Бацька Нёман, як часта называюць галоўную беларускую раку, працякае па тэрыторыі некалькіх раёнаў. Аднак менавіта на Стаўбцоўшчыне да яго ставяцца з асаблівай любоўю і пашанай. Найбольш яскрава гэта пацвярджае творчасць Якуба Коласа. Сённяшнія педагогі і навучэнцы намагаюцца не адставаць ад песняра-земляка і таксама складаюць своеасаблівыя гімны рацэ і роднаму краю — вершы, песні, а таксама шматлікія даследчыя работы, праекты, якія рэгулярна займаюць прызавыя месцы на конкурсах абласнога і рэспубліканскага ўзроўню.
Прыхаваная крыўда
Сёлетняй вясной трапіць у госці да Нёмана было складана. Пасля працяглай снежнай зімы рака, скінуўшы ледзяное покрыва, вырашыла набрацца сіл і пасвавольнічаць, пагуляць па сваёй пойме. Вось толькі для людзей гэтае свавольства стала непатрэбным клопатам. Вялікая вада завітала няпрошаным госцем на падворкі, зазірнула нават у дамы. Некалькі тыдняў Нёман адпачываў ад зімовага палону і толькі нядаўна вярнуўся ў свае берагі, каб прадоўжыць адвечны шлях у Балтыйскае мора.
Навукоўцы скажуць, што паводка — адна з фаз воднага рэжыму ракі, неперыядычнае кароткачасовае падняцце ўзроўню вады, выкліканае раставаннем снегу. Чамусьці здаецца, што нёманскія паводкі, кшталту сёлетняй, — гэта яшчэ і своеасаблівая крыўда ракі на тое, што мы не заўсёды ўдзяляем ёй належную ўвагу, не так, як трэба, клапоцімся пра экалагічны стан яе рэчышча і берагоў. Гэта калісьці развіццё Стаўбцоўшчыны было непарыўна звязана з Нёманам, па ім хадзілі знакамітыя віціны (выява такога судна на гербе райцэнтра), а мясцовыя жыхары сплаўлялі лес аж да Балтыйскага мора. Аднак навукова-тэхнічны прагрэс прывёў да таго, што ў другой палове ХІХ стагоддзя праз тэрыторыю Стаўбцоўскага раёна была пракладзена чыгунка. Рака пачала паступова страчваць важнае эканамічнае значэнне. Нёман і па сённяшні дзень не змірыўся з гэтым, таму час ад часу нагадвае пра былую веліч, ператвараючы пойму ў сапраўднае мора.
Цяпер у Нёмана іншая роля, ён з’яўляецца галоўным турыстычным аб’ектам краю, выдатным месцам адпачынку. Рака прыцягвае не толькі аматараў загару, купання, але і рыбакоў, грыбнікоў, а таксама літаратараў, паэтаў, — усіх, хто яшчэ па школьных падручніках знаёміўся з малой радзімай Якуба Коласа, з тымі мясцінамі, “дзе льецца Нёман срэбраводны” і “дубы дзе дружнай чарадою стаяць, як вежы, над вадою”. На жаль, гэтых дубоў даўно няма. Некаторыя высечаны, іншыя падмыла рака і пацягнула за сабой у мора. Сёння ў люстэрка вады глядзяцца пераважна вербы і кустоўе. А вось сярэбранае адзенне Нёман апранае даволі часта, асабліва, калі стаіць пахмурнае надвор’е або сонца гуляе ў хованкі з аблокамі.
Вяргіневая сталіца
Як адзначылі настаўнікі Мікалаеўшчынскай сярэдняй школы імя Якуба Коласа, у такое надвор’е асабліва прыемна прыйсці на бераг Нёмана і зачытаць некалькі радкоў з “Новай зямлі” або з іншых твораў паэтаў-землякоў. Калі б давялося цалкам чытаць усе вершы і паэмы, напісаныя ўраджэнцамі Мікалаеўшчыны пра велічную раку, то для гэтага спатрэбілася б некалькі дзён. Менавіта столькі можна не спяшаючыся чытаць адну з самых любімых кніг тутэйшых жыхароў “Бацька наш Нёман”, у якой сабраны творы беларускіх класікаў, прысвечаныя рацэ.
Мікалаеўшчына — унікальная вёска. Як адзначыла дырэктар школы Лілія Дзмітрыеўна Кротава, тут амаль на кожным доме можна змяшчаць мемарыяльную шыльду і праводзіць захапляльную экскурсію. Усе даследчыя работы і праекты, якія ствараюць мясцовыя педагогі і навучэнцы, так ці інакш звязаны з ракой і знакамітымі землякамі і ў першую чаргу — з Канстанцінам Міхайлавічам Міцкевічам. Не будзем падрабязна спыняцца на тэме “Колас і Мікалаеўшчына”, адзначым толькі: для таго, каб найбольш поўна адчуць усю чароўнасць “Новай зямлі”, трэба абавязкова наведаць і тое месца, дзе “крынічкі вузенькае ложа”, і дзе “лес кашлаты меў зелянюсенькія шаты”, і дзе луг “праменнем сонейка заліты”. Адным словам, пабываць у ваколіцах Мікалаеўшчыны. Такое падарожжа хаця б раз у жыцці абавязкова павінен здзейсніць кожны настаўнік беларускай мовы і літаратуры.
Па якім маршруце падарожнічаць? Адказ даволі просты: трэба рухацца па дарозе Стоўбцы — Мікалаеўшчына ўздоўж турыстычнага “Шляху Коласа” і ўважліва сачыць за дарожнымі ўказальнікамі. Можна звярнуцца па дапамогу да мікалаеўшчынскіх педагогаў, якія выдатна ведаюць сцяжыны, па якіх калісьці бегаў малы Кастусь. Па гэтых сцежках неаднаразова прагульваліся і юныя ўдзельнікі турыстычнага гуртка “Тапонімы роднай мясцовасці”, якім кіруе настаўніца геаграфіі Таццяна Леанідаўна Каранеўская. Перад тым, як адправіцца ўслед за Коласам, вашы мікалаеўшчынскія калегі абавязкова пакажуць школьны фільм “Пехатой, ці як здарыцца”, падчас прагляду якога можна завочна азнаёміцца з ваколіцамі Мікалаеўшчыны.
— Мы не толькі ходзім у паходы, але і распрацоўваем праекты, удзельнічаем з імі на конкурсах. Апошні праект, прадстаўлены на конкурс “Прыродны і этнакультурны патэнцыял Міншчыны” расказваў пра мясціны, звязаныя з жыццём і творчасцю Коласа. Адно з такіх месцаў называецца Прыстанька. Менавіта тут адбыўся нелегальны настаўніцкі сход, апісаны ў трылогіі “На ростанях”, — паведамляе Таццяна Леанідаўна.
На думку настаўніцы геаграфіі, нельга гаварыць пра мясціны, калі не ведаеш паходжанне іх назваў. Таму адна з апошніх работ, створаных у Мікалаеўшчынскай школе, прысвечана тапонімам ваколіц вёскі. Работа заняла ў мінулым навучальным годзе прызавое месца на раённай навукова-даследчай канферэнцыі, а потым была прадстаўлена на канферэнцыі, што праходзіла ў рамках рэспубліканскага летніка юных краязнаўцаў — актыўных удзельнікаў акцыі навучэнскай моладзі “Жыву ў Беларусі і тым ганаруся”. Там работа была адзначана дыпломам.
Актыўным вывучэннем роднага краю займаюцца і ўдзельнікі школьнага гісторыка-краязнаўчага гуртка, якім кіруе настаўніца матэматыкі Таццяна Уладзіміраўна Хвалей. Адзін з напрамкаў дзейнасці — запіс успамінаў старажылаў і збор мясцовых легенд і паданняў. Гэтыя творы вуснай народнай творчасці тычацца паходжання назвы вёскі, звязаны з землякамі. І, канечне, асноўнай формай пазнання гурткоўцамі роднага краю з’яўляюцца падарожжы па малой радзіме. Якімі б сцежкамі, шляхамі-дарогамі не ішлі вучні і настаўнікі, яны абавязкова будуць праходзіць “Сцежкамі дзядзькі Якуба”. Менавіта такая назва ў маршруту паходу па родных мясцінах Канстанціна Міцкевіча.
— Акрамя паходаў, мы з вучнямі ўдзельнічалі ў абласным конкурсе радаводаў “Нельга забываць свае карані”. Гэта вельмі цікавая справа, якой я таксама захапілася і даведалася пра жыццё сваіх дзядоў і прадзедаў. Складаць уласнае радавое дрэва было надзвычай лёгка, паколькі неабходны матэрыял у мяне ўжо быў. І гэта не толькі фотаздымкі продкаў, але і падручнікі, па якіх я калісьці вучылася ў нашай школе, гэта і мае дзённікі за ўсе 10 класаў. Гэтыя рэчы сталі сапраўднымі сямейнымі рэліквіямі. Яшчэ мы вывучаем гісторыю школы, складаем яе летапіс. На сённяшні час гурткоўцы сабралі звесткі пра ўсе выпускі, пачынаючы з 1949 года. Кожнага вучня і настаўніка, якія ў нас вучыліся, мы, можна сказаць, ведаем у твар, паколькі ў школьным архіве захоўваюцца фотаздымкі выпускных класаў, — расказвае Таццяна Уладзіміраўна.
Даследчыя работы, праекты, створаныя ў Мікалаеўшчынскай сярэдняй школе, так ці інакш звязаны з Нёманам і Якубам Коласам. Гэта ў тым ліку і экалагічная сцяжына, распрацаваная настаўніцай біялогіі Нінай Мікалаеўнай Урадавай. Рака, жыццёвы і творчы шлях песняра — аснова выхаваўчай работы.
У тым, што Мікалаеўшчына — самая “коласаўская” вёска з усіх населеных пунктаў, звязаных з жыццём Канстанціна Міхайлавіча, можна не сумнявацца. А яшчэ, як паведаміла школьны бібліятэкар Наталля Канстанцінаўна Федзяняк, у хуткім часе Мікалаеўшчына стане вяргіневай сталіцай Беларусі. Чаму менавіта вяргіневай? Усё проста. Гэтую кветку вельмі любіў пясняр. Плануецца, што на кожным падворку, у тым ліку і на тэрыторыі школы, будуць высаджаны вяргіні. А раз у год у верасні будзе праводзіцца фестываль, да ўвагі ўдзельнікаў якога будуць прадстаўлены шматлікія гатункі гэтай кветкі. Падчас фестывалю пісьменнікі будуць зачытваць свае “вяргіневыя” творы, барды выконваць адпаведныя песні.
Як слязінка
“Калісьці Нёман быў прыгожы, // Абапал Нёмна раслі ажыны, лозы. // Цяпер ты, Нёман, слязінкаю стаў…” — прадэкламавала Наталля Канстанцінаўна Федзяняк словы з верша, складзенага 90-гадовай сваячкай Канстанціна Міхайлавіча Яўгеніяй Мікалаеўнай Міцкевіч, у той час, калі разам з ёй і іншымі педагогамі мы падышлі да срэбраводнага Нёмана. Наогул, тэма экалагічнага стану ракі надзвычай актуальная для раёна. Да яе ў сваіх даследаваннях звяртаюцца не толькі мікалаеўшчынскія настаўнікі і вучні, але і калектывы іншых устаноў адукацыі раёна. Так, праблема меліярацыі поймы ўзнята ў рабоце “Нёман — краса і гонар Стаўбцоўшчыны”, створанай пад кіраўніцтвам настаўніцы гісторыі сярэдняй школы № 2 Стоўбцаў Марыны Міхайлаўны Пархімовіч.
— Прыгадваю, як каля Старога Свержаня, Драздоў, Задвор’я калісьці расло шмат унікальных пералескаў. Але пасеклі алешнік, знішчылі. Добра, што меліяратары цалкам яго не звялі пры выпрамленні рэчышча Нёмана. Калі па складзеным праекце пачалі “выраўноўваць” вярхоўе рэчкі Залужанкі і дайшлі да Старога Свержаня і Драздоў, вяскоўцы запратэставалі. Іх прадстаўнік настаўнік Іван Шавель, якога ўжо няма з намі, звяртаўся ў камітэт па ахове прыроды, накіроўваў заяву нават у ЦК КПБ. Прыехала камісія са сталіцы, і пасля агляду мясцовасці пагадзіліся з меркаваннем настаўніка. Большую частку рэчкі, а гэта кіламетры тры, пакінулі без “перабудовы” квітнеючых берагоў, захавалі прыбярэжныя кусты і дрэвы. Падобным чынам не да канца загубілі, пакінулі некранутыя ўчасткі Альхоўкі, Ругайкі, Ячанкі, — паведамляе настаўніца.
Вырашэннем праблемы экалагічнага стану водных аб’ектаў на тэрыторыі раёна, у прыватнасці, Альбуцкай крынічкі, займаюцца таксама ўдзельнікі навуковага таварыства навучэнцаў “Пошук” і літаратурна-краязнаўчага клуба “Прыстанька” з гімназіі № 1 Стоўбцаў. Гэта, як паведаміла намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце і кіраўнік клуба Таццяна Леанідаўна Мароз, тая самая крынічка, пра якую ў “Новай зямлі” гаворыцца: “Цякла тут з лесу невялічка // Травой заросшая крынічка, // Абодва берагі каторай // Лазняк, ракітнік абступалі…”. Педагогі і навучэнцы часта арганізоўваюць падчас летніка “Пошук” працоўныя дэсанты на бераг Нёмана, у тым ліку і да крынічкі, прыбіраюць пакінутае “аматарамі” нёманскіх краявідаў смецце. Гэтая карысная справа робіцца і падчас адпачынку ў паходах па родным краі.
— Работа клуба пачалася шмат гадоў назад. Створана сістэма работы па захаванні народных традыцый, выхавання ў вучняў любові да роднай зямлі, яе помнікаў. Разам з удзельнікамі навуковага таварыства “Пошук” працуем над рэалізацыяй шэрагу праектаў. Усё пачыналася з азнаямлення і даследавання роду і творчасці Якуба Коласа. Цяпер даследчая работа вядзецца ў літаратурным, гістарычным і экалагічным кірунках. Напрыклад, па экалагічным кірунку найбольш грунтоўнай з’яўляецца работа “Стаўбцоўскае возера” (кіраўнік Алена Генадзьеўна Шэлін), “Гідраніміка Стаўбцоўшчыны” (кіраўнікі Людміла Станіславаўна Назаранка, Святлана Генадзьеўна Мядынская), дзе разглядаюцца праблемы экалагічнага стану малых рэчак — “дачок” Нёмана. Падрабязна вывучаецца і сам горад, напрыклад, сабраны звесткі пра вуліцы Стоўбцаў і ў выніку аформлена работа “Стаўбцоўскія пуцявіны як знакі гісторыі”.
Дзейнасць навуковага таварыства і літаратурна-краязнаўчага клуба заключаецца і ў сяброўскіх стасунках са святарамі Свята-Анінскай царквы. Ужо многія гады ўстанова адукацыі супрацоўнічае і з музеем Якуба Коласа і дапамагае яго супрацоўнікам падтрымліваць у належным стане драўляныя скульптуры, размешчаныя ўздоўж “Шляху Коласа”. У рамках дзейнасці клуба “Прыстанька” была наладжана літаратурна-музычная гасцёўня “Цячэ з-пад Святое гары Нёман”, якая сабрала аднадумцаў сярод настаўнікаў, вучняў і мясцовых літаратараў. Своеасаблівым дэвізам сустрэчы стала прыказка: “Чым за морам віно піць, лепей з Нёмана вадзіцу”.
Стаўбцоўшчына ці Стаўпеччына?
На працягу стагоддзя многія гарады мянялі свае назвы. Часцей за ўсё гэта адбывалася на стыку эпох, а таксама пасля ўваходжання населенага пункта ў склад іншай дзяржавы. Не выключэнне і Стоўбцы. Яны называліся і Стоўпцы, і Стаўпцы, і Столпцэ. І да сённяшняга часу мы не можам вызначыцца, чаму горад Стоўбцы, а раён Стаўбцоўскі, а не Стоўбцаўскі, пры гэтым самі жыхары называюць свой край Стаўпеччынай. Не будзем паглыбляцца ў гэтыя філалагічныя пытанні, а лепш звернемся да паходжання назвы райцэнтра. Вось што адзначае ў сваёй рабоце “Аб паходжанні назвы горада Стоўбцы” Марына Міхайлаўна Пархімовіч:
— Стоўбцы яшчэ вядомы як населены пункт Вялікага Княства Літоўскага. Яго першыя жыхары пасяліліся тут, на беразе ракі Нёман, ужо ў глыбокай старажытнасці. Даследаваннямі беларускіх археолагаў выяўлены стаянкі чалавека эпохі мезаліту, неаліту, ранняга і сярэдняга бронзавага веку. Дата першага ўпамінання горада ў пісьмовых крыніцах дакладна не вызначана. Гісторыкі называюць 1511, 1568 гады.
Існуюць розныя версіі паходжання назвы горада. Адна з іх гаворыць пра тое, што назву горад атрымаў ад трох мураваных слупоў, якія былі пастаўлены на мяжы зямель Радзівілаў і Чартарыйскіх. Магчыма, назва пайшла ад мураваных слупоў, што засталіся ад капліцы святога Яна. Аднак больш верагоднай з’яўляецца версія аб слупах на стаўбцоўскай прыстані, да якіх прывязваліся чоўны і віціны. З даўніх часоў па Нёмане сплаўлялі лес. Гавораць, неяк плытагоны заўважылі, што надыходзіць навальніца. Адзін з іх прапанаваў зачапіць плыты да слупоў, якія знаходзіліся непадалёк, паставіць шалаш і перачакаць навальніцу. Так і зрабілі. Гэта было непадалёк ад таго месца, дзе рэчка Альхоўка ўпадае ў Нёман.
— Раней у Стоўбцах усё было па-іншаму. Горад і яго жыхары жылі ад гандлю, які ажыццяўляўся дзякуючы Нёману. У Стоўбцы звозілі збожжа і іншы здабытак сельскагаспадарчых палеткаў з блізкіх, далёкіх і нават вельмі далёкіх мясцін, каб затым на віцінах (вялікіх рачных караблях) перапраўляць па Нёмане аж у Нямеччыну. Сярод сённяшніх жыхароў Стаўбцоўшчыны шмат нашчадкаў былых плытагонаў, а ў прынёманскіх вёсках старыя людзі помняць паданні, песні, спецыяльныя словы, якімі карысталіся людзі гэтай забытай у наш час прафесіі, — адзначае настаўніца.
Калі б дзейнасць педагогаў па даследаванні роднай зямлі магчыма было вымяраць сантыметрамі, то адпаведны вопыт работы настаўнікаў Стаўбцоўскага раёна можна назваць роўным аж 937 кіламетрам. Менавіта такая даўжыня бацькі Нёмана — ракі, якая працякае па тэрыторыі трох краін, аднак толькі на Стаўбцоўшчыне да яе ставяцца з асаблівай любоўю і пашанай. Як пісаў самы знакаміты ўраджэнец гэтых мясцін: “Нёман, наша рэка! Корміш ты і поіш нас”. Да гэтых слоў хочацца дадаць і прыкладна такія: корміш і поіш, нягледзячы на тое, што мы не заўсёды клапоцімся пра тваю чысціню, неаднаразова ўмешваліся ў твой адвечны лад бяздумнымі дзеяннямі. Дзякуй табе за цярпенне, бацька наш Нёман!
Ігар ГРЭЧКА.
Фота аўтара.