ЕС аднаўляе дыялог з Беларуссю ў сферы гандлю, паведаміла кіраўнік прадстаўніцтва ЕС у Беларусі Андрэа Віктарын.
“Я рада, што мы цяпер знаходзімся тут і пачынаем новы фармат нашых дыялогаў — у сферы гандлю. Гэта вельмі важны крок. На працягу апошніх месяцаў нашы адносіны ў цэлым значна палепшыліся. Тое, што мы пачынаем дыялог у сферы гандлю, які з’яўляецца адным з шэрага галіновых дыялогаў, — гэта вельмі важны крок наперад”, — сказала Андрэа Віктарын.
Першы намеснік міністра замежных спраў Андрэй Еўдачэнка, у сваю чаргу, адзначыў, што паміж Беларуссю і ЕС ужо існуе дыялог па эканоміцы і фінансах, экалогіі, аднавіўся дыялог па правах чалавека. Таксама прынята рашэнне аднавіць дыялогі па энергетыцы, мытным супрацоўніцтве.
Дамоўленасць аб дыялогу па гандлі была дасягнута ў красавіку 2016 года ў час першага пасяджэння каардынацыйнага савета Беларусі і ЕС. “Я вельмі рады, што мы разам з еўрапейскімі партнёрамі стрымалі слова і пачалі такі важны фармат нашага супрацоўніцтва”, — сказаў Андрэй Еўдачэнка. Ён дадаў, што дыялог накіраваны на тое, каб зняць узаемныя праблемы і выбудаваць якасна новы ўзровень гандлёвых адносін, зразумелых, празрыстых і вельмі важных для бізнесу.
13—14 кастрычніка ў Мінску прайшоў першы раўнд гандлёвага дыялогу паміж Міністэрствам замежных спраў Беларусі і генеральным дырэктаратам Еўрапейскай камісіі па гандлі.