Наладжванне сувязей з установамі вышэйшай адукацыі іншых краін — адзін з прыярытэтных напрамкаў дзейнасці Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. І гэта чарговы раз пацвердзілася на II Міжнародным форуме “М.І.Р. — наша будучыня”, што праходзіў у БДУ ў апошнія дні верасня.
Форум быў арганізаваны з мэтай развіцця супрацоўніцтва ў рэалізацыі сумесных маладзёжных праектаў і накіраваны на абмен ведамі і вопытам паміж студэнтамі розных краін. Сёлета ўдзел у ім прынялі каля 60 лідараў студэнцкіх арганізацый з 18 універсітэтаў Беларусі, Украіны, Літвы, Латвіі, Германіі, Азербайджана, Кыргызстана, Малдовы і Расіі. Арганізатарамі форуму выступілі студэнцкая асамблея БДУ і Інфармацыйны цэнтр Савета Еўропы ў Мінску.
“Мы перакананы, што мерапрыемствы такога кшталту дапамагаюць выхоўваць будучых спецыялістаў. Тут лідары студэнцкага самакіравання адточваюць свае веды ў прасоўванні ініцыятыў, адстойванні ўласнага пункту гледжання. І менавіта ад іх залежыць будучыня”, — заўважыла дырэктар Інфармацыйнага цэнтра Савета Еўропы ў Мінску Ларыса Лукіна.
У праграме форуму была запланавана работа трох секцый: “Удзел студэнтаў у кіраванні ўніверсітэтам і забеспячэнні якасці адукацыі”, “Працаўладкаванасць студэнтаў як арганізацыйная і змястоўная характарыстыка адукацыйнага працэсу” і “Маладзёжнае прадпрымальніцтва і формы развіцця бізнес-ідэй моладзі”. Тут студэнты дзяліліся вопытам сваіх універсітэтаў па вырашэнні акрэсленых праблем, разглядалі пытанні практыка-арыентаванага навучання і фарміравання прафесійных кампетэнцый сучаснага спецыяліста.
У прыватнасці, члены студэнцкай асамблеі БДУ пазнаёмілі сваіх гасцей з “Кнігай актыўнасці”. Гэта дакумент, куды будуць запісвацца ўсе мерапрыемствы, у якіх студэнт прымаў удзел, а таксама пасады, якія ён займаў у структуры студэнцкага самакіравання. Гэта будзе свайго роду партфоліа, якое студэнт атрымае разам з дыпломам пасля заканчэння ўніверсітэта.
Нурхан Бабаеў, які выконвае абавязкі дырэктара Саюза маладзёжных арганізацый Азербайджана, расказаў аб праектах “Бібліятэка на колах” (фургон з 5 тысячамі звычайных і 15 тысячамі электронных кніг, які вандруе па раёнах Азербайджана) і Youthvision (Міжнародны песенны конкурс сярод моладзі). “БДУ ўжо стаў для мяне родным, — адзначыў госць. — Многія члены нашай арганізацыі раней наведвалі ўніверсітэт і заўсёды дзяліліся сваімі добрымі водгукамі”.
Экспертную ацэнку студэнцкіх праектаў далі намеснік дырэктара Цэнтра ацэнкі якасці вышэйшай адукацыі Аўрэлія Валекіян (Літва), дырэктар Інфармацыйнага цэнтра Савета Еўропы ў Мінску Ларыса Лукіна, нацыянальны эксперт у назіральнай групе Балонскага працэсу Аляксандр Рытаў і кіраўнік стартап-школы Інстытута бізнесу і менеджменту тэхналогій БДУ Радзівон Марозаў. Акрамя кансультацыі спецыялістаў, удзельнікі форуму атрымалі вялікі багаж ведаў, наведалі хімічны і юрыдычны факультэты БДУ, а таксама прадпрыемствы і адукацыйныя лабараторыі пры іх.
“Самае цудоўнае — тое, што на форуме задзейнічаны прадстаўнікі розных узроставых груп, — падзяліўся прадстаўнік з Германіі Гордан Освальд. — Гэта дапамагае выносіць на абмеркаванне не толькі тыя пытанні, што цікавяць нас у глабальным плане, але і тыя, што могуць тычыцца кожнага персанальна. Для мяне ўдзел у гэтым мерапрыемстве — дадатковая магчымасць папоўніць набор уласных навыкаў, узровень агульнага бачання студэнцкіх арганізацый і спроба стварыць пэўны праект разам з прадстаўнікамі іншых краін ужо на сусветнай пляцоўцы”.
Ірына ІВАШКА.
Фота аўтара.