені залежыць ад інфармацыйных тэхналогій. Менавіта гэты факт падштурхнуў нас у 2002 годзе правесці на базе БДУІР міжнародную канферэнцыю, прысвечаную дыстанцыйнаму навучанню, — і сёння мы адкрываем ужо дзясятую, юбілейную. На кожнай з іх мы выносім на абмеркаванне самыя актуальныя праблемы, што ўзнікаюць на шляху асваення інавацыйных адукацыйных тэхналогій. Раімся, выпрацоўваем рашэнні і прапаноўваем, як развівацца далей, — адзначыў М.П.Батура. — Любы малады чалавек, паступаючы ва ўніверсітэт, хоча атрымаць веды. І мы павінны прадаставіць яму розныя магчымасці для гэтага. Дарэчы, сёлета ў нас яшчэ адна юбілейная дата. Пятнаццаць гадоў назад мы ўпершыню ў краіне пачалі дыстанцыйнае навучанне. Тады па дзвюх спецыяльнасцях 17 студэнтаў адважыліся пайсці вучыцца па новай форме. Сёння такім чынам вучыцца каля 700 чалавек па 12 спецыяльнасцях. З іх каля 70 — замежныя грамадзяне.

Сёлета ў БДУІР у выніку аб’яднання дзвюх форм навучання, завочнай і дыстанцыйнай, створаны новы факультэт — інавацыйнай бесперапыннай адукацыі (ФІБА). З верасня ён пераехаў у новы вучэбны корпус па вуліцы Казлова ў Мінску. У сувязі з гэтым з’явіліся новыя тэхнічныя магчымасці: у будынку пракладзены сучасныя камп’ютарныя сеткі, абсталяваны цэнтр відэаканферэнцсувязі і цьютарскі бокс. Гэтыя новаўвядзенні дапамаглі зрабіць навучанне больш эфектыўным.

Як пракаменціравалі ва ўніверсітэце, магчымасць атрымаць вышэйшую адукацыю праз камп’ютар можа асабліва парадаваць тых, хто хоча атрымаць другі дыплом. Аплачваць давядзецца толькі асобныя дысцыпліны. Напрыклад, калі навучэнец ужо здаваў калісьці фізіку ў іншай УВА, то гэты прадмет яму залічаць аўтаматам. Звычайна перад залічэннем для атрымання другой вышэйшай адукацыі дысцыпліны звяраюць. У выпадку вялікага недабору могуць адправіць на цэнтралізаванае тэсціраванне, але толькі не ў БДУІР. Тут на ФІБА за навучальны год дапамогуць засвоіць і здаць патрэбныя прадметы. І калі ўсё пройдзе паспяхова, то залічаць адразу на другі курс.

Акрамя таго, ёсць магчымасць вывучаць асобныя дысцыпліны ў індывідуальным парадку. Напрыклад, студэнт плануе перавесціся з адной спецыяльнасці на іншую. Як вывучыць той прадмет, які неабходна здаць дадаткова? Адказ на гэтае пытанне відавочны: засвоіць яго дыстанцыйна. Жадаючых зрабіць гэта набіраецца да 800 чалавек штогод.

— Сярод тых, хто не супраць звярнуцца да вучобы на адлегласці, і студэнты дзённага аддзялення, якія па пэўных прычынах не могуць наведваць заняткі разам з аднакурснікамі, — удакладняе перавагі дыстанцыйнай адукацыі дэкан факультэта Ігар Мікалаевіч Цыральчук. — Напрыклад, студэнты ўладкоўваюцца ў кампанію сваёй мары, і калі ў іх узнікаюць цяжкасці са здачай залікаў і экзамену, то робяць выбар на карысць працы. Мы вырашылі даць шанс маладым людзям давучыцца, асабліва старшакурснікам. Ды і паняцце “сесія” на нашым факультэце даволі ўмоўнае: здаваць залікі і экзамены можна па індывідуальным графіку. Больш за палову студэнтаў праходзяць атэстацыю не ў складзе групы, а па асобных ведамасцях.

Па відэаканферэнцсувязі з Чыкага ўдзельнікаў канферэнцыі вітала Эла Зыбіцкер, President & CEO Інстытута камп’ютарных сістэм (Computer Systems Institute, Чыкага, ЗША), на базе якога ў 2013 годзе адкрыты філіял БДУІР. Ужо на працягу чатырох гадоў з выкарыстаннем дыстанцыйных адукацыйных тэхналогій у гэтым філіяле вучацца жыхары Амерыкі.

— Наша задача — у максімальна сціслыя тэрміны падрыхтаваць спецыялістаў, каб яны маглі атрымаць фундаментальныя і практычныя веды. Першых — 20 працэнтаў, другіх — 80 працэнтаў. Мы вырашылі, што аб’яднанне дзвюх нашых школ прынясе станоўчы вынік. У нас прайшоў час прыціркі, змянення праграм, разумення, чаго мы хочам, адбору выкладчыкаў. Зараз гаворка ідзе пра тое, каб выпрабаваць метад.

У Інстытуце камп’ютарных сістэм рэалізоўваюцца адукацыйныя праграмы па спецыяльнасцях “Праграмуемыя мабільныя сістэмы” і “Інфармацыйныя сістэмы і тэхналогіі (у бізнес-менеджменце)”. Так, праграма “Праграмуемыя мабільныя сістэмы” змяшчае 4 вучэбныя модулі, якія ідуць у парадку ўскладнення матэрыялу і павелічэння патрабаванняў да практычных навыкаў студэнтаў. Усяго ў вучэбную праграму ўключаны 44 вучэбныя дысцыпліны, сярод якіх дысцыпліны па матэматычнай падрыхтоўцы і алгарытмах у праграмаванні, па тэорыі праектавання камп’ютара, па тэарэтычных аспектах праграмавання, якія прысвечаны дызайну і практычнасці распрацоўкі праграмнага забеспячэння. Дысцыпліны вывучаюцца адна за другой. Працягласць засваення кожнай — у сярэднім 3—4 тыдні. Атэстацыя студэнтаў ажыццяўляецца дыстанцыйна шляхам правядзення відэаканферэнцыі. Па выніках вывучэння кожнай дысцыпліны студэнты атрымліваюць сертыфікаты ўстаноўленага ўзору. Пасля абароны дыпломных праектаў ім уручаць дыпломы БДУІР.

Як заўважыла Эла Зыбіцкер, практыка паказвае, што пры дыстанцыйным навучанні тэхналогіі, як гэта ні дзіўна гучыць, адыгрываюць мінімальную ролю, на першы план выходзіць менавіта абслугоўванне студэнта.
Падчас пленарных дакладаў былі абмеркаваны праблемы і перспектывы рынку экспарту дыстанцыйных адукацыйных паслуг, вопыт супрацоўніцтва з замежнымі адукацыйнымі ўстановамі па дыстанцыйнай форме навучання. Дырэктар галандскай кампаніі Invisi BV Mарк Стро падзяліўся меркаваннем аб аддаленым навучанні студэнтаў тэхналогіям Big Data.

На канферэнцыі адзначалася, што актыўнаму развіццю экспарту дыстанцыйных адукацыйных паслуг перашкаджае шэраг праблем, сярод якіх — адсутнасць заканадаўчай магчымасці правядзення дыстанцыйнай атэстацыі студэнтаў, адсутнасць заканадаўчай магчымасці праходжання датэрміновай атэстацыі, жорсткія тэрміны залікова-экзаменацыйных сесій, неабходнасць прадастаўлення да абароны папяровых версій курсавых і дыпломных праектаў і работ студэнтамі, адсутнасць заканадаўчай магчымасці заключэння і змянення дагаворных адносін без асабістай прысутнасці ва ўніверсітэце, аплата адукацыйных паслуг з-за мяжы з вялікімі банкаўскімі камісіямі.

Аб пераасэнсаванні ідэі электроннага навучання Мінскім філіялам Расійскага эканамічнага ўніверсітэта імя Г.В.Пляханава расказаў намеснік дырэктара філіяла М.М.Гарбачоў. Па яго словах, сучасныя тэндэнцыі развіцця адукацыйных тэхналогій — павышэнне мабільнасці, калабаратыўная работа і індывідуалізацыя навучання. “Сёлета вядучая аналітычная кампанія Gartner абнавіла крывую ажыятажу адносна трэндаў у электронным навучанні. Крывая ілюструе, як будуць рэалізоўвацца чаканні ўдзельнікаў рынку працы на працягу часу ў тэхналогіях электроннага навучання, — праінфармаваў М.М.Гарбачоў. — Аналіз паказвае, што інтэрнэт-навучанне адстае ад іншых галін у прыняцці новых тэхналогій. Другім трэндам з’яўляецца распрацоўка фізічных сімулятараў з падтрымкай інтэрнэту, якія могуць выкарыстоўвацца, напрыклад, у медыцынскай адукацыі. Трэці трэнд — выкарыстанне віртуальнай рэальнасці ў электронным навучанні, якая якасна адрозніваецца ад 3D-анімаваных камп’ютарных гульняў са з’яўленнем гаджэтаў ад Google і Samsung. У найбліжэйшай будучыні людзі пачнуць выкарыстоўваць кантэнт больш разнастайна, ды і магчымасці яго дастаўкі зменяцца. Спецыяльныя адукацыйныя камп’ютары будуць скіраваны пераважна на вывучэнне інтэрнэту рэчаў. Відэа стане больш інтэрактыўным. Зменяцца падыходы да тэсціравання ведаў студэнтаў, сістэма тэсціравання набудзе новую рэальнасць. Правайдары электроннага навучання будуць ведаць лепш за нас пра тое, якія курсы нам неабходны”.

Пленарнае пасяджэнне канферэнцыі было працягнута ў фармаце такіх секцый, як “Арганізацыйнае і вучэбна-метадычнае забеспячэнне дыстанцыйнага навучання”, “Інфармацыйныя сеткі і сістэмы ў сферы адукацыі”, “Праблемы якасці выкладання дысцыплін сацыяльна-гуманітарнага цыкла”, “Дыстанцыйныя тэхналогіі ў дадатковай адукацыі”, “Інавацыйныя тэхналогіі ў адукацыйным працэсе падрыхтоўкі ваенных спецыялістаў”. Было праслухана каля 240 дакладаў, аўтарамі і суаўтарамі якіх з’яўляюцца больш за 400 вучоных з 10 краін свету (Беларусі, Расіі, Украіны, Германіі, Галандыі, ЗША і інш.).

Удзельнікі канферэнцыі сышліся ў агульным меркаванні, што развіццё дыстанцыйнай формы навучання — адзін са шляхоў інтэграцыі ўніверсітэта ў сусветную інфармацыйную сістэму, павышэння міжнароднай канкурэнтаздольнасці і прыцягальнасці УВА.

* * *

У межах канферэнцыі БДУІР падпісаў дагавор аб акадэмічным і навуковым супрацоўніцтве з Алмацінскім універсітэтам энергетыкі і сувязі. У дагаворы прадугледжваецца абмен вопытам па распрацоўцы і арганізацыі дыстанцыйнай і іншых форм навучання, арганізацыя сумесных курсаў на базе ІІТ БДУІР і Інстытута павышэння кваліфікацыі і двухдыпломнай адукацыі АУЭС. Дыстанцыйная, двухдыпломная і сеткавыя формы навучання будуць даступны і для магістрантаў. Таксама ў планах супрацоўніцтва УВА — арганізацыя сумесных сімпозіумаў, семінараў, канферэнцый, кансультацыі па распрацоўцы адукацыйных праграм.

Наталля КАЛЯДЗІЧ.