“Дыялог культур” праз адукацыйныя сувязі

Дырэктар гімназіі № 5 Гродна Вольга Хітрушка прыняла ўдзел у ІІ Міжнародным форуме “100 дружалюбных школ” у кітайскім Ланьчжоу і ў рэжыме анлайн выступіла з дакладам.

На канферэнцыі ў рамках форуму, у якой прымалі ўдзел прадстаўнікі з Канады, Малайзіі, Японіі, Іспаніі, Новай Зеландыі, Вялікабрытаніі і іншых краін, Вольга Генадзьеўна расказала пра арганізацыю работы ў гімназіі па прафесійнай арыентацыі і падрыхтоўцы да выбару прафесіі.

Міжшкольнае супрацоўніцтва

Гімназія № 5 Гродна  адна з першых устаноў адукацыі абласнога цэнтра наладзіла супрацоўніцтва з Кітайскай Народнай Рэспублікай у рамках пабрацімскіх сувязей паміж гарадамі Гродна і Луннань. У верасні 2018 года гімназія прымала дэлегацыю школьнікаў і настаўнікаў сярэдняй школы № 4 горада Луннань правінцыі Ганьсу. У выніку гэтай сустрэчы адбыўся культурны абмен паміж двума гарадамі і школамі ў галіне культуры і адукацыі ў рамках ініцыятывы “Адзін пояс, адзін шлях”. Было падпісана рамачнае пагадненне аб супрацоўніцтве ў рамках міжшкольнага абмену. 

— Для нас гэтая падзея стала стымулам для далейшага развіцця і паглыблення культурнага і адукацыйнага абмену, наладжвання дружалюбных адносін, — адзначыла кіраўнік гімназіі. — Падчас візіту быў арганізаваны сумесны канцэрт, калі на пляцоўцы базы адпачынку “Прывал” нашы дзеці і госці з Кітая паказвалі сваё майстэрства, знаёмячы адно аднаго з нацыянальнымі культурамі, мастацтвам. Таксама госці далі майстар-клас па класічным кітайскім жывапісе, а гродзенцы — па выцінанцы. Школьнікам з Кітая было вельмі цікава, што нашы вучні таксама малююць, займаюцца музыкай, танцамі і спевамі. Так што пад канец майстар-класаў яны ўжо актыўна размаўлялі хто на англійскай мове, а хто пры дапамозе мабільнага дадатку.

Пагадненне аб супрацоўніцтве прадугледжвала культурныя і адукацыйныя сувязі, кантакты паміж педагогамі і дзецьмі. З-за пандэміі, на жаль, гродзенскім гімназістам не ўдалося наведаць стаўшых ужо сябрамі кітайскіх школьнікаў, аднак сувязі анлайн не спыняліся.

У ліпені 2019 года дырэктар гімназіі прыняла ўдзел у І Міжнародным форуме па праграме кітайска-замежнай дружбы “100 дружалюбных школ”, які праходзіў у горадзе Ланьчжоу правінцыі Ганьсу. У выніку было падпісана пагадненне аб супрацоўніцтве з сярэдняй школай, якая ўваходзіць у Паўночна-Заходні педагагічны ўніверсітэт Ланьчжоу правінцыі Ганьсу КНР. Выступаючы на канферэнцыі, Вольга Хітрушка прэзентавала сваю гімназію, расказваючы пра стварэнне культурна-адукацыйнага асяроддзя, якое садзейнічае развіццю дыялогу культур, абмену вопытам і супрацоўніцтву.

— Тады я расказвала пра эстэтычны ўхіл гімназіі, а для Кітая гэта таксама цікава, таму што ў іх у класічнай праграме адукацыі ёсць знаёмства з нацыянальнай музыкай, жывапісам. З 1 па 9 клас усе вучні нашай гімназіі праз сістэму факультатыўных заняткаў займаюцца па чатырох кірунках: мастацкім, музычным, харэаграфічным і тэатральным. Яны атрымліваюць дадатковую адукацыю па праграме адпаведна той, калі б вучыліся ў мастацкай, харэаграфічнай альбо музычнай школе. Выпускнікі паступаюць у інстытуты і каледжы па выбраных профілях. Наведаўшы кітайскую школу, убачыла, наколькі шмат у нас кропак сутыкнення, падобнага ў адукацыйным працэсе.

Восенню мінулага года 5-я гімназія атрымала запрашэнне ад Народнай асацыяцыі дружбы з замежнымі краінамі правінцыі Ганьсу, Дэпартамента культуры і турызму Ганьсу, Дэпартамента адукацыі правінцыі, Паўночна-Заходняга педагагічнага ўніверсітэта і правінцыйнага музея Ганьсу прыняць удзел у выставе жывапісу ў рамках ініцыятывы “Адзін пояс, адзін шлях”. Гродзенцы адправілі на выставу больш за 20 работ, частка з іх была прадстаўлена ў музеі Ланьчжоу.

Прафарыентацыя: ад першага класа да выпускнога

Запрашэнне на другі форум Вольга Хітрушка атрымала ў маі гэтага года. Замежныя ўдзельнікі выступалі анлайн. Заяўленая тэма аказалася вельмі цікавай для кітайскай аўдыторыі.

— У Кітаі вучоба ва ўстановах вышэйшай адукацыі з’яўляецца прэстыжнай, далёка не ўсе дзеці туды паступаюць. Таму яны праявілі вельмі жывую цікавасць да таго, як у нас арганізавана прафарыентацыя  і падрыхтоўка школьнікаў да выбару прафесіі. Я ім адправіла тэкст даклада на рускай і англійскай мовах, прэзентацыю і відэа. Выступала 20 ліпеня на рускай мове, адначасова ішоў сінхронны пераклад, а прэзентацыю паказвала на англійскай мове. Гэта вельмі цікавы вопыт. З аднаго боку, няма адчування аўдыторыі, што перашкаджае, бо хочацца бачыць рэакцыю людзей. Эмоцый не хапала, толькі ў канцы пачула апладысменты. З другога боку, я разумела, што ўсё роўна было адчуванне таго, што ты даносіш інфармацыю слухачам,  з’яўляешся паўнапраўным удзельнікам форуму. Было прыемна і ганарова, бо з Беларусі я была адна, — расказала Вольга Генадзьеўна.

Сістэмная прафарыентацыйная работа ў гімназіі стала арганічнай часткай усяго адукацыйнага працэсу і стартуе ўжо ў малодшых класах. Для самых маленькіх гэты шлях пачынаецца са знаёмства з прафесіямі бацькоў, якія прыходзяць у школу і расказваюць пра сваю работу. Ствараюцца ўмовы для фарміравання ў школьнікаў здольнасці да выбару прафесіі праз сістэму класных гадзін, праз міні-гутаркі, конкурсы малюнкаў, тэматычныя сустрэчы з бацькамі. У сярэдніх класах дабаўляюцца вытворчыя экскурсіі, прафарыентацыйныя гадзіны, зноў жа сустрэчы з бацькамі. Са старшакласнікамі размаўляюць настаўнікі-прадметнікі, класныя кіраўнікі, бібліятэкары, бацькі, працуе яшчэ і педагог-псіхолаг, для таго каб дапамагчы ім сфарміраваць правільнае разуменне сутнасці прафесіі. Асноўная мэта — стварэнне ўмоў для адэкватнага суаднясення падлеткамі сваіх асобасных якасцей з патрабаваннямі асноўных прафесій, падрыхтоўка дзяцей да выбару профілю навучання на старшай ступені праз комплексную дыягностыку.

У 10—11 класах дамінуюць профільнае навучанне і прафесійная падрыхтоўка: вывучэнне прадметаў на павышаным узроўні, адукацыйныя паслугі па канкрэтных прадметах, вочна-завочныя, дыстанцыйныя падрыхтоўчыя курсы, тэматычныя экскурсіі, анкетаванне, міні-лекцыі пра змест прафесій, у чым вялікая роля адводзіцца настаўнікам-прадметнікам, класным кіраўнікам і педагогу-псіхолагу. Важна, каб на гэтым этапе школьнікі ўжо добра разумелі, куда яны пойдуць далей, і не рабілі памылак.

Такім чынам, мерапрыемствы па прафесійнай арыентацыі ўключаюць работу з усімі навучэнцамі гімназіі па напрамках: прафесійныя кансультаванне, асвета, дыягностыка. У сярэднім у навучальным годзе на базе гімназіі праводзіцца 30—35 сустрэч з прадстаўнікамі розных навучальных устаноў і арганізацый. Штогод праходзіць Тыдзень прафарыентацыі, у якім задзейнічаны ўсе вучні. 

— Дзякуючы такой мэтанакіраванай рабоце, ужо ў 10 класе ў 65 працэнтаў гімназістаў па выніках анкетавання ў структуры матывацыі пераважаюць прафесійныя матывы, — адзначыла Вольга Хітрушка. — Важна данесці дзецям ідэю, што выбар прафесіі — гэта важны жыццёвы крок. Каб у сваім далейшым дарослым жыцці яны знаходзілі радасць у працы, неабходны тры ўмовы: праца павінна быць ім па сілах, не быць цяжкай і ёй павінен спадарожнічаць поспех. Як вынік нашай работы — да 90 працэнтаў выпускнікоў гімназіі паступаюць ва ўстановы вышэйшай адукацыі, робячы пры гэтым усвядомлены выбар.

Такі падыход да прафарыентацыі выклікаў цікавасць у кітайскіх калег. Увогуле ж, як заўважыла Вольга Хітрушка, міжнародныя зносіны, не толькі на форуме, але і па-за яго межамі, даюць уяўленне, што разуменне важнасці адукацыі адзінае ўсюды, нягледзячы на розніцу ў падыходах ці мовах.

Ірына АНІКЕВІЧ.
Фота аўтара і з архіва гімназіі № 5 Гродна.