Дзед Мароз: “З усімі педагогамі мы калегі”

У дні навагодніх свят усе шляхі вядуць… Куды? Правільна, у Белавежскую пушчу да Дзядулі Мароза. Яго рэзідэнцыя — самы знакаміты турыстычны брэнд краіны. Яна займае плошчу амаль у 15 га, дзе размешчаны хатка Мароза Марозавіча, церам Снягуркі, чароўны млын, які ператварае дрэнныя ўчынкі ў пыл і пясок, паляна дванаццаці месяцаў, алея знакаў усходняга календара. За 16 гадоў рэзідэнцыю наведала каля 2 мільёнаў гасцей са 102 краін свету. А з сярэдзіны снежня і да канца калядных свят штодзень Дзед Мароз сустракае па 5—7 тысяч наведвальнікаў. Пра што мараць беларусы і ці вераць у цуды, як згатаваць найсмачнейшую страву, што такое марозазнаўства, цудометр, страхометр?.. На гэтыя і многія іншыя пытанні з жартам і сур’ёзна адкажуць галоўны айчынны чараўнік і яго жонка — Матухна Зіма.

— Дзядуля Мароз і Матухна Зіма, якім атрымаўся 2019 год?

Дзед Мароз: “Добрым, цікавым і насычаным!”

Матухна Зіма: “У гэтым годзе мы запусцілі “цудафікацыю”, для таго каб крыху візуалізаваць нашы цуды для малодшай аўдыторыі, бо дзеці патрабуюць неадкладнага доказу ўсёмагутнасці Дзеда Мароза. Вось і прыходзіцца навукова абгрунтоўваць тое, што ў нас адбываецца”.

Дзед Мароз: “Са старшакласнікамі можна ўжо гаварыць пра квантавую фізіку, бо яны маюць аб ёй агульнае ўяўленне і разумеюць гэтую навуковую мову. А з малымі так не пагаворыш, таму сёлета мы прыдумалі і запусцілі прыбор цудометр, які вымярае чароўную сілу кожнага дзіцячага пісьма.

Мне часта задаюць пытанне, адкуль я бяру энергію, каб выконваць запаветныя жаданні маленькіх беларусаў. А ўсё вельмі проста: гэтая энергія заключаецца ў пісьмах, напісаных дзецьмі і дасланых сюды. Чым больш грунтоўны ліст, тым больш у ім чароўнай энергіі, якая вымяраецца квантамі жаданняў, або кважадамі. Іх колькасць паказвае наш цудометр пры апусканні ў яго пісьма. Неабходна набраць 99 тысяч кважадаў, каб усе падарункі з’явіліся пад ёлкай у навагоднюю ноч. Мы спадзяёмся, што нам удасца дасягнуць гэтай лічбы. А ў навагоднюю ноч гэтыя паказчыкі абнуляцца, і з першага студзеня пачне назапашвацца новая порцыя”.

Матухна Зіма: “Наша высокатэхналагічная лінія неўзабаве папоўніцца і страхометрам — прыборам, які будзе вымяраць узровень дзіцячых страхаў. Калі хлопчыкі і дзяўчынкі дакрануцца да яго далонькамі, прыбор адразу пакажа, ці сняцца ім кашмары. І калі сняцца, то трэба будзе падысці да чорнай бярозы, якая расце толькі ў Беларусі і больш нідзе на планеце, дакрануцца да яе і пакінуць дрэву ўсе свае страхі.

А яшчэ мы распрацоўваем прыбор для вымярэння колькасці жаданняў, з якімі чалавек прыйшоў у рэзідэнцыю. Калі іх будзе каля ста, то ён зможа смела падарожнічаць па нашай сядзібе, а калі не, то прыйдзецца дадумаць яшчэ.

Акрамя таго, мы пачалі будаўніцтва Цэнтра кіравання падарункамі. Сані і лось Рагалік будуць абсталяваны спецыяльнымі прыборамі марозаметрыі, якія забяспечаць больш дакладную стыкоўку з навагоднімі хатнімі ёлкамі ў аўтаматычным рэжыме, і падарункі будуць дастаўляцца хутчэй. Дарэчы, адна з распрацовак нашага марозазнаўства тычыцца таго, што ў навагоднюю ноч Дзед Мароз знахо­дзіцца ў стане квантавай сувязі з усімі татамі. І калі яны падкладуць пад ёлку падарункі, то гэта будзе раўназначна таму, што сам Дзядуля Мароз гэта зрабіў”.

— Дзядуля Мароз, вы амаль ніколі не пакідаеце сваю рэзідэнцыю, тым больш у навагоднія дні. Аднак усюды шмат розных Дзядоў. Хто яны такія? Можа, самазванцы?

Дзядуля Мароз: “Усе яны — мае іпастасі. Не заўсёды ўдаецца адсачыць іх якасць, але зноў жа гэта пытанне квантавай фізікі. І калі маленькія хлопчыкі і дзяўчынкі пытаюцца, чаму паўсюль столькі Дзядоў Марозаў, мы ім тлумачым, што пад Новы год шмат мужчын, а часам і некаторыя жанчыны заражаюцца марозным вірусам, і ў іх з’яўляецца любоў да чырвонага колеру і нястрымнае жаданне дарыць падарункі. З надыходам новага года гэты вірус знікае сам па сабе. Напэўна, гэта адзіны станоўчы вірус у свеце”.

— Матухна Зіма, гады два назад вы расказвалі пра тое, што Снягурка заснавала ўніверсітэт марозазнаўства і збіралася скласці радаслоўную Дзядулі Мароза. Ці атрымалася ў яе гэта?

Матухна Зіма: “Дзеду Марозу столькі гадоў, колькі існуе белы свет, а гэта 7528 па старажытнаславянскім летазлічэнні. Таму ў марознаўства будзе доўгая гісторыя. Марозазнаўства — гэта навука не толькі аб радаводзе беларускага Дзеда Мароза, а ў цэлым аб традыцыях святкавання Новага года ва ўсіх кутках свету. Наша навука новая, і, як высветлілася, праўдзівай інфармацыі ў інтэрнэце мала, таму мы сутыкаемся з сур’ёзнымі супярэчнасцямі”.

Дзядуля Мароз: “Мы нарэшце высветлілі, калі адбылася першая навагодняя ёлка, дзе я з’явіўся ў чырвоным футры і з мяшком падарункаў. Гэта адбылося ў Харкаве (сталіцы савецкай Украіны) у Палацы піянераў па ініцыятыве сакратара ЦК КП(б) Паўла Постышава. І ў газеце “Праўда” ад 28 снежня 1935 года была апублікавана нататка пра святкаванне Новага года з удзелам Дзеда Мароза. А са Снягуркай я ўпершыню з’явіўся ў Маскве ў калоннай зале Дома Саюзаў толькі ў студзені 1937 года”.

— Штогод у сваёй сядзібе вы ладзіце адметныя святочныя мерапрыемствы. Чым здзіўляеце і радуеце сваіх гасцей сёлета?

Дзядуля Мароз: “У гэтым сезоне ўпершыню за 16 гадоў я разам са Снягуркай сустракаю нашых гасцей ля навагодняй ёлачкі, а не на ганку свайго церама, як гэта адбываецца ў астатнія дні года. Таму цяпер мы праводзім больш часу з гасцямі, можам і патанцаваць з імі, і праспяваць любімую песню ёлачкі, і загадаць жаданні. Але, шчыра кажучы, мяне засмучае, калі бацькі або настаўнікі патрабуюць ад дзяцей расказаць мне верш, таму што гэта выклікае ў іх збянтэжанасць. Мне так і хочацца сказаць: “А паспрабуйце самі перад такім вялізным натоўпам людзей прачытаць верш ды яшчэ без запінкі”. На мой погляд, такія выступленні лепш рабіць у кампаніі знаёмых людзей”.

— Зразумела, што большасць вашых гасцей — дзеці, але і дарослых да вас прыязджае вельмі многа. А ці ўсе вераць у цуды?

Дзядуля Мароз: “Дарослыя вераць у цуды больш ахвотна, чым дзеці, і гатовы пача­каць нейкі час, пакуль іх жаданне ажыццявіцца. Увогуле, людзі схільныя верыць у цуд: нехта — у Бога, нехта — у чорта, а нехта — і ў Дзеда Мароза (смяецца). Вера ў цуд, як і сам цуд, жыве ў кожным чалавеку”.

— Не магу не запытацца, аб чым часцей за ўсё просяць як юныя, так і дарослыя беларусы?

Дзядуля Мароз: “Дарослыя для нас усё роўна што дзеці, якія, праўда, шмат бачылі і прачыталі, з вопытам і без яго. Я лічу, што вялікіх і маленькіх дзяўчынак і хлопчыкаў адрознівае выключна наяўнасць і адсутнасць праблем, таму вялікія думаюць, як іх вырашыць, а малыя проста мараць. Аднак большасць іх жаданняў тычацца цацак ці га­джэтаў, якія актыўна рэкламуюцца”.

Матухна Зіма: “Бываюць і прыемныя выключэнні! Ёсць і тыя, хто звяртаецца па дапамогу. Дзед Мароз для іх — адна з інстанцый у вырашэнні праблем, цяжкай жыццёвай сітуацыі. Так, у гэтым го­дзе дзяўчынка Вольга даслала пісьмо, на жаль, без зваротнага адрасу, у якім яна скардзілася Дзядулю Марозу, што ў іх калодзежы вельмі мала вады. Яна прасіла яго толькі аб адным — “каб зіма была снежнай і вады ў калодзежы стала больш”. І больш нічога. Такія пісьмы, па-першае, запамінаюцца, а па-другое, ад іх мурашкі па спіне бегаюць. Між іншым калі ўсе моцна захочуць, каб зіма была снежная, то агульным жаданнем у нас усё атрымаецца”.

— А ці часта просяць аб здароўі і шчасці сваім блізкім, ці цяпер у асноўным жаданні тычацца чагосьці матэрыяльнага?

Дзядуля Мароз: “Нават у пісьмах дзяцей, якія просяць розныя гаджэты, просьба аб здароўі прысутнічае заўсёды. Бывае, матуля просіць напісаць дзіця, што яму падарыць, і дзіця піша: канструктар. Як яно можа здагадацца, што трэба папрасіць здароўя для мамы, калі яна і так здаровая?”

— У нашай краіне існуе Саюз Марозаў. Што вы абмяркоўваеце на сваіх пася­джэннях?

Дзядуля Мароз: “На сённяшні дзень мы ўжо аб’ядналі 14 беларускіх чараўнікоў і спа­дзяёмся, што з адкрыццём новых рэзідэнцый іх колькасць будзе павялічвацца. Калі збіраліся апошні раз, то заключылі паштовую унію, паводле якой жаданне ў пісьме дзіцяці прызнаецца ўніверсальным і абавязковым для ажыццяўлення любым Дзедам Марозам. Абмяркоўвалі таксама і кодэкс гонару, і наш знешні выгляд. Так, прагучала шмат меркаванняў наконт колеру футра, яго даўжыні, арнаменту на ім і г.д.”

— А ці хутка зношваецца футра?

Матухна Зіма: “Я стараюся сачыць за знешнім выглядам Дзядулі Мароза. Летам ён апранае світку, вясной і восенню — белае паліто, расшытае залатымі ніткамі, у зімовы перыяд — чырвонае футра. І калі летам прыязджаюць госці і пытаюцца, чаму Дзед Мароз не ў футры, а на вуліцы +35, хочацца ў іх запытацца: “А дзе ваша футра?” Зараз у гардэробе Дзядулі мінімум тры чырвоныя кажухі, бо з такой зімой футра забруджваецца часта”.

— У Дзядулі Мароза няма ні выхадных, ні адпачынку. А ў час навагодніх свят колькасць наведвальнікаў дасягае 5—7 тысяч чалавек у дзень. Як вы аднаўляеце свае сілы?

Матухна Зіма: “Чароўныя сілы знаходзяцца ў дзіцячых пісьмах і вачах. Дзеці адда­юць нам часцінку сваёй энергіі, а мы — ім. У нас адбываецца раўназначны ўзаемаабмен, таму стаміцца немагчыма”.

Дзядуля Мароз: “Бывае, людзі пішуць, што яны былі ў Дзеда Мароза 25 снежня і ён быў вельмі стомлены. Аднак я не стомлены, а засмучаны, бо калі я бачу сем тысяч гасцей, то разумею, што яны нічога не ўбачаць як мае быць. І задавальнення ад зносін са мной яны атрымаюць значна менш, чым тыя, хто прыязджае ў пачатку снежня або пасля свят”.

— У кожнага ёсць сваё запаветнае жаданне. А ў вас?

Дзядуля Мароз: “Канечне, і ў нас ёсць свае жаданні. Аднак пра іх нельга гаварыць уголас, бо могуць не збыцца”.

— А якой стравай будзеце ласавацца ў навагоднюю ноч?

Дзядуля Мароз: “Мая самая любімая страва — печанае марожанае”.

Матухна Зіма: “Яно вельмі лёгка гатуецца. Трэба ўзяць кавалачак або шарык марожанага і тры разы ўкачаць ва ўзбітае яйка і кукурузныя шматкі, а пасля акунуць у кіпячы алей літаральна на паўтары — дзве хвіліны. І ўсё, можна падаваць на стол цудоўны ласунак, які ўнутры халодны, а зверху гарачы”.

— Дзядуля Мароз, чаго б вы пажадалі нашым чытачам, асабліва настаўнікам?

Дзядуля Мароз: “З усімі педагогамі мы калегі, таму што педагог — гэта настаўнік, гэта чалавек, які вучыць не толькі спецыялізаваным ведам, але і жыццёвай пазіцыі. І каб нешта ўкласці ў сэрца дзіцяці або студэнта, неабходна шмат цярпення, чаго я і жадаю. А яшчэ мне вельмі хочацца, каб як мага менш бытавых праблем адцягвала іх увагу ад асноўнай справы і прафесіі, каб слова “настаўнік” заўсёды гучала ганарова і каб кожны педагог меў бясспрэчны аўтарытэт у грамадстве”.

Вось так добразычліва, весела і святочна на шматлікія пытанні адказалі самы сапраўдны беларускі Дзядуля Мароз і яго жонка Матухна Зіма з Белавежскай пушчы. Яны чарговы раз пацвердзілі, што Новы год — гэта час цудаў. А яшчэ гэта час ламаць стэрэатыпы і ажыццяўляць жаданні, у тым ліку асабістыя, тым больш што кожны з нас крыху чараўнік, у арсенале якога — светлы розум, добрая душа і любячае сэрца. А гэтая сіла больш магутная, чым заклінанні і чароўная палачка, таму стварайце цуды сваімі рукамі! А яшчэ няхай Белы Металічны Пацук спрыяе ажыццяўленню ўсіх вашых мар і жаданняў, адорвае вас здароўем, энергіяй, бадзёрасцю, смеласцю, весялосцю, аптымізмам, творчасцю, адданымі сябрамі і ўдачай! Няхай 2020 год стане самым яркім, запамінальным і паспяховым! Радасці вам і ўдачы! З Новым годам!

Вольга АНТОНЕНКАВА.
Фота з архіва Дзядулі Мароза.