Дзе ініцыятыва і творчасць, там і вынік

- 13:01Планёрка ў рэгіёне

Педагогі Слаўгарадчыны — адданыя сваёй маленькай радзіме людзі, якія ў сваёй рабоце імкнуцца да высокіх вынікаў, за што і адзначаны на розных узроўнях.
Пра сістэму адукацыі свайго рэгіёна расказвае начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Слаўгарадскага райвыканкама Магілёўскай вобласці Аляксандр Леанідавіч Аўчыннікаў.

— Галоўны напрамак дзейнасці сістэмы адукацыі нашага раёна — павышэнне даступнасці і якасці адукацыі. Створаны ўмовы для рэалізацыі права кожнага дзіцяці на годную і якасную адукацыю, фізічнае і духоўнае развіццё. Сёння ў рэгіёне працуе 9 устаноў дашкольнай адукацыі, якія наведваюць 538 дзяцей, і 11 устаноў агульнай сярэдняй адукацыі, дзе атрымліваюць адукацыю 1675 навучэнцаў. Акрамя гэтага, юныя жыхары Слаўгарадскага раёна могуць займацца ў двух цэнтрах — дзіцячай творчасці і дзіцячага і юнацкага турызму, краязнаўства і экскурсій. Таксама ў нас дзейнічае Цэнтр карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі, сацыяльна-педагагічны цэнтр, структурным падраздзяленнем якога з’яўляецца дзіцячы сацыяльны прытулак, два дзіцячыя дамы сямейнага тыпу.

— Поспех работы навучальных устаноў напрамую залежыць ад узроўню прафесіяналізму яго работнікаў. Якія педагогі працуюць у сістэме адукацыі Слаўгарадчыны?
— Сёння ва ўстановах адукацыі раёна працуюць 398 педагогаў. Яны прымаюць актыўны ўдзел у раённых прадметных метадычных аб’яднаннях, абласных семінарах, пастаянна павышаюць свой прафесійны ўзровень і кампетэнцыю. Гэта ініцыятыўныя і творчыя спецыялісты, вынікі работы якіх адзначаны не толькі на раённым узроўні.
Так, дырэктар першай гарадской школы І.П. Кавалёў у абласным прафесійным конкурсе “Лідар адукацыі” стаў пераможцам у намінацыі “Самы крэатыўны дырэктар”. А метадычная распрацоўка настаўніка беларускай мовы і літаратуры Т.І.Янковіч, прысвечаная 100-годдзю з дня нараджэння А.А.Куляшова, адзначана на адпаведным абласным конкурсе дыпломам III ступені. Пераможцам II Рэспубліканскага агляду-конкурсу на лепшую арганізацыю фізкультурна-аздараўленчых мерапрыемстваў і папулярызацыю футбола і комплекснага фізкультурна-спартыўнага мерапрыемства “Урок футбола” ад Магілёўскай вобласці стала настаўніца фізічнай культуры Т.М.Марціновіч. Лепшы ў раёне педагог дадатковай адукацыі А.Л.Федарэнка сёлета па выніках абласнога конкурсу прафесійнага майстэрства заняла трэцяе месца.

— Ці абменьваюцца педагогі ўстаноў адукацыі Слаўгарадскага раёна перадавым вопытам з калегамі з іншых рэгіёнаў вобласці, рэспублікі?
— Новым напрамкам у прафесійным станаўленні кіраўнікоў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі ў гэтым навучальным годзе стала міжраённае метадычнае супрацоўніцтва з калегамі з Чавускага раёна нашай вобласці.
Ва ўмовах аптымізацыі вялікае значэнне мае інавацыйнае развіццё сістэмы адукацыі. Калектыў Бярозаўскай базавай школы другі год рэалізоўвае рэспубліканскі інавацыйны праект “Укараненне мадэлі грамадзянска-патрыятычнага выхавання дзяцей і падлеткаў на этнакультурнай аснове ў кантэксце рэгіянальнага кампанента”. Праз рэалізацыю сумесных праектаў прыносіць свой плён і супрацоўніцтва ўстаноў адукацыі раёна з фондамі мясцовых ініцыятыў.
Нашы педагогі — актыўныя прыхільнікі выкарыстання сучасных інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій і ўкаранення іх у адукацыйны працэс. Таму спецыяльным сертыфікатам упраўлення адукацыі Магілёўскага аблвыканкама за выніковы ўдзел у фінале абласнога фестывалю “Павышэнне эфектыўнасці педагагічнай дзейнасці праз выкарыстанне аўтарскіх інфармацыйных рэсурсаў” узнагароджаны настаўнік тэхнічнай працы сярэдняй школы № 1 Слаўгарада Э.Ю.Гардзееў.

— Тры чвэрці навучальнага года скончыліся. Якіх вынікаў дасягнулі за гэты час навучэнцы раёна?
— Работа па выяўленні, падтрымцы і развіцці інтэлектуальных здольнасцей навучэнцаў дазволіла дасягнуць пэўных вынікаў на абласным этапе рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах. Навучэнцы школ раёна заваявалі дыплом II ступені па матэматыцы (Мікалай Сцепуценка, Васькавіцкая сярэдняя школа), два дыпломы III ступені па беларускай мове і літаратуры і па геаграфіі (Наталля Шмаянкова — Свенская сярэдняя школа, і Міхаіл Савасцьянаў — Бярозаўская базавая школа), ганаровую грамату ўпраўлення адукацыі за паспяховы ўдзел у алімпіядзе па нямецкай мове (Сяргей Ламачэнка — Свенская сярэдняя школа). На абласной міні-алімпіядзе вочна-завочнай школы па беларускай мове і літаратуры Наталля Шмаянкова заваявала 2 месца. Упершыню ў Магілёўскай вобласці праводзілася абласная алімпіяда па пытаннях фінансавай граматнасці, дзе наш Сяргей Ламачэнка стаў абсалютным пераможцам.
Добра стартавалі ў гэтым годзе і нашы спартсмены: у абласных спаборніцтвах па зімовым мнагаборстве “Абаронца Айчыны” навучэнец Гіжэнскай сярэдняй школы Андрэй Палхоўскі ўзнагароджаны дыпломам і медалём за II месца ў асабістым заліку. Высокія вынікі ў асабістых заліках прадэманстравалі і выхаванцы дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы Слаўгарадскага раёна ў абласной спартакіядзе школьнікаў-2015 па цяжкай атлетыцы і боксе.
Паспяхова ўдзельнічалі школьнікі раёна і ў іншых абласных мерапрыемствах. Нашы навучэнцы сталі пераможцамі конкурсу праектаў па энергаэфектыўнасці “Энергія і асяроддзе пражывання”, творчых конкурсаў “Віват, імперыя дзяцінства!”, “Добры дзень, свет”, чэмпіянату вобласці па інтэлектуальных гульнях.

— Слаўгарадскі раён — адзін з рэгіёнаў рэспублікі, якія пацярпелі ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Якім чынам дзеці навучаюцца бяспечным паводзінам ва ўмовах радыеактыўнага забруджвання?
— Наш аддзел адукацыі, спорту і турызму з’яўляецца арганізацыяй, якая рэалізоўвае праект “Інфармацыйна-асветніцкая праграма па здаровым ладзе жыцця ў рэгіёнах, якія пацярпелі ў выніку чарнобыльскай аварыі”, што ажыццяўляецца ў супрацоўніцтве з Рэспубліканскім грамадскім аб’яднаннем “Беларуская асацыяцыя клубаў ЮНЕСКА”. Пры падтрымцы Рэспубліканскага навукова-даследчага ўнітарнага прадпрыемства “Інстытут радыялогіі” ва ўстановах адукацыі раёна абсталявана 6 цэнтраў практычнай радыелагічнай культуры. Асноўная мэта дзейнасці гэтых цэнтраў — фарміраванне на мясцовым узроўні радыеэкалагічнай культуры насельніцтва, і перш за ўсё дзяцей і моладзі, якія пражываюць ва ўмовах радыеактыўнага забруджвання, у тым ліку праз выкарыстанне сучасных адукацыйных і інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій. Функцыянаванне такіх цэнтраў дазваляе праводзіць інфармацыйную работу сярод вучняў і іх бацькоў па асновах радыелагічнай граматнасці і мерах па зніжэнні ўтрымання радыенуклідаў у сельскагаспадарчай прадукцыі і дарунках лесу. І, што актуальна для нас, гэтыя цэнтры спрыяюць распаўсюджванню вопыту па зніжэнні ўзроўню апраменьвання ва ўмовах пражывання на забруджанай радыенуклідамі тэрыторыі.

— Дзякуй вам вялікі, Аляксандр Леанідавіч, за магчымасць пазнаёміцца з сістэмай адукацыі Слаўгарадскага раёна.
— Паколькі з 2013 года сістэма адукацыі дапоўнілася спартыўным і турыстычным напрамкамі, то, карыстаючыся выпадкам, запрашаю ўсіх наведаць нашу гасцінную Слаўгарадчыну і яе найпрыгажэйшыя месцы — легендарныя Лясную і Блакітную крыніцу.

Святлана КІРСАНАВА.