Дзе гучыць акардэон

- 13:02Культура

Серж, Сярожа, ён жа Сярго Сяргеевіч Стрыбульскі — музыкант, настаўнік, прадстаўнік педагагічнай дынастыі, больш за 30 гадоў нязменны мастацкі кіраўнік клуба ветэранаў педагагічнай працы “Аптыміст”.

Школа як знак лёсу 

Ён нарадзіўся ў 1937 годзе ў сценах Чарамісінскай вясковай школы, што ў Брагінскім раёне. Маці Алена Філіпаўна — дырэктар установы, настаўнік малодшых класаў, бацька Сяргей Міхайлавіч — настаўнік беларускай мовы і літаратуры. Менавіта ён і вырашыў назваць самае малодшае, чацвёртае, дзіця ў гонар Сярго Арджанікідзэ. І калі знакаміты цёзка, дзяржаўны дзеяч, узняў у свой час прамысловасць Савецкага Саюза на высокі ўзровень, беларус Сярго таксама тварыў гісторыю — усё жыцце аддана працаваў на выхаваўчай і мастацкай ніве.

Яго таленты раскрыліся ячшэ ў дзяцінстве, канечне, не без уплыву школьнага асяроддзя, у якім рос хлопчык. Пачалося ўсё з вершаў. Захоплены паэзіяй, школьнік вельмі артыстычна і выразна іх чытаў, прычым як на беларускай, так і на ўкраінскай мове. Тады яму больш даспадобы былі гумарыстычныя творы. Пазней яго душу асабліва закранула творчасць Ніла Гілевіча — амаль усе вершы паэта Сярго Сяргеевіч ведае на памяць. І сёння, нягледзячы на паважаны ўзрост — 85 гадоў — і адсутнасць зроку, які ён страціў з-за хваробы, мой суразмоўца пастаянна вучыць новыя творы. 

— Валянціна Паўлаўна, мая жонка, начытвае мне іх на магнітафон, а я слухаю і запамінаю. Сам я не пісаў вершы, а вось перакладамі крыху займаўся, у тым ліку пераклаў на родную мову словы песні Леа­ніда Захлеўнага “Партызанскі праспект”. Сам ствараў музыку на вершы і прысвячаў песні сваёй другой палавінцы, — расказвае Сярго Сяргеевіч.

Музыкай ён захапіўся таксама з малых гадоў. Не валодаючы нотнай граматай, навучыўся іграць на акардэоне.

— У бацькавай школе быў настаўнік музыкі, які вучыўся ў Маскоўскай кансерваторыі. Падчас вайны ён атрымаў раненне і страціў тры пальцы. Але гэта не перашкаджала яму іграць на акардэоне. Ён мяне і навучыў, — успамінае Сярго Сяргеевіч. 

Пасля дзесяці класаў ён пачаў праца­ваць выкладчыкам музыкі ў сярэдняй школе № 2 і кіраваць мастацкай самадзейнасцю ў Хойніцкім раённым аддзеле адукацыі. Сабраў невялікі творчы калектыў, які разам з агітбрыгадай ездзіў па Прыпяцкай зоне і выступаў з канцэртамі. 

Сярго Стрыбульскі — прадстаўнік педагагічнай дынастыі, якая ў суме аддала гэтай высакароднай справе больш за 300 гадоў. Яго бацькі ўсё жыццё працавалі настаўнікамі, мелі найвышэйшыя дзяржаўныя ўзнагароды — ордэны Леніна, Працоўнага Чырвонага Сцяга, “Знак пашаны”, медалі.

Потым была вучоба ў Гомельскім чыгуначным інстытуце (з фізікай і матэматыкай малады чалавек быў на ты), служба ў арміі і першае працоўнае месца на Мінскім заво­дзе аўтаматычных ліній. Але ўсё гэта не перашкодзіла Сярго Сяргеевічу не здрадзіць свайму прызванню, якое, відаць, было наканавана лёсам. 

— На прадпрыемстве хутка разгледзелі мае здольнасці і кожнае лета адпраўлялі ў дзіцячы лагер “Сонечны круг”. Там я займаўся з дзецьмі музыкай, праводзіў літаратурныя вечары… І так мне гэта падабалася, што я вырашыў кінуць работу і пайсці вучыцца ў Мінскае музычнае вучылішча імя М.І.Глінкі, — з усмешкай расказвае Сярго Сяргеевіч.

А было яму тады каля 30 гадоў. І ён паступіў, не маючы за плячыма музычнай школы. Скончыў вучылішча і атрымаў адразу тры спецыяльнасці: “Дырыжор хора”, “Настаўнік музыкі” і “Выкладчык тэарэтычных дысцыплін”. 

Працаваў у сістэме адукацыі настаўнікам музыкі і спеваў аж да выхаду на пенсію. Кіраваў дзіцячымі музычна-харавымі калектывамі, якія шмат разоў станавіліся пераможцамі рэспубліканскіх і гарадскіх конкурсаў. Быў членам гарадскога метадычнага аб’яднання.

Шчасце познім не бывае

— Гэта вялікая ўдача, што я спаткаў сваю Валечку. Не прынята хваліцца жонкай, але інакш не магу. Яна ў мяне самая лепшая, — з гордасцю падкрэслівае Сярго Сяргеевіч.

Разам яны ўжо 35 гадоў, а сустрэліся таксама дзякуючы школе.  

— Мая дачка вучылася ў 101-й школе, а я ўвесь час была там старшынёй баць­коўскага камітэта. Так і пазнаёмілася. У той час у сям’і Сярго Сяргеевіча здарылася няшчасце: памерла жонка. Самы малодшы сын толькі пайшоў у першы клас. Сярго Сяргеевіч узяў на сябе клопат аб сваіх дзецях, я адна гадавала сваю Насцю, — расказвае Валянціна Паўлаўна. 

Дарослыя, адукаваныя і адказныя, яны вырашылі разам ісці далей па жыцці. 

— Я велімі ўдзячна Сярго Сяргеевічу за тое, што ён сапраўдны мужчына! У яго залатыя рукі: усё мог сам адрамантаваць — і электраправодку, і мэблю, нягледзячы на тое, што ён чалавек творчы. У яго вельмі добрае сэрца. Вы не ўяўляеце сабе, як яго любілі дзеці, калі ён працаваў настаўнікам. Ён прыстойны і спагадлівы, за што я вельмі яго паважаю, — адзначае Валянціна Паўлаўна. 

Сама яна пасля заканчэння школы два гады працавала на заводзе “Інтэграл”, каб атрымаць стаж і льготы пры паступленні ў БДУ. Выбрала хімічны факультэт. Падчас уступных экзаменаў ёй не хапіла аднаго бала, і яна вымушана была пайсці вучыцца на вячэрняе аддзяленне. Аднак ужо на другім курсе выкладчыкі прыкмецілі старанную студэнтку і прапанавалі ёй працаваць на кафедры лабарантам. З цягам часу Валянціна Паўлаўна абараніла дысертацыю, і хоць лекцыі не чытала, але кіравала курсавымі і дыпломнымі работамі студэнтаў. Нават пасля выхаду на пенсію яшчэ 20 гадоў заставалася ў страі і толькі ў гэтым го­дзе дазволіла сабе выйсці на заслужаны адпачынак.

Будучы мастацкім кіраўніком клуба “Аптыміст”, С.С.Стрыбульскі падрыхтаваў больш за 500 дабрачынных канцэртаў і музычна-літаратурных вечароў. 

Сярго Сяргеевіч таксама працягнуў сваю педагагічную дзейнасць пасля выхаду на пенсію. Праўда, змяніў кірунак — яму прапанавалі весці ўрокі працы ў адной са сталічных школ.   

— Нагрузка была вялікая, але мяне гэта не пужала. Было цікава. Нават нечакана для сябе ў першы год работы на новым месцы стаў пераможцам раённага конкурсу на лепшую шпакоўню. (Усміхаецца.) Давялося прымаць удзел у стварэнні раённага музея Першамайскага раёна. Памятаю, прывезлі дошкі, а яны сырыя. Разам з вучнямі мы рабілі з іх мэблю, прыбівалі яе на сцены, каб хутчэй прасохла. Музей працуе і зараз, прыемна, што я пакінуў пасля сябе такую добрую памяць, — прызнаецца Сярго Сяргеевіч.

А Валянціна Паўлаўна дадае цікавую акалічнасць з іх жыцця:

— Ён такі энтузіяст у мяне! Такі гаспадар! Угаварыў мяне завесці на дачы гаспадарку — трусоў і курэй. Адзін год была вельмі марозная зіма, і Сярго Сяргеевіч для нашай жыўнасці зрабіў на балконе ўтульныя домікі, каб жывёлам было камфортна. 

— Так, усё было зроблена на найвышэйшым узроўні. (Смяецца.) А ячшэ мы забыліся пахваліцца галоўным: як мы з табой, будучы пенсіянерамі, аб’ездзілі ўсю Еўропу. Рым, Берлін, два разы былі ў Парыжы… Вандравалі і па Беларусі. Дзеці нам дапамагалі выбіраць цікавыя маршруты, а мы падарожнічалі, — расказвае Сярго Сяргеевіч. 

Сёння чацвёра іх дзяцей ужо самастойныя людзі, якімі бацькі вельмі ганарацца. Дачка Валянціны Паўлаўны — выкладчыца на факультэце міжнародных адносін БДУ, дачка Сярго Сяргеевіча — настаўніца гісторыі, намеснік дырэктара музея Янкі Купалы. Адзін сын працуе на тэлебачанні, другі — прадпрымальнік. Радуюць дзядулю і бабулю пяцёра ўнукаў. Старэйшы ўжо атрымаў вышэйшую адукацыю, а самай малодшай унучцы два гады. 

— Родныя і блізкія жывыя, значыць, вы ўжо шчаслівыя, — прыгадвае радок з верша Сярго Сяргеевіч. — А калі ты ведаеш, што цябе любяць, і адчуваеш сябе патрэбным — гэта двайное шчасце, якое трэба цаніць і берагчы! 

Пад крылом “Аптыміста”

У 1988 годзе Сярго Сяргеевіч атрымаў нечаканую прапанову — стаць мастацкім кіраўніком клуба ветэранаў педагагічнай працы “Аптыміст”. Стварыла клуб пры Мінскім гарадскім доме настаўнікаў і кіравала ім Ала Аляксандраўна Качаткова.

— Адразу хацеў адмовіцца, — з усмешкай расказвае Сярго Сяргеевіч. — Мне самому яшчэ было далёка да пенсіі, падумаў: што я буду там рабіць? Аднак згадзіўся. І ніколі аб гэтым не пашкадаваў. І сёння не ўяўляю свайго жыцця без клуба, без хору, без яго ўдзельнікаў.

Шмат гадоў Сярго Сяргеевіч адказваў за падрыхтоўку і правядзенне канцэртных выступленняў і музычна-літаратурных вечароў клуба. Быў і застаецца душой калектыву — дзякуючы свайму прафесіяналізму, працаздольнасці, самаадданасці, пачуццю гумару і аптымізму. Выконвае свае абавязкі з вялікай адказнасцю, з захапленнем і любоўю. І нават праблемы са зрокам не перашкаджаюць — Сярго Сяргеевіч на па­мяць ведае ўсе песні і працягвае акампаніраваць на сваім любімым акардэоне.

— Дзякуючы клубу, мы пазнаёміліся з вялікай колькасцю вельмі цікавых людзей. Асабліва ўражвалі тыя, хто прайшоў вайну. Яны сапраўдныя аптымісты і жыццялюбы! Раней да нас прыязджалі з Барысава, Мар’інай Горкі. Ужо большў за 20 гадоў не развітваюцца з клубам настаўнікі з Прывольнага. Мы ўсім ім удзячны за адда­насць клубу. Мы ўсе як адна сям’я. Большасць нашых удзельнікаў — адзінокія людзі ў вельмі сталым узросце. Ёсць два былыя дырэктары школ — адзін з Мазырскага раёна, другі — з Пружан, абодвум ужо 97 гадоў, жывуць зараз у Мінску. Вось і сёння адзін з іх тэлефанаваў, пытаўся, калі адбудзецца наступная сустрэча. На жаль, з-за пандэміі мы не сустракаемся, але ўсе вельмі чака­юць, калі можна будзе зноў сабрацца ра­зам, — расказвае Сярго Сяргеевіч. 

— Я з першых дзён разам з ім у клубе. Лічу гэта правільным. Як паказвае вопыт, калі жонка не падтрымлівае захапленні мужа, жыццё становіцца нецікавым, — разважае Валянціна Паўлаўна.

У 2015 годзе яна стала старшынёй савета клуба, з’яўляецца каардынатарам дзейнасці ўсяго калектыву, сама прымае ўдзел у мерапрыемствах.

— Каб вы толькі чулі, як яна размаўляе па тэлефоне з удзельнікамі клуба! Нікога не абдзеліць увагай і падтрымкай. Шмат сіл аддае, каб у клубе панавала атмасфера ўзае­мапавагі і ўзаемадапамогі. Я нават крыху зайздрошчу такому яе таленту, — запэўнівае Сярго Сяргеевіч. 

— Сёння ў клубе не толькі настаўнікі і выкладчыкі. Мы рады ўсім. Лічым, што кожны чалавек таленавіты ў чымсьці: калі не спявае, то складае вершы. Ці, напрыклад, жанчына — гаспадыня ад Бога, рукадзельніца. На свята яна спячэ для нас пірог ці зробіць прыгожыя сувеніры. Сярод нас ёсць і ўрачы, і медсёстры — члены настаўніцкіх сем’яў. Дзякуючы ім, праводзім урокі здароўя. У нас заўсёды цікава і па-сямейнаму ўтульна, — дзеліцца Валянціна Паўлаўна. 

І дадае, што калі ў калектыў трапляў чалавек не жыццярадасны, з цяжкім характарам, то чамусьці затрымліваўся ненадоўга. Муж і жонка вядуць летапіс клуба, які стаў неад’емнай часткай іх жыцця. Ма­раць, каб да іх далучаліся больш маладыя настаўнікі. Яны вельмі ўдзячны адміністрацыі Палаца дзяцей і моладзі “Золак”, у сценах якога ўжо шмат гадоў працуе клуб. Вялікую падтрымку аказвае клубу Мінская гарадская арганізацыя Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі. Яе кіраўнік Ларыса Леанідаўна Волкава заўсёды цікавіцца справамі клуба. 

— Нашы дзеці часам робяць нам заўвагу, што мы надта актыўныя, так шмат сіл аддаём дзейнасці “Аптыміста”. Аднак інакш мы не можам, — запэўнівае Сярго Сяргеевіч. 

І перш чым мы развіталіся, ён ўзяў у рукі акардэон, каб спець адну са сваіх любымых песень. Без музыкі ён не можа пражыць і дня. Музыкант ад Бога. Музыкант назаўжды! 

Марына ЖДАНАВА.
Фота Вольгі АНТОНЕНКАВАЙ.