Дзе навука мяжуе з абдымкамі

Навуковы гурток кафедры літаратурна-мастацкай крытыкі факультэта журналістыкі БДУ “Арт-даследчык” адрозніваецца ад усіх астатніх студэнцкіх аб’яднанняў. Тут вы апынаецеся ў калектыве, дзе пануюць пастаянны пошук, добры настрой і…  абдымкі.

Маленькі, але даражэнкі

Па чалавечых мерках “Арт-даследчык” зусім дзіця: яму два з паловай гады. Аднак яго гісторыя бярэ пачатак яшчэ ў 2017 годзе. Тады да Кацярыны Лакцевіч з просьбай стаць навуковым кіраўніком курсавых работ звярнуліся другакурс­ніцы Каця Касцевіч і Саша Емяльянава. Дзяўчаты паказалі такі ўзровень зацікаўленасці і жаданне працаваць, што Кацярына Вячаславаўна прапанавала ім займацца тэорыяй і метадалогіяй літаратуры дадаткова. Паколькі выкладчык працавала над дысертацыяй і шмат часу праводзіла ў Нацыянальнай бібліятэцы, вырашылі сустракацца там кожную суботу.

Пасля першых заняткаў пачаліся першыя поспехі дзяўчат — перамогі на канферэнцыях, рэспубліканскіх і міжнародных конкурсах. Іншыя студэнты таксама пачалі прасіць у Кацярыны Вячаславаўны даць ім парады па напісанні курсавых работ, дзяліцца зваротнай сувяззю адносна сваёй творчасці. Так маладыя людзі даведваліся пра гурток, і па многіх пытаннях, што хвалявалі іх, атрымлівалі рашэнні на сустрэчах. Хтосьці, разумеючы вялікі аб’ём работы, сыхо­дзіў, але большасц­ь студэнтаў заставалася. За паўтара года гурток вырас з двух да пятнаццаці чалавек.

Паступова аб’яднанне аформілася афіцыйна і стала кафедральным. Наз­ву “Арт-даследчык” выбралі нездарма: адштурхоўваліся ад таго, што яна адлюстроўвае шматаспектнасць вывучаемых на кафедры відаў мастацтва, максімальна поўна раскрывае сутнасць даследаванняў і творчых пошукаў гурт­коўцаў.

“Навуковая журнаМістыка” “крэатыўных душ”

Сёння актыўнасці моладзі развіваюцца ў самых розных напрамках. Хтосьці больш скіраваны ў навуку, іншыя — у журналістыку, паэзію, музыку, танцы ці кіно. Маладыя людзі плануюць акумуляваць свае ідэі на сайце “Арт-даследчыка”. Сярод іх “Навуковая журнаМістыка”, “Экспромты”, “Падарожжы” і самая маштабная задума — праект “Крэатыўныя душы”, які смела можна назваць візітоўкай гуртка.

“Крэатыўныя душы” задумваліся як творчая імпрэза, дзе студэнты спецыяльнасці “Літаратурная работа (творчасць)” (яе курыруе кафедра літаратурна-мастацкай крытыкі) расказваюць пра свае творчыя захапленні. Праект стартаваў у 2019 годзе і стаў пляцоўкай, дзе студэнты змаглі заявіць пра свае таленты. Ідэя аказалася доўгачаканай: “Крэатыўныя душы” аб’ядналі літаратуру, кіно, дэкаратыўна-прыкладную творчасць, жывапіс, фатаграфію і дызайн. У найбліжэйшых планах гурткоўцаў — вывесці праект за межы кафедры, далучыць да яго іншых студэнтаў факультэта журналістыкі. Моладзь ставіць перад сабой задачу расказаць, што “Крэатыўныя душы” — месца, куды можа прыйсці любы натхнёны чалавек. Арганізатары тлумачаць, што праект па-за межамі гурт­ка малаэфектыўны, бо “Арт-даследчык” падмацоўвае творчасць навукай і дазваляе ўдасканальваць здольнасці на прафесійным узроўні.

Сакрэт прыцягнення моладзі ў гурток заключаецца ў тым, што тут не імкнуцца, каб хлопцы і дзяўчаты абавязкова заявілі пра сябе ў навуцы ці творчасці. Галоўная задача — каб студэнты маглі самарэалізавацца. Для гэтага неабходна, каб яны былі свабоднымі ў выбары: у часе, калі ім зручна займацца, у напрамках дзейнасці, што выклікаюц­ь цікавасць, і ў сродках, якія дапамага­юць выказацца. Кожны ў­дзельнік гуртка ўвасабляе сінтэз розных інтарэсаў — гэта як мага лепш перадае сутнасць аб’яднання.

Месца, дзе добра душы

Ксенія Кулікова — адзін з най­старэйшых “арт-даследчыкаў”. Дзяўчына вывучае дзіцячую перыёдыку і сёлета збіраецца паступаць у магістратуру. У “Арт-даследчык” яна прыйшла 4 гады назад: хацела напісаць артыкул для ў­дзелу ў канферэнцыі. Студэнтку зачапіла тое, што на сустрэчах часта разбіралі невялікія мастацкія творы і гурткоўцы часам прыходзілі да нечаканых для сябе высноў. Калі Кацярына Вячаславаўна тлумачыла нейкія моманты, студэнты ўражваліся сэнсамі, якія мог укласці ў пэўны твор аўтар.

— Я разумела, што тут мы будзем займацца сур’ёзнымі рэчамі і гэта не пройдзе для мяне бясследна. Як гаварылі героі “Службовага рамана”, справай трэба займацца або сур’ёзна, або не займацца ўвогуле. Дзякуючы Кацярыне Вячаславаўне, я асэнсавала гэтыя словы ў поўнай меры, — дзеліцца дзяўчына. — Прыходжу сюды, бо тут усё робіцца шчыра, а не для таго, “каб было”. Заняткі ў гуртку прымушаюць мой розум працаваць, вучаць думаць. Чалавек жыве, пакуль развіваецца яго мозг. Таму гурток для мяне — жыццё. Баюся ўявіць, што магла б сюды не трапіць. Напэўна, у мяне не было б нават мэт, а гурток дае шмат магчымасцей развівацца. “Арт-даследчык” — месца, дзе добра душы.

Па словах Ксюшы, у “Арт-даследчыку” заўсёды трэба шукаць нешта новае, не пераставаць здзіўляцца і не стамляцца ад жыцця. Быць гурткоўцам для яе — значыць быць адказным чалавекам.

— Самае каштоўнае, што ёсць тут, — асоба Кацярыны Вячаславаўны. Тое, як яна сама любіць навуку, — лепшы прыклад таго, да чаго трэба імкнуцца. Кожны, хто прыходзіць сюды, раскрываецца дзякуючы ёй. Пра многія таленты чалавек можа не ведаць, а Кацярына Вячаславаўна абавязкова разгледзіць яго моцныя бакі. Яе прыклад заражае любоўю да навукі, творчасці, і мы знаходзім сябе, — гаворыць Ксюша.

“Арт-даследчыцкі” “Арзамас”

Ліза Арлова вучыцца на 2 курсе і прыходзіць у Нацыянальную бібліятэку каля года. У гурток яе прывялі вершы. Пачуўшы пра “Арт-даследчык”, дзяўчына адразу падышла да Кацярыны Вячаславаўны са словамі: “А можна да вас?”

— Спачатку я думала, што ўсе тут сядзяць у радок у пінжаках і гальштуках з сур’ёзнымі тварамі, — успамінае другакурсніца. — Адразу нават не ведала, куды ісці, што рабіць, — усе падказвалі. А цяпер пры сустрэчы бягу па абдымкі!

Ліза памятае ўсе заняткі, бо яны былі насычаны новай інфармацыяй, радасцю, вясёлым настроем. Гурток асацыіруецца ў яе з вядомым аб’яднаннем “Арзамас”. Другакурсніцы здаецца, што некалі гісторыя “Арт-даследчыка” таксама трапіць у падручнікі гісторыі.

— У гуртку мяне матывуюць, тут не бывае сумна ці самотна. Яго галоўная асаблівасць — падтрымка, — заўважае студэнтка. — Такое ўражанне, што ўсе мы знаходзімся ля крыніцы, якая толькі-толькі пачынае бруіцца, але ў будучыні абавязкова прывядзе нас да нечага вялікага.

Барон Мюнхаўзен і цунамі

Чацвёртакурсніца Віталія Крычэўская ў “Арт-даследчыку” займаецца выключна творчасцю. Пра гурток яна даведалася падчас абмеркавання сваіх вершаў з Кацярынай Лакцевіч.

— Я ведала, што студэнты збіраюцца, камунікуюць, а вакол адбываюцца цікавыя рэчы. Аднак бібліятэка асацыіравалася з нечым сумным, — успамінае Віталія. — Калі я прыйшла абмеркаваць з Кацярынай Вячаславаўнай вершы, то ўбачыла, як падчас перапынку дзяўчаты ласаваліся тортам. Такое спалучэнне сур’ёзнай работы і слодычы ўзяло мяне ў палон. Гэта адно з самых яркіх уражанняў ад гуртка, бо ўбачанае ішло ў разрэз з маімі ўяўленнямі пра такія аб’яднанні.

Віталія малюе гурток у вобразе Барона Мюнхаўзена. На думку дзяўчыны, калі б “Арт-даследчык” быў чалавекам, перад ім адчыняліся б любыя дзверы: ён рабіў бы немагчымае, з’яўляючыся геніем, які апярэджвае час і цікавіцца тым, на што іншыя не звяртаюць увагі.

— Быць “арт-даследчыкам” — зна­чыц­ь знаходзіцца ў коле аднадумцаў, якія могуць не толькі падтрымаць і падбадзёрыц­ь, але і даць канструктыўны каментарый таму, што ты робіш, — пераканана Віталія. — Гурток — гэта пастаянны абмен меркаваннямі, узаема­дзенне, якое вядзе да ўзаемнага росту. Калі да нечага ты даходзіш самастойна гадоў за пяць, то тут гэтую планку пераадольваеш за паўгода. Жыццё ў “Арт-даследчыку” як узыходжанне па горным серпанціне.

Таня Папсуева захапляецца навукай, музыкай і выяўленчым мастацтвам. Як і многія, у гурток трэцякурсніца прыйшла пасля заняткаў у Кацярыны Лакцевіч.

— Адразу было страшнавата. Мне здавалася, што ўсе гурткоўцы — супергеніяльныя людзі. Яны будуць чытаць свае творы, пісаць навуковыя работы, а я — проста сядзець? Як гэта так?! Супакоіла Кацярына Вячаславаўна: “Расслабцеся, тут кожны займаецца тым, чым хоча”, — расказвае Таня. — Адметнасць нашага гуртка ў тым, што мы не зацыклены на выніках. Самае важнае — гэта камунікацыя, зносіны паміж намі. Разам мы можам абмеркаваць, што заўгодна. Паколькі ўсе гурткоўцы розныя, то і любая праблема разглядаецца з розных бакоў. Мы дапамагаем адно аднаму як у навуковай дзейнасці, так і ў жыцці. Тут да кожнага можна падысці з пытаннем, і табе абавязкова дадуць адказ. Ніхто ў гуртку не скажа табе: “Ай, гэта не тваё! Кінь!” Наадварот, падба­дзёраць “Вядома, спрабуй. Мы з табой. Давай паглядзім, што атрымаецца!” Мы гарой адно за аднаго і заўсёды гатовы да любой авантуры.

Студэнтка з усмешкай успамінае момант знаёмства са структурай навуковага артыкула. Калі ёй паказалі раздрукоўку з патрэбным матэрыялам, дзяўчына падумала: “Нічога сабе! І хто гэта можа зрабіць, акрамя выкладчыка?” Але калі ўлілася ў працэс напісання работ, страх знік. Дзякуючы гуртку, студэнтка стала больш упэўненай, усвядоміла, што няма нічога немагчымага.

Таня гаворыць, што “Арт-даследчык” для яе — маленькая сям’я, з якой яна перажывае шчаслівыя і сумныя моманты. Студэнтка пераканана, што без навуковых пошукаў і людзей, якія побач, яе жыццё было б сумным.

— Мы падобныя да цунамі. Нашы інтарэсы не драбняцца па вузкіх напрамках, бо мы бяром за аснову ўсё навокал. Пры тым, што кожны займаецца блізкім толькі яму напрамкам, разам мы нясём агульны ўнутраны агеньчык гуртка. “Арт-даследчыцкае” цунамі ахоплівае усё, што апынаецца побач, і ад яго ня­проста збегчы, — смяецца студэнтка. — І калі нехта думае, што гурткі — гэта неш­та сумнае, то ён проста не быў у нас.

Ірына ІВАШКА.
Фота з архіва гуртка.