Дыялог — гэта размова, накіраваная на пошук рашэння, а не патрабаванне слухаць аргументы толькі аднаго боку

Пасольства Беларусі ў Літве выступіла з заявай у сувязі з інтэрв’ю міністра замежных спраў Літвы Лінаса Лінкявічуса беларускаму інфармацыйнаму парталу TUT.BY.

“У адрозненне ад кіраўніка знешнепалітычнага ведамства Літвы беларускі бок разглядае беларуска-літоўскія адносіны комплексна, у іх тэма будаўніцтва БелАЭС з’яўляецца адным з элементаў, няхай і тым, па якім у нас ёсць сур’ёзныя разыхо­джанні”, — гаворыцца ў заяве пасольства.

У дыпмісіі падкрэслілі, што Беларусь і Літва — суседзі. “У нас шырокая сфера ўзаемадзеяння, тавараабарот паміж дзвюма краінамі павялічваецца, рэалізоўваецца шэраг цікавых праектаў у сферах будаўніцтва, рознічнага гандлю, дрэваапрацоўкі, сельскай гаспадаркі, развіцця транспартна-лагістычнай сеткі”, — адзначылі там.

“Мы ўдзячны літоўскаму боку за клопат аб бяспецы БелАЭС. Але яе будаўніцтва, якое мы плануем завяршыць у адпаведнасці з тэрмінамі, суверэннае права любой краіны — як Беларусі, так і краіны — члена ЕС, — звярнулі ўвагу ў пасольстве. — Называючы БелАЭС “элементам, наконт якога мы, напэўна, так і не дамовімся”, кіраўнік МЗС Літвы публічна адмаўляе такую магчымасць і апрыёры выключае гэтую тэму з абмеркавання. Магчыма, прычына ў няправільнай трактоўцы літоўскім бокам самой сутнасці дыялогу. Мы ўсё ж такі зыходзім з таго, што дыялог — гэта размова, накіраваная на пошук рашэння, а не патрабаванне слухаць аргументы толькі аднаго боку”.

На думку беларускага боку, у прытрымліванні не зусім дыпламатычных падыходаў кіраўнік знешнепалітычнага ведамства Літвы ставіць пад сумненне нават меркаванне і аўтарытэт МАГАТЭ — адзінай кампетэнтнай міжнароднай арганізацыі па гэтых пытаннях.

У Пасольстве Беларусі прапанавалі кіраўніцтву літоўскага знешнепалітычнага ведамства адысці ад жадання выкарыстоўваць кан’юнктуру моманту ва ўласных мэтах, а выбудоўваць нармальныя добрасуседскія адносіны на доўгатэрміновую перспектыву.