Дыстанцыйная адукацыя патрабуе моцнай матывацыі

Сёлета абітурыентаў Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны чакае новаўвядзенне: упершыню ўстанова аб’яўляе набор на завочнае дыстанцыйнае навучанне на І ступені адукацыі. І гэта будзе адна з найбольш папулярных спецыяльнасцей — “Аўтаматызаваныя сістэмы апрацоўкі інфармацыі”.

Такім чынам, спецыяльнасць становіцца ўдвая прывабнай. Па-першае, яна дае комплексную падрыхтоўку па такіх напрамках, як тэхналогіі праграмавання, камп’ютарныя сеткі, дыягностыка няспраўнасцей, апрацоўка мультымедыйнай інфармацыі, адкрываючы тым самым перад будучымі спецыялістамі магчымасці працаваць у паспяховых ІТ-кампаніях, дзяржаўных манаполіях, перспектыўных стартапах. Па-другое, студэнт, па сутнасці, самастойна плануе навучальны працэс, усё, што яму неабходна, — гэта камп’ютар з доступам у інтэрнэт. А на выхадзе ён атрымлівае паўнавартасную вышэйшую адукацыю.

Заняткі будуць арганізаваны пры дапамозе тэлеканферэнцый, аддаленага рабочага стала, месенджараў і іншых дадаткаў. Лекцыі, семінары, лабараторныя і кантрольныя работы будуць рэгулярна праводзіцца на працягу семестра. Сачыць за паспяховасцю кожнага студэнта дэканат зможа пры дапамозе выкарыстання платформы Moodle. Наведаць універсітэт прыйдзецца толькі ў перыяд сесіі для здачы экзаменаў і залікаў. Пры гэтым кантакты з выкладчыкамі будуць падтрымлівацца пастаянна на працягу ўсяго семестра. І не толькі падчас анлайн-заняткаў і кансультацый, але і пры неабходнасці атрымання пэўных тлумачэнняў ці дадатковай інфармацыі па тэме. Такім чынам, адносіны выкладчыка і студэнтаў стануць больш індывідуальнымі і ў некаторай ступені будуць нагадваць работу з рэпетытарам.

— Дыстанцыйнае навучанне — адзін з галоўных элементаў новай адукацыі, што прадыктавана часам і мае вялікі патэнцыял, — лічыць намеснік дэкана завочнага факультэта Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны Цімур Бародзіч. — Зараз шмат гаворыцца пра неабходнасць мадэрнізацыі адукацыйнай сістэмы краіны і мадэрнізацыі вышэйшай адукацыі ў прыватнасці. Гэта звязана з фарміраваннем і стварэннем інавацыйнай эканомікі, з запытам рэальнага сектара эканомікі. Сёння ў свеце ўсеагульнай глабалізацыі і развіцця інфармацыйных тэхналогій эфектыўнасць электроннага навучання вельмі высокая і афіцыйна прызнана на ўзроўні ААН і ЮНЕСКА. Відавочна, што нам таксама трэба развіваць гэты кірунак.

Па словах Цімура Віктаравіча, толькі некалькі ўстаноў вышэйшай адукацыі Беларусі прапануюць дыстанцыйныя праграмы. Сёлета да іх далучаецца Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт.

— Па маіх падліках, падчас прыёмнай кампаніі 2018 года толькі каля 13% універсітэтаў будуць прапаноўваць адукацыйныя паслугі па дыстанцыйнай форме атрымання адукацыі, — дзеліцца намеснік дэкана. — Лічбы паказваюць, што ў нашай краіне гэты кірунак развіты слаба. Разам з тым пытанне, быць ці не быць дыстанцыйнай адукацыі, ужо неактуальнае. Яна трывала заняла нішу ў адукацыйнай сферы і ўцягнула ў сваю сістэму шырокія пласты насельніцтва ва ўсім свеце. Зразумела, навучанне на адлегласці прымальна далёка не на ўсіх спецыяльнасцях, аднак яго неабходна развіваць там, дзе гэта магчыма.

Электронная адукацыя выкарыстоўваецца паўсюдна ў свеце. Напрыклад, у ЗША ўжо больш за 90% універсітэтаў і школ, а таксама кампаній з больш як 1000—1500 чалавек выкарыстоўваюць гэтую форму навучання.

Па звестках CedarGroup, дыстанцыйнае навучанне таннейшае, чым іншыя формы адукацыі, на 32—45%, час навучання меншы на 35—45%, а хуткасць запамінання матэрыялу вышэйшая на 15—25%.

Пакуль што і патэнцыяльныя абітурыенты не вельмі гатовы да выбару такой формы навучання, памылкова мяркуючы, што пры ёй страчваецца якасць адукацыі. У некаторай ступені яны маюць рацыю, але гэта залежыць не ад якасці адукацыйных прадуктаў, якія дае ўніверсітэт, а ад гатоўнасці самога студэнта вынікова працаваць, яго самадысцыпліны, арганізаванасці і матывацыі на самаадукацыю. Іншымі словамі, выбіраючы дыстанцыйную адукацыю, вы ўскладаеце на сябе пэўную адказнасць, а залічэнне на курс і паспяховае яго завяршэнне цалкам залежыць толькі ад вас. Таму, як лічаць спецыялісты, дыстанцыйная адукацыя больш за ўсё падыходзіць для студэнтаў, якія ўжо маюць адукацыю і ўмеюць вучыцца. Як правіла, гэта дарослыя матываваныя людзі, гатовыя адказна займацца без лішніх напамінаў з боку блізкіх людзей і выкладчыка.

Яшчэ адзін важны момант — устойлівы погляд нашага грамадства на адукацыю як нязменную сістэму. Многія людзі не знаёмы з такой формай адукацыі і з псіхалагічнага пункту гледжання проста баяцца яе. Хаця аб’ектыўныя патрэбы прымянення разнастайных інавацыйных форм навучання ў Беларусі існуюць, у тым ліку ў сувязі з палітычным вектарам на стварэнне IT-краіны.

Гэта так званы светапоглядны аспект развіцця дыстанцыйнай адукацыі. На думку Ц.В.Бародзіча, развіццё такой формы навучання патрабуе вырашэння шэрага тэарэтыка-метадалагічных, прававых, тэхнічных, сацыяльных і іншых праблем.

Так, пад тэарэтыка-метадалагічным аспектам маецца на ўвазе неабходнасць правядзення дыстанцыйных курсаў для выкладчыкаў па стварэнні простай праграмнай абалонкі, якую яны маглі б лёгка асвоіць.

— Многія выкладчыкі, здольныя стварыць добры курс па сваёй дысцыпліне, недастаткова знаёмы з найноўшымі інфармацыйнымі тэхналогіямі, — дзеліцца думкамі Цімур Віктаравіч. — У гэтым выпадку даводзіцца прыцягваць праграміста, які пераўтворыць папяровы курс у праграмную абалонку. Але праграміст, як правіла, не з’яўляецца спецыялістам у галіне педагогікі і прадметных методык, таму такая сістэма адпужвае вопытных выкладчыкаў ад дыстанцыйных курсаў. Відавочна, што адпаведныя веды неабходны і яны дадуць педагогу магчымасць займацца навучаннем, не адрываючыся ад самастойнага ўдасканалення курса.

Так, на шляху развіцця дыстанцыйнай адукацыі давядзецца вырашаць яшчэ шэраг задач. Аднак мы ўжо ўключаны ў гэты працэс, таму выбар формы навучання: вочнай, завочнай ці дыстанцыйнай — асабісты ўзважаны і абдуманы выбар абітурыента. Для тых, хто выбера апошнюю, нагадаем, што ў дыстанцыйным навучанні ёсць як станоўчыя, так і адмоўныя бакі. Калі вы маеце моцную матывацыю і ўпэўнены ў самадысцыпліне, вас не пужае недахоп практычных ведаў, навыкаў работы ў камандзе, адсутнасць камунікабельнасці, якія студэнты звычайна атрымліваюць у сценах універсітэта, тады для вас будзе вялікім плюсам вучыцца ў зручны час у любым месцы і ў сваім тэмпе, без адрыву ад асноўнай дзейнасці. Да таго ж калі размова ідзе пра платнае навучанне, то яно абыдзецца значна танней, чым нават завочнае. Безумоўна, дыстанцыйнае навучанне падыходзіць для студэнтаў з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі, якія хочуць авалодаць спецыяльнасцю.

— Сёння мы чакаем абітурыентаў, якія пажадаюць дыстанцыйна атрымаць кваліфікацыю інжынера па інфармацыйных тэхналогіях, — гаворыць Ц.В.Бародзіч. — А наперадзе новыя планы. Мы разглядаем магчымасць прапанаваць дыстанцыйнае навучанне па гэтай жа спецыяльнасці студэнтам старшых курсаў дзённага аддзялення. Як правіла, амаль усе яны ўжо працуюць і часта для іх праблематычна сумяшчаць наведванне заняткаў з працоўнай дзейнасцю.

На гэтым Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Францыска Скарыны спыняцца не плануе. Тут маюць намер развіваць дыстанцыйную адукацыю і далей. Ужо зараз абмяркоўваецца ўключэнне ў гэты працэс іншых спецыяльнасцей, не выключана, што ў наступным годзе абітурыенты атрымаюць новыя прапановы.

Наталля ЛУТЧАНКА.