Дыялог пакаленняў: творчасць як настройка для душы

- 13:10Культура

Амаль 170 таленавітых і крэатыўных юнакоў і дзяўчат — самадзейных выканаўцаў і ўдзельнікаў мастацкіх калектываў з устаноў прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі Віцебшчыны — сустрэліся 9 красавіка на гала-канцэрце абласнога этапу Рэспубліканскага фестывалю мастацкай творчасці навучэнцаў і студэнцкай моладзі.

Напярэдадні ў другім (занальным) этапе творчай эстафеты прынялі ўдзел 37 ліцэяў і каледжаў рэгіёна і каля 1300 навучэнцаў. Запрашэнне ў Віцебск атрымалі самыя лепшыя. Як расказала старшыня абласнога журы загадчыца кабінета метадычнага забеспячэння выхаваўчай работы Віцебскага абласнога вучэбна-метадычнага цэнтра прафесійнай адукацыі Ала Гайлава, змястоўныя канцэртныя праграмы, разнастайнасць жанраў і высокі мастацкі ўзровень выканаўчага майстэрства прадэманстравалі творчыя калектывы Віцебскага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага каледжа машынабудавання імя М.Ф.Шмырова, Полацкага дзяржаўнага хіміка-тэхналагічнага каледжа, Віцебскага дзяржаўнага політэхнічнага прафесійнага ліцэя, Полацкага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя сельскагаспадарчай вытворчасці, Аршанскага дзяржаўнага механіка-эканамічнага і Віцебскага дзяржаўнага станкаінструментальнага каледжаў.
Пазыўныя абласнога гала-канцэрта “АРТ-вакацый” упершыню прагучалі ў канцэртнай зале “Віцебск” — і трэба сказаць, што як сама праграма, так і кожнае з выступленняў былі дастойныя адной з самых прэстыжных канцэртных пляцовак краіны. Пранікнёныя лірычныя спевы, іскрамётныя танцавальныя нумары, экспрэсіўныя выступленні майстроў тэатральнага жанру, арыгінальныя дэфіле, абаяльныя, знаходлівыя і дасціпныя канферансье — ніводны з гледачоў, каму пашчасціла стаць сведкам гэтай фантастычнай феерыі, не застаўся раўнадушным. Але ці не больш перажывалі самі артысты і іх педагогі. Праўда, пабачыць гэта можна было толькі за кулісамі: на сцэне маладыя людзі трымаліся, без перабольшання, прафесійна.
— Для мяне гэтае выступленне асабіста важнае, — раскрыў сакрэт творчага нумара навучэнец Полацкага каледжа ўстановы адукацыі “ВДУ імя П.М.Машэрава” Аляксандр Скрыпко. — Песню, якую зараз спяваў, я запісаў у сваёй бабулі. Калісьці яна таксама выступала з фальклорнымі песнямі, у тым ліку і ў Маскве. На жаль, Лідзіі Сцяпанаўны ўжо няма з намі… Тым больш адказным быў выхад на сцэну, я адчуваў сябе прадстаўніком каледжа і разам з тым маёй сям’і, дынастыі, некалькіх пакаленняў!
— Як не хвалявацца — гэта ж наш першы вялікі конкурс, першая сур’ёзная перамога і першае выступленне на канцэртнай пляцоўцы такога ўзроўню, — падзялілася ўражаннямі кіраўнік жаночай групы эстраднай песні “Стыль” пад кіраўніцтвам Віцебскага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага каледжа машынабудавання імя М.Ф.Шмырова Наталля Мядзведзева. — Група была створана ў 2014 годзе. У рэпертуары ў асноўным эстрадныя песні з элементамі тэатралізацыі і эстраднага танца. Высокая ацэнка нашай творчасці літаральна акрыліла дзяўчат. Упэўнена, што яна стане і моцным імпульсам для далейшага развіцця калектыву.
— На маю думку, вельмі каштоўнае ў гэтым праекце тое, што сёння ён дае магчымасць праявіць сябе на сцэне будучым выхавальнікам устаноў дашкольнай адукацыі і настаўнікам малодшых класаў. Навучэнцы музіцыравалі і атрымлівалі задавальненне — гэта найлепшы з магчымых прыклад для тых дзетак, з якімі яны будуць працаваць, каласальны вопыт, настройка душы, — лічыць кіраўнік аркестра Полацкага каледжа ўстановы адукацыі “ВДУ імя П.М.Машэрава” Віктар Ушак. — Мэта нашага калектыву — адраджэнне лепшых традыцый мастацкай творчасці на аматарскім узроўні, але з максімальнай якасцю. Працуем у музычна-эстрадным жанры, спалучаючы класічную школу з эстраднай. Часам у адной кампазіцыі гучаць, здавалася б, несумяшчальныя інструменты, напрыклад, скрыпка разам з сола-гітарай. На мой погляд, гэта надае экспрэсіўнасці, выразнасці выступленню, а значыць, і задавальнення гледачам.
— Хвалююча знаходзіцца на гэтай сцэне сярод такой прыгажосці, — вітаючы ўдзельнікаў гала-канцэрта, прызнаўся начальнік аддзела выхаваўчай работы ўпраўлення адукацыі Віцебскага аблвыканкама Валерый Кунашка. — Вы ўжо не толькі адбыліся як навучэнцы, якія паспяхова атрымліваюць прафесію, але змаглі ярка праявіць сябе ў творчасці. Шчыра жадаю, каб гэтыя два напрамкі гарманічна спалучаліся і ў далейшым вашым жыцці.
Поспехам віцебскай творчай каманды навучэнцаў, педагогаў, кіраўнікоў устаноў адукацыі назвала гала-канцэрт начальнік аддзела сацыякультурных праектаў і маладзёжных ініцыятыў установы адукацыі “Нацыянальны цэнтр мастацкай творчасці дзяцей і моладзі” Алена Лаўрыновіч:
— Дэвіз “АРТ-вакацый-2015” “Моладзь і час: подзвіг у імя будучыні”. Такі дыялог у Віцебску, несумненна, адбыўся. Убачаная намі праграма — яскравы прыклад таго, як беражліва наша моладзь можа захоўваць і памнажаць творчую спадчыну продкаў. У выдатным стане захаванасць традыцыйных напрамкаў мастацкай творчасці, і гэта не проста музеефікацыя, а развіццё. Тыя творы, якія сёння гучалі, былі і будуць актуальныя заўсёды — і сорак гадоў назад, і цяпер, і праз гады. Таму што час ідзе, але ключавыя агульначалавечыя каштоўнасці зразумелыя любому пакаленню. У дачыненні да Віцебшчыны не магу не адзначыць інструментальны жанр. Я заўсёды здзіўляюся таму, як плённа і непаўторна развіваюцца сучасныя напрамкі ў маладзёжным асяроддзі, настолькі цікавыя атрымліваюцца выступленні і ў харэаграфіі, і ў вакале. Падобныя нечаканыя і надзвычай удалыя спалучэнні маладзёжнай субкультуры ў выхаваўчым працэсе — паказчык вельмі высокага прафесійнага майстэрства педагогаў.
Разам з юнымі артыстамі парадавалі дастойнымі вынікамі і ўдзельнікі рэспубліканскіх конкурсаў лічбавай творчасці “АРТ-партал”, інфармацыйна-метадычных распрацовак культурна-забаўляльных мерапрыемстваў “Крэон”, інтэрактыўнага праекта “Рэцытацыя”. Лепшыя работы прадстаўлены да ўдзелу ў заключным рэспубліканскім этапе конкурсу.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.