Па выніках заключнага этапу ІХ Рэспубліканскага конкурсу “Камп’ютар. Адукацыя. Інтэрнэт” дыпломам ІІІ ступені быў адзначаны электронны рэсурс “Сацыяльна-побытавая арыенціроўка-10”настаўніка-дэфектолага свіслацкай сярэдняй школы № 3 Гродзенскай вобласці Г.Ф.Рабчук. Педагог выкарыстоўвае сваю распрацоўку пры навучанні дзяцей, якія займаюцца ў інтэграваных класах па праграме першага аддзялення дапаможнай школы. Асноўная мэта Ганны Францаўны — падрыхтаваць сваіх навучэнцаў да будучага самастойнага жыцця, каб яны назапасілі аб’ём пэўных ведаў і практычных уменняў, якія дазволяць ім арыентавацца ў навакольным асяроддзі, самастойна арганізоўваць свой побыт.
Жыццёвая неабходнасць
На базе сярэдняй школы № 3 Свіслачы ў 2012 годзе была створана інавацыйная пляцоўка па фарміраванні камунікатыўнай культуры навучэнцаў у кантэксце беларускай ментальнасці. Адным з асноўных кірункаў інавацыйнай работы стала дзейнасць па сацыялізацыі навучэнцаў з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. Настаўнік-дэфектолаг установы Ганна Францаўна Рабчук прыступіла да распрацоўкі новай для сябе тэмы — павышэння сацыяльнай кампетэнцыі навучэнцаў з інтэлектуальнай недастатковасцю на ўроках сацыяльна-побытавай арыенціроўкі.
— Мой агульны педагагічны стаж — 28 гадоў, — адзначае Ганна Францаўна. — Шмат гадоў я працавала настаўніцай пачатковых класаў і ўжо на працягу дзесяці гадоў вучу дзяцей з АПФР, якія займаюцца ў інтэграваных класах нашай школы. Праводжу для іх карэкцыйныя заняткі, а таксама ўрокі матэматыкі, мовы і літаратурнага чытання. Выкладаю прадметы “Чалавек і свет” і “Сацыяльна-побытавая арыенціроўка” (з 1 па 10 клас). З некаторымі дзецьмі займаюся дома. Для больш эфектыўнай работы з навучэнцамі 10 класа першага аддзялення дапаможнай школы пры асваенні курса “Сацыяльна-побытавая арыенціроўка” стварыла электронны дапаможнік. Работа над ім заняла тры гады. У аснову дапаможніка былі пакладзены мае ўласныя распрацоўкі па прадмеце — тэарэтычны матэрыял і 90 рознаўзроўневых інтэрактыўных заданняў для замацавання вывучанага матэрыялу. Гэты рэсурс могуць выкарыстоўваць настаўнікі-дэфектолагі для індывідуальных карэкцыйных заняткаў, на ўроках па вучэбным прадмеце СПА, а таксама бацькі ў дамашніх умовах.
Гартаючы электронныя старонкі дапаможніка заўважаеш, што ў ім выдзелена 8 асноўных раздзелаў (модуляў). Іх колькасць адпавядае колькасці раздзелаў вучэбнай праграмы прадмета СПА для навучэнцаў 10 класа: тут і “Асабістая гігіена”, “Мой дом”, “Харчаванне”, “Адзенне і абутак”, “Прадпрыемствы. Установы”, “Сям’я”, “Медыцынская дапамога”, “Працаўладкаванне”.
Дзецям, якія маюць пэўныя асаблівасці ў развіцці, у тым ліку інтэлектуальную недастатковасць, вельмі цяжка даецца тое, што звычайныя людзі робяць з лёгкасцю, нават не задумваючыся. Такія дзеці не заўсёды могуць наладзіць пазітыўныя ўзаемаадносіны з іншым, часта не ўмеюць арганізаваць свой побыт, не імкнуцца прытрымлівацца правіл асабістай гігіены. Навучыць дзяцей з асаблівасцямі азам суіснавання ў грамадстве — асноўная задача дарослых, якія знаходзяцца побач з дзецьмі. Для дзяцей жа авалоданне адпаведнымі навыкамі — жыццёвая неабходнасць, якая дазволіць ім у будучым не залежаць ад апекі іншых людзей.
Электронны дапаможнік, распрацаваны Ганнай Францаўнай, дазволіць навучэнцам набыць самыя разнастайныя навыкі (напрыклад, карыстацца касметычнымі сродкамі). Дзяўчынак ён навучыць правільна прымяняць дэкаратыўную касметыку. У адным з падраздзелаў дапаможніка выкладзены пытанні аб уплыве наркотыкаў і таксічных сродкаў на арганізм чалавека. Будучых гаспадароў і гаспадынь зацікавіць, канечне ж, інфармацыя аб стварэнні камфорту ў сваёй кватэры ці доме і аб рацыянальным размяшчэнні мэблі ў іх. Дзеці навучацца таксама асновам касметычнага рамонту памяшканняў, атрымаюць уяўленне і аб тым, як зрабіць капітальны рамонт. Дзяўчынкам карысна будзе даведацца, як гатаваць розныя стравы і складаць меню, як сервіраваць святочны стол і прымаць гасцей. Вялікая ўвага ўдзелена ў дапаможніку правілам тэхнікі бяспекі пры карыстанні мікрахвалевай печкай і духоўкай, а таксама спосабам прыгатавання страў у іх.
“Грошы” і смайлікі за правільныя адказы
Каб прадмет “Сацыяльна-побытавая арыенціроўка” быў цікавы дзецям, настаўніца прапаноўвае шмат гульняў, як сюжэтна-ролевых, так і дыдактычных, а таксама займальныя заданні — на складанне слоў з літар, складаных і простых сказаў па тэме, загадкі (у вершаванай форме), задачы і крыжаванкі, а таксама заданні на пошук лішніх слоў у сказах. Нават тэставыя заданні прадстаўлены ў выглядзе гульняў і спаборніцтваў (“Хто хоча стаць мільянерам?”, “Скачкі на конях”, “Свая гульня”). Сярод любімых практыкаванняў — мадэляванне рэальных сітуацый. Напрыклад, трэба прыдумаць і сыграць правілы паводзін у прадуктовым магазіне ў залежнасці ад прапанаваных умоў. Вось адна з такіх сітуацый: стаўшы ў чаргу да касы, вы раптам успомнілі, што не ўзялі малако і вярнуліся. За гэты час чарга ў касу прайшла. Якімі павінны быць вашы дзеянні? Ці падыдзеце вы да касы без чаргі? Вось яшчэ сітуацыя, з якой сутыкаліся бадай што ўсе маці: дзіця выбрала ў магазіне марожанае і хоча зараз жа, да таго як вы аплацілі ў касе, пачаць есці яго. Навучэнцы павінны змадэляваць сітуацыю і адказаць, ці можна так рабіць?
Некаторыя заданні Ганны Францаўны можна знайсці ў інтэрнэт-партале LearningApps.org, іх навучэнцы могуць выконваць толькі на камп’ютары, з якога ёсць выхад у інтэрнэт. Напрыклад, заданне “Дапоўні сказ”. Педагог пачынае сказ, а навучэнцы яго працягваюць. Прычым першы сказ павінен быць простым з аднароднымі членамі і без злучнікаў. Навучэнцы занатоўваюць: “Мама купіла ў малочным магазіне …, …, … ”. Другі сказ можа быць простым з аднароднымі членамі і са злучнікам. “Лена купіла ў магазіне кнігі … і … ”. Трэці і чацвёрты сказы павінны быць складанымі без злучніка і са злучнікам. “Тата купіў у магазіне будматэрыялы …, …, …, але ён забыў купіць …, …”. “Я купіў у хлебным магазіне …, …, а бабуля купіла агародніну …, …, …”. Апошні сказ дзеці запісваюць у сшытак.
Усе восем раздзелаў дапаможніка складаюцца з тэарэтычных і тэматычных заданняў і выніковага задання да кожнага раздзела. Дзявяты раздзел змяшчае пытанні і заданні для абагульнення таго, што вывучана за ўвесь год. Навучэнцу прапаноўваецца адказаць на шэсць пытанняў і выбраць з чатырох адказаў правільны. Пры гэтым настаўніца стымулюе дзяцей, за правільныя адказы дае ім “грошы”: пасля кожнага правільнага адказу на экране камп’ютара з’яўляецца папяровы прамавугольнік з лічбамі — “грашыма”, колькасць якіх павялічваецца, калі яны даюць правільныя адказы (500 — 1000 — 5000 — 50 000 — 250 000 — 1 000 000). Пры правільным адказе на ўсе пытанні навучэнец можа “зарабіць” каля 1 000 000 рублёў. Поспехі дзяцей пацвярджаюць смайлікі і тэкст-пахвалы. Калі ж дзіця адказвае няправільна, камп’ютар прапаноўвае яму гульню яшчэ раз, але пры гэтым яна пачынаецца спачатку.
— Сістэма ацэнкі вынікаў выканання заданняў павінна быць псіхалагічна камфортнай для навучэнцаў з АПФР, — гаворыць Ганна Францаўна. — Калі дзіця правільна выконвае заданне, яно ў вялікай ступені заахвочваецца камп’ютарам. Калі адказ няправільны, на маніторы з’яўляецца эмацыянальна нейтральны смайлік жоўтага колеру або гучыць фраза “Няправільна, паспрабуй яшчэ раз”, і заданне прапануецца паўторна.
Усе заданні электроннага рэсурсу “СПА-10” можна выконваць не толькі на камп’ютары, але і з выкарыстаннем інтэрактыўнай дошкі, а таксама на планшэце і смартфоне. Гэта вельмі важна для навучэнцаў з АПФР. З-за свайго дэфекту некаторыя дзеці могуць увогуле не авалодаць элементарнымі маніпуляцыямі з камп’ютарнай мышкай. Але ў іх таксама павінна быць магчымасць уключыцца ў працэс навучання. Пры дапамозе інтэрактыўнай дошкі можна ўказваць на аб’екты і перасоўваць іх рукой або ўказкай.
Міласэрны пасрэднік
— Лічу, што камп’ютар з’яўляецца для маіх навучэнцаў незаменным сродкам навучання. Асабліва для тых дзяцей, якія вымушаны сядзець дома (дзеці з парушэннямі апорна-рухальнага апарату), — гаворыць настаўніца. — Назіраючы за навучэнцамі, заўважыла, што ім больш падабаюцца камп’ютарныя заняткі, чым традыцыйныя. Часта дзецям бывае прасцей наладзіць кантакт менавіта з камп’ютарам, чым з рэальнымі людзьмі. Камп’ютар міласэрны, ён дае ім права на памылку. Чым больш навучэнцы займаюцца па электронным дапаможніку, тым лягчэй ім выконваць заданні, павышаецца і якасць засваення ведаў. Калі дзеці адпрацуюць пэўнае заданне на камп’ютары (індывідуальна або ў падгрупе), ім пасля прасцей прымяняць атрыманыя веды на практыцы, у рэальным жыцці, напрыклад, пры наведванні розных сацыяльна значных аб’ектаў, у зносінах з людзьмі.
Камп’ютар у працэсе навучання дзяцей з АПФР патрэбны і мне. Ён дазваляе індывідуалізаваць аб’ём інфармацыі для кожнага, зрабіць больш лёгкімі заданні, калі гэта трэба, рэгуляваць тэмп падачы матэрыялу. У мяне ёсць магчымасць працаваць з мультымедыйнымі дапаможнікамі, ствараць камп’ютарныя прэзентацыі, наладжваць кантроль за ведамі дзяцей, а пры падрыхтоўцы да ўрока шукаць у інтэрнэце дадатковую інфармацыю.
Але пры ўсіх плюсах камп’ютарнага навучання традыцыйныя падыходы да выкладання ўсё ж неацэнныя. Для правільнага ўспрымання інфармацыі жывое маўленне настаўніка мае вялікае значэнне. Ды і заняткі навучэнцаў з АПФР за камп’ютарам, як правіла, праходзяць пры непасрэдным удзеле педагога, які ўдакладняе ў дзяцей, ці зразумелі яны заданне, і аказвае дапамогу ў яго выкананні.
Надзея ЦЕРАХАВА.