У гомельскай сярэдняй школе № 30 днямі адкрылі паласу перашкод юнага разведчыка. Гэты ўнікальны аб’ект перш за ўсё прызначаны для падрыхтоўкі дзяцей, якія вырашылі звязаць сваё жыццё з ваеннай справай.
Па сутнасці, гэты ваенна-спартыўны гаадок быў створаны яшчэ чатыры гады назад, але чамусьці не выкарыстоўваўся па прызначэнні. Аб’ект спраектаваў і вынасіў у сваім сэрцы падпалкоўнік міліцыі ў запасе
Р.А.Шагін. Рыгор Андрэевіч шмат часу аддае ваенна-патрыятычнаму выхаванню моладзі. За ўклад у маральнае і фізічнае развіццё будучых абаронцаў Айчыны ён быў узнагароджаны ганаровым медалём “70 гадоў вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў”. Ужо некалькі гадоў падпалкоўнік кіруе
ваенна-спартыўным клубам “Вымпел”, які працуе на базе той жа гомельскай школы № 30. А займаюцца ў ім дзеці з розных школ абласнога цэнтра. Напрыклад, Іван Емяльяненка, адзін з лепшых выхаванцаў клуба, вучыцца ў суседняй школе № 8. Менавіта яму было даверана паказаць майстар-клас пераадолення паласы перашкод.
Ад сапраўднай армейскай гомельская паласа перашкод адрозніваецца толькі памерамі — з улікам таго, што займацца на ёй будуць дзеці. Працягласць паласы складае 130 метраў і ўключае ў сябе 19 элементаў. Падрыхтоўку на гэтым аб’екце пройдуць усе навучэнцы ваенна-патрыятычных класаў гомельскіх школ. Салдацкую загартоўку тут будуць праходзіць і тыя вучні, якім неабходна павышаная педагагічная ўвага. Увогуле, ёсць намер выкарыстоўваць паласу перашкод па максімуме, а таму мяркуецца, што да трэніровак будуць прыцягнуты і ўсе навучэнцы розных школ горада. І гэта было б нядрэнна, бо тут юнакі і дзяўчаты могуць атрымаць шэраг неабходных навыкаў. А ў будучым Р.А.Шагін плануе дабавіць да паласы перашкод парашутны трэнажор і цір.
Наталля ЛУТЧАНКА.
Фота Ганны ПАШЧАНКА.