Дзе прызванне, там прызнанне

Калі праязджаеш уздоўж Алекшыцкай сярэдняй школы Бераставіцкага раёна, можна заўважыць, што ў невысокім будынку на школьным двары гарыць святло нават тады, калі  ў школе ўжо ўсе вокны ахінуты цемрай. А для ўсіх мясцовых у гэтым няма дзіва: там жа Аляксандр Анатольевіч з вучнямі. Зноў нешта прыдумляюць і майструюць!

Аляксандр Анатольевіч Камяк — настаўнік працоўнага навучання і выяўленчага мастацтва вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі. У Алекшыцы ён прыехаў пасля трохгадовай працы ў Абухаўскай школе Гродзенскага раёна 25 гадоў назад, не ведаючы, што гэты адрас застанецца назаўсёды ў яго працоўнай кніжцы. Аляксандр Анатольевіч на ўсё жыццё застаўся ўдзячны сваім настаўнікам з Ваўкавыскага вучылішча, са шчырай цеплынёй і душэўнасцю ўспамінае імёны тых, хто паўплываў на шматбаковае развіццё здольнасцей юнака: куратара групы Г.С.Курыловіч, выкладчыкаў І.І.Дудко, Т.У.Боцька. У асяроддзі таленавітых і творчых людзей юнак паспрабаваў сябе ў выяўленчым мастацтве, музыцы, спевах, тэатральнай і мастацкай прыкладной дзейнасці. Усё гэта садзейнічала выхаванню мастацкага густу і пашырэнню кругагляду, тут былі закладзены асновы педагагічнага майстэрства і знойдзена прызванне. Пазней была завочная вучоба ў Віцебскім дзяржаўным універсітэце па спецыяльнасці “Выяўленчае мастацтва і чарчэнне”.

А нарадзіўся Аляксандр Анатольевіч у Гродне ў сумленнай працавітай сям’і. Аднак гарадскога хлапчука больш вабілі бязмежныя прасторы Белавежскай пушчы і свіслацкіх балот, бо кожнае лета ён праводзіў канікулы ў бабулі і дзеда ў Свіслацкім раёне. Там былі засвоены ўрокі народнай мудрасці, душа ўражлівага хлапчука прагна ўбірала ў сябе драбніцы нацыянальнай культуры, цікавасць выклікалі асаблівасці вясковага побыту. Ах, якімі смачнымі былі тады няхітрыя беларускія стравы, згатаваныя бабуляй у печы!

Аднойчы малады настаўнік, прыехаўшы па запрашэнні сябра ў Алекшыцы, на танцах пазнаёміўся з сарамлівай яснавокай дзяўчынай Аленай… Маладая пара назаўсёды кіне якар у Алекшыцах. Там народзяцца дзве дачушкі — прыгажуні, спявачкі, разумніцы, якія стануць бацькоўскім гонарам: абедзве скончаць школу з залатымі медалямі, абедзве атрымаюць вышэйшую адукацыю па прэстыжных і запатрабаваных спецыяльнасцях. Алена Георгіеўна, надзейны памочнік і тыл Аляксандра Анатольевіча, і сёння працуе побач. Міла назіраць за гэтай прыгожай і дружнай парай. Бывае, жартам паскардзіцца настаўнік: “Унукаў ужо хочацца!”

Калі заходзіш у майстэрню да Аляксандра Анатольевіча, кідаюцца ў вочы работы, выкананыя ў розных тэхніках: пано-трыпціх, шахматы, шпакоўня-лесавік (разьба па дрэве), шыкоўны нацюрморт (алей), мадэлі самалётаў, машын (разьба па дрэве), шахматы насценныя (разьба па пластыку)… Гэта работы, выкананыя майстрам ці пад яго кіраўніцтвам, а ў другой палове майстэрні — работы вучняў, у кутку шафа, усе паліцы якой шчыльна застаўлены кнігамі і зусім не таннымі альбомамі па сусветным і айчынным мастацтве. А колькі багацця схавана ў зачыненых шафах! Ёсць там і адна патайная паліца, на якой стаіць 25 школьных дзённікаў. Не, гэта не дзённікі вучняў — гэта дзённікі НАСТАЎНІКА. Аляксандр Анатольевіч, акрамя неабходнай настаўніцкай дакументацыі, па вучнёўскай завядзёнцы працягвае весці звычайны школьны дзённік, дзе запісвае тэмы ўрокаў і свае заўвагі. І так з дня ў дзень, з году ў год, пачынаючы з першага свайго самастойнага ўрока.

Аляксандр Анатольевіч кіраўніцтвам да дзеяння выбраў словы В.А.Сухамлінскага: “Вытокі творчых здольнасцей і талентаў дзяцей на кончыках іх пальцаў. Ад пальцаў… іду ць найтанчэйшыя ручайкі, якія жывяць крыніцу творчай думкі… Чым больш майстэрства ў дзіцячай руцэ, тым разумнейшае дзіця”. Зыходзячы з гэтага, педагог імкнецца развіваць творчы патэнцыял школьнікаў сродкамі заняткаў геаметрычнай разьбой.

Графічная падрыхтоўка пачынаецца на ўроках выяўленчага мастацтва, у пачатковых класах, калі дзеці выконваюць малюнак простай “зорачкі”. У старшых класах работа ўскладняецца выкананнем невялікіх кампазіцый з геаметрычных фігур, потым вучням прапануецца змяніць эскіз арнамента на свой. Так вучні знаёмяцца з відамі арнамента, сэнсавым значэннем асобна ўзятых элементаў, вучацца стылізаваць пэўныя вобразы для геаметрычнай разьбы, пазней самастойна запаўняюць форму малюнка геаметрычнымі элементамі. Адначасова засвойваюць паняцце пра віды разьбы, прыёмы работы з інструментамі, выконваюць арнаменты з элементамі геаметрычнай разьбы. Разам з тым фарміруецца мастацка-вобразнае мысленне, засвойваюцца практычныя навыкі работы ў розных відах мастацкай дзейнасці, развіваецца зрокавае ўспрыманне, кампазіцыйная культура, прасторавае мысленне, выхоўваюцца актыўныя эстэтычныя адносіны да рэчаіснасці, да народных мастацкіх традыцый.

А.А.Камяк мае шмат прафесійных і тэхнічных знаходак, якімі шчодра дзеліцца з калегамі на шматлікіх абласных і раённых семінарах. Традыцыйна ён вядзе курсы пры Гродзенскім абласным ІРА па падрыхтоўцы вучняў да алімпіяд, і ў педагога ёсць чаму павучыцца: яго вучні пачынаючы з 2010 года шматразова станавіліся пераможцамі заключнага этапу рэспубліканскіх алімпіяд па працоўным навучанні і чарчэнні.

Пільнае вока вопытнага педагога ўмее вызначыць вучняў з творчымі здольнасцямі. Найчасцей гэта тыя, хто паспяхова засвойвае праграмны матэрыял па матэматыцы, фізіцы, хіміі, чарчэнні — адным словам, паспяховы ўдзель­нік алімпіяд па працоўным навучанні, гэта вучань “па 5 прадметах у 1”. Самаадданая праца педагога адзначана дзяржавай: А.А.Камяк двойчы станавіўся лаўрэатам спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных вучняў і студэн­таў (2010, 2012), а ў 2018 годзе ўзнагароджаны Ганаровай граматай Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь.

Аляксандр Анатольевіч увесь час у руху, яго немагчыма застаць без справы, але бывае адзін дзень у  тыдні, калі настаўнік спакойна і цярпліва стаіць у калідоры школы: у гэты дзень ён дзяжурны па школе. Аднак Аляксандр Анатольевіч адзін ніколі стаяць не будзе, ён увесь “аблеплены” вучнямі розных узростаў: старэйшыя дамаўляюцца аб пераздачы чарцяжа, пачаткоўцы туляцца да любімага настаўніка, частуюць яго ласункамі з дзіцячай кішэні. Эх, не працавалі яны яшчэ ў майстэрні! Усе гурткоўцы ведаюць, што Аляксандр Анатольевіч любіць не цукеркі, а таматны сок, запасы якога свое­часова папаўняюцца  ў майстэрні для сябе і тых, хто шчыруе разам з ім дацямна. Гэты напітак вельмі дарэчы тады, калі закіпае ў галаве ад рашэння чарговай мастацка-тэхнічнай галаваломкі ці гараць рукі ад напружанай фізічнай працы над чарговым шэдэўрам.

Настаўнік пастаянна паўтарае народную мудрасць: што ўмееш — за плячыма не насіць. А колькі потым былых вучняў, сутыкнуўшыся з жыццёвымі рэаліямі, удзячны яму за навуку! Аказваецца, навыкі тэхнічнай працы і чарчэння ў сучасным свеце надзвычай запатрабаваны.

А на мінулым тыдні Алекшыцкая сярэдняя школа зноў вітала вучня 11 класа Рамана Фартэля, які вярнуўся з заключнага этапу Рэспубліканскай алімпіяды па працоўным навучанні з дыпломам ІІ ступені. Калегі сардэчна віншуюць Аляксандра Анатольевіча Камяка з чарговай перамогай і жадаюць яму, каб НАСТАЎНІЦКІМ  дзённікам стала цесна на запаветнай паліцы ў школьнай майстэрні.

Галіна РУМАК,
настаўніца беларускай мовы Алекшыцкай сярэдняй школы Бераставіцкага раёна.
Фота аўтара.