Дзейнасць органаў мясцовага кіравання — рэальнае праяўленне грамадзянскай супольнасці

- 11:17Інфармацыйная гадзіна

Беларусь прапануе сумяшчаць дзейнасць Кангрэса мясцовых і рэгіянальных улад Савета Еўропы з МУР. Аб гэтым заявіў старшыня Савета Рэспублікі Міхаіл Мясніковіч на пасяджэнні круглага стала па актуальных пытаннях мясцовага самакіравання.

Круглы стол Савет Рэспублікі правёў сумесна з Кангрэсам мясцовых і рэгіянальных улад Савета Еўропы (КМРУ). Міхаіл Мясніковіч нагадаў, што 25 верасня 2015 года 193 краіны ААН прынялі новы Парадак дня ў галіне ўстойлівага развіцця да 2030 года, зацвердзілі 17 Мэт устойлівага развіцця. Беларусь актыўна ўключылася ў работу па іх рэалізацыі. “У дзейнасці Кангрэса мясцовых і рэгіянальных улад мае сэнс спалучэнне з Мэтамі ўстойлівага развіцця ААН, паважаючы пры гэтым суверэнныя правы кожнай арганізацыі і іх самастойны статус”, — адзначыў Міхаіл Мясніковіч.

“Работа над Мэтамі ўстойлівага развіцця дае пазітыўны вынік. Пры гэтым дасягаецца гарманізацыя і ўніфікацыя”, — дадаў спікер.

Ён падкрэсліў, што Беларусь, нягледзячы на шматвяковую гісторыю, вучыцца ў іншых дзяржаў і народаў. “Мы не лічым для сябе ганебным пераймаць чужы вопыт развіцця грамадзянскай супольнасці, сацыяльна-эканамічнага развіцця. Прымаючы ў 2010 годзе Закон аб мясцовым кіраванні і самакіраванні, беларускі парламент заканадаўча замацаваў у краіне базавыя прынцыпы Еўрапейскай хартыі мясцовага самакіравання”, — звярнуў увагу Міхаіл Мясніковіч.

У беларускім заканадаўстве прадугледжана магчымасць грамадзянам працаваць не толькі праз Саветы дэпутатаў, але і праз органы тэрытарыяльнага самакіравання, непасрэдна ўдзельнічаць у дзяржаўных і грамадскіх справах. “Гэта рэальны прынцып развіцця сучаснай грамадзянскай супольнасці з улікам агульнаеўрапейскіх прынцыпаў”, — падкрэсліў спікер.

Ён пажадаў кангрэсу поспехаў у рэалізацыі сваіх задач, у тым ліку ў супрацоўніцтве з краінамі, якія пакуль не з’яўляюцца членамі СЕ, але імкнуцца зрабіць жыццё сваіх грамадзян паўнацэнным і бяспечным.

У мерапрыемстве прынялі ўдзел прадстаўнікі кангрэса з Францыі, Італіі, Нідэрландаў, Грэцыі, Румыніі. Узначаліў дэлегацыю старшыня кангрэса Гудрун Мослер-Цёрнстрэм.

Кангрэс мясцовых і рэгіянальных улад Савета Еўропы — гэта кансультацыйны орган Савета Еўропы, які прадстаўляе мясцовыя і рэгіянальныя ўлады еўрапейскіх дзяржаў. Савет па ўзаемадзеянні органаў мясцовага самакіравання пры Савеце Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь мае статус запрошанага наглядальніка ў КМРУ.