Як падтрымаць бацькоў і знайсці кампраміс з дзецьмі?
Тры гады назад у Інстытуце псіхалогіі БДПУ імя Максіма Танка пры ўдзеле італьянскай гуманітарнай асацыяцыі PUER быў адкрыты Цэнтр псіхалагічнай дапамогі замяшчальным сем’ям “Твая сям’я”. Ідэя стварэння цэнтра заключалася ў тым, што і супрацоўнікі інстытута, і валанцёры-студэнты будуць актыўна дапамагаць замяшчальным сем’ям, як бацькам, так і дзецям, знаходзіць той псіхалагічны баланс, які неабходны для падтрымкі здаровай атмасферы ўнутры сям’і.
Кансультацыя па скайпе для рэгіёнаў
Адаптацыя ў замяшчальных, прыёмных сем’ях як у дзяцей, так і ў бацькоў часта праходзіць вельмі цяжка, але расказаць аб сваіх праблемах, каб знайсці аптымальны выхад, часам няма каму. Менавіта для таго, каб дапамагчы замяшчальным і прыёмным сем’ям справіцца са шматлікімі псіхалагічнымі праблемамі, быў створаны цэнтр “Твая сям’я”. Кансультатыўная дапамога з’яўляецца адным з самых важных кірункаў дзейнасці цэнтра. Прычым аказанне псіхалагічнага кансультавання пры неабходнасці можа праходзіць і па скайпе, асабліва з сем’ямі, якія жывуць у рэгіёнах. Каардынуюць работу з сем’ямі старшыня савета Цэнтра псіхалагічнай дапамогі, доктар псіхалагічных навук, прафесар кафедры сацыяльнай і сямейнай псіхалогіі Інстытута псіхалогіі БДПУ імя Максіма Танка Леанід Абрамавіч Пяргаменшчык і кандыдат псіхалагічных навук, загадчык лабараторыі клінічнай псіхалогіі і псіхалагічнага кансультавання, дацэнт кафедры клінічнай і кансультатыўнай псіхалогіі Ірына Аляксееўна Громава.
“Асноўнымі кірункамі дзейнасці цэнтра з’яўляюцца псіхалагічная прафілактыка, дыягнастычная дзейнасць, а таксама псіхалагічнае кансультаванне, — расказвае Ірына Громава. — Валанцёрская дзейнасць цэнтра, у якую ўключаны нашы студэнты, накіравана непасрэдна на аказанне псіхалагічнай падтрымкі замяшчальным сем’ям і сем’ям усынавіцеляў, а таксама дае магчымасць развіваць прафесійную матывацыю і кампетэнтнасць. Таксама цэнтр з’яўляецца базай для рэалізацыі навукова-даследчых работ па праблемах замяшчальных сем’яў”.
У вырашэнні праблем, з якімі сутыкаюцца сем’і, прымаюць удзел валанцёры старшых курсаў сумесна з псіхолага-педагагічнай службай Інстытута псіхалогіі. Асноўнай базай для рэалізацыі ўсіх кірункаў дзейнасці валанцёраў з’яўляюцца SOS-вёскі, дзіцячыя дамы сямейнага тыпу, а таксама сем’і ўсынавіцеляў. Студэнтам, якія займаюцца валанцёрскай дзейнасцю, даецца магчымасць прымяніць тэарэтычныя веды на практыцы і, дзякуючы гэтаму, ста ць прафесіяналамі яшчэ да моманту атрымання дыплома. Як пацвердзіў прафесар Леанід Пяргаменшчык, такія студэнты ў цэнтры ёсць. Гэта магістрантка Інстытута псіхалогіі БДПУ імя Максіма Танка Аляксандра Малінок і студэнт 5 курса гэтай жа ўстановы Аляксандр Квасаў.
“Наша практычная дзейнасць ажыццяўляецца на аснове сацыяльных запытаў, якія паступаюць у цэнтр як ад сем’яў, так і спецыялістаў, што працуюць у гэтым кірунку, — тлумачыць прафесар Леанід Пяргаменшчык. — Для таго, каб наладзіць сувязь з сем’ямі і каб яны адчувалі, што псіхалагічна іх ёсць каму абараніць і падтрымаць, у цэнтры праводзіцца індывідуальная і групавая работа з бацькамі і дзецьмі па вырашэнні актуальных псіхалагічных пытанняў. Акрамя гэтага, у нашым спецыялізаваным выданні “Дыялог. Псіхалагічны і сацыяльна-педагагічны часопіс” вядзецца рубрыка “Замяшчальныя сем’і”.
Леанід Пяргаменшчык адзначыў, што ў будучых псіхолагаў раскрываецца пачуццё суперажывання, фарміруецца асоба прафесіянала. “Без прыняцця чужога болю псіхолаг не можа быць адказным за сваю прафесійную дзейнасць, — упэўнены Леанід Абрамавіч. — Ні на якіх лекцыях, семінарскіх і лабараторных занятках мы не зможам стварыць сувязь паміж псіхолагам-прафесіяналам і тым чалавекам, якому патрэбна дапамога. Студэнты, якія трэці год з’яўляюцца “членамі замяшчальных сем’яў”, — гэта ўжо зусім іншыя псіхолагі. Яны не адмовяць чалавеку ў дапамозе. Яны не будуць гаварыць таму, каму балюча, “не хвалюйся”, таму што ведаюць, якой павінна быць якасная і своечасовая дапамога”.
Шчасце кожнай сям’і — шчасце чалавецтва
Праект “Твая сям’я” ў краіне не мае аналагаў і быў прызнаны ўнікальным падчас правядзення Міжнароднага форуму валанцёрскіх ініцыятыў “Сямейны ачаг”, які адбыўся сёлета ў Таджыкістане. Удзел у фестывалі прынялі 8 краін СНД. Беларусь на форуме прадстаўляла магістрантка Інстытута псіхалогіі БДПУ імя Максіма Танка Аляксандра Малінок.
“Міжнародны форум праходзіў пад лозунгам “Шчасце кожнай сям’і — шчасце чалавецтва” і быў прысвечаны захаванню сямейных каштоўнасцей, — расказала Аляксандра. — Акрамя гэтага, удзельнікі фестывалю мелі магчымасць абмяняцца вопытам валанцёрскай дзейнасці і абмеркаваць ідэі развіцця валанцёрскага руху і маладзёжных ініцыятыў у краінах СНД. Усе ўдзельнікі расказалі пра валанцёрскі рух, які накіраваны на аказанне псіхалагічнай дапамогі і падтрымкі сем’ям, абмеркавалі пытанні папулярызацыі добраахвотнага руху як сродку фарміравання актыўнай грамадзянскай пазіцыі маладога пакалення. Мне было вельмі цікава паслухаць, на чым заснавана дзейнасць калег, якія метады ў рабоце з сем’ямі яны прымяняюць.
Сёлетняя праграма форуму прадугледжвала наведванне дзіцячых дамоў і інтэрнатаў у Душанбэ. Прыемна, што прадстаўнікам і нашай дэлегацыі даручылі цікавую ролю — правесці гульнявыя заняткі з выхаванцамі аднаго з дзіцячых дамоў. Пасля заняткаў дзецям падарылі спартыўны інвентар. Хлопчыкам і дзяўчынкам вельмі спадабаліся новыя гульні і цёплыя зносіны з валанцёрамі форуму. У адказ за праяўленую ўвагу і клопат выхаванцы дзіцячага дома расказалі нам вершы і праспявалі дзіцячыя песні. Гэта было вельмі прыемна! Дагэтуль згадваю той дзень і разумею, што дапамога дзецям — гэта вельмі важная і неабходная работа. І адносіцца да гэтага трэба не проста як да абавязку. Гэтым трэба жыць”.
Як расказала Аляксандра, у рамках форуму быў арганізаваны кірмаш метадаў, дзе прадстаўнікі дэлегацый абмеркавалі асноўныя спосабы работы, якія выкарыстоўваюцца імі падчас валанцёрскай працы з бацькамі і дзецьмі з сем’яў розных катэгорый (замяшчальныя сем’і, асаблівыя сем’і, няпоўныя, а таксама праблемныя сем’і і г.д.). Кожная дэлегацыя падзялілася сваімі метадамі працы. Беларуская каманда прадставіла два найбольш цікавыя напрамкі работы — форум-тэатр і метад “лячэбнай магіі” як сродак развіцця дзіцячай маторыкі, мыслення і ўвагі.
“Падчас фестывалю мы прынялі ўд зел у рабоце секцый, дзе абмяркоўваліся важныя пытанні, — працягвае дзяліцца ўражаннямі і вопытам малады псіхолаг. — “Здаровы лад жыцця”, “Добраахвотніцкія ініцыятывы ў розных сферах па падтрымцы “ўразлівых” сем’яў”, “Валанцёрства і развіццё сям’і”, “Сацыяльныя праекты і валанцёры” — гэтыя тэмы выклікалі цікавасць і сталі пляцоўкай для развіцця новых сувязей і сумесных праектаў”.
Сяброўства, якое пачалося пад сталом
Пакуль міжнародныя праекты яшчэ знаходзяцца ў распрацоўцы, “Твая сям’я” працягвае актыўна дапамагаць “сваім” сем’ям, якія жывуць у Істоках і ў SOS-вёсцы ў Бараўлянах.
“Наша супрацоўніцтва з SOS-вёскай і з Істокамі пачалося вельмі цікава, — працягвае дзяліцца Аляксандра. — Мама з замяшчальнай сям’і, дазнаўшыся пра адкрыццё нашага цэнтра, вырашыла звярнуцца да нас па дапамогу і падтрымку. Мы адразу згадзіліся. Дарэчы, большасць валанцёраў цэнтра — гэта студэнты, і ў некаторых з іх яшчэ мала вопыту аказання псіхалагічнай дапамогі. Таму з дарослымі, з бацькамі, часцей за ўсё працуюць нашы выкладчыкі. Нам жа дастаюцца дзеці, але работа ад гэтага менш цікавай не становіцца. Аказанне дапамогі замяшчальнай сям’і — гэта даволі сур’ёзная справа, якая патрабуе велізарнага вопыту і ведаў. Калі гаварыць аб праблемах, з якімі сутыкаемся, пачынаючы працаваць з дзецьмі, то гэта звычайныя “недахопы” дзяцінства: непаслушэнства, капрызнасць, агрэсія, негатывізм, саперніцтва (канкурэнцыя) паміж дзецьмі. І хаця дзеці, як многім здаецца, з’яўляюцца больш падатлівай катэгорыяй, наладзіць з імі кантакт з першага разу рэдка калі атрымліваецца. Але ёсць адно залатое правіла, якое дапамагае: паказаць, што ты свой і табе можна давяраць. Для таго, каб дзіця паверыла, трэба зрабіць так, каб яно ўсміхнулася. Калі гэта адбылося, можна пачынаць гаварыць на любую тэму. Але зноў жа падводзіць дзіця да размовы трэба акуратна.
Бываюць выпадкі, калі даводзіцца працаваць з дзецьмі, якія нядаўна засталіся без бацькоў. Такія дзеткі будуць асцярожнічаць падчас размовы і нават лішняга слова не скажуць. У дадзеным выпадку валанцёр павінен даказаць, што яму можна давяраць. Зрабіць гэта проста, калі ёсць пэўныя веды і жаданне дапамагчы. Так, неабходна пастаянна сустракацца з дзіцем, дзяліцца з ім некаторымі сваімі сакрэтамі. У такім выпадку дзіця будзе адчуваць сябе часткай чужой таямніцы і паступова пачне “ўпускаць” у сваё жыццё новага чалавека. Безумоўна, варта падмацоўваць сустрэчы любімымі гульнямі, цікавымі заняткамі, дапамагаць выконваць дамашнія заданні.
Быў у мяне ў Істоках выпадак з хлопчыкам, які ўпарта не хацеў вылазіць з-пад стала. Туды ён залазіў, калі нешта адбывалася не так, як яму хацелася. Было складана “выцягнуць” яго на размову, паколькі такія паводзіны разбуралі ўсе гульні, якія мы спрабавалі арганізаваць для астатніх дзетак. Ніякія ўгаворы не дапамагалі. І нічога не выходзіла да таго часу, пакуль я не залезла да яго пад стол і не пачала рабіць тое, што рабіў ён. У выніку хлопчык першы завязаў дыялог фразай: “Ты не так робіш”. Уважліва выслухаўшы дзіця, я паказала, што ў дадзенай сітуацыі яно галоўнае. Хлопчык расслабіўся, і зносіны з ім былі пераведзены ў неабходны кірунак. У выніку пашанцавала не проста “вызваліць” дзіця з-пад стала, але і пасябраваць”.
“Твая сям’я” дапамагае і тым бацькам, якія выхоўваюць дзетак з асаблівасцямі ў развіцці. Але з такімі сем’ямі часцей за ўсё працуюць псіхолагі з багатым вопытам, выкладчыкі Iнстытута псіхалогіі БДПУ імя Максіма Танка. Тым не менш, калі ў прыёмнай ці замяшчальнай сям’і ёсць асаблівае дзіця, валанцёры не ігнаруюць яго і па магчымасці ўключаюць у работу.
“Асаблівыя дзеці складаюць значную долю сірот, — дзеліцца валанцёр Аляксандр Квасаў. — У сусветнай практыцы адназначнага меркавання наконт зносін з такімі дзецьмі няма, але ёсць некалькі падыходаў. Я вырашыў не ставіць эксперыменты па эфектыўнасці кожнай мадэлі і выбраў тую, якая падалася найбольш правільнай. Такіх дзяцей стараўся ўключаць у работу з асноўным калектывам, каб яны адчувалі сябе яго неад’емнай часткай. Безумоўна, асаблівым дзецям патрэбна больш часу на выкананне таго ці іншага задання. Але менавіта такая калектыўная работа здольна паказаць дзіцяці, што яно такое ж, як і астатнія.
Увогуле, мне як псіхолагу цікава працаваць з дзецьмі, але час ад часу з’яўляюцца і запыты ад бацькоў. Тут таксама ўсё звязана, таму што іх хвалююць часцей за ўсё праблемы, звязаныя з дзецьмі, іх паводзінамі ці захапленнямі. Напрыклад, бацькоў хвалююць залішняя замкнёнасць і маўклівасць дзіцяці ці пагрызеныя ім пазногці. Разумееце, нікому з бацькоў не хочацца пачуць, што ён няправільна выхоўвае сваё дзіця. Хіба прыемна ўсведамляць, што ты дрэнны бацька? Але людзі павінны разумець, што ідэалаў няма i канструктыўныя заўвагі трэба ўмець выслухаць. Самымі складанымі, на мой погляд, для бацькоў з’яўляюцца першыя дні жыцця з новым дзіцем. Калі гэта падлетак, то хутчэй за ўсё ён будзе настроены да новай сям’і вельмі варожа, а малое дзіця будзе напалоханым і разгубленым. Бывае вельмі складана падабраць словы ў такой сітуацыі. Але бацькам не варта палохацца. Яны павінны ведаць, што побач заўжды ёсць тыя, хто можа дапамагчы”.
***
Для таго, каб паказаць усыноўленым дзецям, як многа такіх, як яны, а бацькам — наладзіць адносіны з дзецьмі і паказаць на чужым прыкладзе, што яны не адзінокія ў сваіх праблемах, у краіне з 1 па 3 ліпеня пройдзе другі па ліку фестываль сем’яў-усынавіцеляў “Твая сям’я”.
На сёння ў краіне налічваецца 17,7 тысячы дзяцей-сірот, а колькасць сем’яў-усынавіцеляў — каля 6 тысяч. Гэта не вельмі многа, а значыць, праблемы такіх сем’яў амаль не заўважныя. Да таго ж такія сем’і з’яўляюцца асобнай катэгорыяй, якая імкнецца захаваць сямейную тайну ўсынаўлення дзіцяці, таму і спрабуюць пераадолець усе цяжкасці самастойна, што само па сабе няправільна. Перажыванні, унутранае напружанне могуць стаць прычынай распаду сям’і і прывесці дзяцей, якія ўжо аднойчы атрымалі псіхалагічную траўму падчас расставання са сваімі біялагічнымі бацькамі, да новага ўнутранага дысбалансу. Фестываль усынавіцеляў дазваляе не толькі атрымаць дапамогу, але і шмат чаму навучыцца. Такі фестываль — гэта яшчэ адна прыступка ў развіцці гарманічнага ўсынаўлення ў нашай краіне. “Твая сям’я” з’яўляецца доказам таго, што нават калі ўсынавіцелі сутыкаюцца з праблемамі, яны могуць звярнуцца па дапамогу да спецыялістаў, якія паспрабуюць ім дапамагчы, а таксама да аднадумцаў, якія здольны падтрымаць у цяжкія моманты.
Наталля ДУБІК.