Дыялог культур

“Дыялог культур — 2019” аб’яднаў галасы моладзі, якая праслаўляе культурныя каштоўнасці розных краін і сяброўства паміж народамі. Маладзёжная акцыя пад такой назвай прайшла ў нашай краіне другі раз.

Акцыя праводзіцца сярод навучэнцаў устаноў прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Яна заклікана фарміраваць у моладзі нацыянальную самасвядомасць, паважлівыя адносіны да нацыянальнай культуры, а таксама да традыцый і каштоўнасцей народаў іншых дзяржаў. Свае думкі на гэты конт удзель­нікі акцыі ўвасобілі ў творчых работах і праектах.

Першы этап акцыі праходзіў на ўзроўні ўстаноў адукацыі, другі — аб’яднаў лепшыя работы прадстаўнікоў кожнай вобласці і Мінска. У выніку на трэці, рэспубліканскі, этап была прадстаўлена 21 работа.

Удзельнікі намінацыі “Даследчыя і інфармацыйныя праекты” ў сваіх работах вывучалі асаблівасці нацыянальных культур розных народаў. Лепш за ўсё з даследаваннем справіліся навучэнцы Магілёўскага дзяржаўнага эканамічнага прафесійна-тэхнічнага каледжа, якія і атрымалі першае месца. Ігар Ладоня, Раман Лосеў, Надзея Гур’ева, Аліна Журыкава, Ілья Навумовіч прадставілі праект “Татэмная міфалогія продкаў і народныя традыцыйныя рэгіянальныя рамёствы (на прыкладзе металаапрацоўкі і ювелірнага мастацтва) як кампаненты і спецыфічныя асаблівасці беларускай культуры і мікракосмасу беларусаў”.

У намінацыі “Дэкаратыўна-прыкладная творчасць” перамога прысуджана Аляксандру Балотнікаву, Аляксею Хобатаву, Аліне Дабжанецкай, навучэнцам Віцебскага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага каледжа сельскагаспадарчай вытворчасці за конкурсную работу “Этой ярмарки краски… Задзвінскі кірмаш”, выкананую з гліны.

Ацэньвала журы і інфармацыйныя рэсурсы, створаныя ўдзельнікамі акцыі ў рамках адпаведнай намінацыі. Лідарамі сталі навучэнцы Бярозаўскага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя будаўнікоў Вадзім Юрэня, Вераніка Пушкова, Юрый Верышка, Іван Хвядчэня, Мікіта Кавалевіч за конкурсную работу  Дыялог#Культур#Bereza і краязнаўчы сайт установы адукацыі. Першае месца ў намінацыі з юнымі бярозаўцамі раздзяліла Лінда Платц, навучэнка Нясвіжскага дзяржаўнага каледжа імя Якуба Коласа, якая прадставіла ў рамках намінацыі сайт клуба ЮНЕСКА “Кліа”.

Таксама ўдзельнікі прадставілі ў рамках акцыі візітоўкі нацыя­нальнасцей — творчае відэапрадстаўленне любой выбранай дзяржавы. З улікам удзелу ў намінацыях і ацэньвання візітовак было прысуджана гран-пры акцыі. Абсалютнай пераможцай “Дыя­логу культур — 2019” стала несвіжанка Лінда Платц.

Дар’я РЭВА.