Дзе жывуць страшныя страхі?

- 12:33Адукацыйная прастора

Практыкум

Мэта:

навучыць падлеткаў аб’ектыўна ацэньваць сябе і іншых людзей, удасканальваць навыкі міжасобасных зносін, даць практычныя парады па зняцці стрэсу.

Узрост вучняў: 12—15 гадоў.

  Ход мерапрыемства

  1. Уступнае слова педагога-псіхолага

Свет мяняецца вельмі хутка. У ім можа існаваць толькі той чалавек, які ўмее хутка прыстасавацца да пастаянных змен умоў жыцця. Але ў сферы чалавечых узаемаадносін павінны прысутнічаць тыя непарушныя законы, на якія можна абаперціся для правільных зносін з іншымі людзьмі. Як правільна ўзаема­дзейнічаць з блізкімі, сябрамі, незнаёмымі? Як можна абараніць сваё асабістае “Я”, не парушаючы правоў іншых? Як навучыцца валодаць сабой у стрэсавых сітуацыях, каб не разбурыць сваё здароўе і здароўе навакольных? Вось аб гэтым мы сёння пагаворым.

Стрэс — гэта рэакцыя нашага арганізма на любое патрабаванне. Жыць без стрэсаў не можа ніхто, але правільным паводзінам у стрэсавай сітуацыі можа навучыцца кожны. Незадаволенасць жыццём, несупадзенне жаданняў і магчымасцей, доўгачасовыя нервовыя перагрузкі здольны разбурыць самы моцны арганізм. Так што сцвярджэнне “ўсе хваробы ад нерваў” абсалютна правільнае.

ІІ. Тэст “Стан нервовай сістэмы”

Прапаную вам тэст на праверку вашай нервовай сістэмы. На пытанні ёсць два варыянты адказу — “так” або “не”.

  1. Ці стукаеце вы дзвярыма, калі выходзіце з кватэры?
  2. Ці раздражняюць вас рэчы, расстаўленыя па пакоі, ці натыкаецеся вы на іх?
  3. Ці праяўляеце вы нястрыманасць у спрэчцы?
  4. Ці перабіваеце вы суразмоўцу?
  5. Ці жэстыкулюеце вы пры размове?
  6. Вы не можаце ўтрымаць кончыкамі пальцаў аркуш паперы так, каб ён не дрыжаў?
  7. Ці гаворыце вы часам самі з сабой?
  8. Ці крыўдуеце вы з-за дробязей?
  9. Ці доўга вы не можаце заснуць вечарам?

Калі на ўсе пытанні вы адказалі “так”, ведайце — ваша нервовае напружанне ля крытычнай мяжы. Калі вы адказалі “так” 6 разоў, прасочваецца тэндэнцыя да нервовага напружання. Калі сярод вашых адказаў толькі тры адказы “так”, то вы можаце лічыць сваю нервовую сістэму ў парадку.

Што вядзе да стрэсу? Нервовае напружанне, фізічнае перанапружанне, канфлікты, страх… Прапаную вам папрацаваць са страхамі.

ІІІ. Гульня “Два домікі”

Вучням даецца спіс страхаў на картках. Страхі патрэбна пасяліць у два домікі — чырвоны і чорны. У чырвоным доміку будуць жыць нястрашныя страхі, а ў чорным — страшныя страхі.

Спіс страхаў:

  1. Страх адзіноты.
  2. Страх захварэць.
  3. Страх смерці.
  4. Страх страціць блізкіх.
  5. Страх нейкіх людзей.
  6. Страх бандытаў.
  7. Страх бацькоў.
  8. Страх таго, што бацькі цябе пакараюць.
  9. Страх таго, што ты спознішся.
  10. Страх фантастычных істот.
  11. Страх агню, пажару.
  12. Страх вайны.
  13. Страх урачоў, акрамя зубных.
  14. Страх крыві.
  15. Страх уколаў.
  16. Страх болю.
  17. Страх нечаканых моцных гукаў.
  18. Страх вялікіх плошчаў.
  19. Страх страшных сноў.
  20. Страх засынання.
  21. Страх цемры.
  22. Страх ваўка, мядзведзя, сабакі, павукоў, змей.
  23. Страх машын, цягнікоў, самалётаў.
  24. Страх буры, навальніцы, наваднення.
  25. Калі вельмі высока.
  26. Калі глыбока.
  27. Страх у маленькім цесным пакоі.
  28. Страх вады.

Калі ў чорным доміку набіраецца больш за 6 страхаў, патрабуецца карэкцыйная работа, напрыклад, замкнуць домік. А як правільна паводзіць сябе ў розных сітуацыях? З рознымі людзьмі? Прапаную пагуляць у ролевую гульню.

  1. Ролевая гульня “Я магу быць розным”

Для яе правядзення неабходны карткі з надпісамі: “упэўнены”, “няўпэўнены”, “агрэсіўны”. Таксама неабходна падрыхтаваць карткі з сітуацыямі.

Сітуацыя 1. Ты не падрыхтаваў урок, і цябе выклікаюць да дошкі.

Сітуацыя 2. Ты хочаш сёння даўжэй пагуляць, а патрэбен дазвол бацькоў.

Сітуацыя 3. Твой малодшы брат гуляе на камп’ютары, а табе трэба на ім займацца.

Сітуацыя 4. Табе ўпершыню прапануюць выпіць, а табе не хочацца.

Сітуацыя 5. Табе падабаецца хлопец (дзяўчына), і ён (яна) прапануе табе пакурыць, а табе гэта не трэба.

Кожнаму падлетку неабходна сыграц­ь у прапанаванай сітуацыі пэўную ролю (згодна з карткамі, з ролямі, трое падлеткаў абыгрываюць яе 3 спосабамі). Гульня працягваецца, пакуль усе не паўдзельнічаюць у ёй. Затым ідзе абмеркаванне, робяцца вывады.

— Агрэсіўны паводзіць сябе груба, нахабна, нападае, пагражае і г.д.

— Няўпэўнены гаворыць ціха, гля­дзіць умольна, быццам нешта выпрошвае, і г.д.

— Упэўнены часткова ўступае, прапануе, дзейнічае, аргументуе і г.д.

Увага падлеткаў акцэнтуецца на тое, што:

— агрэсіўны чалавек выклікае непрыемныя пачуцці;

— няўпэўнены ў сабе выклікае шкадаванне;

— упэўнены ў сабе чалавек дае адчуванне надзейнасці.

А што трэба рабіць, каб быць упэўненым? Прапаную правесці практыкаванне “Дапамажы сябру”.

  1. Практыкаванне “Дапамажы сябру”

Уявіце сабе, што вы працуеце на папулярным маладзёжным радыё. Вам патэлефанаваў падлетак з праблемай, што ён вельмі няўпэўнены, і просіць у вас дапамогі і падтрымкі. Што вы можаце яму параіць? Зараз вам трэба запісаць на лісточках паперы адным сказам свае пажаданні няўпэўненаму падлетку. Неабходна зрабіць акцэнт на тым, што чым больш чалавек падтрымлівае іншых, тым больш становіцца ўпэўненым.

Вельмі многа праблем ва ўзаема­адносінах ствараюць канфлікты. Давайце вызначым, наколькі вы канфліктны чалавек. Я прапаную прайсці тэст.

  1. Тэст “Ці канфліктны вы чалавек?”

Калі вы так, як сцвярджаецца ў выказванні, паводзіце сябе ў групе ці канфліктнай сітуацыі часта, то стаўце сабе 3 балы, не вельмі часта і не вельмі рэдка — 2 балы, рэдка — 1 бал.

  1. Пагражаю ці б’юся.
  2. Стараюся зразумець пункт погляду праціўніка, лічуся з ім.
  3. Шукаю кампраміс.
  4. Дапускаю, што памыляюся, калі нават не магу паверыць у гэта канчаткова.
  5. Пазбягаю праціўніка.
  6. Жадаю любым чынам дасягнуць сваёй мэты.
  7. Спрабую высветліць, з чым згодны, а з чым — катэгарычна не.
  8. Іду на кампраміс.
  9. Прымаю чужы пункт погляду.
  10. Мяняю тэму.
  11. Настойліва паўтараю адно і тое ж, пакуль не даб’юся свайго.
  12. Спрабую знайсці крыніцу канфлікту, зразумець, з чаго ўсё пачалося.
  13. Пайду на кампраміс і падштурхну да кампрамісу і другі бок.
  14. Прапаную мір.
  15. Спрабую перавесці ўсё ў жарт.

Апрацоўка вынікаў тэсту:

Тып “А” — сума балаў пад нумарамі 1, 6, 11.

Тып “Б” — сума балаў пад нумарамі 2, 7, 12.

Тып “В” — сума балаў пад нумарамі 3, 8, 13.

Тып “Г” — сума балаў пад нумарамі 4, 9, 14.

Тып “Д” — сума балаў пад нумарамі 5, 10, 15.

Тлумачэнне. Калі вы набралі больш за ўсё балаў пад літарамі:

“А” — гэта жорсткі стыль вырашэння канфліктаў і спрэчак. Гэтыя людзі да апошняга змагаюцца, абараняючы сваю пазіцыю. Гэта тып чалавека, які заўсёды лічыць сваю думку адзіна правільнай.

“Б” — гэта дэмакратычны стыль. Гэтыя людзі лічаць, што заўсёды можна дамовіцца, у час спрэчак прапануюць альтэрнатыву, шукаюць рашэнне, якое задаволіць усе бакі.

“В” — гэта кампрамісны стыль. З самага пачатку чалавек гатовы ісці на кампраміс.

“Г” — гэта мяккі стыль, чалавек свайго праціўніка знішчае дабрынёй, гатовы прыняць пункт погляду праціўніка, адмаўляючыся ад свайго.

“Д” — гэта ўнікаючы стыль. Дэвіз чалавека — адысці своечасова, да прыняцця рашэння. Ён імкнецца не даводзіць справу да канфлікту і адкрытай сутычкі.

Пры ўзаемаадносінах нельга быць злосным і панурым, няветлівым. Трэба заўсёды быць стрыманым і ветлівым, калі вы хочаце прыцягваць да сябе людзей.

VII. Псіхагімнастыка “Угару па вясёлцы”

Практыкаванне дазваляе крыху адпачыць і расслабіцца.

Вучні ўстаюць, заплюшчваюць вочы, робяць глыбокі ўдых і ўяўляюць, што разам з гэтым удыхам яны падымаюцца ўгару па вясёлцы, а выдыхаючы, з’язджаюць з яе, як з горкі. Практыкаванне паўтараецца тры разы. Пасля гэтага падлеткі дзеляцца ўражаннямі, затым практыкаванне праводзіцца з расплюшчанымі вачыма да трох разоў.

VIII. Прагляд гарманізуючага відэафільма

  1. Падвядзенне вынікаў

Вольга АЛЯКСЕЙЧЫК,
педагог-псіхолаг Велікашылавіцкага
ясляў-сада — базавай школы Слонімскага раёна.