Дыялог, накіраваны ў будучыню

На базе Гомельскага абласнога інстытута развіцця адукацыі адбылася нарада, прысвечаная распрацоўцы стратэгіі ўзаемадзеяння Беларускай Праваслаўнай Царквы са свецкімі ўстановамі адукацыі.

Нядаўна ў Беларускім Экзархаце быў арганізаваны новы Сінадальны аддзел па супрацоўніцтве са свецкімі ўстановамі адукацыі, старшынёй якога прызначаны протаіерэй Фёдар Поўны. Ён агучыў неабходнасць такога ўзаемадзеяння для фарміравання грамадства, у якім галоўныя каштоўнасці — маральнасць, патрыятызм, духоўнасць.

Удзел у нарадзе прынялі начальнік аддзела выхаваўчай і сацыяльнай работы галоўнага ўпраўлення адукацыі Алена Клачкова, кіраўнікі аддзелаў адукацыі Гомеля і Гомельскага райвыканкама, метадысты, якія курыруюць выхаваўчую работу, дырэктары ўстаноў агульнай сярэдняй, прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі абласнога цэнтра. Прадстаўнікі сістэмы адукацыі задавалі пытанні, якія тычацца павышэння эфектыўнасці ўзаемадзеяння Беларускай Праваслаўнай Царквы і ўстаноў адукацыі па кірунку духоўна-маральнага выхавання падрастаючага пакалення.

Да адкрытага дыялогу настаяцель мінскага прыхода храма Усіх Святых протаіерэй Фёдар Поўны заклікаў студэнтаў гістарычнага факультэта Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Ф.Скарыны. Ён нагадаў, што чалавеку неабходна выконваць законы не толькі фізічныя, але і духоўныя. Старшыня Сінадальнага аддзела па супрацоўніцтве са свецкімі ўстановамі адукацыі падчас свайго візіту ў самы буйны навукова-адукацыйны цэнтр рэгіёна падкрэсліў, што яму, ураджэнцу Гомельшчыны, асабліва прыемна праводзіць падобную сустрэчу на роднай зямлі.

Дарэчы, у Гомельскім дзяржуніверсітэце ўжо шмат гадоў паспяхова працуе грамадская кафедра хрысціянскай культуры. Студэнты і выкладчыкі задавалі пытанні пра ролю царквы ў жыцці сучаснага грамадства, узаемаадносіны з іншымі канфесіямі, захаванне царкоўнаславянскай мовы. Да таго ж рэктар ГДУ Сяргей Хахомаў запрасіў протаіерэя ў выставачную залу, дзе размешчана духоўна-асветніцкая фотавыстава “Вочы ў вочы”.

Ірына АСТАШКЕВІЧ.
Фота аўтара.