Дзе размясціць пчальнік і што рабіць са старым транзістарам

- 15:33Адукацыйная прастора, Рознае

З 2007 года ў Маладзечанскай спецыяльнай агульнаадукацыйнай школе-інтэрнаце № 2 для дзяцей з парушэннямі зроку дзейнічае навуковае таварыства навучэнцаў “Пошук”. Даследчыя праекты, якія рыхтуюць школьнікі, адзначаны дыпломамі на раённых, абласных, рэспубліканскіх і міжнародных навукова-практычных канферэнцыях і конкурсах. Сёлета навучэнцы 11 класа Ілона Дарафей і Артур Быкоўскі, а таксама іх настаўнік фізікі і інфарматыкі — кіраўнік таварыства — Фёдар Міхайлавіч Філіповіч сталі стыпендыятамі спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў.

“Кожнае дзіця, незалежна ад стану свайго фізічнага здароўя і асаблівасцей у развіцці, павінна мець вопыт удзелу ў шматлікіх конкурсах і спаборніцтвах, — адзначае Фёдар Міхайлавіч. — Гэта надае ім упэўненасці, бо дзеці могуць параўнаць сябе са сваімі равеснікамі. Каштоўны вопыт набываецца падчас плённых і цікавых сустрэч і зносін з навучэнцамі розных устаноў адукацыі. Калі гаварыць пра дзяцей з парушэннямі зроку, то ім, безумоўна, нялёгка канкурыраваць на спаборніцтвах са звычайнымі школьнікамі. Але ў іх ёсць вялікае жаданне даказаць, што яны могуць выступаць не горш, чым некаторыя ліцэісты і гімназісты. Як паказвае практыка, пры ажыццяўленні даследчай дзейнасці яны сапраўды нароўні канкурыруюць з навучэнцамі са звычайных устаноў адукацыі. Для таго каб дзеці з парушэннямі зроку больш упэўнена сябе адчувалі і дастойна выступалі на канферэнцыях, мы з малодшых класаў далучаем іх да даследаванняў і публічных выступленняў, перш за ўсё у сваёй школе. Яны таксама наведваюць раённыя навукова-практычныя канферэнцыі, слухаюць выступленні іншых школьнікаў, даведваюцца такім чынам аб патрабаваннях, што прад’яўляюцца да даследчых работ”.

Навучэнцы Маладзечанскай школы-інтэрната праводзяць даследаванні па фізіцы, астраноміі, біялогіі, гісторыі, нямецкай мове, а таксама па рускай і беларускай мове і літаратуры. Самых лепшых вынікаў яны дасягнулі па фізіцы і астраноміі. Фёдар Міхайлавіч у сваёй рабоце з зацікаўленымі дзецьмі робіць акцэнт на стварэнні самаробных прыбораў. Яго вучні майструюць сонечныя, месячныя і зорныя гадзіннікі, генератар Граафа, маятнік Фуко (у мініяцюры), устаноўку для дэманстрацыі доследаў па канвекцыі, струнны тэрмометр і інш.
Як лепшыя можна адзначыць дасягненні навучэнцаў 11 класа — Артура Быкоўскага і Ілоны Дарафей. Артур пачаў удзельнічаць у навукова-практычных канферэнцыях яшчэ ў 8 класе. Найбольш значны поспех (калі ён атрымаў дыплом ІІІ ступені) быў у юнака ў мінулым годзе на XVII Рэспубліканскім конкурсе (канферэнцыі) работ даследчага характару па фізіцы. Ён зрабіў устаноўку для даследавання бачнага і блізкага інфрачырвонага спектра выпраменьвання. Для гэтага ўзяў стары транзістар, які ўжо адслужыў свой тэрмін, і фактычна даў яму другое жыццё — пераўтварыў: спілаваў верх і выкарыстаў уласцівасці транзістара ўспрымаць святло як фотаэлемент. На аснове такога пераўтварэння і была створана электронная ўстаноўка, з дапамогай якой можна мадэляваць розныя электронныя ўстройствы — люксметры, пірометры, фотарэле рознага тыпу.

Удалымі былі выступленні Артура і ў 9 і 10 класах на рэспубліканскіх конкурсах навукова-тэхнічнай творчасці навучэнскай моладзі “Тэхнаінтэлект”, дзе ён заняў адпаведна 7 і 5 месца, а таксама на конкурсе навукова-тэхнічнай творчасці навучэнцаў Саюзнай дзяржавы “Таленты ХХІ стагоддзя” і на навукова-інжынерным конкурсе навучэнцаў Belarus Science and Engineering Fair.
Гісторыя Ілоны Дарафей у многім падобная. Яна пачала выступаць на раённых навуковых канферэнцыях для навучэнцаў з 8 класа. У 9 класе атрымала пахвальны водзыў на XVI Рэспубліканскім конкурсе (канферэнцыі) работ даследчага характару па астраноміі. Прадстаўляла работу — самаробны маятнік з вадкім напаўняльнікам — прыбор для дэманстрацыі сутачнага вярчэння Зямлі. У тым жа годзе за сваю работу атрымала дыплом ІІ ступені на конкурсе “Тэхнаінтэлект”. У наступным 2013 годзе Ілона зрабіла ўстаноўку для вызначэння лінейнай хуткасці сутачнага вярчэння нашай планеты і прадставіла яе адразу на трох конкурсах, у выніку — атрымала дыпломы ІІ ступені на XVII Рэспубліканскім конкурсе (канферэнцыі) навучэнцаў і на конкурсе “Тэхнаінтэлект”, а на конкурсе Саюзнай дзяржавы “Таленты ХХІ стагоддзя” — дыплом ІІІ ступені.

У 2014 годзе Ілона ўжо заваявала два дыпломы І ступені — на XVIII канферэнцыі навучэнцаў па астраноміі і на V Рэспубліканскім конкурсе “Тэхнаінтэлект-2014” у секцыі “Авіяцыя, касманаўтыка і аэракасмічная тэхніка”, дзе таксама была ўзнагароджана ганаровым медалём пастаяннага ўдзельніка конкурсу. Сёлета Ілона прадстаўляла самаробны інклінатар — прыбор для вызначэння магнітнага нахілу Зямлі. З яго дапамогай можна, напрыклад, вызначыць магнітныя каардынаты нашай планеты. Ілона растлумачыла, як звязваць геамагнітныя каардынаты з геаграфічнымі, як можна па геаграфічных каардынатах месца назірання знаходзіць тую ці іншую мясцовасць. Работа навучэнкі мае практычнае значэнне — пры дапамозе прыбора можна знаходзіць буйныя магнітныя анамаліі. У Беларусі іх няшмат, а, напрыклад, у Сібіры — вялікая колькасць. Ілона ўжо атрымала прыватны заказ на вызначэнне належнага месца для размяшчэння пчальніка з дапамогай гэтага прыбора. Як вядома, пчолы вельмі адчувальныя да магнітнага поля Зямлі. Пчальнік не рэкамендуюць размяшчаць у месцах, дзе назіраюцца нават нязначныя магнітныя анамаліі.
“У нашых планах — рэалізацыя сумеснага праекта з лабараторыяй сінтэзу маўлення Аб’яднанага інстытута праблем інфарматыкі НАН Беларусі, з якой мы зараз супрацоўнічаем, — гаворыць Фёдар Міхайлавіч. — Мы будзем выкарыстоўваць іх сінтэзатар маўлення — праграмны прадукт па агучванні маўлення — у працэсе аб’ёмнага ўспрымання гуку. Для лепшага ўспрымання маўлення невідушчым чалавекам, намі будзе прапанавана стэрэасістэма з некалькіх дынамікаў, якія размешчаны ў вертыкальнай плоскасці вакол невідушчага карыстальніка. Пры гэтым у карыстальнікаў сінтэзатара будзе мяняцца прасторавае ўспрыманне інфармацыі і з’явіцца магчымасць лепшага арыентавання ў ёй.

Мы плануем таксама далучыць да праектнай дзейнасці навучэнцаў пачатковых класаў з мэтай іх далейшага выступлення на Абласным фестывалі даследчых работ малодшых школьнікаў “Я — даследчык”. Яшчэ ў сакавіку гэтага года наш васьмікласнік Антон Бельскі прымаў удзел у фiнале Рэспублiканскай алiмпiяды для дзяцей з АПФР “Інтэлектуальны марафон” і ўвайшоў у пяцёрку лепшых. Яго канкурэнтамі былі пераважна навучэнцы 11-х класаў. У чэрвені Антон у складзе беларускай каманды адправіцца на ІІ Міжнародную алімпіяду “Інтэлектуальны марафон”, якая пройдзе ў Пяцігорску (Расія). У юнака, дарэчы, ужо ёсць вопыт удзелу ў раённай і абласной канферэнцыях, дзе ён прадстаўляў работу “Струнны тэрмометр” разам з Артурам Быкоўскім. Былі ў Антона ў гэтым годзе і самастойныя выступленні — на навукова-інжынерным конкурсе навучэнцаў Belarus Science and Engineering Fair і на конкурсе “Тэхнаінтэлект” на секцыі “Матэрыялы ў тэхніцы”, дзе ён заняў 5 месца (прадстаўляў самаробную ўстаноўку для выяў-лення нізкачастотных радыёвыпраменьванняў).

Спадзяёмся, што навуковае таварыства “Пошук” будзе паспяхова развівацца і асвойваць у далейшым новыя тэмы і кірункі дзейнасці. Ужо добра заявіла аб сабе ў 2013 го-дзе Настасся Здрацова, якая падрыхтавала работу па нямецкай мове “Адаптацыя нямецка-рускага размоўніка для невідушчых” і атрымала дыпломы ІІІ ступені на раённай і абласной навуковых канферэнцыях, а сёлета — пахвальны водзыў на рэспубліканскай канферэнцыі (навуковы кіраўнік — настаўніца нямецкай мовы Людміла Міхайлаўна Ахмедава)”.

 

Надзея ЦЕРАХАВА.