Дыстанцыйны экзамен: вочы выкладчыка нават бліжэй, чым у аўдыторыі

Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт першым з устаноў адукацыі сутыкнуўся з COVID-19. Гэта быў новы выклік, многае было незразумела, але тут адразу расставілі прыярытэты. Так, веды — гэта безумоўная каштоўнасць, і якасць адукацыі як бы тое ні было трэба захаваць. Аднак здароўе і жыццё студэнтаў, выкладчыкаў, супрацоўнікаў універсітэта — перш за ўсё! І ў гэтай няпростай сітуацыі БНТУ паказаў сябе як ІТ-універсітэт № 1.

Яшчэ ў сакавіку Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт арганізаваў кіраваную самастойную работу студэнтаў. Факультэты, у залежнасці ад сітуацыі на месцах, хутка перавялі вучэбны працэс на індывідуальныя графікі. Дзякуючы сучасным ІКТ-інструментам, студэнты, незалежна ад месца знаходжання, змаглі прадоўжыць заняткі. Іх зносіны з выкладчыкамі не перарываліся ні на дзень.

За апошнія гады намаганнямі прафесарска-выкладчыцкага складу ў БНТУ створана каля тысячы электронных вучэбна-метадычных комплексаў, якія ахопліваюць большасць вучэбных дысцыплін. Вясной 2020 года гэтыя матэрыялы карысталіся асаблівым попытам. Іх распрацоўка працягваецца.

Важна, што студэнтам і выкладчыкам аказвалася патрэбная метадычная дапамога. Выкладчыкі, асабліва пажылыя прафесары, атрымлівалі ўсе неабходныя кансультацыі наконт падрыхтоўкі і правядзення вучэбных заняткаў з прымяненнем ІКТ. Так ці інакш перастройвацца на новы спосаб узаемадзеяння давялося кожнаму, і вынікі (недахопы, перавагі, перспектывы) яшчэ давядзецца прааналізаваць. Але з тым, што гэта вельмі карысны вопыт, сёння пагаджаюцца ўсе ўдзельнікі адукацыйнага працэсу.

Зараз пачалася летняя сесія, але здароўе выкладчыкаў і студэнтаў БНТУ застаецца ў прыярытэце. У шэрагу выпадкаў бягучая атэстацыя можа праводзіцца аддалена, з выкарыстаннем інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій. Адпаведны загад рэктар БНТУ Сяргей Харытончык падпісаў на мінулым тыдні.

Як паведамляе партал універсітэцкіх навін times.bntu.by, пры здачы лабараторных работ, залікаў, экзаменаў будзе выкарыстоўвацца комплексны падыход. Так, студэнты, якія захочуць здаваць традыцыйна ў аўдыторыі, могуць зрабіць гэта згодна з устаноўленым графікам. Пры гэтым будуць забяспечаны ўсе санітарна-эпідэміялагічныя меры бяспекі і нормы сацыяльнага дыстанцыявання.

Калі студэнт з’яўляецца кантактам першага ўзроўню, знаходзіцца на самаізаляцыі, у бальніцы і г.д., ён можа здаваць сесію дыстанцыйна. Тое ж тычыцца і замежнікаў, якія з’ехалі на радзіму і не маюць магчымасці вярнуцца. Каб атэставацца ў дыстанцыйнай форме, трэба напісаць заяву на імя дэкана з тлумачэннем прычыны. Пры станоўчым рашэнні экзамены для такіх студэнтаў будуць арганізаваны з выкарыстаннем інфармацыйна-камунікацыйных сродкаў. Ва ўніверсітэце ўжо распрацаваны рэжым ідэнтыфікацыі, прадугледжаны абавязковы аўдыя- або відэазапіс іспытаў.

А ці можа атрымаць дазвол на дыстанцыйны экзамен здаровы студэнт, які непакоіцца за сваё здароўе і не хоча мець лішніх кантактаў?

Як заўважыў прарэктар па вучэбнай рабоце БНТУ Аляксандр Бахановіч, у любым выпадку студэнт мае права напісаць заяву. Дэкан адпаведнага факультэта, у залежнасці ад аргументацыі, прыме справядлівае рашэнне.

Дыстанцыйны экзамен, як і традыцыйны, будзе праводзіцца ў строга вызначаны час. Згодна з рэкамендацыямі, выкладчык можа ўзаемадзейнічаць са студэнтамі з дапамогай любых даступных інфармацыйна-камунікацыйных сродкаў: МЅ Teams, Zoom, электроннай пошты, чата ў месенджары. Калі ўся група далучаецца да сеанса, студэнты атрымліваюць экзаменацыйныя білеты. У кожнага будзе не менш за 20 мінут, каб напісаць адказы на пытанні. Потым трэба сфатаграфаваць работу і адправіць выкладчыку. Пасля праверкі адказаў і рашэнняў задач выкладчык абвяшчае адзнакі. Калі студэнт хоча павысіць бал, ён можа папрасіць даць яму дадатковае заданне. Іншымі словамі, дыстанцыйны экзамен прынцыпова не адрозніваецца ад традыцыйнага: той жа цэйтнот, калі спісаць складаней, чым знайсці адказ у сваёй галаве, а вочы выкладчыка нават бліжэй, чым у аўдыторыі. 

Што да абароны дыпломных праектаў, то яна будзе праходзіць па індывідуальным для кожнага выпускніка графіку непасрэдна ва ўніверсітэце. Маладыя людзі па адным будуць заходзіць у аўдыторыю і выступаць перад дзяржаўнай экзаменацыйнай камісіяй. Усе санітарна-эпідэміялагічныя нормы будуць няўхільна выконвацца. І гэта яшчэ адна важная навука, якую засвояць маладыя спецыялісты, перш чым пакінуць БНТУ і прыйдуць на вытворчасць: усе працэсы трэба арганізоўваць з аглядкай на людзей. У складанай эпідэміялагічнай сітуацыі (як, верагодна, у любой складанай сітуацыі) менавіта чалавекацэнтрысцкі падыход з’яўляецца найбольш ашчадным і эфектыўным. 

Галіна СІДАРОВІЧ.
Фота прадстаўлена прэс-службай БНТУ.