Дзе годнасць, там смеласць і гонар

- 14:54Культура, Рознае
Беручы інтэрв’ю ў вядомага мастака-плакатыста Уладзіміра Крукоўскага восенню 2012 года з нагоды адкрыцця маштабнай выставы яго плакатаў у Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь, я, вядома ж, зусім не думаў, што ўжо менш, чым праз паўтара года, буду мець з ім новую гутарку ўжо з зусім іншай нагоды. Аднак жа адбылося менавіта так, бо творчыя таленавітыя людзі, як правіла, не любяць сядзець на месцы, а любяць “падкідаць” журналістам цікавыя неардынарныя тэмы. На гэты раз прычынай майго візіту ў майстэрню Уладзіміра Якаўлевіча стаў нядаўні выхад яго кнігі “Смеласць. Годнасць. Гонар. З гісторыі беларускіх прыватных гербаў” — адмысловага працягу папярэдняга выдання аўтара “Срэбная страла ў чырвоным полі” (2010 год). Пра тое, як ствараліся гэтыя кнігі, пра адметнасці новага выдання, асаблівасці беларускай прыватнай геральдыкі і пра яшчэ сёе-тое іншае — ніжэй змешчаная гутарка.

— Уладзімір Якаўлевіч, як і калі так здарылася, што вы захапіліся гэтай тэмай — беларускай прыватнай геральдыкай?
— Ну, вы ж ведаеце, што я ў першую чаргу мастак-плакатыст, а геральдыка, малюнкі гербаў — гэта ж фактычна малафарматная графіка. Такая ж, як, скажам, розныя значкі, эмблемы, нават налепкі. Прынамсі, па сваёй структуры, памеры, падыходзе да справы геральдыка вельмі блізка стаіць да ўсяго гэтага. І калі б я быў, напрыклад, скульптарам, магчыма, мяне гэта не так зацікавіла б. Але я плакатыст. Сваёй эмблематычнасцю і сімвалічнасцю герб падобны да плаката. Калі ж гаварыць пра гэтыя выданні і наогул пра маю работу па знаходжанні і ідэнтыфікацыі беларускіх шляхецкіх гербаў, то, бадай, першым узбуджальнікам ці пасылам у гэтую тэматыку было тое, што я з юнацтва ведаў, што Крукоўскія — гэта гербавая шляхта, што на Любаншчыне Крукоўскія жылі дастаткова кучна і таму добра ведалі адно аднаго. Там, на Любаншчыне, і сёння нямала Крукоўскіх, хаця многія сем’і былі вынішчаны ці сасланы ў гады сталінскіх рэпрэсій.

— Пра ўсё гэта ў юнацтве вам расказвалі бацькі?
— Натуральна. І бацька расказваў, і браты яго, мае дзядзькі — дзядзька Кастусь, дзядзька Васіль, дзядзька Міхась… Праўда, да хрушчоўскіх часоў пра гэта гаварылася амаль што шэптам і на кухні. Тым не менш з аповедаў бацькі і дзядзькаў я даведаўся пра ўласны радавод да шостага калена, канкрэтна — да Франца-Фларыяна. Усё старанна запісваў, замалёўваў, але далей руху не было. Далей усё гублялася ў агні, куродыме і чадзе рэвалюцыі… Мне ж, чым больш я сталеў, тым больш хацелася дакапацца да каранёў, дайсці, як кажуць, да вытокаў, ды не было за што зачапіцца. Магчымасць за нешта зачапіцца з’явілася толькі напрыканцы 80-х гадоў — тады я працаваў мастацкім рэдактарам часопіса “Спадчына”. Па доўгу службы багата праводзіў часу ў нашым гістарычным архіве (спачатку гістарычным архіве БССР, а потым Нацыянальным гістарычным архіве Рэспублікі Беларусь), збіраў там розныя матэрыялы і паралельна з гэтым, выкарыстоўваючы, так бы мовіць, сваё службовае становішча, паціху “калупаў” гісторыю роду Крукоўскіх. І ўрэшце-такі “дакалупаўся”, выбудаваў, наколькі гэта было магчыма, уласны радавод — дабраўся ажно да 1659 года. А далей, на жаль, у архіўных дакументах было сказана, што глыбейшыя па часе дакументы “истреблены пожаром”. Дарэчы, у 1990 годзе газета “Звязда” (тады яшчэ орган Цэнтральнага Камітэта Камуністычнай партыі Беларусі, Вярхоўнага Савета і Савета Міністраў Беларускай СССР) надрукавала гэты радавод і інтэрв’ю са мной пра ўсе мае генеалагічныя росшукі — для савецкай Беларусі той матэрыял прагучаў, як бомба… Але вярнуся да геральдыкі. Натуральна, вывучаючы разнастайныя гістарычныя дакументы ў архівах, я не мог прайсці міма геральдыкі — гэтага шыкоўнага і цікавага пласта, гэтай спрадвечнай беларускай аўтэнтыкі. Я ж бачыў не копіі, не перамалёўкі, не нейкія там чужыя, польскія ці расійскія, альбомы, а менавіта арыгіналы — дакументы, якія належалі таму ці іншаму шляхецкаму роду і пацвярджалі гербам гэтую шляхецкасць. Тады я ўсур’ёз і захапіўся геральдычнай тэмай. І тады ж узнікла задума зрабіць на гэтую тэму кніжачку. Я ўжо і зрабіў яе, аддаў у выдавецтва “Беларусь”, але з розных прычын яна не змагла пабачыць свет у 90-х. У скарочаным выглядзе той матэрыял я надрукаваў у 1995 годзе ў “Спадчыне”, дзе побач з гербамі падаў і спісы старажытнай шляхты. Безумоўна, я працягваў збіраць усе гэтыя звесткі, занатоўваў усё, што знаходзіў, але справы з выданнем кнігі ніяк не рухаліся. І так цягнулася ажно да 2009 года, калі з прапановай выдаць кнігу пра беларускія прыватныя гербы да мяне звярнуліся з газеты “Звязда” і рэдакцыйна-выдавецкай установы “Літаратура і Мастацтва”. У канцы 2010 года гэтая
кніга, “Срэбная страла ў чырвоным полі”, пабачыла свет — у цвёрдай вокладцы, у добрым афармленні, нядрэнным накладам 1000 асобнікаў. Трэба заўважыць, што кніга добра пайшла, увесь наклад дастаткова хутка раскупіўся. А тым часам я працягваў распрацоўваць тэму. Неўзабаве дадалося яшчэ з паўсотні гербаў і каля 3000 родаў. Адпаведна выспела новая кніга як бы ў працяг папярэдняй.
Не спадзеючыся ўжо на дапамогу выдавецтваў, я пазычыў грошы і напрыканцы мінулага года выдаў яе за ўласныя сродкі, бо зразумеў, што калі я хачу ўбачыць гэтую кнігу, то павінен выдаць яе тэрмінова. Мне ўсё-такі ўжо 76 гадоў… Прызнацца, работа з геральдычнай тэмай працягваецца і сёння. Калі бачу ці чую нешта недзе новае, стараюся ўсё занатаваць, зафіксаваць. Не ў тым плане, што рыхтую трэцяе выданне, а проста таму, што не магу адысці ад гэтай тэмы, — настолькі моцна яна мяне зацягнула.

— Такім чынам, колькі гербаў пададзена ў новай кнізе?
— Больш за 200. Натуральна, папоўніліся і спісы гербакарыстальнікаў ды старажытных родаў. Акрамя таго, у параўнанні з папярэднім выданнем крыху змянілася структура: у новай кнізе асобна пададзены спісы гербакарыстальнікаў і спісы старажытных шляхецкіх родаў. Што тычыцца падачы саміх выяў гербаў, то прынцып застаўся нязменным — толькі арыгіналы дакументаў, адзнятыя ці адсканіраваныя. Рукі мастака Крукоўскага тут няма, ніякіх перамалёвак ці рэпрадукцый. Максімум, што дапускалася, — гэта крыху пачысціць. Скажам, быў брудны фон ці была нейкая клякса — гэта, безумоўна, прыбіралася, чысцілася. А малявалі ўсе гэтыя гербы невядомыя мне геральдысты, якія жылі ў ХVІІІ, ХІХ стагоддзях, афармлялі шляхецкія патэнты, складалі радаводы. Калі працаваў над гэтым выданнем, былі выпадкі, што да мяне іншым разам звярталіся знаёмыя з папярэдняй кнігай людзі, якія знаходзілі сваё прозвішча ў спісах старажытных родаў, але не знаходзілі свайго герба. Я, скажам, ведаю, што Дашка — гэта старажытны род, вядомы з ХV стагоддзя, але герба “Дашкевіч”, якім карыстаўся гэты род, я пакуль нідзе не сустрэў. Безумоўна, пакапаўшыся, можна было б знайсці гэты герб у тых жа польскіх ці расійскіх гербоўніках, але гэта быў бы ўжо не аўтэнтык. А ў мяне, паўтаруся, прынцып: толькі аўтэнтыка, толькі тое, што зафіксавана ў дакуменце, на старадаўняй крохкай і пажухлай паперы.

— Вышэй вы гаварылі, што шмат працавалі ў Нацыянальным гістарычным архіве і там адшукалі багата беларускага геральдычнага матэрыялу, але, напэўна, не толькі там…
— Ну, вядома ж, не толькі там. Скажам, калі працаваў ужо канкрэтна над новай кнігай “Смеласць. Годнасць. Гонар”, мне трапілі ў рукі 250 радаводаў шляхты Віцебскай губерні. Гэта асобныя аркушы рознага памеру, з малюнкамі. Яны шмат гадоў праляжалі ў фондах Нацыянальнага гістарычнага музея (у сутарэннях Дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны), па сутнасці, нікому непатрэбныя, пакуль туды не прыйшоў Крукоўскі. Або, напрыклад, мне трапілі спісы дваранства Магілёўскай губерні за 1908 год, спісы дэпутаванай віленскай шляхты ў ХІХ стагоддзі. Трапляліся і проста, так бы мовіць, “голыя” спісы шляхты (напрыклад, Віленскай акругі Віленскага павета і горада Вільні — толькі прозвішчы і гады нараджэння). Гэта былі ўжо познія спісы — пачатку ХІХ стагоддзя, і там было складана разабрацца, хто тут палякі, якім дазволілі сяліцца на нашых землях, хто рускія, а хто карэнныя беларусы. Але я разабраўся і з гэтым. Як, дарэчы, і з магілёўскім дваранствам. Такім чынам усё пакрысе збіралася, фільтравалася, старанна вывяралася па розных крыніцах… Дарэчы, вялікую дапамогу ў рабоце над выданнем мне аказаў Уладзіслаў Вяроўкін-Шалюта — на сённяшні дзень, я лічу, найлепшы знаўца беларускай шляхецкай геральдыкі і генеалогіі. Я быў у яго дома, бачыў і карыстаўся яго бібліятэкай па геральдычнай тэматыцы. Гэта тамоў трыста — польская, расійская, нямецкая, англійская геральдыка, — якая заўгодна. Такога няма нават у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі. Карыстаўся я і электронным рэсурсам
www.nobility.by, які ўжо 12 гадоў напаўняе Вяроўкін-Шалюта. Гэты сайт пастаянна абнаўляецца. Там ужо каля 14 тысяч шляхецкіх прозвішчаў — уяўляеце, якая каласальная праца! А яшчэ мушу згадаць прозвішча майго сябра гісторыка Анатоля Цітова, праўда, ён больш засяроджваецца не на прыватнай геральдыцы, а на зямельнай, цэхавай, гарадской. Тым не менш ён вельмі вопытны, дасведчаны гісторык. Вяроўкін-Шалюта і Цітоў — вось, бадай, два чалавекі, якім я асабліва ўдзячны і за чалавечыя адносіны, і за практычную дапамогу ў рэалізацыі выданняў з гісторыі беларускай прыватнай геральдыкі.

— Уладзімір Якаўлевіч, калі ласка, раскажыце пра герб роду Крукоўскіх.
— Гэта вядомы герб “Корвін” — у чырвоным полі на абрубку бервяна з двума сукамі зверху і двума знізу стаіць чорны крук з залатым пярсцёнкам у дзюбе. Гэты герб прывандраваў да нас са Старажытнага Рыма. Геральдычная легенда звязвае яго з імем рымскага легіянера Валерыя Мясалы Корвіна, ад якога ён трапіў у Венгрыю (ім карысталіся венгерскія каралі Ян і Мацей Корвіны), а адтуль ужо, праз Чэхію і Польшчу, у Вялікае Княства Літоўскае. Рассяліўшыся на нашых землях, чорны крук з залатым пярсцёнкам у дзюбе даў жыццё яшчэ некалькім гербам, у прыватнасці, “Слепаворану”, “Зяновічу” і “Язежы”. Дарэчы, трэба падкрэсліць, што наогул традыцыя прыватнай геральдыкі, якая ўзнікла, бадай што яшчэ ў рода- племянныя часы для адрознення асобы ці роду, ішла, безумоўна, з Захаду на Усход, а не наадварот. Еўропа дала нам вялікае мноства гербаў. Напрыклад, “Зарэмба”, “Гербут”, “Брохвіч”, “Вадвіч”, “Самсон”, “Сас”, “Ляліва”, “Прус” прыйшлі ў нашу геральдыку з Германіі; “Котвіч” — з Аўстрыі; “Окша”, “Граблі”, “Парай”, “Адравуж”, “Дрыя”, “Павала” — з Багеміі і Маравіі; “Равіч” — з Англіі; “Лебедзь” — з Даніі; “Тарнава” — з вострава Родас; “Гіпацэнтаўр”, “Геральт”, “Свінка”, “Ладдзя”, як і “Корвін”, — са Старажытнага Рыма.

— Значыць, у прынцыпе беларускія шляхецкія гербы маглі нічым не адрознівацца ад заходнееўрапейскіх?
— Не зусім так. Агульная будова герба ў еўрапейскай геральдыцы сапраўды аднолькавая — гэта абавязкова шчыт з выявай на ім. Колеравая гама гербаў была даволі строгая і сціплая, усталяваная на працягу стагоддзяў. Выкарыстоўваліся чырвань, блакіт, пурпур, зелень, чэрнь. Часам колер нёс сімвалічную нагрузку (напрыклад, жоўтае і белае азначала золата і срэбра). А вось канкрэтныя выявы на беларускіх прыватных гербах часоў Вялікага Княства Літоўскага маглі быць цалкам арыгінальнымі, якія маглі не выкарыстоўваць нашы суседзі ні з Захаду, ні з Усходу. Яшчэ цікава тое, што нашы прыватныя гербы выконвалі крыху іншыя функцыі, чым у заходнееўрапейскага рыцар-ства. Заходнееўрапейскі герб — англійскі, нямецкі, французскі і г.д. — часцей за ўсё служыў для адрознення асобы, высакароднага чалавека. А ў нас жа ў адрозненне ад той традыцыі быў крыху “калгасны” падыход: адзін і той жа герб мог аб’ядноўваць мноства родаў. Напрыклад, вельмі папулярнымі ў беларускай шляхты былі такія гербы, як “Астоя”, “Любіч”, “Ляліва”, “Навіна”… А безумоўным чэмпіёнам у гэтым сэнсе быў герб “Ястрабец”, якім карысталіся некалькі соцень беларускіх шляхецкіх сем’яў. Тут быў такі дзіўны элемент нейкай агульнасці, нейкага геральдычнага брацтва. Шляхцічы ж адно аднаго і пазнавалі па гербах: “Ты якога герба?” — “Я герба “Ліс”!” — “О, і я герба “Ліс”! Значыць, мы амаль сваякі…”

— І не было ніякіх спрэчак, ніякай барацьбы-канкурэнцыі за права насіць той ці іншы герб?
— Чаму ж не было? Гэта толькі з аднаго боку было брацтва. А так і спрачаліся, і судзіліся, і біліся, і забіваліся… Гэта ж не проста была забаўка нейкая накшталт якой-небудзь сённяшняй эмблемкі, якую можна купіць у магазіне і начапіць на грудзі. Гэта ж быў знак гонару, знак годнасці. На гэтай глебе было вельмі шмат усякіх канфліктаў — і міжродавых, і міжчалавечых.

— Ва ўступным слове да кнігі “Смеласць. Годнасць. Гонар” вы праводзіце класіфікацыю беларускіх шляхецкіх прозвішчаў. Нагадаю нашым чытачам: гэта тры асноўныя групы. Першая — прозвішчы з суфіксамі -іч, -віч ці так званыя патранімічныя (ад бацькі), напрыклад, Александровіч (Аляксандраў сын), Несцяровіч (Несцераў сын) і г.д. Другая — таксама патранімічныя або тапанімічныя прозвішчы на -скі, -цкі, напрыклад, Андраеўскі (ад Андрэя) або Дастаеўскі (з Дастоева). І трэцяя — прозвішчы-мянушкі ці з празрыстай этымалогіяй (тыпу Плявака ці Сіпайла), ці так званыя зааморфныя (Жук, Жаба, Казёл і інш.), і цяжка зразумелыя, хоць відавочна славянскага паходжання (Роня, Цыдзік, Якса). Якія з іх самыя старажытныя?
— Безумоўна, тыя, якія адносяцца да трэцяй групы. Яны старажытныя і сваёй формай, і гучаннем, мабыць, дайшлі яшчэ з родаплемянных часоў і нярэдка мелі татэмны характар. На самай справе гэта, вядома ж, тэма асобнага даследавання, але, ведаеце, мяне па шчырасці нават забаўляла, калі я капаўся ў гэтых прозвішчах! Нават недасведчаны чалавек вам адразу скажа, што, напрыклад, Астроўскі, Каліноўскі, Статкевіч ці Багушэвіч — гэта дваране. Ну надта ж шляхетнае гучанне. А высвятляецца, што і Жук, і Жаба, і Плявака — гэта таксама дваране, хоць гучыць зусім і не шляхетна…

— Ці маглі б вы назваць самае нечаканае адкрыццё, якое найбольш вас уразіла падчас шматгадовай работы над тэмай прыватных шляхецкіх гербаў і прозвішчаў?
— Ну, што значыць адкрыццё?! Разумееце, гэта сёння можна шмат чаго прачытаць, лёгка даведацца, бо напісана шмат кніжак, выдадзены энцыклапедыі, ёсць даступная інфармацыя ў інтэрнэце. А вы ўявіце, як гэта было гадоў так 25 назад у савецкія часы знайсці гербы таго ж Каліноўскага, Касцюшкі, Багушэвіча! Я ўжо не кажу пра вядомую гісторыю з бацькам Янкі Купалы Дамінікам Луцэвічам, які шукаў уласны герб, судзіўся з мэтай даказаць сваю шляхецкасць, ды так і не змог гэтага даказаць. А герб жа вельмі вядомы — “Навіна” з залатой ручкай ад катла вушкамі дагары і сярэбраным мячом з залатым тронкам лязом уніз. І вось мне гэта было вельмі цікава, калі ўдавалася ідэнтыфікаваць, што вось, скажам, Багушэвічы карысталіся такімі гербамі, а, напрыклад, Каліноўскія — такімі. Гэта былі вельмі прыемныя знаходкі-адкрыцці. Але наогул, гэта марудная штодзённая праца без асаблівых прарываў. Пошукавая работа. Хоць, безумоўна, асэнсаваная, а не простае тырканне пальцам.

— І ўсё-такі, чаго больш было ў гэтай пошукавай рабоце — інтуіцыі або нейкай алгарытмічнай логікі?
— Спачатку, безумоўна, пераважала інтуіцыя, а потым набіралася ўсё больш і больш вопыту, асабліва ў сэнсе адстрэлу небеларускіх прозвішчаў і родаў — заходнееўрапейскіх, польскіх, расійскіх. Натуральна, тут трэба добра ведаць гісторыю. Напрыклад, ведаць, калі польскай шляхце дазволілі сяліцца на нашых землях, і многія іншыя розныя нюансы. Наогул, хацеў бы ў гэтай сувязі заўважыць, што гэтая работа — на самай справе не для энтузіяста. На добры лад гэтым мусіла б займацца ну калі не цэлая ўстанова, то хоць бы нейкі аддзел установы: нехта б працаваў у архіве, нехта — у бібліятэцы, нехта — у музеі, а яшчэ нехта — у архівах за мяжой. А так фактычна ж атрымліваецца, што і я, і той жа Цітоў, які выдаў з дзясятак кніг па геральдыцы, апынуліся ў поўнай адзіноце — без спонсараў, без падтрымкі, толькі з адной любоўю да прадмета.

— А вы, дарэчы, самі працавалі за мяжой, напрыклад, у архівах у Варшаве?
— На жаль, не меў такой магчымасці. Калі б была такая магчымасць, то мая кніга мела б, напэўна, не 200 старонак, а як мінімум у тры разы больш. На самай справе гэта вельмі аб’ёмісты матэрыял, як кажуць, неабсяжнае поле. Кажу пра гэта яшчэ з такім прыцэлам — калі ласка, ідзіце, шукайце, працуйце, даследуйце… Тое, што я змог, я зрабіў.

— У такім разе, Уладзімір Якаўлевіч, такое “практыка-арыентаванае” да вас пытанне. Скажам, нейкі чалавек, як у свой час і вы, вырашыў дакапацца да сваіх каранёў-вытокаў. Як яму дзейнічаць, куды ісці?
— Любы чалавек павінен шукаць звесткі пра сваіх продкаў у архівах.

— А калі ён дакладна ведае, што ён спадкаемец шляхецкага роду?
— Дакладна ён можа ведаць толькі тады, калі знойдзе дакументы, якія пацвярджаюць гэта. І тады трэба пачынаць як мінімум з наступнага: ведаць свайго дарэвалюцыйнага продка (бо 1917 год скасаваў усе станы) і месца яго жыхарства. Калі такія перадумовы ёсць, то, калі ласка, наперад. Сітуацыя з нашым беларускім архівам прыблізна наступная. Архіў Мінскай губерні захаваўся цудоўна. Калі вашы продкі жылі ў Мінскай губерні, то ёсць усе шансы ўзнавіць радавод. Па Віцебскай і Магілёўскай губернях захавалася менш дакументаў. Па Гродзенскай — таксама мала. Архіў былой Віленскай губерні знаходзіцца, на жаль, у Вільні, гэта значыць, за мяжой. Ёсць, праўда, яшчэ Санкт-Пецярбург — там яшчэ можна шукаць, таму што ўсе звесткі па шляхецкіх родах з беларускіх губерняў дубліраваліся і паступалі ў імператарскую герольдыю пры расійскіх царах. А ў прынцыпе самае галоўнае, што трэба чалавеку рабіць, — гэта варушыцца, шукаць, шукаць і яшчэ раз шукаць. Як у Бібліі сказана, шукайце і знойдзеце! Натуральна, калі ёсць што шукаць.

— Вялікі дзякуй за гутарку.

 

Гутарыў Мікола ЧЭМЕР.
Фота аўтара.
Ілюстрацыі з кнігі Уладзіміра Крукоўскага “Смеласць. Годнасць. Гонар. З гісторыі беларускіх прыватных гербаў”.