Дыялог на ўзроўні ўніверсітэтаў

- 11:31Вышэйшая школа

Дзякуючы ўніфікацыі ў рамках Еўрапейскай прасторы вышэйшай адукацыі (супастаўныя ступені і праграмы, крэдытна-модульная і шматузроўневая сістэма навучання, акадэмічная мабільнасць, кантроль якасці, прызнанне дыпломаў і г.д.), у Еўропе сеткавая форма вышэйшай адукацыі атрымала шырокае развіццё. Сёння ўжо лічыцца звычайнай практыкай, што студэнт, паступіўшы, напрыклад, ва ўніверсітэт у Мадрыдзе, хоць бы адзін семестр будзе вучыцца ва ўніверсітэце Берліна, Парыжа ці ў іншым горадзе, у іншай краіне. У Беларусі сеткавая форма цяпер таксама на парадку дня. Але наколькі наша вышэйшая школа гатова да яе рэалізацыі? Пра гэта мы гаворым з прарэктарам па вучэбнай рабоце і адукацыйных інавацыях БДУ, доктарам юрыдычных навук, прафесарам Вольгай Іванаўнай ЧУПРЫС.

— Сеткавая форма вышэйшай адукацыі — гэта не вынаходства нашай краіны. У Еўропе яна атрымала развіццё ў 80-х гадах праз кааперацыю паміж універсітэтамі ў рамках праграмы Erasmus. А з пачаткам Балонскага працэсу ў 1999 годзе сеткавае ўзаемадзеянне стала адным з прыярытэтаў еўрапейскай адукацыйнай палітыкі. Большасць сеткавых праграм ва ўніверсітэтах Еўропы сёння адносіцца да ўзроўняў магістратуры і аспірантуры.

Што да гатоўнасці айчынных універсітэтаў да рэалізацыі сеткавай падрыхтоўкі, то многія з іх у той ці іншай меры ўжо ўдзельнічаюць у гэтым працэсе.

Яшчэ ў канцы 2015 года згаданае пытанне абмяркоўвалася на пасяджэнні Рэспубліканскага савета рэктараў устаноў вышэйшай адукацыі. Ужо тады было адзначана, што ў краіне напрацавана практыка рэалізацыі адукацыйных праграм у сеткавай форме. На той момант 17 універсітэтаў (32%) рэалізоўвалі 32 адукацыйныя праграмы ў сеткавай форме з замежнымі партнёрамі (Літва, Расія, Германія, Партугалія, Кітай, Польшча, Японія, Фінляндыя і інш.). Пры гэтым больш як палова такіх праграм мелі на ўвазе выдачу двайных дыпломаў.

БДУ ў рамках рэалізацыі сумесных адукацыйных праграм ажыццяўляе падрыхтоўку студэнтаў па спецыяльнасцях “Камп’ютарная матэматыка” (сумесна з Магдэбургскім універсітэтам імя Ота фон Герыке, ФРГ), “Руская філалогія (па напрамках)”, “Менеджмент (у сферы міжнароднага турызму)”, “Журналістыка міжнародная” (сумесна з Чаньчуньскім інстытутам міжнароднай камерцыі, КНР), “Кіраванне ў рэальным сектары эканомікі” (сумесна з Вышэйшай школай — універсітэтам прыкладных навук Мітвайда, ФРГ), “Прыкладная інфарматыка (па напрамках)”, “Камп’ютарная бяспека (па напрамках)”, “Матэматыка і інфармацыйныя тэхналогіі (па напрамках)”, “Медыка-біялагічная справа”, “Медыцынская экалогія” (сумесна з Таджыкскім нацыянальным універсітэтам), “Фізіка (навукова-вытворчая дзейнасць)”, “Матэматыка і інфармацыйныя тэхналогіі” (сумесна з Даляньскім універсітэтам тэхналогій, КНР) і інш.

Не маю паўнамоцтваў адказваць за ўсе ўніверсітэты, але аналіз агульнай сітуацыі і зносіны з калегамі даюць падставу меркаваць, што многiя з iх назапасілі пэўны вопыт сеткавага ўзаемадзеяння.

— Парадокс: беларускія ўніверсітэты рэалізуюць адукацыйныя праграмы ў сеткавай форме з замежнымі партнёрамі. А ўнутры краіны ўсё толькі нараджаецца. Наколькі запатрабавана гэтая форма ўнутры Беларусі і як хутка ўніверсітэты могуць уключыцца ў гэты працэс?

— Пытанне сеткавага ўзаемадзеяння вельмі актуальнае. Яно ставіцца Міністэрствам адукацыі, і ўніверсітэты самі адчуваюць патрэбу ў выкарыстанні рэсурсаў адно аднаго для рэалізацыі адукацыйных мэт.

Вялікіх складанасцей для хуткага ўключэння ў гэты працэс я не бачу. У нас няма нарматыўна-прававых калізій, абумоўленых дзяржаўнымі адрозненнямі (як, напрыклад, у Еўрапейскай прасторы вышэйшай адукацыі), а многія фінансавыя пытанні могуць вырашацца шляхам узаемазалікаў. З гэтага пункту гледжання беларускія ўніверсітэты здольны даволі хутка ўключыцца ў працэс стварэння сеткавых форм.

Напрыклад, БДУ ўжо выкарыстоўвае аналагі сеткавага ўзаемадзеяння з рэгіянальнымі ўніверсітэтамі. Так, БДУ і ГрДУ імя Янкі Купалы ў свой час заключылі дагавор аб узаемадзеянні, які дазволіў ажыццяўляць абмен студэнтамі, распрацоўваць сумесныя адукацыйныя праграмы, праграмы навуковых даследаванняў. У адпаведнасці з дамовай, больш за 10 студэнтаў Гродзенскага ўніверсітэта на працягу семестра праходзілі навучанне ў Беларускім дзяржаўным універсітэце (на біялагічным, юрыдычным факультэтах, факультэце прыкладной матэматыкі і інфарматыкі, факультэце філасофіі і сацыяльных навук, факультэце міжнародных адносін і інш.) і потым вярнуліся ў Гродна.

Цяпер Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт рэалізуе праграму сеткавай падрыхтоўкі студэнтаў з Баранавіцкім дзяржаўным універсітэтам па спецыяльнасці “Эканамічнае права”. Таму нельга сказаць, што гэта настолькі складаны працэс. Калі сеткавае ўзаемадзеянне будзе замацавана нарматыўна, гэта адкрые ўніверсітэтам дарогу — яны трапяць у рэальнае прававое поле. Вядома, на першым этапе могуць быць пэўныя праблемы, але ўсё вырашальна.

Згодна з праектам новай рэдакцыі Кодэкса аб адукацыі, сеткавая форма рэалізацыі адукацыйных праграм мае на ўвазе выкарыстанне рэсурсаў некалькіх устаноў вышэйшай адукацыі і іншых арганізацый, у тым ліку замежных, якія валодаюць неабходным патэнцыялам для сумеснай адукацыйнай дзейнасці. Гэта прадугледжвае дзейнасць устаноў-партнёраў па распрацоўцы і рэалізацыі сумесных праграм, мабільнасць студэнтаў і выкладчыкаў, залік вынікаў асваення студэнтамі адукацыйнай праграмы ў іншым універсітэце-партнёры, сумеснае выкарыстанне рэсурсаў і г.д. Пры гэтым магчыма выдача дыплома як аднаго ўніверсітэта, уключанага ў кансорцыум (сумеснае навучанне), так і некалькіх партнёраў (два дыпломы).

Сеткавая форма дазволіць універсітэтам развівацца, атрымліваючы вопыт адзін аднаго, і вырашаць важныя задачы, якія стаяць перад адукацыяй, навукай і краінай. Нарматыўнае забеспячэнне сеткавай формы надасць імпульс развіццю гэтай з’явы.

— Сеткавае ўзаемадзеянне — гэта дадатковая магчымасць, але не абавязак універсітэтаў. Што трэба, каб установы адукацыі і іншыя арганізацыі актыўна ўключыліся ў гэты працэс?

— Патрэбен імпульсны штуршок. Ён можа быць звонку — пры адміністрацыйным уздзеянні з боку Міністэрства адукацыі, або знутры — па ініцыятыве кіраўніцтва ўніверсітэта. Найлепшы варыянт — рух на сустрэчных курсах.

Думаю, якраз зараз БДУ можа пайсці па гэтым шляху. Універсітэт узначальвае рэктар, які разумее значнасць інавацый і падтрымлівае ўсё, што нацэлена на развіццё. Да нас ужо сталі звяртацца прадстаўнікі рэгіянальных універсітэтаў з просьбай адкрыць падрыхтоўку па шэрагу спецыяльнасцей. І мы будзем прапаноўваць ім дагаворы аб сеткавым узаемадзеянні.

Зараз у БДУ распрацоўваюцца канкрэтныя праекты рэалізацыі міжнародных і нацыянальных форм сеткавага ўзаемадзеяння, што прадугледжвае складаную шматпланавую работу ўсіх асноўных структурных падраздзяленняў БДУ. Па сутнасці, гэта азначае сур’ёзную ўнутраную мабілізацыю ўніверсітэта і выхад на новы ўзровень навукова-адукацыйнага развіцця.

— Сеткавая форма прадугледжвае засваенне студэнтамі адукацыйнай праграмы з выкарыстаннем рэсурсаў некалькіх устаноў. Іншымі словамі, калі ў пэўных універсітэтах ёсць унікальныя адукацыйныя курсы, выбітныя прафесары, рэдкае, дарагое навуковае абсталяванне — гэта павінна быць даступным для студэнтаў з іншых рэгіёнаў. Як такое ажыццявіць на практыцы?

— Гэта ўвогуле не праблема, бо мы і зараз узаемадзейнічаем. Лепшыя выкладчыкі БДУ і іншых беларускіх універсітэтаў даўно і плённа працуюць у праграмах узаемаабмену, сумеснага кіраўніцтва даследаваннямі маладых вучоных. Шырока выкарыстоўваюцца сучасныя сродкі сувязі (правядзенне вэбінараў, кансультацый з выкарыстаннем камп’ютарных тэхналогій і г.д.).

Несумненна, трэба ўдасканальваць формы работы, бо (гэта трэба прызнаць) выбітных прафесараў ва ўніверсітэтах не так шмат, таму гэтым чалавечым капіталам варта распараджацца надзвычай рупліва.

Тут магчыма выкарыстанне розных тэхналогій. Студэнт можа паехаць у іншы ўніверсітэт на нейкі тэрмін (напрыклад, на семестр), дзе для яго фарміруецца вучэбны план. Потым ён вяртаецца ў родны ўніверсітэт, дзе залічваецца ўсё, што ён вывучыў ва ўніверсітэце-партнёры. Могуць выкарыстоўвацца магчымасці дыстанцыйнага навучання, калі па дамове паміж бакамі студэнт нікуды не выязджае, а выкладчыкі ўніверсітэта-партнёра працуюць з ім дыстанцыйна. І яшчэ варыянт: калі выкладчыкі ўніверсітэта-партнёра прыязджаюць у іншы ўніверсітэт, чытаюць лекцыі, вядуць семінарскія заняткі, прымаюць экзамены і залікі.

Адзінай формы ўзаемадзеяння няма і быць не можа. Кожны ўніверсітэт, зыходзячы з асаблівасцей, можа прапанаваць тую ці іншую форму, і як універсітэты дамовяцца паміж сабой — так і будзе. Сеткавая форма мае на ўвазе мабільнасць — як у распрацоўцы праграм, дакладней, у іх рэалізацыі, так і ў змесце адукацыі. Павінна быць магчымасць пры неабходнасці змяніць вучэбны план, і гэта вялікая перавага ва ўмовах зменлівых запытаў рынку.

Што да выкарыстання дарагога навуковага абсталявання, асабліва разам з іншымі ўніверсітэтамі, — гэта іншае пытанне.

Ёсць дакументы, якія рэгламентуюць парадак абыходжання з навуковым абсталяваннем, што прадугледжвае высокую навукова-тэхнічную кампетэнтнасць карыстальнікаў (а яна далёка не заўсёды ў належнай меры ёсць у спецыялістаў рэгіянальнага ўзроўню). Гэта значыць, што БДУ павінен браць на сябе функцыю навучання гэтых спецыялістаў, для чаго неабходна ствараць цэлую сістэму навукова-метадычнага забеспячэння такога роду падрыхтоўкі. Яе адсутнасць ускладняе доступ да дарагога абсталявання для сумеснага карыстання, прычым гэтая праблема ў нейкім выглядзе прысутнічае і ўнутры самога БДУ (хоць яе маштаб і глыбіня, зразумела, крыху іншыя).

— Зразумела, што вядучыя ўніверсітэты, у якіх сканцэнтраваны магутныя адукацыйныя рэсурсы, будуць прыцягваць студэнтаў з рэгіёнаў. А ці гатовы сталічныя студэнты адправіцца ў рэгіянальныя ўніверсітэты? Як захаваць парытэт?

— БДУ — найстарэйшы ўніверсітэт краіны, які валодае вялікай колькасцю навуковых школ, развітой вытворчасцю, навукова-адукацыйнай базай. Гэта велізарны вучэбна-навукова-вытворчы комплекс. Для назапашвання такога сімвалічнага капіталу многім універсітэтам патрэбны гады.

Для маладых рэгіянальных універсітэтаў вопыт БДУ будзе вельмі карысны. Зрэшты, гэта не выключае розных форм узаеманавучання і змены пазіцый вядучага і вядзёнага. Сёння мы з вялікай цікавасцю прыглядаемся да вопыту эўрыстычнага навучання, які напрацаваны ў Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы. Але ў цэлым несіметрычнае партнёрства ўніверсітэтаў Беларусі некаторы час будзе захоўвацца.

Што тычыцца студэнцкай мабільнасці, то ўсё залежыць ад жадання і магчымасцей рэгіянальных універсітэтаў захапіць моладзь унікальнымі праграмамі і прадуктамі. У рэгіянальных універсітэтах таксама напрацоўваюцца свае школы і свае традыцыі, таму думаю, што магчымасці для мабільнасці ёсць.

— Скажыце, Вольга Іванаўна, запланаваны вынік апраўдвае намаганні ўніверсітэтаў? Як сеткавае ўзаемадзеянне паўплывае на я-касць падрыхтоўкі спецыялістаў?

— Вядома, нельга выключаць, што на пачатковым этапе магчымы працэсуальныя збоі, камунікатыўныя бар’еры, як вынік — часовае зніжэнне навукова-адукацыйнай эфектыўнасці. Але гэта інавацыйны працэс, таму і да такога роду рызык трэба быць гатовымі, закладваць іх магчымасць у праграмы наладжвання сеткавага ўзаемадзеяння. У перспектыве ж можна чакаць павышэння якасці падрыхтоўкі спецыялістаў у сеткавых універсітэтах-партнёрах.

У гэтым працэсе важна ўзаемадзеянне, дыялог на ўзроўні ўніверсітэтаў, якога цяпер так не хапае ў цэлым грамадству. Таму, можа быць, у гэтым і сутнасць. Ёсць складанасці, у тым ліку арганізацыйныя, фінансавыя, але ўсё гэта вядзе да ўмацавання сувязей. Універсітэты павінны навучыцца дамаўляцца паміж сабой дзеля адной мэты — падрыхтоўкі высокакваліфікаваных спецыялістаў. Усё робіцца для таго, каб якасць адукацыі істотна ўзрасла.

Сёння ўжо можна пэўна акрэсліць тыя сферы сеткавага ўзаемадзеяння, у якіх БДУ мае намер калі не лідзіраваць, то выступаць цалкам заможным партнёрам. Гэта такія інавацыйныя навуковыя сферы, як бія- i нанатэхналогіі, разумныя матэрыялы і тэхналогіі, лічбавая эканоміка, інавацыйныя формы адукацыі i шэраг iншых. З гэтымі напрамкамі мы звязваем стратэгію развіцця БДУ і магчымасць рэалізацыі чалавечага патэнцыялу, які ёсць ва ўніверсітэце.

Гутарыла Галіна СІДАРОВІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.