Адказ на пытанне “Хто мы?” шукалі дзевяцікласнікі на ўроку грамадазнаўства Таццяны МАКЛЮК, які яна правяла па тэме “Культурная разнастайнасць і дыялог культур”.

Гэта быў дынамічны, эмацыянальны ўрок вывучэння новай тэмы, на якім старшакласнікі выконвалі праблемныя заданні, выказвалі свае думкі, самастойна працавалі з неадаптаваным тэкстам, у парах рыхтавалі паведамленні і прадстаўлялі іх. Прадугледжвалася, што да канца ўрока вучні будуць ведаць азначэнні такіх паняццяў, як нацыянальная культура, этнацэнтрызм, полікультура і інш.; будуць умець вызначаць універсальнае і ўнікальнае ў культуры. Сярод задач урока, пастаўленых педагогам:
— раскрыць сутнасць праблемы дыялогу культур у этнакультурнай прасторы;
— пабуджаць навучэнцаў да абмеркавання і пошуку вырашэння грамадскіх праблем;
— стварыць умовы для развіцця вучэбна-арганізацыйных уменняў: умення планаваць дзейнасць па рацыянальным выкананні задання; даваць самаацэнку;
— стварыць умовы для фарміравання талерантнасці, асабліва ва ўмовах полікультурнасці і шматканфесіянальнасці сучаснага грамадства.
* * *
Цудоўны настрой, з якім Таццяна Уладзіміраўна зайшла ў клас, здаецца, адразу перадаўся навучэнцам. Хваляванне і трывога перад урокам, на якім будуць прысутнічаць госці і дзе трэба паказаць сябе з найлепшага боку, адышлі на другі план.
— Якое цудоўнае надвор’е за акном! Некалькі цёплых дзянькоў — і на дрэвах распусціліся першыя лісточкі. Ужо адчуваецца сапраўдная вясна. І мы таксама ажываем, расцвітаем, становімся прыгажэйшымі, — звярнулася да сваіх дзевяцікласнікаў настаўніца. — Нездарма я з вамі загаварыла пра дрэвы. А ці ведаеце вы, што ва ўсім свеце больш за 60 краін вызначылі сваю нацыянальную кветку-сімвал, больш за 120 краін — сваё нацыянальнае дрэва-сімвал, больш за 40 краін — сваю птушку-сімвал. Паглядзіце, калі ласка, на экран. З якімі краінамі ў вас асацыіруюцца дадзеныя дрэвы?
— Канада — клён, — пачулася з цэнтральнага рада.
— Расія і Фінляндыя — бяроза, Японія — сакура, — падхапіла дзяўчына ля акна.
— ЗША — секвоя, — выказаў здагадку адзін з навучэнцаў.
— Мімоза з’яўляецца сімвалам Аргенціны, чынар — Азербайджана, кедр — сімвал Лівана, — прыйшла на дапамогу настаўніца. — А вось дуб лічыцца сімвалам адразу трох краін: Германіі, ЗША і Беларусі.
Вучні даведаліся, што дуб у міфапаэтычнай спадчыне беларусаў сімвалізуе магутнасць, мужнасць і стойкасць, таму ўяўляўся нашым продкам своеасаблівай сусветнай воссю, вакол якой рухаецца не толькі Зямля, але і ўвесь Сусвет.
— Чаму дрэвы асацыіруюцца з рознымі дзяржавамі? — запыталася настаўніца.
— Мабыць, таму, што такіх дрэў у гэтых краінах больш або насельніцтва краіны шануе пэўныя якасці, якія асацыіруюцца з гэтымі дрэвамі, — пачулася ў адказ.
— Згодна.
Затым Таццяна Уладзіміраўна прапанавала вучням паглядзець невялікі відэаролік (футаж), у якім паказвалася, як расце дрэва: “Хачу, каб вы прасачылі сувязь і сказалі, як відэаролік суадносіцца з тэмай нашага ўрока. Як дрэва звязана з культурай?”
— Гэта звязана з развіццём чалавека, які штосьці пазнае, які ўзаемадзейнічае з іншымі… Культура развіваецца, удасканальваецца і пачынае разгаліноўвацца з цягам часу, як і дрэва… Розныя дрэвы па-рознаму растуць, і розныя культуры па-рознаму развіваюцца, — пачалі выказваць свае здагадкі дзевяцікласнікі.
Было відаць, што яны не баяцца выказваць свае думкі: кожнае меркаванне, нават памылковае, прымаецца педагогам, не пакідаецца без увагі.
— Сёння на ўроку мы працягнем размову пра культуру, — заўважае настаўніца. — Гаворка пойдзе аб культурнай разнастайнасці і дыялогу культур. Дрэва мае карані, ствол, які з кожным годам становіцца больш магутным, галінкі, якія пераплятаюцца паміж сабой. Старыя адміраюць, з’яўляюцца новыя. Дрэва культуры выглядае яшчэ складаней, таму што ўсе яго галіны пастаянна растуць, мяняюцца, злучаюцца і разыходзяцца. І каб зразумець, як яны растуць, трэба ведаць, як яны выглядалі раней, гэта значыць, неабходна пастаянна прымаць у разлік увесь вялізны культурны вопыт чалавецтва.
Каб зразумець што сабой уяўляе культура, мы павінны адказаць, адкуль яна бярэ пачатак. Галінкі растуць са ствала, а ствол — з каранёў. Ёсць пэўны фундамент, пласт культуры, адкуль бяруць пачатак усе астатнія культуры.
Для таго каб вызначыць мэты і задачы ўрока, педагог выкарыстала прыём “Воблака слоў”. Яна папрасіла дзяцей знайсці ў воблаку невядомыя словы, сярод якіх аказаліся “этнацэнтрызм”, “касмапаліт”, “уніфікацыя”, “полікультура”, “нацыянальная культура”. У выніку вучні вызначылі мэты ўрока і галоўнае пытанне, на якое кожны павінен будзе адказаць напрыканцы заняткаў, — “Хто мы?”. Дарэчы, гэтае пытанне было зададзена і на пачатку ўрока. Цікава, што ў адказе школьнікаў прагучала: мы — людзі, насельнікі планеты, вучні, прадстаўнікі культуры…
— У культуры ёсць штосьці ўніверсальнае, агульнае, а ёсць асаблівыя рысы, таму мы навучымся адрозніваць універсальнае і ўнікальнае ў культуры, — працягнула ўрок Таццяна Уладзіміраўна. — Вернемся да нашага дрэва. У якой яго частцы вы б размясцілі агульныя рысы культуры, а ў якой — асаблівыя? Мы будзем іх называць універсальныя і ўнікальныя.
З дапамогай падручніка вучні вызначылі, што ўніверсалізм культуры выяўляецца ў агульначалавечых каштоўнасцях: жыцці, свабодзе, шчасці.
— А што для вас шчасце? — запыталася настаўніца.
— Быць з блізкімі і роднымі, быць здаровымі, знайсці сваё месца ў жыцці, добра ўладкавацца ў ім, — пачуліся адказы дзяцей.
— З чаго складаецца шчасце? — зноў пытанне Таццяны Уладзіміраўны.
— З матэрыяльных і духоўных каштоўнасцей, самавызначэння, — адказваюць дзеці.
— Так, сапраўды, — пагаджаецца педагог. — Увогуле, азначэнняў шчасця вельмі многа: “Сакрэт шчасця ў судакрананні душ”, “Шчасце ва ўменні радавацца простым рэчам” і інш. Як вы лічыце, чаму?
— Таму што ў кожнага шчасце сваё, — прыходзяць да высновы дзевяцікласнікі.
Выходзячы па адным да дошкі, вучні размясцілі на намаляваным дрэве ўніверсальныя і ўнікальныя рысы культур. На ствол яны прымацавалі агульначалавечыя каштоўнасці, якія з’яўляюцца ўніверсальнымі для ўсіх культур: шчасце, сяброўства, мір, жыццё, свабода, справядлівасць. А вось цяжкасці ў навучэнцаў выклікалі такія паняцці, як традыцыі, сімвалы, мова, міфы. Дзеці спачатку іх размясцілі на галінках, дзе павінны знаходзіцца ўнікальныя прыкметы.
— Ва ўсіх народаў ёсць мова, міфы, традыцыі, сімвалы, — засяродзіла ўвагу Таццяна Уладзіміраўна. — Якія гэта прыкметы? Так, яны ўніверсальныя. А вось унікальнымі яны становяцца ў кожнай дзяржаве. Мова ёсць у кожнага народа, але яна ў кожнага свая. Міфы ёсць у кожнага народа, толькі ў кожнага свае.
Кластар, які вучні стваралі на дошцы, паралельна складаўся і ў рабочых сшытках дзяцей. Гэта своеасаблівы памочнік і якасна падрыхтавацца да наступнага ўрока, і ў выпадку неабходнасці абагульніць свае веды.
Далей увага вучняў зноў была скіравана на экран, дзе прадстаўляўся відэафрагмент пра культуры дзвюх краін, і трэба было вызначыць, што гэта за культуры. Вучні пазналі каўказскі танец “Лезгінка” і беларускі танец “Крыжачок” па музыцы, касцюмах і рухах выканаўцаў. Яны яшчэ раз падкрэслілі, што танец з’яўляецца ўніверсальным, а кожная краіна яго робіць унікальным.
Падчас гутаркі дзевяцікласнікі адзначылі, што касмапаліт — той, хто цікавіцца іншай культурай. Касмапалітызм цесна звязаны з паняццем глабалізацыі. Глабалізацыя — працэс сусветнай эканамічнай, палітычнай і рэлігійнай інтэграцыі і ўніфікацыі. Адным з мінусаў глабалізацыі з’яўляецца страчванне культурай сваёй непаўторнасці, яна становіцца стандартнай.
— Многія сучаснікі пішуць сёння пра навязванне заходняй культуры. У той жа час на Захадзе існуе ўстойлівая цікавасць да культуры Усходу. Гістарычна заходняя і ўсходняя культуры адрозніваліся шэрагам асноватворных каштоўнасцей. Давайце вызначым іх, — звярнулася да дзяцей настаўніца.
Навучэнцы звярнуліся да падручніка і адзначылі рысы заходняй і ўсходняй культуры. Індывідуалізм, дынамізм, імкненне да поспеху, дабрабыту, росквіту, жаданне падпарадкаваць сабе прыроду і жыццёвая актыўнасць уласцівы заходняй культуры, а вось калектывізм, традыцыйнасць, клопат аб прыродзе, устойлівасць — усходняй.
— Чым жа абумоўлены ўнікальныя якасці кожнай культуры? — працягнулася гаворка.
— Асаблівасцямі прыроднага асяроддзя (клімат, ландшафт, прыродныя рэсурсы і інш.), ступенню ізаляванасці культуры, узроўнем яе традыцыйнасці, — пачулася ў адказ.
— Найбольш поўнае ўзаемадзеянне ўніверсальнага і ўнікальнага ў культуры можна выявіць у нацыянальнай культуры. Што ж такое нацыянальная культура?
— Нацыянальная культура — гэта сукупнасць матэрыяльных і духоўных каштоўнасцей, якія даюць магчымасць аднесці сябе да пэўнай нацыі, — адказаў хлопец з сярэдняга раду.
Потым дзевяцікласнікі звярнуліся да карціны вядомага мастака Уладзіміра Стэльмашонка “Слова пра Беларусь”. На гэтай карціне адлюстраваны выбітныя дзеячы беларускай нацыянальнай гісторыі і культуры: Ефрасіння Полацкая, Кірыла Тураўскі, Францыск Скарына, Уладзіслаў Галубок, Цішка Гартны і інш. Аўтар стварыў гэтую кампазіцыю амаль 40 гадоў назад, і яна да гэтага часу застаецца класікай дзякуючы арганічнаму спалучэнню манументальнасці з глыбінёй і мнагазначнасцю сэнсу.
Настаўніца акцэнтавала ўвагу навучэнцаў на асноўных кампанентах нацыянальнай культуры, паняццях “этнацэнтрызм” (светапогляд, які ўспрымае ўласную культуру як узор) і “полікультурнасць” (шырокі дыяпазон культурнай і этнічнай разнастайнасці ў краіне, які прымаецца і ацэньваецца як пазітыўная з’ява большасцю насельніцтва краіны). Яна адзначыла, што паміж рознымі культурамі могуць існаваць розныя формы ўзаемадзеяння, пачынаючы з простага абмену каштоўнасцямі і дыялогам і заканчваючы гвалтоўным пакарэннем ці далучэннем да дамінуючай культуры. Мірныя формы абмену культурнымі каштоўнасцямі паміж двума ці некалькімі народамі называюць культурным дыялогам. Дыялог культур асабліва важны ва ўмовах поліэтнічнай, шматканфесіянальнай краіны.
Потым Таццяна Уладзіміраўна запрасіла вучняў на вечарыну нацыянальных культур. Дзевяцікласнікі выступілі ў ролі даследчыкаў, папрацавалі ў парах, а затым расказалі аб унікальных асаблівасцях культуры народаў свету. Дарэчы, на дом вучні атрымалі апераджальнае заданне: сабраць інфармацыю пра культуру таго ці іншага народа. На стыкерах дзевяцікласнікам неабходна было напісаць усе характэрныя рысы культуры, якую хацелі б прадставіць.
Школьнікі паспяхова справіліся з заданнем. Яны прадэманстравалі сваё ўменне працаваць з інтэрнэтам, дадатковай літаратурай, адбіраць неабходную інфармацыю. Усе з цікавасцю слухалі аднакласнікаў, якія парамі выходзілі да дошкі. І калі, напрыклад, многім вядома, што сімвал Японіі — сакура, японская вішня, якая не прыносіць пладоў, а вырошчваецца дзеля прыгожага цвіцення, а нацыянальнае адзенне — кімано (халат з шырокімі рукавамі, які перавязваюць поясам), то інфармацыя пра Тайланд стала адкрыццём. Тайланд называюць Краінай усмешак (іх існуе 13 відаў). Традыцыйным адзеннем мужчын і жанчын да нядаўняга часу быў панунг — кавалак тканіны, які абварочвалі вакол бёдраў, адзін канец яго прапускалі паміж ног і замацоўвалі ззаду на поясе. Нацыянальная тайская страва — том-ям (востры суп з кісла-салодкім смакам, прыкладна як наш боршч).
Адзін з вучняў атрымаў індывідуальнае заданне: з адабранага настаўніцай матэрыялу прадставіць праект “Сімвалы Беларусі”. У паведамленні старшакласніка былі названы ўнікальныя беларускія сімвалы і дадзена іх характарыстыка (васілёк, бульба, ручнік, бусел, зубр, дрыгва, азёры).
На этапе рэфлексіі Таццяна Уладзіміраўна расказала вучням прытчу:
“У адным пасяленні паміраў аксакал. Прыйшлі да яго людзі развітацца і гавораць: “Скажы нам, мудры стары, як удалося табе стварыць такі парадак у сям’і, пры якім усе нявесткі, дочкі і зяці жывуць у міры і згодзе?” Ужо не можа гаварыць стары — падаюць яму паперу і аловак, і піша ён доўга-доўга. І калі выпаў з рук паміраючага лісток, усе вельмі здзівіліся: на ім 100 разоў было напісана ўсяго адно слова. Не здагадваецеся якое? На лістку было 100 разоў напісана слова “цярпімасць”.
— На мой погляд, мэты ўрока былі дасягнуты, — падкрэсліла на перапынку Таццяна Уладзіміраўна. — Дзевяцікласнікі актыўна працавалі. Ёсць тыя, якія не баяцца гаварыць на публіку, а ёсць і сарамлівыя, скаваныя, у чым можна было пераканацца. Узровень класа можна ахарактарызаваць як сярэднедастатковы.
Мы вялі гаворку пра беларускую культуру, нацыянальную свядомасць беларусаў, талерантнасць. Урок задумваўся як урок-практыкум, на якім вучням неабходна было прадставіць культуру выбранай краіны. Былі выкарыстаны праблемнае выкладанне матэрыялу, часткова-пошукавы і даследчы метады. Вучні правялі дыялог паміж культурамі, паказаўшы, што культура на прадстаўленым у выглядзе дрэва кластары не адна. А калі многа культур — гэта цудоўна, але яны павінны захоўваць сваю самабытнасць. На ўроку былі выкарыстаны прыёмы “Мазгавы штурм”, “Воблака слоў”, “Асацыяцыі”, парная работа. Падабаецца маім выхаванцам і футаж. Чаму было больш франтальнай работы? Каб прадэманстраваць, як вучні адказваюць, думаюць, разважаюць. І нам гэта ўдалося!
— Вакол нас такая разнастайнасць: рэлігійныя погляды, музычныя прыхільнасці, навуковыя веды, у літаратуры і ў мастацтве свае перавагі плюс многанацыянальнасць. Таму вельмі важна быць талерантным. І асабліва каштоўнымі становяцца ўзаемапавага, узаемаразуменне, і ад гэтага ўнутраны свет толькі ўзбагачаецца, чалавек становіцца чысцейшым, — адзначыла Т.У.Маклюк.
І зноў педагог звярнулася да пытання “Хто мы?”. Гэтым разам вучні адказалі, што мы — беларусы, мірныя людзі, мы — унікальная нацыя ў агульнасусветнай культуры. Мы павінны паважаць культуру іншых народаў. Нас адрознівае талерантнасць, бо на тэрыторыі Беларусі жыве вялікая колькасць розных народаў і нацыянальнасцей. А ўсведамленне гэтага і было асноўнай мэтай урока.
Пасля выстаўлення адзнак у якасці дамашняга задання дзеці атрымалі заданне стварыць праект “Ведай сваё”: прыдумаць наклейку, дзе б адлюстроўвалася наша нацыянальнае, беларускае.
Наталля КАЛЯДЗІЧ.
Фота аўтара.