Дзед Мароз пасяліўся ў цэнтры рамёстваў

Упершыню рэзідэнцыя Дзеда Мароза адкрылася ў цэнтры Гродна.

Маленькім жыхарам абласнога цэнтра цяпер далёка ехаць не трэба: Зімачка-зіма, Дзед Мароз і Снягурка су­стракаюць іх у цэнтры рамёстваў “Спадчына” Гродзенскага гарадскога цэнтра культуры. Не паспелі адкрыцца вароты маёнтка навагодняга чараўніка, як жадаючых трапіць сюды мноства. Спяшаюцца школьнікі цэлымі класамі са сваімі настаўнікамі, бацькі з малымі, ужо былі нават замежныя госці з Расіі і Германіі. Арганізаванымі групамі прыходзяць дзеці супрацоўнікаў гарадскіх прадпрыемстваў. Цікава тут і дзецям, і дарослым. Экскурсіі распісаны да самага Новага года.

Гасцей у маёнтку сустракаюць тэатралізаваным паказам, які падрыхтавалі супрацоўнікі цэнтра рамёстваў “Спадчына” і Гродзенскага гарадскога цэнтра культуры. Дзеці водзяць карагоды вакол ёлкі, танцуюць, уключаюцца ў займальную квест-гульню.

Вучні 4 “Э” класа гімназіі № 4 Гродна прыйшлі ў маёнтак разам са сваімі настаўнікамі.

— Дзеці даўно рыхтаваліся да гэтага мерапрыемства, яны вельмі любяць гуляць, асабліва калі гэта квест, — расказала настаўніца пачатковых класаў гімназіі № 4 Ганна Ланец. — Мы шмат падарожнічаем, былі і ў ся­дзібе Дзеда Мароза ў Белавежскай пушчы, і на Аўгустоўскім канале. Сюды дабірацца значна прасцей, чым за межы горада. Ды і не ўсе бацькі ў стане аплаціць дарагую паездку. Прыехаць сюды нам параілі з іншых школ, сказалі, што тут вельмі цікава.

У праграме мерапрыемства лялечны тэатр — батлейка з казкай “Іван-царэвіч” на беларускай мове. Цікава, што гэта фальклорная казка, якая лягла ў аснову літаратурнага твора А.С.Пушкіна “Казка пра цара Салтана”. Паводле легенды, маленькі Аляксандр чуў яе ад сваёй няні. Усе лялькі ў тэатры, як і сама батлейка, вырабленыя майстрамі, якія працуюць у цэнтры “Спадчына”.

У маёнтку дзеці пішуць ліст Дзеду Марозу і апускаюць яго ў паштовую скрыню. Супрацоўнікі паштовага аддзялення горада абавязкова забяруць гэтыя лісты і адправяць у рэзідэнцыю Дзеда Мароза ў Белавежскую пушчу.

Не менш займальны для дзяцей майстар-клас. І хоць супрацоўнікі цэнтра рамёстваў загадзя падрыхтавалі для іх цацку з гліны, удзел дзяцей у яе вырабе таксама ёсць. Яны прасоўваюць у будучую навагоднюю цацку стужачку, а затым могуць забраць яе дадому і павесіць на ёлку.

— Паказ праходзіць тры разы на дзень як для арганізаваных груп, так і для ўсіх жадаючых жыхароў абласнога цэнтра — адзначыла загадчыца філіяла цэнтра рамёстваў “Спадчына” Марына Чыкун. — Маёнтак Дзеда Мароза ўпершыню адкрыты ў цэнтры горада, думаю, што гэта стане добрай традыцыяй. Месца выбрана невыпадкова. Унутранае ўбранне надворка цэнтра рамёстваў схіляе да таго, каб тут стварыць святочную навагоднюю атмасферу. Усе застаюцца задаволеныя, водгукі выдатныя. Асабліва дзецям падабаецца паказ лялечнага тэатра — батлейкі, квест-гульня.

Ірына АНІКЕВІЧ.