Дыялог ва ўніверсітэце

Сустрэчу з прафесарска-выкладчыцкім складам і студэнцкім актывам устаноў вышэйшай адукацыі рэгіёна надоечы правёў старшыня Магілёўскага аблвыканкама Леанід Заяц. Удзел у мерапрыемстве прымалі таксама намеснік старшыні аблвыканкама Валерый Малашка, старшыня Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы Палаты прадстаўнікоў Ігар Марзалюк, прарэктар па вучэбнай рабоце Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.А.Куляшова член Савета Рэспублікі Алег Дзячэнка.

Кіраўнік вобласці падрабязна расказаў выкладчыкам і студэнтам аб выніках 2020 года, яго складанасцях і дасягненнях. Леанід Заяц агучыў і планы на будучы год. Працягнецца развіццё эканомікі, прамысловасці, сельскай гаспадаркі. Многае плануецца зрабіць у сацыяльнай сферы. Будуць будавацца басейны і стадыёны, удасканальвацца ўстановы аховы здароўя, адукацыі. У Бабруйску і Асіповічах неўзабаве адкрыюцца новыя агульнаадукацыйныя школы.

Падчас размовы ў кожнага з прысутных была магчымасць задаць старшыні аблвыканкама свае пытанні, выказацца наконт хвалюючых праблем.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота Галіны ГАЎРЫЛОВІЧ.