Дзецям патрэбна бацькоўская падтрымка. І кампліменты

- 11:35Выбар прафесіі

Прафесійны выбар — асабістая справа кожнага чалавека. Праўда, у 15—17 гадоў далёка не кожны гатовы ўзяць на сябе адказнасць за гэты выбар. Таму ўсё часцей маладыя людзі звяртаюцца па дапамогу да спецыялістаў.

Пра тое, як справіцца з цяжкасцямі і пераадолець псіхалагічныя фактары, якія перашкаджаюць ажыццяўленню прафесійнага выбару, расказваюць псіхолагі Ліцэя БДУ Надзея Анатольеўна РЭНТАЛЬ і Алена Васільеўна РЖЭУЦКАЯ.


— Ліцэй БДУ ўжо не першы год праводзіць псіхалагічнае кансультаванне для будучых абітурыентаў. Раскажыце, калі ласка, у чым яго адметнасць, як за дзве гадзіны можна паўплываць на прафесійны выбар падлетка?

Н.Рэнталь: “Першым чынам мы праводзім камп’ютарную прафесійную дыягностыку — гэта класіка, дзе разумна падабраны методыкі і можна хутка атрымаць адказы на пэўныя пытанні. Пасля гэтага праводзіцца гутарка з абітурыентам. Наша галоўная задача — зрабіць так, каб пазл склаўся, таму стараемся знайсці тыя кавалачкі ведаў, якіх не хапае дзецям для стварэння цэласнай карціны пра сябе”.

А.Ржэуцкая: “Нярэдка мы бачым, што падлетак ціхі, спакойны, меланхалічны, а камп’ютарная дыягностыка сведчыць пра іншае, быццам ён у нас — агонь. І мы разумеем, што навучэнец, магчыма, у нечым “прыхарашыў” сябе. Калі пачынаем размаўляць — многае становіцца зразумелым. Таму дыягностыка — гэта як мыліца, на якую мы абапіраемся, аднак менавіта ў гутарцы можна дакапацца да чагосьці важнага”.

— З якога ўзросту вы пачынаеце працаваць з дзецьмі?

Н.Рэнталь: “Найбольш эфектыўна працаваць з навучэнцамі 9—11 класаў. Аднак тут важна, каб не мама настаяла на псіхалагічнай прафарыентацыі дзіцяці, а яно само ўсвядоміла такую неабходнасць”.

А.Ржэуцкая: “Дзевяцікласнікі ўжо адчуваюць пэўную адказнасць за прафесійны выбар, бо з’яўляецца магчымасць паступіць у каледж ці прафесійны ліцэй. І яны пачынаюць думаць, куды ім пайсці, дзе ім будзе больш камфортна, як яны могуць найлепшым чынам праявіць сябе ў прафесіі і жыцці. Пры гэтым часта дзеці знаходзяцца ў поўнай разгубленасці. Напрыклад, маці кажа сыну ісці на кухара, і ён, бядак, пагаджаецца: буду кухарам. Вось чаму так важна трапіць да спецыяліста. Здараецца, мы працуем з такім “кухарам” і бачым, што ў яго вельмі добрыя тэхнічныя здольнасці і ён мог бы праявіць сябе ў адпаведнай сферы. Гаворым дзіцяці пра гэта, і яго твар праясняецца: ён сам здагадваўся, але не было ўпэўненасці, не было аргументаў, каб пераканаць бацькоў. Пазл склаўся!”

— Добра, калі дзіцяці ўдаецца вызначыцца з прафесіяй у 9 класе, але ёсць шмат прыкладаў, калі адзінаццацікласнікі не ведаюць, куды ім паступаць. Чаму так адбываецца? Адкуль гэтая няздольнасць сучасных падлеткаў прыняць рашэнне і здзейсніць выбар?

Н.Рэнталь: “Не магу сказаць, што гэта татальная праблема, проста дзеці па-рознаму сталеюць: адны здольны ўзя ць на сябе адказнасць і заявіць пра свае жыццёвыя прыярытэты, а другія — не. Ёсць падлеткі, якія нават баяцца вымавіць “Я хачу!”. Некаторыя пытаюцца: “Скажыце, а куды я магу паступіць без экзаменаў?” Яны не хочуць ніякіх пераадоленняў, выбіраюць шлях, дзе прасцей. Часам сустракаецца абсалютна рацыянальны матэрыялістычны падыход: паступіць туды, дзе будзе стыпендыя і інтэрнат”.

А.Ржэуцкая: “Здараецца, да нас прыходзяць усебакова адораныя дзеці, якія маюць добрыя здольнасці па ўсіх прадметах: яны і матэматыкі, і філолагі, і прыродазнаўцы. Ім таксама няпроста зрабіць прафесійны выбар. Тады мы высвятляем, а якія ў такога падлетка жыццёвыя прыярытэты, пра што ён марыў у тым ці іншым узросце, чаго ён дакладна не хоча. Так, пакрысе выкрышталізоўваюцца тыя прадметы, якія не проста добра даюцца, а падабаюцца. І вось тут, дарэчы, вельмі дапамагае камп’ютарная дыягностыка, якая структуруе інтарэсы чалавека.

І, дарэчы, ёсць дзеці, якія дакладна ведаюць, куды хочуць паступаць. Яны прыходзяць да нас, каб упэўніцца ў сваім рашэнні. “Я даўно мару стаць урачом”, — гаворыць падлетак, і мы бачым, як роўненька ў яго ўсё кладзецца: і інтарэсы, і здольнасці, і высокі ўзровень навучанасці, і сацыяльная скіраванасць, і імкненне дапамагаць людзям”.

— Якія тыповыя памылкі ў выбары прафесіі вы маглі б назваць?

Н.Рэнталь: “Паступленне за кампанію: гуртам — на ЦТ, гуртам — ва ўніверсітэт. Так больш зручна, больш спакойна, больш весела. Праўда, рэдка бывае, што ўсім сябрам падыходзіць адна і тая ж спецыяльнасць.

Паступленне з меркаванняў кан’юнктуры. Многія выбіраюць прафесіі, дзе можна добра зарабляць, а потым пакутуюць. І добра, калі разуменне прыйдзе на 2—3 курсе, калі можна хутка пераарыентавацца на тую сферу, якая падабаецца.

Аўтарытэт сямейнага клана: “У нас у сям’і ўсе прафесары, і ты павінен стаць прафесарам!” Дзецям навязваецца статус, якога яны абавязкова павінны дасягнуць, а таксама прафесія. Напрыклад, мы часта сутыкаемся з тым, што сем’і ўрачоў настойваюць менавіта на медыцынскай будучыні сваіх нашчадкаў. Вядома, прасцей ісці па пракладзенай дарозе, дзе бацькі ўсё ведаюць і могуць дапамагаць. Але дзецям, якія мараць пра самастойны шлях, няпроста вырвацца з-пад гэтай апекі”.

А.Ржэуцкая: “Асаблівае непрыняцце ў такіх сем’ях узнікае, калі дзіця, крый Божа, выбірае творчую прафесію — мастака, артыста і нават журналіста. Бацькі не ведаюць гэтай дарогі, не разумеюць, як па ёй рухацца. Узнікае сапраўднае супрацьстаянне, дзе не заўсёды выйграе дзіця. Аднак кожны чалавек павінен займацца сваёй справай, той, якая яму падабаецца, бо нелюбімая праца — самы просты шлях да дэпрэсій і неўрозаў”.

— Адна з галоўных супярэчнасцей у прафарыентацыі — выбар паміж высокааплатнай прафесіяй і прафесіяй для душы. Напрыклад, можна пайсці на фізічны факультэт, каб займацца навукай, — і гэта адна жыццёвая гісторыя. А можна пайсці на праграмісцкую спецыяльнасць і ўжо на старце мець высокі заробак. Складаны выбар! Што вы раіце абітурыентам у гэтай сітуацыі?

А.Ржэуцкая: “Ёсць дзеці, для якіх падобнай супярэчнасці не існуе: калі яны хочуць займацца навукай, то паступаюць на навуковыя спецыяльнасці, і іх не перавабяць ніякія ІТ. У той жа час ёсць дзеці, якія імкнуцца хутка зарабіць грошы, паездзіць па свеце, а потым, магчыма, прыйсці ў навуку. І чаму б не? Такі варыянт таксама магчымы. Насамрэч, у кожнага чалавека свая дарога. Таму я заўсёды слухаю, пра што гаворыць дзіця, спрабую прадбачыць, як можа развівацца тая ці іншая сітуацыя, звяртаю ўвагу на магчымыя падводныя камяні і перашкоды, якія могуць узнікнуць, але ўпэўнена: кожны павінен ісці да сваёй мары. Так, сёння малады чалавек хоча зарабіць грошы, але калі навука — гэта сапраўды яго, то так ці інакш ён да яе вернецца.

У жыцці няма прамой дарогі, ёсць на ёй і прыпынкі, і перасадкі. Што такое 17 гадоў? Успомніце сябе ў гэтым узросце: ці шмат мы тады ўсведамлялі? Ускаквалі ў найбліжэйшы вагончык — і каціліся… У кагосьці супала ўгадаць з першай адукацыяй і ён усё жыццё працуе па першым сваім дыпломе. А хтосьці знаходзіць сваё месца з другой ці трэцяй спробы. І гэта нармальна”.

— Скажыце, якія парады вы маглі б даць бацькам абітурыентаў?

А.Ржэуцкая: “Часам бацькі несур’ёзна адносяцца да імкненняў дзяцей, і замест таго, каб падтрымаць, умацаваць іх веру ў сябе, могуць нават пакепліваць над імі. З-за гэтага дзеці страчваюць упэўненасць у сабе. Здавалася б, у падлетка і паспяховасць высокая, і такі ён цікавы, глыбокі, шмат чытае, размаўляць з ім — адна асалода. Але замыленае бацькоўскае вока не бачыць, якое цікавае іх дзіця”.

Н.Рэнталь: “Дзецям не хапае кампліментаў, а яны так патрэбны ў іх пяшчотным узросце. Таму мы выступаем за тое, каб менш крытыкаваць дзяцей і больш хваліць. Для іх гэта важна.

Дарэчы, мы часта пытаемся ў дзяцей, чым займаюцца іх бацькі, у якой галіне працуюць? Цікава, што прыкладна 9 з 10 дзяцей называюць не прафесію бацькоў, а пасаду, і яны сапраўды не ведаюць ні прафесійных кампетэнцый, ні таго кола задач, якое вырашаюць іх таты і мамы. Але гэта вельмі важная інфармацыя, якая дае дзецям лепшае разуменне і навакольных прафесій, і саміх сябе”.

— Псіхалагічная кансультацыя дапамагае дзецям разабрацца ў сабе. А як ім разабрацца ў вялікай колькасці спецыяльнасцей, якія прапаноўваюць установы адукацыі, і не памыліцца з выбарам на гэтым этапе?

А.Ржэуцкая: “Мы звужаем для дзяцей кола пошуку, і яны маюць магчымасць капаць ужо не ўшыр, а ўглыб. Бо калі вызначаешся з профілем падрыхтоўкі, з універсітэтам, з прафесіяй, то высвятляецца, што і тут ёсць шэраг асаблівасцей. Толькі ў ІТ ёсць некалькі дзясяткаў спецыяльнасцей, якія адрозніваюцца наборам кампетэнцый, спецыфікай, аб’ёмам работы і г.д. Дзеці часта не разумеюць, у чым сутнасць прафесіі менеджара, маркетолага, лагіста. Тут трэба глядзець, параўноўваць і вырашаць: “Дзе менавіта мне будзе найбольш цікава вучыцца, а ў будучыні — працаваць”.

Мы раім абітурыентам абавязкова наведваць дні адкрытых дзвярэй ва ўстановах адукацыі. БДУ, напрыклад, штогод праводзіць фестываль факультэтаў, дзе абітурыенты ма юць магчымасць сустрэцца з прадстаўнікамі факультэтаў і студэнтамі і атрымаць любую інфармацыю, якая іх цікавіць”.

Н.Рэнталь: “Зараз у большасці ўніверсітэтаў вельмі добрыя сайты, дзе часта выкладзены нават вучэбныя планы. Абітурыенты могуць азнаёміцца з тым, якія дысцыпліны і ў якой колькасці вывучаюць студэнты розных спецыяльнасцей. Гэта значыць, што можна разабрацца ва ўсіх тонкасцях гэтых спецыяльнасцей і выбраць сваю”.

А.Ржэуцкая: “Было б жаданне! Той, хто паставіў мэту разабрацца, куды паступаць і на каго вучыцца, мае магчымасць гэта зрабіць. Вядома, інтэрнэт не заменіць размову з псіхолагам. Нам, напрыклад, вельмі прыемна, калі пасля псіхалагічнага кансультавання тэлефануюць бацькі і расказваюць: “Ведаеце, вы так заматывавалі нашага сына, ён загарэўся і ўзяўся за вучобу”.

Н.Рэнталь: “А ўвогуле любы дыялог з больш дарослым і дасведчаным чалавекам (не з мамай ці татам!), каму можна даверыцца і выказаць думкі, карысны для падлеткаў. Вельмі важна, каб яны навучыліся распазнаваць і агучваць свае жаданні, бо з’явяцца жаданні — будзе матывацыя, і дарога, па якой трэба рухацца, стане больш відавочнай”.

Галіна СІДАРОВІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.