Дыялог БезФармату «Хто ты — педагог года?» прайшоў у Лошніцкай гімназіі

- 14:33Образование

Дыялог БезФармату «Хто ты — педагог года?» быў арганізаваны падчас правядзення III адкрытай канферэнцыі «Ад педагагічнай ідэі да педагагічнай прафесіі» ў Лошніцкай гімназіі Барысаўскага раёна, паведамляе карэспандэнт «Настаўніцкай газеты».

У мерапрыемстве прынялі ўдзел сёлетнія лаўрэаты і пераможцы абласных конкурсаў прафесійнага майстэрства «Настаўнік года Мінскай вобласці», «Педагагічны дэбют», а таксама навучэнцы педагагічных класаў.

Пасля вызначэння ключавых тэм для абмеркавання прысутныя стварылі матыватар педагога. Згодна з ім, настаўнік — гэта лідар, патрыёт, творца, наватар, а яго місія — навучыць вучыцца, думаць, дапамагчы дзіцяці ў яго станаўленні.

III адкрытая канферэнцыя «Ад педагагічнай ідэі да педагагічнай прафесіі» праводзіцца ў Лошніцкай гімназіі ў межах І адкрытага конкурсу сярод навучэнцаў класаў педагагічнага кірунку «Педагагічны клас — праект магчымасцей».

— Ён быў арганізаваны для таго, каб абагульніць вопыт работы профільных класаў і груп педагагічнай накіраванасці ва ўстановах адукацыі Мінскай вобласці. Яшчэ адна мэта — вызначэнне перспектыў педагагічнай прафілізацыі, а таксама павышэнне ўзроўню метадычнай кампетэнтнасці спецыялістаў з дапамогай стварэння крэатыўнага адукацыйнага асяроддзя, эфектыўных арганізацыйных і псіхалагічных умоў для прафесійнага самавызначэння і прыцягнення вучняў да навучання на педагагічных спецыяльнасцях, — адзначыла дырэктар Лошніцкай гімназіі Юлія Саматыга.

Наталля САХНО
Фота Юліі Саматыга