Дзе заканчваецца горад

- 12:16Родная земля

У эпоху ўрбанізацыі і глабалізацыі вясковая аўтэнтычнасць, на жаль, паступова знікае. Асабліва гэта відаць на прыкладзе населеных пунктаў, размешчаных недалёка ад вялікіх гарадоў. Але толькі не Гомеля. Там, дзе заканчваецца абласны цэнтр, пачынаецца сапраўдная беларуская вёска, з яе непаўторнасцю, адметнымі абрадамі і традыцыямі, спрадвечным ладам жыцця. І гэта ў ХХІ стагоддзі! І гэта — Гомельскі раён.

Вясковыя краявіды

Гомельска-Чарнігаўскае памежжа, тэрыторыю якога і займае Гомельскі раён, у прыродным, культурным і гістарычным плане самабытнае, непадобнае да іншых рэгіёнаў краіны. Такая самабытнасць складвалася стагоддзямі, яшчэ з часоў радзімічаў, якія жылі на берагах Іпуці і Сожа. На лёс гэтага памежнага краю ўплывалі шматлікія войны. Не былі рэдкасцю і працэсы міграцыі, перасяленне прадстаўнікоў розных народаў, сацыяльных, рэлігійных груп. Прышлыя людзі заўсёды ўносілі часцінку сваёй культуры, побыту ў жыццё краю. Так паступова і складваліся адметныя, надзвычай моцныя традыцыі гэтай зямлі.

Толькі выязджаеш з другога па колькасці насельніцтва горада Беларусі, праязджаеш дарожны знак, які сведчыць пра заканчэнне населенага пункта Гомель, як перад табой адкрываюцца зусім не ўрба­ністычныя краявіды: маўклівая лістападаўская пойма Іпуці, задуменныя сасновыя бары і яркія, стракатыя разныя ліштвы на вясковых дамах. Для аматараў даўніны тут ёсць, дзе разгарнуцца і адпачыць душой.

М.А.Герасенка падчас тэарэтычных заняткаў аб’яднання па інтарэсах “Географы-краязнаўцы”.

Турыстам тут рады

Вёска Маркавічы. Маляўнічы і своеасаблівы куточак Гомельска-Чарнігаўскага памежжа. Населены пункт узгадваецца яшчэ ў XIV стагоддзі, а дакументы другой паловы XVI стагоддзя сведчаць пра тое, што ён знаходзіўся на мяжы паміж Вялікім Княствам Літоўскім і Чарнігаўскім княствам. Багатая гісторыя і культура вёскі і ваколіц, авеяныя сівымі вякамі паданні, таямнічыя сакральныя мясціны — пра ўсё гэта можна даведацца дзякуючы маршруту “Скарбонка паданняў”, створанаму настаўнікамі і вучнямі Маркавіцкага дзіцячага сада — сярэдняй школы. Калі ж вас цікавіць культура роднага краю, вабіць разнастайнасць і вытанчанасць узораў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, тады завітайце ў школьны этнаграфічны музей “Таечка”.

Дырэктар Маркавіцкага дзіцячага сада — сярэдняй школы Я.М.Палякоў.

Па словах кіраўніка музея настаўніцы геаграфіі Марыі Аляксандраўны Герасенка, у вёсцы Маркавічы шмат адметнасцей. Напрыклад, у пачатку ХХ стагоддзя вёску параўноўвалі з рускім Пашахоннем, паколькі шмат анекдотаў у той час хадзіла пра мясцовых жыхароў — простых, наіўных лю­дзей. Пад кіраўніцтвам настаўніцы вучні даследуюць розныя аспекты жыцця роднага краю: прыродныя, сакральныя аб’екты, археалагічныя помнікі. Сярод іх — гарадзішча каля вёскі Чарацянка, старажытны вал за Маркавічамі, Бухалаў мост на рацэ Струпаў, дзе і дагэтуль, гавораць, з’яўляецца нячыстая сіла. Марыя Аляксандраўна разам з удзель­нікамі аб’яднання па інтарэсах “Географы-краязнаўцы” наведвалі Варварынскую і Пракопаўскую крыніцы, шмат разоў падарожнічалі па былым Кацярынінскім шляху. Дарэчы, каля будынка школы ў 2008 годзе па ініцыятыве настаўнікаў усталяваны знак у гонар гэтага шляху. Дарога пачынаецца адразу за школай і добра бачна з яе вокнаў. А вядзе шлях да Свята-Кацярынінскай царквы, пабудаванай па праекце Джона Кларка, таго самага, які праектаваў Свята-Петра-паўлаўскі сабор у Гомелі.

К.М.Хазеева сярод экспанатаў музея “Таечка”.

“Запрашаем усіх здзейсніць падарожжа па Кацярынінскім шляху і наведаць нашы незвычайныя мясціны — маляўнічы і своеасаблівы куточак Гомельска-Чарнігаўскага памежжа. Турыстам мы вельмі рады, абы яны толькі ехалі да нас”, — адзначыла Марыя Аляксандраўна.

“Каб маланка нас не біла!”

Дабрацца да Маркавіч нескладана. Кожную гадзіну ад гомельскага аўтавакзала хо­дзяць маршруткі. Усяго хвілін 20—30 у дарозе — і вас чакае самабытны край. У любую пару года аматары даўніны знойдуць тут нешта цікавае, адметнае. Аднак лепш за ўсё наведацца сюды вясной, на другі дзень Вялікадня, калі ў вёсцы праводзіцца абрад “Ваджэнне Сулы”. У 60-я гады яго перасталі право­дзіць. Здавалася, старадаўняя традыцыя будзе назаўсёды страчана. Аднак у 2007 годзе па прапанове былога настаўніка Рыгора Ціханавіча Басава (чалавека, неабыякавага да захавання спадчыны роднага краю) абрад быў адноўлены, і ўпершыню пасля 50-гадовага перапынку пасля велікоднай службы ў Свята-Кацярынінскай царкве, што ў суседняй вёсцы Гадзічава, да Маркавіч па былым Кацярынінскім шляху рушыў карагод жанчын і дзяўчат. У вёсцы на скрыжаваннях удзельнікі абраду ладзілі карагодныя гульні. Тое дзейства, прысвечанае ўрадлівасці нівы, ахове лю­дзей, жывёл, жылля, настолькі спадабалася мясцовым жыхарам, асабліва моладзі, што ваджэнне Сулы стала добрай штогадовай традыцыяй.

Юныя раманавіцкія майстрыхі.

“Сула ўжо стала нашым брэндам. Як сцвярджаюць этнографы, гэты абрад быў характэрны для радзімічаў. Знакамітае “Пахаванне стралы”, якое праводзіцца ў Веткаўскім раёне, магчыма, таго ж паходжання, што і Сула (гэтае слова азначае “дзіда”, “рагаціна”). І ўсё ж гэта розныя, адметныя абрады. Маркавіцкая Сула право­дзіцца дзеля таго, “каб у нас усё ра­дзіла і маланка нас не біла!”. Наша школа была адным з ініцыятараў адра­джэння абраду. Справу Рыгора Ціханавіча працягваем мы з калегамі, а таксама наш былы вучань Віктар Шыпкоў. У многім дзякуючы яму, абрад “Ваджэнне Сулы” ў гэтым годзе папоўніў спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь. Актыўны ўдзел у папулярызацыі абраду прымаюць і супрацоўнікі мясцовага Дома культуры”, — паведаміла Марыя Аляксандраўна.

Гімн жанчыне

Не толькі Сулой славяцца Маркавічы, але і сваімі прыгожымі дзяўчатамі і жанчынамі. Канечне, гэты скарб характэрны для ўсёй Беларусі, аднак, па словах Марыі Аляксандраўны, такіх жанчын, як у Маркавічах, няма больш нідзе. “Прыгажосць прыгажосцю, але яшчэ нашы жанчыны славяцца сваёй працавітасцю, цягнуць на сабе не толькі гаспадарку, але і мужчын. Нашы жанчыны актыўныя, гаспадарлівыя, а мужчыны, прабачце, прывыклі трымацца за жаночую спадніцу”, — з жартам адзначыла настаўніца. “Хаця растлумачыць гэта можна вельмі проста. Шмат пацярпела вёска падчас войнаў, асабліва ў часы раскулачвання, калі Маркавічы страцілі сваіх лепшых гаспадароў”, — ужо сур’ёзна паведаміла педагог.

Фрагмент экспазіцыі музея “Таечка”.

Своеасаблівым гімнам працавітым маркавіцкім жанчынам з’яўляецца этнаграфічны музей “Таечка”. Незвычайная назва дадзена невыпадкова. Таечка ў мясцовых жанчын азначае “сяброўка”. Па словах Марыі Аляксандраўны, з раніцы і да позняй ночы клапаціліся мясцовыя жанчыны пра гаспадарку, дзяцей, мужа. Аднак, нягледзячы на цяжкую працу, яны знаходзілі час упрыгожыць сялянскае жыллё рознымі прадметамі хатняга ўжытку, адзеннем. Мясцовыя жанчыны — захавальнікі не толькі дамашняга цяпла, але і народных традыцый, фальклорнай і этнаграфічнай спадчыны.

Прадстаўленыя ў музеі прадметы — гэта рэчы, якімі калісьці карысталіся (нярэдка і цяпер карыстаюцца) маркавіцкія жанчыны. Музейная экспазіцыя размяшчаецца ў двух пакоях. Першы прысвечаны побыту сялянскай сям’і, ролі ў ёй жанчыны (раздзелы “Сялянская хата”, “Жаночая доля”, “Ад поля да абраза”, “Хлеб ды каша — ежа наша”). Тут прадстаўлены прылады працы, якімі карысталіся жыхары Маркавіч для апрацоўкі лёну, гатавання ежы, розных сельскагаспадарчых работ. Экспазіцыя другога пакоя прысвечана вытанчанаму густу, майстэрству мясцовых прыгажунь. Тут прадстаўлены прыклады дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, якія захоўваюцца ў раздзелах “Жаночы сялянскі касцюм Гомельска-Чарнігаўскага памежжа”, “Дэкаратыўнае ткацтва. Ручнік — повязь часоў і культур”, “Каляровыя мары — вышыўка”, “Паэтычна-абрадавае кола жыцця”.

Водар малой радзімы

Калі музей “Таечка” — гэта гімн жанчыне, то ўнікальны музей водараў, што дзейнічае ў Грабаўскім дзіцячым садзе — сярэдняй школе, своеасаблівы гімн роднай прыро­дзе, месца, дзе можна азнаёміцца з водарамі малой радзімы. І гэтых водараў — дзясяткі. Разнастайныя віды засушаных раслін захоўваюцца ў спецыяльным шкляным посу­дзе. Як і ў кожным музеі, экспазіцыя музея водараў пастаянна абнаўляецца. Кожны год з’яўляюцца новыя расліны, а старыя выкарыстоўваюцца для стварэння пано, паштовак. Наогул, тут усё падпарадкавана тэме водараў. На сценах вісяць спецыяльныя карціны, на сталах ляжаць паштоўкі і буклеты з інфармацыяй пра духмяныя расліны.

Т.І.Мацюшэнка ў музеі водараў.

“Наваколле Грабаўкі здаўна славілася багаццем раслін. Калі некалькі гадоў назад пад кіраўніцтвам настаўніцы біялогіі Алены Васільеўны Баравіковай вучні сталі выву­чаць іх уласцівасці, высветлілася, наколькі багатая флора Грабаў­скага краю. Растуць тут і духмяныя зёлкі, якія, акрамя цудоўнага паху, валодаюць яшчэ і лячэбнымі ўласцівасцямі. Мы сабралі больш за 30 відаў раслін, вывучалі, дзе іх можна выкарыстоўваць як альтэрнатыву штучным араматызатарам. Потым з’явілася ідэя сабраць водары з іншых краін, і нават узнікла задума працаваць з сувенірнай прадукцыяй. Мы пачалі выпу­скаць водарныя сашэ, паштоўкі для віншаванняў, наборы розных відаў чаю. Потым заняліся і выпускам друкаванай прадукцыі. Напрыклад, наведвальнікі могуць азнаёміцца з “Даведнікам па спецыях”. На працягу года мы працавалі над праектам, прысвечаным вывучэнню водараў пэўнага сезона. Вывучалі водары розных пор года і нават кожнага месяца. Музей прадстаўляем на розных конкурсах, ёсць у нас шэраг узнагарод. Наведваюць нас і школы раёна, і мясцовыя жыхары. Дарэчы, мы першы музей водараў, створаны ў Беларусі”, — паведаміла дырэктар Грабаўскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Таццяна Ігараўна Мацюшэнка.

В.Р.Ісакава і дырэктар Раманавіцкай сярэдняй школы Н.І.Юрчанка знаёмяць са стылізаваным традыцыйным адзеннем Раманавіч.

Вясна напоўнена водарам маладой лістоты, першых кветак. Лета — водарам духмяных палявых траў, лясных ягад, скошанай травы і зжатага калосся. Восень — водарам рабін і грыбоў… Грабаўскія навучэнцы і педагогі дапоўняць гэты спіс яшчэ дзясяткамі слоў. Зрабіць гэта можа і кожны наведвальнік музея. Экскурсантам прапаноўваецца на спецыяльным дэгустатарскім стале стварыць свой непаўторны мікс водараў. Тэматыку можна выбраць розную. Гэта могуць быць водары розных пор года ці водары розных краін. Падчас экскурсіі лёгка даведацца, якія расліны можна нарыхтаваць у жніўні, а якія ў верасні, у чым асаблівасці іх водараў. У музея шмат напрамкаў работы. Адзі­н з іх — правядзенне віктарын на тэму ведання водараў малой радзімы і краі свету. Фрагменты гэтай віктарыны вы і бачыце на фотаздымках.

Падчас экскурсіі ў грабаўскім гісторыка-краязнаўчым музеі.

Прыроду роднага краю грабаўскія педагогі і навучэнцы ўслаўляюць па-рознаму. Акрамя папаўнення экспазіцыі музея водараў, даследуюць гісторыю і асаблівасці сядзібна-паркавага комплексу, закладзенага ў сярэдзіне ХІХ стагоддзя Фашчамі, на тэрыторыі якога і знаходзіцца ўстанова адукацыі. Парк — яскравы прыклад таго, што гэтая мясцовасць адметная і сваёй гісторыяй, і сваёй прыродай. Працягам гэтага знаёмства пасля прагулкі па сцяжынках парку можа стаць наведванне школьнага гісторыка-краязнаўчага музея, у якім сабрана інфармацыя пра гісторыю Грабаўкі з 1762 года, калі ўладальнікам вёскі стаў Аляксандр Фашч. Створаны музей па ініцыятыве Таццяны Ігараўны Мацюшэнка — ура­джэнкі гэтых мясцін, якая заўсёды цікавілася мінулым малой радзімы. А дапамагала ёй у стварэнні музея былая настаўніца Вольга Іванаўна Барысавец. Адкрыты музей быў у 2002 годзе, у 2014 годзе экспазіцыя абноўлена.

Віктарыну на веданне водараў праводзіць А.В.Баравікова.

“Ідэю стварэння музея падказаў той факт, што школа знахо­дзіцца на тэрыторыі старога парку. Мы працавалі і ў нацыянальным, і ў занальным архіве, сабралі шмат матэрыялу. Наш парк адзін з сямі паркаў, якія захаваліся на тэрыторыі Гомельскай вобласці. Парк быў пабудаваны адмысловым чынам, як французскі рэгулярны. Ад цэнтральнай алеі ішлі баскеты (свое­асаблівыя прамавугольнікі), засаджаныя па перыметры ліпамі. На тэрыторыі парку захаваўся радавы склеп Фашчаў. Побач знахо­дзіцца возера, выкапанае калісьці мясцовымі жыхарамі на месцы рачулкі Грабаўкі. А вось паходжанне назвы вёскі звязана з тым, што ў нас было распаўсюджана ганчарства. Лю­дзей, якія капалі гліну, называлі грабары. На месцы, дзе стаялі іх шалашы, і ўзнікла вёска. Наогул, ёсць некалькі версій адносна паходжання назвы Грабаўкі. Адна сведчыць, што тут былі вялікія грабавыя гаі. Менавіта гэтае дрэва выкарыстоўвалі ў бондар­стве. Хаця, на наш погляд, больш гістарычна апраўданая версія пра грэблю, якая калісьці была ў гэтым балоцістым краі”, — паведаміла дырэктар.

На беразе Іпуці

Калі ад Маркавіч і Грабаўкі да Гомеля каля 30 км і аўтэнтачнасць гэтых вёсак можна ў нейкай ступені растлумачыць іх адлегласцю ад вялікага горада, то ад абласнога цэнтра да Раманавіч усяго толькі 3 км. Аднак гэта ніяк не ўплывае на ўзровень гістарычнай і этнаграфічнай адметнасці вёскі. Каб пераканацца ў гэтым, варта азнаёміцца, напрыклад, з узорамі на ліштвах вясковых дамоў. Па словах метадыста раённага вучэбна-метадычнага кабінета Кацярыны Мікалаеўны Хазеевай, гэтыя ўзоры з’яўляюцца своеасаблівым гербам сялянскіх родаў. Напрыклад, калі на ліштвах выява рыбы, значыць, гаспадаром з’яўляўся рыбак. Калі выява жорнаў — у гэтым доме малолі зерне, выява канюшыны — на ўдачу, кола — ад нячыстай сілы.

Для азнаямлення з этнаграфічнымі і гістарычнымі асаблівасцямі Раманавіч пасля прагулкі па вясковых вуліцах варта завітаць у Раманавіцкую сярэднюю школу, краязнаўчы музей і азнаёміцца з дзейнасцю аб’яднанняў па інтарэсах “Рукадзельніца” і “Спадчына”. Па словах кіраўніка аб’яднанняў педагога дадатковай адукацыі Валянціны Рыгораўны Ісакавай, музей ствараўся ўдзельнікамі “Спадчыны”, а юныя “Рукадзельніцы” сёння папаўняюць экспазіцыю новымі матэрыяламі, напрыклад, вышыванымі ручнікамі.

“Значная ўвага ў рабоце музея ўдзяляецца абрадам і традыцыям вёскі. Гэта “Вяселле па-раманаў­ску”, “Дом весці — не барадой трэсці”, гасцёўня “Матулін ручнік”, экскурсія “Зямля пад белымі крыламі”. Хоць у музеі шмат раздзелаў, аднак асноўны — “Беларуская хатка”. У афармленні інтэр’ера мы рабілі ўпор на неглюбскі ручнік. Вёска Неглюбка Веткаўскага раёна знаходзіцца недалёка, літаральна праз лес, таму ў многіх нашых мясцовых майстрых былі гэтыя знакамітыя ручнікі. А вось касцюмы, прадстаўленыя ў экспазіцыі, мы рабілі самі. Традыцыйны арнамент вёскі Раманавічы васілёк. Мы яго, канечне, стылізавалі, аднак асноўныя адметнасці захавалі. Перад тым як узяцца за стварэнне касцюма, су­стракаліся з народнымі ўмельцамі Раманавіч, напрыклад, з Галінай Рыгораўнай Фраловай, нашай былой настаўніцай. Цяпер дзяўчынкі самі вышываюць ручнікі. Ручнік — своеасаблівая нітка сувязі з нашымі продкамі, нашай гісторыяй”, — паведаміла Валянціна Рыгораўна.

Як і ў кожнага музея, тут ёсць свая фішка — гэта ўнікальная карта вёскі, нанесеная… на падлогу. Карта намалявана ў рамках даследавання старых назваў Раманавіч. Жоўтым колерам пазначана сучасная назва вуліц, а белым — старыя назвы вуліц, урочышчаў. Напрыклад, Раманава стража, Стараселле (месца, дзе ўзніклі Раманавічы і дзе вяліся археалагічныя раскопкі). Дзеці вельмі здзіўляюцца назвам Валокі, Кавалькоў роў, Дзям’янава валока. Аснова карты — выява ракі Іпуць, бо не было б Іпуці, не было б і Раманавіч. Згодна з легендай, калісьці ў гэтыя мясціны збеглі ад пана тры браты-селяніны. Тут яны пасяліліся, упадабалі заліўныя лугі, займаліся земляробствам і жывёлагадоўляй. Старэйшага брата звалі Раман, ад яго і пайшла назва вёскі.

Слушная думка

Да вялікага горада рукой падаць, але аўтэнтычнасці не менш, чым у глушы або ў глыбі Палесся. Такі вось адметны самабытны Гомельскі раён. Ну і што, што побач вялікі горад? Гэта яшчэ не прычына адмаўляцца ад роднага, вясковага, спрадвечнага! З гэтай думкай герояў нашага падарожжа нельга не пагадзіцца.

Ігар ГРЭЧКА.
Фота аўтара.