Дыялог на мове сяброўства

— Мне назаўжды запомніцца прыгажосць Нарачы, — кажа студэнтка Анжэліка з Польшчы.

— А мне парадак і чысціня беларускіх гарадоў, — хуценька падхоплівае тэму італьянец Ларэнцо.

— І “Зубраня” — проста незабыўнае месца, сапраўдная краіна дзяцінства, — дадае Таццяна з Расіі.

— А людзі навокал якія! Дружалюбныя, шчырыя, добразычлівыя, — працягвае школьніца Хрысціна з Латвіі. Госці Беларусі з розных краін, здаецца, гатовы бясконца пералічваць, што ім спадабалася ў краіне, і дзяліцца сваімі ўражаннямі, якія падарыў ім маладзёжны форум “Сяброўства без межаў”. Тыдзень, насычаны падзеямі, прайшоў у асаблівай атмасферы братэрства.

XII Міжнародны маладзёжны форум “Сяброўства без межаў” сабраў у НДЦ “Зубраня” лідараў маладзёжных арганізацый, актывістаў маладзёжнага руху з усяго свету. З 2005 года, калі форум адбыўся ўпершыню, удзел у ім узялі больш за 700 чалавек з 17 краін. Год ад году ўсё больш краін-удзельніц далучаліся да мерапрыемства, і вось сёлета ў “Зубраня” прыехалі дэлегацыі з Беларусі, Балгарыі, Італіі, Казахстана, Латвіі, Літвы, Палесціны, Польшчы, Расіі, Таджыкістана, Турцыі, Узбекістана і Украіны. У склад дэлегацый уваходзілі школьнікі, студэнты, а таксама педагогі, якія працуюць з маладзёжнымі арганізацыямі.

Форум — гэта ўнікальная магчымасць для стварэння міжнароднай сеткі кантактаў і пошуку аднадумцаў у ажыццяўленні значных для грамадства праектаў і ініцыятыў. Удзельнікі форуму прыцягваюць увагу да праблем маладых людзей і падлеткаў па ўсім свеце, працуюць дзеля ўмацавання добрасуседскіх адносін, пашырэння форм культурнага супрацоўніцтва. Праграма форуму ўключала адукацыйны, спартыўна-аздараўленчы, культурны і пазнавальна-экскурсійны кампаненты, а таксама прыцягвала моладзь да сацыяльна значнай дзейнасці.


Асаблівая атмасфера сяброўства ўзнікла на першай жа сустрэчы ля “Кастра знаёмстваў”, калі ўдзельнікі сталі ў традыцыйны “зубраняцкі” круг і заспявалі разам песні. Тут жа пачалося і знаёмства з Беларуссю — упершыню яны пачулі беларускую мову і паспрабавалі печаную на кастры бульбу. Знаёмства прадоўжылася ў наступны дзень падарожжам у агратурыстычны комплекс “Наносы-Наваселле”, дзе ўдзельнікі форуму даведаліся аб гісторыі і традыцыях нашай краіны, паспрабавалі хлеб, выраблены ў печы, пакаталіся на конях, пабывалі ў музеі самавараў. Яшчэ больш аб гісторыі Беларусі даведаліся госці падчас падарожжа ў Мір і Нясвіж.

У Мінску моладзь з форуму пазнаёмілася з адметнымі мясцінамі сталіцы, Нацыянальнай бібліятэкай. Госці пабывалі ў Палаце прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, дзе аб кірунках работы з моладдзю ў нашай краіне ім расказала Алена Уладзіміраўна Шамаль, член Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па ахове здароўя, фізічнай культуры, справах сям’і і моладзі. Далей “фарумчане” накіраваліся ў Мінскі дзяржаўны палац дзяцей і моладзі, дзе пазнаёміліся з цікавымі маладзёжнымі праектамі — Лігай маладых выбаршчыкаў і Мінскім гарадскім саветам навучэнскай моладзі.

Кіраўнікі дэлегацый Палесціны, Турцыі, Балгарыі, Літвы, Казахстана і Расіі сустрэліся ў Мінску з прадстаўнікамі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь. Гасцей віталі Уладзімір Леанідавіч Шапуроў, начальнік упраўлення міжнароднага супрацоўніцтва, Марыя Аляксандраўна Саротнік, начальнік упраўлення сацыяльнай, выхаваўчай і ідэалагічнай работы, Наталля Іванаўна Пшанічная, начальнік упраўлення па справах моладзі міністэрства, Надзея Генадзьеўна Ануфрыева, дырэктар НДЦ “Зубраня”. Сваім замежным калегам беларускія спецыялісты расказалі аб маладзёжнай палітыцы, якая рэалізуецца ў краіне. Зацікавіў прадстаўнікоў дэлегацый аповед аб праекце “100 ідэй для Беларусі”. Кіраўнік дэлегацыі Палесціны Аттаф Махаммад Алі Алджарадат ад імя ўсіх дэлегатаў форуму падзякаваў прадстаўнікам міністэрства і НДЦ “Зубраня” за цёплы прыём, а таксама дадаў, што спадзяецца на далейшае супрацоўніцтва моладзі нашых краін.

У “Зубраняці” для “фарумчан” былі арганізаваны святы, акцыі, прэзентацыі і сустрэчы па пытаннях маладзёжнай палітыкі, адукацыі, патрыятычнага выхавання. На форуме ідэй “Канвеер маладзёжных праектаў” моладзь прапаноўвала свае варыянты сацыяльна значных мерапрыемстваў і акцый, якія маглі б у будучыні аб’яднаць міжнародную маладзёжную супольнасць у “Зубраняці”. Кожная дэлегацыя мела магчымасць прадставіць сваю краіну, яе гісторыю, традыцыі — маладыя людзі спявалі песні на роднай мове, чыталі вершы, паказвалі відэаролікі, частавалі стравамі нацыянальнай кухні.

Важнай часткай работы форуму сталі разнастайныя дыскусіі, дзе моладзь дзялілася тым, што яе хвалюе. Хлопцы і дзяўчаты абмяркоўвалі шырокую палітру пытанняў: эфектыўнасць маладзёжнай палітыкі, узроставы цэнз і дыскрымінацыя, як “дастукацца” да палітыкаў, барацьба з беднасцю, беспрацоўе сярод моладзі, прафесійнае лідарства і інавацыі, як пазбегнуць шкодных звычак, моладзь як фактар перамен і многае іншае. Адной з найважнейшых пляцовак для абмеркавання актуальных пытанняў стаў адкрыты дыялог па тэме правоў дзіцяці. За круглым сталом разам з удзельнікамі форуму гэтую тэму абмяркоўвалі прадстаўнік Дзіцячага фонду ААН (ЮНІСЕФ) у Беларусі Рашэд Мустафа Сарвар, начальнік упраўлення па справах моладзі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь Наталля Іванаўна Пшанічная, прадстаўнікі пасольстваў Туркменістана і Украіны. Таксама былі абмеркаваны пытанні далейшага развіцця форуму “Сяброўства без межаў”.

Маладыя людзі — удзельнікі форуму — чарговы раз даказалі, што ведаюць і забеспакоены ўсімі актуальнымі праблемамі сучаснасці — палітычнымі, сацыяльнымі, эканамічнымі — і гатовы прыкладаць намаганні, каб зрабіць свой уклад у іх рашэнне.

Дар’я РЭВА.