Дыялог з будучымі ўрачамі

- 10:49Навіны рэгіёнаў

Пра барацьбу з распаўсюджваннем каранавіруснай інфекцыі, будаўніцтва новых прамысловых і сацыяльных аб’ектаў, стварэнне сквера студэнтаў-медыкаў ішла гаворка на сустрэчы старшыні Гомельскага аблвыканкама Генадзя Салаўя з прафесарска-выкладчыцкім складам і студэнтамі Гомельскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта.

Перад сустрэчай губернатар азнаёміўся з лабараторыяй, дзе вядзецца работа па актуальных медыка-біялагічных праблемах. Таксама тут ёсць абсталяванне, манекены, медыцынскія вырабы, якія дазваляюць студэнтам ужо з першых курсаў набываць навыкі дзеянняў і маніпуляцый ва ўмовах, максімальна набліжаных да рэальных.

Менавіта ў гэтай лабараторыі з выкарыстаннем сімуляцыйных тэхналогій студэнты трэніруюць свае ўменні. Вучэбна-трэніровачны цэнтр складаецца з модуляў па хірургіі, акушэрстве і гінекалогіі, анестэзіялогіі і рэаніматалогіі і інш. Практыкавацца тут студэнты пачынаюць ужо з першага курса. Вучацца спыняць крывацёк, накладваць павязку, транспартаваць пацярпелага. 

Для рэалістычнага навучання правілам аказання першай дапамогі выкарыстоўваецца спецыяльны манекен, вага і рост якога набліжаны да паказчыкаў дарослага чалавека. Манекен цалкам рухомы ў суставах, гэта дазваляе надаваць яму розныя паставы ў залежнасці ад умоў. 

Таксама губернатару прадэманстравалі памяшканне, у якім студэнтаў вучаць рабоце з пацыентамі, заражанымі каранавіруснай інфекцыяй. Генадзь Міхайлавіч адзначыў, што далёка не кожны можа вытрымаць шасцігадзінную работу ў спецыяльнай вопратцы. Кіраўніку Гомельшчыны прадставілі выставу дасягненняў універсітэта. Распрацоўкі тычацца самых розных галін медыцыны: кардыялогіі, афтальмалогіі, траўматалогіі і інш. 

На сустрэчы Генадзь Салавей падзякаваў і студэнтам, і выкладчыкам УВА за тое, што яны актыўна ўключыліся ў барацьбу з каранавірусам, за стварэнне мабільных добраахвотніцкіх атрадаў, якія працуюць у тым ліку і ў чырвоных зонах. У працяг тэмы COVID-19 прагучала пытанне з залы пра ацэнку ўзроўню аказання меддапамогі хворым з каранавіруснай інфекцыяй. Генадзь Салавей адзначыў, што на пачатку пандэміі былі пэўныя пытанні, аднак іх атрымалася вырашыць. Работу медработнікаў старшыня аблвыканкама ацаніў станоўча.

— Урачы першымі сутыкнуліся з праблемай COVID-19, узяўшы ўдар на сябе. І не спасавалі. Здароўе людзей — прыярытэтны кірунак дзяржаўнай палітыкі. За апошнія два гады ў развіццё сферы аховы здароўя нашага рэгіёна ўкладзена нямала сродкаў. 

У дыялогу са старшынёй аблвыканкама студэнты ўзнімалі і іншыя тэмы. Напрыклад, прапанавалі назваць зялёную зону перад універсітэтам скверам Студэнтаў-медыкаў — як знак падтрымкі медыцынскай грамадскасці. 

— Калі ёсць такое жаданне, мы падтрымаем. Напрыклад, ёсць тэматычная пляцоўка, якая створана студэнтамі перад БелДУТам. Таму вашу ініцыятыву таксама гатовы разгледзець.

Прагучала на сустрэчы пытанне пра тое, ці ёсць і ці могуць быць перададзены ўніверсітэту дадатковыя памяшканні для заняткаў спортам. Гэтую тэму прапрацуюць з буйным гомельскім прадпрыемствам, у якога ёсць спартыўная база са стадыёнам, басейнам, іншымі пляцоўкамі, разгледзяць на перспектыву і іншыя варыянты. Рэктар Гомельскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта Ігар Стома падкрэсліў, што падтрымка УВА на ўзроўні аблвыканкама дазваляе вырашаць стратэгічныя пытанні развіцця. 

— Сярод тэм, якія абмяркоўваліся, — пытанні матэрыяльна-тэхнічнай базы, закупкі неабходнага абсталявання для падрыхтоўкі студэнтаў, большага ўцягвання іх у клінічны працэс. У перспектыве варта абмяркоўваць і новыя карпусы, таму што мы расцём, колькасць студэнтаў павялічваецца, у тым ліку і замежных.

Генадзь Салавей выканаў прыемную місію — уручыў лепшым студэнтам пасведчанні спецыяльнага фонду Прэзідэнта Беларусі па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў аб прызначэнні стыпендый. Дарэчы, сёлета гомельскае УВА стала адным з лідараў у краіне ў конкурсе студэнцкіх навуковых работ.

Ірына АСТАШКЕВІЧ.