Выкарыстанне разнастайных інтэрнэтсэрвісаў, інтэрактыўных анлайнмодуляў, адукацыйных інтэрнэтплатформ з’яўляецца сродкам не толькі павышэння эфектыўнасці адукацыйнага працэсу, але і фарміравання карыстальніцкіх лічбавых кампетэнцый.

Як настаўнік англійскай мовы лічу адукацыйныя платформы адным з найбольш зручных спосабаў арганізацыі і структуравання сумеснай дзейнасці настаўніка і навучэнца. Усе адукацыйныя анлайн-платформы аб’ядноўваюць аднолькавыя задачы, розніца толькі ў інфармацыйным напаўненні і выбары метадаў выкладання. Многія з іх арганізаваны па прынцыпе педагагічнай тэхналогіі “Партфоліа”.
“Партфоліа” ўяўляе сабой працэс арганізацыі работы з навучэнцамі і адначасова сістэму дэманстрацыі вынікаў, аналізу, ацэнкі і самаацэнкі выкананых заданняў. Сабраныя матэрыялы дазваляюць бачыць дасягненні навучэнцаў, іх прагрэс, спосабы камунікацыі і актыўнасць на ўсіх этапах навучання. Таму педагог, выкарыстоўваючы ўласны стыль выкладання ў рамках адукацыйных інтэрнэт-платформ, распрацоўвае сваю мадэль узаемадзеяння з навучэнцамі і арганізуе сумесную дзейнасць, абмен інфармацыяй і творчымі ідэямі праз іх дыстанцыйныя партфоліа.
Сярод існуючых адукацыйных праектаў на базе інтэрнэт-платформ хачу вылучыць платформы Seesaw (https://web.seesaw.me) і Nearpod (https://nearpod.com), якія выкарыстоўваю ў сваёй рабоце. Існуючыя на гэтых платформах інтэрактыўныя модулі ўяўляюць сабой узаемазвязаныя “партфелі” з магчымасцю выкарыстання табліц, макетаў, гіперспасылак, прэзентацый і іншых інтэрнэт-рэсурсаў. Платформы добра падыходзяць для кіравання класамі, ацэнкамі і дамашнім заданнем.
Арганізацыя навучання адбываецца на аснове створанага акаўнта ці існуючага акаўнта Google. Стварыць клас можна вельмі лёгка праз код доступу, які настаўнік перасылае сваім вучням. У акаўнце Seesaw існуе магчымасць пераносу класаў з адной платформы на іншую, што з’яўляецца плюсам для арганізацыі ўжо наяўнага класа на іншым інтэрнэт-рэсурсе. Гэтая віртуальная адукацыйная пляцоўка дазваляе бачыць вучэбную дзейнасць школьнікаў, іх прагрэс, выкананне ці невыкананне заданняў, дае магчымасць задаваць лімітаваныя часам заданні, з дапамогай якіх у навучэнцаў развіваюцца ўменні самаарганізацыі і самакантролю. Я як педагог магу пакідаць каментарыі ці рэкамендацыі па кожнай рабоце навучэнца. Бацькі могуць стварыць уліковы запіс для ўзаемаабмену інфармацыяй і кантактавання з педагогам. Існуючыя інструменты для творчасці дазваляюць вучням выконваць заданні з пункту гледжання ўласнага бачання, праяўляць крэатыўнасць. Такім чынам, улічваюцца індывідуальныя асаблівасці дзяцей пры выкананні ўсіх вучэбных заданняў. Магчымасць дабавіць фота, галасавое паведамленне, малюнак, дыяграму, медыяфайл робіць работу вучня яшчэ больш персаніфікаванай. Таксама існуе магчымасць карэкцыі работы навучэнца ў рэжыме рэальнага часу.
Платформа Nearpod прапануе вялікі спектр інтэрактыўных урокаў і відэа, а таксама магчымасць стварыць свой прадукт і падзяліцца ім з супольнасцю. Медыйныя сродкі навучання аб’яднаны з інфармацыйнымі слайдамі. Настаўнік можа лёгка імпартаваць медыя, інтэграваць іх з Zoom і праводзіць заняткі з навучэнцамі, якія не могуць прысутнічаць на ўроку. Ёсць магчымасць гейміфікацыі інфармацыі для больш даступнага ўспрымання. Выдатнай, на мой погляд, магчымасцю на Nearpod з’яўляецца выкарыстанне VR-відэа, калі пры наяўнасці тэхнічных сродкаў навучэнцы здзяйсняюць віртуальную 3D-экскурсію ў любы куток свету. У вучнёўскіх “партфелях” можна ўбачыць вынікі кожнага пройдзенага этапу ўрока, ці то гэта разважанне, ці то маляванне, рэфлексія. Навучэнцам прапануецца вялікі набор спосабаў і сродкаў для самавыяўлення і дэманстрацыі асабістых дасягненняў.
Паколькі ў цэнтры ўсёй адукацыйнай сістэмы знаходзіцца асоба дзіцяці, выкарыстанне адукацыйных інтэрнэт-платформ можа служыць базай для развіцця ўменняў аналізу, сінтэзу, крытычнага мыслення. Ужыванне асобасна арыентаванага падыходу стварае ўмовы для паспяховага навучання і развіцця асобы, яе самарэалізацыі ў розных відах дзейнасці.
Наталля ЕЎСІКАВА,
настаўніца англійскай мовысярэдняй школы № 59 Гомеля.