Дзе шукаць спонсараў, альбо Як самастойна зарабіць грошы

Падвядзенне вынікаў фінансава-гаспадарчай дзейнасці сістэмы адукацыі стала асноўным пытаннем пасяджэння калегіі ўпраўлення адукацыі Гомельскага аблвыканкама, удзел у якім прымалі намеснік міністра адукацыі С.В.Руды і намеснік старшыні аблвыканкама У.А.Прывалаў.

Маладыя і перспектыўныя

Пачалося пасяджэнне з прыемнага — з уручэння прэмій, якія, згодна з распараджэннем старшыні Гомельскага аблвыканкама, атрымалі лепшыя студэнты устаноў вышэйшай адукацыі Гомельшчыны. Такія прэміі ўжо на працягу многіх гадоў прысуджаюцца юнакам і дзяўчатам, якія не толькі дасягнулі пэўных поспехаў у вучобе, але і займаюцца навукова-даследчай дзейнасцю, з’яўляюцца дыпламантамі навукова-практычных канферэнцый і конкурсаў, прымаюць актыўны ўдзел у грамадскім жыцці.
У гэтым годзе прэміі атрымалі курсант Гомельскага інжынернага інстытута Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь Вольга Мельчанка, студэнткі Гомельскага медыцынскага ўніверсітэта Кацярына Анашкіна, Гомельскага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта імя П.В.Сухога Наталля Куцарэнка, Мазырскага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя І.П.Шамякіна Вікторыя Корзун, студэнт Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны Іван Весялоў. Асаблівая гордасць за сваіх падапечных у кіраўніцтва і прафесарска-выкладчыцкага складу Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта транспарту. Адразу два студэнты гэтай установы — Настасся Грынкевіч і Антон Калько — атрымалі высокія ўзнагароды.

Кіраўнік — значыць менеджар

У сістэме адукацыі пакуль яшчэ не кожны кіраўнік разумее, што час патрабуе ад яго значна больш, чым кіраваць калектывам і раздаваць даручэнні падначаленым. Такую выснову можна было зрабіць, праслухаўшы даклад намесніка начальніка ўпраўлення адукацыі Гомельскага аблвыканкама Т.Ф.Атрохавай. А разам з тым сёння, займаючы кіруючую пасаду, неабходна перш за ўсё быць добрым менеджарам, разумець, як зарабіць грошы і як эфектыўна іх выкарыстаць. Як заўважыў начальнік упраўлення адукацыі С.І.Парошын, некаторыя кіраўнікі толькі паспяваюць дасылаць ва ўпраўленне лісты з просьбай даць грошай на бягучы рамонт і нават не спрабуюць самастойна вырашаць такія простыя пытанні.
Да бюджэтнага рубля наогул адносіны павінны быць асаблівыя — гэта якраз той напрамак, па якім даецца ключавая ацэнка фінансава-гаспадарчай дзейнасці.
У мінулым годзе, як адзначыла Таццяна Фёдараўна, асобныя ўстановы не выкарысталі ў поўным аб’ёме сродкі, якія былі ім выдзелены. Дарэчы, імі ж разлічаныя. Так, у мінулым годзе незапатрабаванымі засталіся амаль 2,5 мільярда рублёў. Гэта гаворыць аб тым, што спецыялісты не здольны правільна сфарміраваць бюджэт. Іншы раз шмат губляюць установы адукацыі з-за перасоўвання сродкаў з квартала на квартал, а таксама з прычыны няправільна аформленых дакументаў, якія вяртаюцца на дапрацоўку. Пакуль скончыцца гэты бегавы круг, адбываецца абясцэньванне грошай. Хаця спецыялісты інжынернай службы ўпраўлення адукацыі пастаянна выязджаюць у раёны з мэтай аказання метадычнай дапамогі, вучыцца на памылках не ўсе імкнуцца.
Яшчэ адна праблема заключаецца ў тым, што часам службы, як фінансавыя, так і інжынерныя, не хочуць звяраць свае дзеянні з заканадаўствам. Адносна гэтага кіраўніцтва ўпраўлення адукацыі лічыць, што наспела неабходнасць праверкі ў спецыялістаў ведаў на прадмет практычнага прымянення заканадаўства ў сферы закупкі тавараў, паслуг, правядзення рамонтных работ. Такую пазіцыю падтрымлівае і намеснік старшыні Гомельскага аблвыканкама У.А.Прывалаў. “Калі спецыялісты, якія займаюцца пытаннямі рамонтаў, складаннем каштарысаў, робяць грубыя памылкі, што выклікае неабходнасць уносіць карэктывы ў праектна-каштарысную дакументацыю і затрачваць на гэта бюджэтныя грошы, то ці маюць яны права займаць такія пасады?” — гэтае рытарычнае пытанне прадстаўніка мясцовых органаў улады дае падставу думаць, што хутка ў рэгіёне сур’ёзна возьмуцца за выпраўленне сітуацыі.
Варта звярнуць увагу і яшчэ на адно даручэнне Уладзіміра Аляксандравіча, дадзенае падчас выступлення прадстаўніка аддзела адукацыі, спорту і турызму Мазырскага райвыканкама, у якім ішла гаворка пра спонсарскую дапамогу. Канкрэтна ў гэтым раёне за мінулы год такая дапамога была аказана амаль на 6,5 мільярда рублёў. Гэта грошы прадпрыемстваў і бацькоў. У Мазыры размяшчаюцца два буйныя прадпрыемствы — Мазырскі нафтаперапрацоўчы завод і “Мазырсоль”. А вось грошай на развіццё ўстаноў сістэмы адукацыі ад прадпрыемстваў паступіла ўсяго на мільярд рублёў больш, чым ад бацькоў. Прычына, на думку намесніка старшыні аблвыканкама, у тым, што аддзелы адукацыі не імкнуцца прыцягваць да супрацоўніцтва вытворчасць і прадпрымальнікаў. І гэта тычыцца ўсіх буйных рэгіёнаў.

Дазвольце фінансавую самастойнасць

Зразумела, побач з недахопамі і недапрацоўкамі ў адукацыйнай галіне Гомельшчыны шмат поспехаў і дасягненняў, цікавых распрацовак і ідэй. А ў камандзе кіраўнікоў рознага ўзроўню ўсё ж значна больш таленавітых, высокапрафесійных людзей, якія змаглі правільна пабудаваць фінансава-гаспадарчую палітыку сваіх устаноў. Гэта перш за ўсё праяўляецца ў пазабюджэтнай дзейнасці. Параўнальны аналіз паказвае, што пазабюджэтныя грошы як дадатковая крыніца фінансавання найбольш адчувальныя ва ўстановах прафтэхадукацыі. Іх удзельная вага ў бягучых расходах складае 10 працэнтаў, у той час як сярэдні паказчык па вобласці — каля 3 працэнтаў. Праўда, ёсць і ў гэтым некаторыя недахопы, якія патрабуюць карэкціроўкі. А менавіта тое, што пакуль у начальнікаў аддзелаў застаецца непапулярным даваць установам адукацыі самастойнасць. Аб гэтым у сваім выступленні на пасяджэнні калегіі гаварыў намеснік міністра С.В.Руды. Ён падкрэсліў, што заробленыя самастойна сродкі павінны заставацца ва ўстановах і кіраўнік павінен сам вырашаць, куды гэтыя грошы будуць накіраваны: на павышэнне зарплаты, рамонт, на ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы і г.д.
На думку намесніка міністра, у рэгіёне не ў поўнай меры выкарыстоўваюцца магчымасці зарабіць грошы. Такую выснову Сяргей Валянцінавіч зрабіў, аглядаючы выставу тэхнічнай творчасці, прадстаўленую ўстановамі прафтэхадукацыі і тэхнічнымі цэнтрамі вобласці.
— Я ўбачыў шмат цікавых рэчаў, — сказаў С.В.Руды. — Малайцы дзеці, імкнуцца, прыдумляюць. Але пакуль гэта ўсё цацкі, зробленыя ў адным ці двух экзэмплярах. Ну вось стварылі хлопцы механізм для ачысткі кукурузы. Згадзіцеся, рэч патрэбная ў гаспадарцы. Цікаўлюся, колькі прадалі. Ніводнага. Ён наогул у адным экзэмпляры. А пры пэўным падыходзе вынаходка магла б прынесці добры даход.
Намеснік міністра заўважыў, што гэта тычыцца не толькі Гомельшчыны. На жаль, такая сітуацыя складваецца ва ўсіх рэгіёнах. Гаварыць за калег гомельскія педагогі не могуць. Што ж тычыцца Гомельскай вобласці, то тут працуюць у гэтым кірунку і стараюцца рэалізаваць спажыўцам тавары, створаныя рукамі навучэнцаў. Для гэтага штогод праводзіцца кірмаш устаноў прафтэхадукацыі. У мінулым годзе выручка ад продажу на кірмашы склала больш за мільярд рублёў. Бясспрэчна, у гэтым кірунку яшчэ ёсць вялікія рэзервы, іх неабходна развіваць.
Канечне, нельга было абысці і тэму заработнай платы. На пасяджэнні было агучана, што на канец мінулага года ў галіне адукацыі вобласці сярэдні заробак склаў 4 мільёны 380 тысяч рублёў і Гомельшчына па гэтым паказчыку апынулася на чацвёртым месцы сярод абласцей.
Зараз кіраўніцтва ўпраўлення адукацыі працуе над вызначэннем прыярытэтных шляхоў, якія дапамогуць выправіць сітуацыю. Вельмі да месца была заўвага С.В.Рудага адносна таго, што ў рэгіёне не выкарыстоўваліся механізмы павышэння заробку, якія сёння прадастаўляюцца дзяржавай.
— На жаль, у мінулым годзе ні адна з устаноў або аддзелаў, упраўленне ў цэлым не выкарысталі механізм, прадастаўлены законам дзяржаўнага бюджэту, — сказаў Сяргей Валянцінавіч. — Так, як і пастановай Савета Міністраў, якая ў поўным аб’ёме адкрывае магчымасці выкарыстання сэканомленых ад аптымізацыі сродкаў на павышэнне менавіта заработнай платы. Прашу вас у 2015 годзе звярнуць увагу на гэтыя механізмы і не ўпускаць такія магчымасці.
Акрамя вынікаў фінансава-гаспадарчай дзейнасці, на парадку дня пасяджэння калегіі ўпраўлення адукацыі Гомельскага аблвыканкама стаялі пытанні якаснага і бяспечнага харчавання навучэнцаў, а таксама падвядзенне вынікаў абласнога этапу конкурсу на лепшую арганізацыю работы па прапагандзе эфектыўнага выкарыстання энергарэсурсаў “Энергамарафон-2014”.

Наталля ЛУТЧАНКА.
Фота аўтара.