Дзе вучаць дабрыні

Гімназія № 58 імя Ф.П.Гааза ўжо на працягу 15 гадоў дапамагае дзецям, хворым на цукровы дыябет.

Здавалася б, адкуль такія магчымасці ва ўстановы адукацыі? Усё проста: хто не хоча нешта рабіць, шукае прычыны, а хто хоча — шукае магчымасці. Гімназія даўно адным з галоўных кірункаў выбрала выхоўваць у дзяцей пачуцці павагі і любові да блізкага, вучыць іх дабрыні і непадробнаму жаданню дапамагаць людзям. Нядаўна ў сценах установы прайшоў канцэрт “Спяшайцеся рабіць дабро!”, і сродкі, сабраныя падчас мерапрыемства, былі накіраваны на рахунак Гомельскага гарадскога грамадскага аб’яднання “Дзіцячы дыябет”.

Адным са знакавых момантаў сёлетняга дабрачыннага канцэрта стала віншаванне з паўналеццем Настассі Краўчэні, маці якой некалі працавала настаўніцай у гімназіі. Дзяўчынка рана страціла бацькоў і выхоўвалася бабуляй. Шмат гадоў працоўны калектыў дапамагае Настассі маральна і матэрыяльна. І гэта лепшы прыклад для вучняў, якіх педагогі імкнуцца выхоўваць на прынцыпах дабра.

Наталля ЛУТЧАНКА.