Дзе нарадзіўся, там і згадзіўся

Сельская школа — нешта большае, чым проста ўстанова адукацыі. Школа ў сельскай мясцовасці адыгрывае больш значную ролю ў жыцці вучня, яго сям’і, грамадства, чым школа ў буйным абласным цэнтры і нават у малым горадзе. У той жа час сельская школа, з’яўляючыся важнай часткай любога рэгіёна краіны, заслугоўвае асаблівай падтрымкі і ўвагі не толькі дзяржавы, але і мясцовых улад, мясцовага соцыума. Прыкладам таму можа служыць гісторыя Пархімаўскай базавай школы. 

13 кастрычніка 1970 года адчыніў дзверы новы будынак школы. Ён быў пабудавана ўсяго за 10 месяцаў на сродкі калгаса імя Горкага. Мабыць ужо з тых часоў і наладзілася сувязь школы і базавай гаспадаркі. Тады у школе вучыліся 164 вучні, працавалі 16 настаўнікаў.

За апошнія 5 гадоў школа змяніла сваё аблічча. Аднак і сёння значны матэрыяльны ўклад у абнаўленне школы, папаўненне матэрыяльна-тэхнічнай базы ўносіць КСУП “Пархімаўцы”.

У школе вучацца 53 вучні з 38 сямей. Большая частка бацькоў нашых навучэнцаў(55%) працуе ў базавай гаспадарцы. Дзеці з маленства бачаць работу бацькоў, старэйшых братоў і сясцёр, вучацца паважаць і цаніць вынікі іх працы, прымаюць пасільны ўдзел у вядзенні хатняй гаспадаркі. Кіруючыся прымаўкай “Дзе нарадзіўся, там і згадзіўся” найбольш актуальным кірункам выхаваўчай работы школы мы бачым прафесійнае самавызначэнне вучняў. У працэсе адукацыйнай дзейнасці праводзім работу па арыентаванні старшакласнікаў на выбар рабочых, сельскагаспадарчых прафесій. Педагагічны калектыў бачыць мэтазгоднасць эфектыўнай прафарыентацыйнай работы з вучнямі і іх бацькамі толькі ў супрацоўніцтве школы і сельскагаспадарчага прадпрыемства “Пархімаўцы”.

З мэтай папулярызацыі сельскагаспадарчых прафесій навучэнцы 8 і 9 класаў школы прымаюць удзел у праекце “Выпускнікі Бераставіцкага ліцэя — нашы знакамітыя землякі”. У рамках праекта адбываюцца сустрэчы з выпускнікамі ліцэя — перадавікамі гаспадаркі.

Не застаецца ў баку праўленне гаспадаркі і ад адукацыйнага працэсу школы. Стала традыцыйным аказанне матэрыяльнай дапамогі навучэнцам, якія заканчваюць 9 клас, а таксама першакласнікам да 1 верасня. Устаноўлена стыпендыя ад гаспадаркі выпускнікам школы, якія закончылі ІІ ступень агульнай сярэдняй адукацыі на 9 – 10 балаў.

Кожны год у рамках тыдня прафарыентацыі адбываецца сустрэча старшыні гаспадаркі з выпускнікамі школы. Старшыня знаёміць вучняў 8 – 9 класаў з прафесіямі, запатрабаванымі ў гаспадарцы. Таксама ён дае інфармацыю аб поўным сацыяльным пакеце гарантый выпускнікам з моманту паступлення ва ўстановы прафесійна-тэхнічнага і сярэдняга спецыяльнага навучання, аб падтрымцы іх у якасці маладых спецыялістаў як работнікаў гаспадаркі. У рамках пазакласнай работы арганізаваны экскурсіі ў мехдвор, жывёлагадоўчыя фермы, дзе вучні могуць больш даведацца не толькі аб сельскагаспадарчых прафесіях, але і аб умовах працы сваіх бацькоў.

Вынікі сумеснай прафарыентацыйнай дзейнасці можна прасачыць за апошнія 5 гадоў. У сярэднім каля 50% выпускнікоў школы выбіраюць для далейшага навучання прафесійна-тэхнічныя навучальныя ўстановы раёна і вобласці, у большасці Бераставіцкі сельскагаспадарчы ліцэй. Аднак і тыя выпускнікі, якія атрымліваюць рабочыя спецыяльнасці не ў Бераставіцкім раёне, таксама вяртаюцца ў нашу гаспадарку.

Аксана Іванаўна Аўдзітоўская,
дырэктар Пархімаўскай базавай школы Бераставіцкага раёна