Дыялог пакаленняў: мовай сяброўства і творчасці

- 12:49Вышэйшая школа

У сустрэчах з прадстаўнікамі маладзёжных атрадаў Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка ў рамках 54-га інтэрнацыянальнага “Зорнага паходу” прынялі ўдзел больш за 2 тысячы жыхароў Аршанскага раёна.

“Дзеці Эйнштэйна” разам з кіраўніком атрада Дзмітрыем Ігнатовічам і першым прарэктарам Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка Святланай Копцевай (у цэнтры).

Узяўшы старт ля абеліска “Мінск — горад-герой” у музейна-паркавым комплексе “Перамога”, 9 атрадаў студэнтаў агульнай колькасцю больш за 300 чалавек прайшлі маршрутамі баявой і працоўнай славы беларускага народа па гарадах і раёнах Мінскай, Віцебскай, Гродзенскай і Магілёўскай абласцей. “Зорны паход” — адна з самых яркіх традыцый вядучага педагагічнага ўніверсітэта краіны. Ён арганізуецца штогод з 1966 года і сёлета прысвечаны тром знамянальных датам: 75-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, 30-годдзю вываду савецкіх войскаў з Афганістана і 105-годдзю БДПУ.

— За час “зорных паходаў” тысячы будучых педагогаў прайшлі неацэнную па сваёй значнасці школу прафесійнага станаўлення, — расказаў кіраўнік атрада “Дзеці Эйнштэйна” намеснік дэкана па выхаваўчай рабоце фізіка-матэматычнага факультэта БДПУ Дзмітрый Ігнатовіч. — Штогод студэнты ўніверсітэта па-новаму адкрываюць для сябе нашу Беларусь. Мы наведваем гістарычныя мясціны, аддаём даніну памяці загінуўшым падчас Вялікай Айчыннай вайны, сустракаемся з ветэранамі і навучэнцамі. Арганізуем сустрэчы ва ўстановах адукацыі і стараемся данесці да маладога пакалення, што ні ў якім разе нельга забываць урокі мінулай вайны: занадта дорага дасталася нашым дзядам і прадзедам Вялікая Перамога, мірнае неба над Радзімай. Яшчэ адна важная мэта паходаў — прафарыентацыйная: паказваем, якія ў нас выдатныя і таленавітыя студэнты, колькі выдатных магчымасцей раскрываецца перад імі, агітуем паступаць ва ўніверсітэт.

Дружную сям’ю 54-га “Зорнага паходу” папоўнілі студэнты Еўразійскага нацыянальнага ўніверсітэта імя Льва Мікалаевіча Гумілёва (Рэспубліка Казахстан) і Бакінскага славянскага ўніверсітэта.

Асаблівае месца на карце 54-га інтэрнацыянальнага “Зорнага паходу” заняла Орша — радзіма першага Буквара, маладзёжная сталіца Рэспублікі Беларусь — 2019. Найвялікшым выпрабаваннем для Аршаншчыны і яе жыхароў стала вайна з гітлераўскімі захопнікамі.
На яе франтах Орша страціла 11 тысяч сваіх сыноў і дачок, 3 гады і 12 дзён доўжылася акупацыя, але горад жыў, змагаўся і выстаяў. За мужнасць і стойкасць сотні падпольшчыкаў і партызан былі адзначаны высокімі ўзнагародамі, звання Героя Савецкага Саюза ўдастоены 10 чалавек, а сам горад узнагароджаны ордэнам Вялікай Айчыннай вайны І ступені.

У складзе атрадаў “Зорнага паходу” ў Оршу прыбылі атрады БДПУ “Дзеці Эйнштэйна” (фізіка-матэматычны факультэт) і “Зорны фэст” (факультэт эстэтычнай адукацыі) разам з прадстаўнікамі Еўразійскага нацыянальнага ўніверсітэта імя Льва Мікалаевіча Гумілёва (Рэспубліка Казахстан) і Бакінскага славянскага ўніверсітэта. Студэнты паўдзельнічалі ў адкрыцці месячніка патрыятычнай работы, прысвечанага 75-й гадавіне вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і 30-годдзю вываду войскаў з Афганістана. Разам з кіраўнікамі і ўдзельнікамі патрыятычных аб’яднанняў “Русічы”, “Патрыёт”, “Кадэт” госці Аршаншчыны правялі мітынг і ўрачыстую цырымонію ўскладання кветак да Кургана Славы ў парку Герояў, а таксама сустрэчы з навучэнцамі ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі Оршы і Барані. Кульмінацыяй падзей стаў канцэрт у Доме культуры чыгуначнікаў, на які былі запрошаны ветэраны Вялікай Айчыннай вайны, ветэраны вайны ў Афганістане, ветэраны працы, педагагічныя работнікі і навучэнцы.

— Тры дні праляцелі як імгненне, і гэтае імгненне дазволіла нам пасябраваць, — адзначыў начальнік упраўлення па адукацыі Аршанскага райвыканкама Андрэй Загурскі, звяртаючыся да артыстаў і гледачоў. — Невыпадкова ў год 75-годдзя вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў “Зорны паход” прымае Орша. Усім нам вядома пра першы залп “Кацюшы”, які ўпершыню прагучаў на нашай зямлі, знаёма імя Героя Савецкага Саюза Канстанціна Заслонава. Асаблівыя словы падзякі хочацца сказаць ветэранам педагагічнай працы. Орша расквітнела — і гэта ў многім дзякуючы вам. Важна, што ў зале сёння прысутнічаюць падрастаючае пакаленне, педагогі і нашы ветэраны, хто многім і многа ў чым нам дапамагае і парадай, і справай. Мы ўжо абмеркавалі некалькі перспектыўных праектаў з БДПУ і, безумоўна, будзем далей працаваць разам.

Выступае народны ансамбль беларускай музыкі і песні “Ярыца”.

Пасля канцэрта атрады “Дзеці Эйнштэйна” і “Зорны фэст” наведалі з падарункамі і канцэртнай праграмай Аршанскі дом-інтэрнат для састарэлых і інвалідаў і Андрэеўскі дзіцячы дом.

— Кожную зіму пасля сесіі мы выходзім у “Зорны паход”, але так склалася, што ў Оршы пабывалі ўпершыню. Дзякуй Аршаншчыне за выдатную сустрэчу, гасціннасць, шчырасць і душэўную цеплыню. Думаю, гэта пачатак вялікага прафесійнага супрацоўніцтва, — падкрэсліла першы прарэктар БДПУ, кандыдат псіхалагічных навук, дацэнт Святлана Копцева.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.