Дыстанцыйны фармат і больш за 300 удзельнікаў

- 11:07Адукацыйная прастора

Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя “Асоба. Адукацыя. Грамадства” прайшла ў Гродзенскім абласным інстытуце развіцця адукацыі.

Упершыню быў выбраны дыстанцыйны фармат марапрыемства. Створаны сайт канферэнцыі, дзе можна пазнаёміцца з усімі матэрыяламі, выступленнямі ўдзельнікаў.

Канферэнцыя аб’яднала больш за 300 педагогаў 63 устаноў адукацыі з розных гарадоў Беларусі, а таксама з Расіі, Казахстана, Украіны, Малдовы і Польшчы. Сярод іх былі педагогі ўстаноў дашкольнай, агульнай сярэдняй, прафесійна-тэхнічнай, сярэдняй спецыяльнай, вышэйшай адукацыі, дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, навукоўцы, прадстаўнікі органаў дзяржаўнай улады і мясцовага самакіравання. Удзель­нікі абмеркавалі шырокае кола пытанняў, звязаных з тэорыяй і практыкай выкарыстання сучасных адукацыйных тэхналогій, іх уплывам на якасць адукацыі.

У рамках канферэнцыі прайшлі XII Абласны конкурс даследчых работ «Крышталёвая Альфа — 2020» і фестываль вучэбных бізнес-кампаній.
Адкрываючы канферэнцыю, з відэапрывітаннем да яе ўдзель­нікаў звярнуўся начальнік галоўнага ўпраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама Руслан Абрамчык:

— Сучаснае жыццё вылучае новыя грані адукацыйнага працэсу. Новыя рэаліі робяць важным уменне выкарыстоўваць інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі ў адукацыйным працэсе. У сваю чаргу анлайн-фармат шэрагу заняткаў робіць важным патрабаванне да асобасна арыентаванай арганізацыі вучэбнага працэсу. Убачыць за экранам асаблівасці кожнага вучня, зразумець, спрагназаваць, скласці маршрут кожнага ў залежнасці ад яго здольнасцей зусім не проста. Навучацца анлайн складана, нязвыкла і патрабуе шмат ведаў і працы. Спадзяюся, што навукова-практычная канферэнцыя дапаможа абмяняцца вопытам, агучыць новыя падыходы, ідэі ў арганізацыі вучэбнага працэсу, якія дазволяць нашым вучням стаць больш паспяховымі, самарэалізавацца ў няпростых умовах бягучага года.

Рэктар Гродзенскага абласнога інстытута развіцця адукацыі Святлана Сяргейка падкрэсліла небывала высокі ўзровень сузаснавальнікаў канферэнцыі і складу ўдзельнікаў. У віртуальнай зале на пленарным пасяджэнні прынялі ўд зел 7 рэктараў і 11 прарэктараў устаноў дадатковай адукацыі дарослых і УВА, 11 загадчыкаў кафедр, 12 дактароў навук і 9 прафесараў.

У анлайн-рэжыме прайшло пленарнае пасяджэнне, на якім выступілі прадстаўнікі ўстаноў адукацыі — партнёры ГрАІРА. Канструктыўны дыялог працягнуўся падчас работы секцый.

— У гэтым годзе мы нават не разлічвалі на такую вялікую колькасць удзельнікаў, звычайна іх крыху больш за 100, — расказаў намеснік старшыні аргкамітэта канферэнцыі, загадчык кафедры адукацыйных тэхналогій ГрАІРА, кандыдат гістарычных навук, дацэнт Мікалай Еўдакіменка. — Сярод іх не толькі настаўнікі вобласці, але і педагогі дадатковай адукацыі, сярэдніх спецыяльных і дашкольных навучальных устаноў, навукоўцы, практыкі. Мы атрымалі шмат матэрыялаў. Вырашылі зрабіць 6 секцый. Адна з іх была прысвечана пытанням тэорыі і практыкі выкарыстання адукацыйных тэхналогій, некалькі секцый — па прадметах і кірунках: дашкольная, дадатковая і прафтэхадукацыя. Шмат настаўнікаў даслалі матэрыялы з вопыту работы, таму на адной з секцый педагогі прапаноўвалі вопыт работы ў напрамках выкарыстання тэхналогій. І зараз некаторыя яшчэ тэлефануюць з просьбай размясціць матэ­рыялы ў гэтай секцыі.

Вялікую цікавасць ва ўдзельнікаў выклікалі майстар-класы. Іх давалі настаўнікі, якія ўжо маюць пэўны вопыт работы, аўтарытэт, педагогі з вышэйшай катэгорыяй або кваліфікацыяй “настаўнік-метадыст”, прафесіяналы сваёй справы.

У рамках канферэнцыі прайшоў фестываль вучэбных бізнес-кампаній. Звычайна ён праходзіць раз на два гады. Сёлета было шмат заявак, аднак адбор прайшлі 26 устаноў адукацыі. Ім неабходна было прадаставіць бізнес-план і зрабіць прэзентацыю свайго тавару або паслугі. Быў арганізаваны конкурс на лепшы бізнес-праект і прэзентацыю. У выніку перамогу атрымалі бізнес-кампаніі “Арт Лаўка Цудаў” гімназіі № 7 Гродна і “Нітка і іголка”сярэдняй школы № 5 Мастоў. Яны атрымалі дыпломы І ступені.

Лепшыя навуковыя даклады навучэнцаў устаноў адукацыі Гродзенскай вобласці практычна па ўсіх прадметах, якія прайшлі этап адбору, былі прадстаўлены на конкурсе даследчых работ «Крышталёвая Альфа — 2020». Вызначаны пераможцы.
— Прааналізаваўшы матэрыялы канферэнцыі, я адзначыў, што адукацыйныя тэхналогіі запатрабаваны і выклі­каюць цікавасць у настаўнікаў. Гэта лічбавыя тэхналогіі, тыя, што трапляюць у сферу інтарэсаў і магчымасцей вучняў, — падкрэсліў Мікалай Еўдакіменка. — Тэма аказалася актуальнай для настаўнікаў, таму што яны не толькі самі выкарыстоўваюць пэўныя тэхналогіі, але і хацелі б ведаць, як гэта робяць калегі. І цяпер многія шукаюць кантакты тых настаўнікаў, чые матэрыялы ім спадабаліся.

Удзельнікі высока ацанілі незвычайны фармат мерапрыемства. Арганізатарамі была выбрана платформа ў google, створаны спецыяльны сайт канферэнцыі. Нават пасля яе завяршэння педагогі маюць магчымасць убачыць работы сваіх калег, якія размешчаны на сайце канферэнцыі.

— Была асцярога, ці справімся. Але нашы праграмісты, члены аргкамітэта канферэнцыі змаглі ўсё зрабіць хутка, апрацаваць, скампанаваць і размясціць матэрыялы на платформе. Гэта наш першы вопыт арганізацыі такой канферэнцыі, і ў настаўнікаў таксама, — адзначыў Мікалай Еўдакіменка.

Па выніках канферэнцыі будзе выдадзены зборнік матэрыялаў.

Ірына АНІКЕВІЧ.
Фота Кацярыны САЗАНОВІЧ.