Дзе лепшыя тусоўкі? У нашай школе!

- 10:12Першае працоўнае месца, Суразмоўца, Суразмоўца

Ва ўстановах адукацыі летам стаіць прыемная цішыня, а ў сярэдняй школе № 7 Навагрудка — ва ўсю грыміць дыскатэка. Школьны двор запоўнены дзятвой, у неба ўзлятаюць рознакаляровыя шары… Жыццё кіпіць, а ў цэнтры гэтага шумнага дзіцячага мора заўсёды ён — Ілья Іванавіч Кулеш.

Гэта сёння Ілья Іванавіч — педагог дадатковай адукацыі сярэдняй школы № 7 Навагрудка, а яшчэ літаральна ўчора гэта быў звычайны старшакласнік, які любіць дыджэіць на дыскатэках і перыядычна выконвае ролю вядучага на ўрачыстых лінейках. Ілья рабіў гэта так часта, з такім натхненнем і імпэтам, што дырэктар школы Вольга Якаўлеўна Хітро аднойчы прапанавала: “А не хацеў бы ты працаваць у нас педагогам дадатковай адукацыі пасля 11 класа? Пойдзеш на завочнае, будзеш адначасова атрымліваць і веды, і зарплату”.

Прапанова была прыемная, але не сказаць, што нечаканая:

— На нешта падобнае я даўно спадзяваўся, — расказвае Ілья Іванавіч. — Я з 5 класа хацеў працаваць у роднай школе і мэтанакіравана ішоў да сваёй мары. Спачатку, як і многія актыўныя вучні, дапамагаў праводзіць мерапрыемствы, конкурсы, прыдумваў квесты, потым вёў канцэрты і лінейкі… Да мяне так прывыклі, што ні адно мерапрыемства не абыходзілася без майго ўдзелу. Пасля, ужо стаўшы часткай педкалектыву, я ні дня не пакутаваў ад сіндрому самазванца: добра ведаў, што і як рабіць, з кім працаваць… Па сутнасці, проста працягнуў рабіць тое, што люблю, але ўжо не як школьнік Ілья Кулеш, а як педагог дадатковай адукацыі Ілья Іванавіч, — расказвае малады чалавек.

Адзінае, што непакоіла, — як успрымуць яго калегі, якія яшчэ ўчора лічыліся яго настаўнікамі. Было нязвыкла чуць з іх вуснаў афіцыйны зварот на вы і імя па бацьку. Аднак хутка ўсе страхі і хваляванні рассеяліся.

Я з 5 класа хацеў працаваць у роднай школе і мэтанакіравана ішоў да сваёй мары. Спачатку, як і многія актыўныя вучні, дапамагаў праводзіць мерапрыемствы, конкурсы, прыдумваў квесты, потым вёў канцэрты і лінейкі… Да мяне так прывыклі, што ні адно мерапрыемства не абыходзілася без майго ўдзелу. Пасля, ужо стаўшы часткай педкалектыву, я ні дня не пакутаваў ад сіндрому самазванца: добра ведаў, што і як рабіць, з кім працаваць… 

— У нас цудоўны педкалектыў, вельмі добразычлівы і дружны. Як вучань я ніколі не ішоў у школу праз сілу, са страхам, што мяне выклікаюць да дошкі, не баяўся сваіх настаўнікаў, ні на каго не вастрыў зуб за двойку… Так што я проста прыйшоў у родную навучальную ўстанову, да лю­дзей, якіх даўно ведаў, і мы пачалі працаваць разам, — дзеліцца педагог. — Вядома, як навічок я заўсёды раўняўся на старэйшых калег. Назіраў за іх работай і многае ўзяў для сябе. У маёй галаве не існуе вобраза бездакорнага настаўніка, на якога я хацеў бы быць падобным, я ніколі не імкнуўся да ідэалу. Хутчэй, маё ўспрыманне прафесіі наступнае: кожны педагог унікальны, у кожнага свая непаўторная манера, якую немагчыма скапіраваць. Я пераймаю ад калег пэўныя жарты, фішкі, формы работы — прымяраю іх на сябе, пераасэнсоўваю і пускаю ў работу — і так што­дзень, на практыцы, назапашваю новы вопыт.

Адкрытасць і камунікабель­насць дапамагаюць Ільі Іванавічу не толькі знаходзіць агульную мову з калегамі, але і заваёўваць любоў і павагу тых дзяцей, з якімі ён нядаўна бегаў на перапынках па школьных калідорах.

— Калі вы спытаецеся, якая характэрная рыса вылучае менавіта мяне, напэўна, гэта весялосць і дабрыня. Для дзяцей я, у першую чаргу, той, хто размаўляе з імі на адной мове, хто іх разумее, хто можа падтры­­маць доб­рую ідэю і сам іскрыцца крэатывам. Я роўны з усімі — і са старшакласнікамі, якія яшчэ ўчора былі са мной у адной лодцы, і з першаклашкамі, і з маімі былымі настаўнікамі. Проста паводжу сябе так, што ні ў кога няма неабходнасці дэманстраваць свой аўтарытэт і вырашаць, хто тут галоўны. Калі мы прадумваем нейкае мерапрыемства, то робім гэта ўсе разам. Абагульняем лепшыя ідэі, стараемся, каб кожны мог сказаць сваё слова і не адчуваў сябе пакрыўджаным. Чым больш энергіі, пазітыву і крэатыўных ідэй, тым больш шчаслівым я сябе адчуваю, — прызнаецца педагог.

Ён дадае, што пэўны час вагаўся паміж педагагічнай і творчай спецыяльнасцю. І толькі прапанова дырэктара працаўладкавацца ў школу дапамагла яму зра­біць канчатковы выбар і паступіць на завочку ў Баранавіцкі дзяржаўны ўніверсітэт. Гэтае рашэнне дазволіла Ільі Іванавічу не толькі атрымаць свой першы запіс у працоўнай кніжцы, але і працягнуць сямейную традыцыю.

Я змалку круціўся вакол бабулі, бачыў, як яна ставіць з дзеткамі танцы, вучыць песні, піша сцэнарыі. Таму закуліссе педагогікі заўсёды было для мяне як дзверы ў цуд, напоўнена прадчуваннем свята.

— Мая мама працуе выкладчыкам у гандлёвым каледжы, а бабуля — музычны педагог у дзіцячым садзе. Вядома, гэта таксама задало напрамак маім дзіцячым фантазіям. Я змалку круціўся вакол бабулі, бачыў, як яна ставіць з дзеткамі танцы, вучыць песні, піша сцэнарыі. Таму закуліссе педагогікі заўсёды было для мяне як дзверы ў цуд, напоўнена прадчуваннем свята, — усміхаецца Ілья Іванавіч.

Сёння яму ўсяго толькі 19 гадоў, а за плячамі ўжо год работы ў школе. Пакуль за акном лета, Ілья не стаў марнаваць час і ўладкаваўся культарганізатарам у летні аздараўленчы лагер.

— Работа ў лагеры мяне не здзівіла, тут мае абавязкі амаль не адрозніваюцца ад тых, што я выконваў у школе. Там я кіраваў валанцёрскім рухам, аб’яднаннем па інтарэсах “Лідар”, тэатральным гуртком,  дапамагаў арганізоўваць спартыўныя спаборніцтвы, танцавальныя батлы, дыскатэкі, конкурсы…  У летніку функцыянал падобны, але ён — са смакам лета і свабоды: можна пагуляць у караля і каралеву ночы, сустрэць світанне, сха­дзіць на возера. У школе такіх магчымасцей, на жаль, менш, — працягвае Ілья Іванавіч. — А падчас пандэміі мы ўвогуле так зану­дзіліся, што цяпер карыстаемся любой магчымасцю расквеціць будзённае жыццё. Нават летам падчас канікул збіраем дзяцей, каб патанцаваць і павесяліцца разам.

Асаблівая фішка сярэдняй школы № 7 Навагрудка — летнія дыскатэкі на адкрытым паветры. Гэта форма работы, якую вельмі любяць і дзеці, і іх бацькі. 

— Аб мерапрыемствах абвяшчаецца загадзя — праз сацыяльныя сеткі. Прыходзяць дзеці не толькі з нашай школы, але і з суседніх. Навагрудак — горад невялікі, і калі ў дзяцей і дарослых з’яўляецца магчымасць сустрэцца, паўдзельнічаць у конкурсах, атрымаць прызы, — яны рэагуюць вельмі ўдзячна. Хаця, вядома, не ўсім падабаюцца натоўпы вакол школы. Некалькі разоў пажылыя людзі скардзіліся на музыку, хаця мы нічога не парушалі, усе мерапрыемствы заканчваліся строга да дзевяці вечара… На жаль, гэта бывае цяжка рас­тлумачыць сталым людзям, але я стаўлюся да праблемы па-філасофску і проста раблю музыку цішэй, — усміхаецца педагог. 

Лета канчаецца, а значыць, для Ільі Іванавіча надышоў час настройвацца на вераснёўскую хвалю і рыхтавацца да школы — прыдумваць новыя мерапрыемствы і актыўнасці, каб зрабіць наступны навучальны год яшчэ больш яркім і запамінальным, чым мінулы.

Віталіна НЕСЦЯРОВІЧ.