Дзе спорт — там радасць

Дыпломы, медалі, кубкі, шчырыя апладысменты і ўсмешкі — такой стала ўзнагарода для прызёраў і пераможцаў Рэспубліканскай спартакіяды школьнікаў — 2018, урачыстае закрыццё якой прайшло ўчора на базе Рэспубліканскага цэнтра алімпійскага рэзерву па гандболе.

На працягу амаль двух тыдняў праходзіла напружаная барацьба фінальных спаборніцтваў спартакіяды па 21 відзе спорту, у якой прынялі ўдзел больш за 2,6 тысячы юных спартсменаў з усіх рэгіёнаў краіны. Былі ў гэтай барацьбе перамогі і пройгрышы, першыя і апошнія месцы. Адзінае, чаго не было, — сумнага настрою, таму што спорт, як вядома, — гэта жыццё, маладосць, а там, дзе маладосць, — заўсёды радасць, сіла, шчасце, прыгажосць. Спорт дорыць нам энергію і здароўе, сілу духу. Спорт вучыць нас радавацца жыццю, глядзець на свет з любоўю і ажыццяўляць сваю мару.

Радасна віталі прызёраў спартакіяды юныя спартсмены, трэнеры, удзельнікі Вялікай Айчыннай вайны, прадстаўнікі Міністэрства адукацыі, камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама, Рэспубліканскага цэнтра фізічнага выхавання і спорту навучэнцаў і студэнтаў. Краіна павінна ведаць сваіх герояў. У мастацкай гімнастыцы па выніках спартакіяды імі сталі Яна Стрыга (5 залатых медалёў), Паліна Сланчэўская (5 залатых медалёў і 1 бронзавы), Злата Бучанкова (3 залатыя медалі, 1 сярэбраны); у спартыўнай гімнастыцы — Таццяна Ляўчук (4 залатыя медалі, 1 сярэбраны) і Аляксандр Шпак (3 залатыя медалі, 1 сярэбраны); у скачках на батуце — Кацярына Яршова, Себасцьян Станкевіч (па 3 залатыя медалі). Героямі плавальных дарожак былі Варвара Драгун, Глеб Зайцаў, Ганна Султанава (па 2 залатыя медалі) і Ілья Караневіч (2 залатыя медалі і 1 сярэбраны).

— Дарагія сябры, мінула два тыдні радасці перамог, хваляванняў, веры ў тое, што менавіта вы апыняцеся ў ліку прызёраў і пераможцаў. Усе вы пераможцы, і самая галоўная перамога, якую вы ўжо атрымалі, — гэта перамога над сабой. Калі было балюча, калі было цяжка, калі, здаецца, не было сіл, вы ўсё роўна збіралі волю ў кулак і ішлі да спартыўных вяршынь, да перамог. Калі вы вернецеся дадому, у свае ўстановы адукацыі, не забудзьце падзякаваць за гэтую перамогу над сабой і за перамогу ў спартакіядзе сваім бацькам, настаўнікам фізічнай культуры, трэнерам. Дзякуй вам за тое, што вы застаяцеся са спортам, дзякуй за вашу шчырасць, адкрытасць, веру ў перамогу, — звярнулася да герояў спартакіяды намеснік міністра адукацыі Раіса Станіславаўна Сідарэнка.

Менавіта гэтыя прынцыпы дазволілі прадстаўнікам Гродзенскай вобласці заваяваць у агульнакамандным першынстве спартакіяды кубак і дыплом ІІІ ступені, камандзе Гомельскай вобласці заняць 2-е месца, а камандзе Мінска стаць пераможцай. “Ва ўсіх канцах планеты спорту рады, ён рухае наперад чалавецтва, таму гудзяць Алімпіяды і спартакіяды радуюць народ!” — такія словы прагучалі падчас урачыстай цырымоніі закрыцця Рэспубліканскай спартакіяды школьнікаў — 2018. Прыкладна такія ж словы мы пачуем у наступным годзе. Фінальныя спаборніцтвы Рэспубліканскай спартакіяды школьнікаў — 2019 будзе прымаць Мінская вобласць.

Ігар ГРЭЧКА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *