Дзейнасць Беларусі па дасягненні МУР атрымала высокую ацэнку

Першы намеснік генсакратара ААН Аміна Махамед плануе наведаць рэгіянальны форум каардынатараў па Мэтах устойлівага развіцця (МУР), які пройдзе ў Мінску 21—22 лютага. Падрыхтоўка візіту абмяркоўвалася на сустрэчы намесніка міністра замежных спраў Андрэя Дапкюнаса і Аміны Махамед, якая адбылася ў час візіту беларускай дэлегацыі ў штаб-кватэру ААН у Нью-Ёрку, дзе адкрылася 56-я сесія Камісіі ААН сацыяльнага развіцця (КСР), паведамілі ў беларускім знешнепалітычным ведамстве.

Маючы адбыцца рэгіянальны форум каардынатараў МУР дасць магчымасць удзельнікам рэгіёна Еўропы і СНД лепш зразумець агульныя праблемы на шляху рэалізацыі мэт і ўнясе важкі ўклад у глабальныя намаганні па выкананні Парадку дня ў галіне ўстойлівага развіцця да 2030 года.

Аміна Махамед высока ацаніла дзейнасць Беларусі па дасягненні МУР, асабліва адзначыўшы ўключэнне ў работу ўсіх зацікаўленых бакоў. Яна запэўніла ў актыўнай падтрымцы гэтага працэсу з боку ААН.

Акрамя таго, закраналася тэма краін з сярэднім узроўнем даходу ў кантэксце важнасці такіх краін для выканання Парадку дня — 2030.

Андрэй Дапкюнас таксама правёў сустрэчу з намеснікам генеральнага сакратара ААН па пытаннях барацьбы з тэрарызмам Уладзімірам Варанковым. Бакі абмяняліся думкамі наконт бягучай сітуацыі і новых выклікаў у галіне барацьбы з тэрарызмам. Намеснік міністра праінфармаваў Уладзіміра Варанкова аб беларускіх ініцыятывах па барацьбе з тэрарызмам у міжнародных арганізацыях, запрасіў яго да ўдзелу ў плануемым у кастрычніку 2018 года ў Беларусі мерапрыемстве па лініі АБСЕ адносна барацьбы з кібертэрарызмам.

Уладзімір Варанкоў расказаў аб працэсе фарміравання Контртэрарыстычнага ўпраўлення ААН, а таксама пра найбліжэйшыя планы, уключаючы правядзенне першага ў гісторыі ААН саміту кіраўнікоў контртэрарыстычных органаў дзяржаў — членаў ААН у чэрвені 2018 года.

Намеснік генеральнага сакратара ААН высока ацаніў намаганні Беларусі ў галіне барацьбы з тэрарызмам, выказаў гатоўнасць да далейшага ўзаемадзеяння, у тым ліку правядзення сумесных мерапрыемстваў у галіне барацьбы з кібертэрарызмам.